Эксдыві́зія (ад лац. ex — «з» + divisio — «падзел»[1]) — судовая норма ў вялікалітоўскім, а пазьней і польскім праве, якая прымянялася пры спагнаньні запазычанасьці адной асобы на карысьць некалькіх крэдытораў. Уведзеная прыкладна зь сярэдзіны XVII стагодзьдзя.

У выпадку няздольнасьці даўжніка вярнуць пазыкі ствараўся эксдывізарскі (эксдывізарска-таксатарскі) суд, які ладзіў ацэнку кошту маёмасьці даўжніка ды дзяліў яе між ягонымі крэдыторамі.

Эксдывізія маёнтка магла прызначацца ў двух выпадках:

  • з ініцыятывы аднаго з крэдытораў;
  • пры самастойным звароце даўжніка ў земскі суд з адпаведным прашэньнем[2].

Калі ў выніку эксдывізіі ня ўсе прэтэнзіі крэдытораў былі здаволеныя, яны атрымлівалі права спаганяць доўг з той маёмасьці даўжніка, якая можа зьявіцца ў яго ў будучыні. Маёмасьць перадавалася (традзіравалася) крэдыторам да поўнай сплаты пазыкі. Даўжнік меў права выкупіць маёмасьць назад цягам 10 гадоў[3].

Эксдывізарскія суды дзейнічалі не пастаянна, а ўяўлялі зь сябе часовыя прысутнасьці, ствараныя земскімі павятовымі або галоўнымі судамі на час разбору пэўнай справы[2]. Аплачваць працу ўдзельнікаў такога суду мелі пазыкадаўцы; іхні заробак залежаў ад сумы пазоваў крэдытораў альбо ад аб’ёму выкананай працы[4].

Да пачатку XIX стагодзьдзя эксдывізіі ладзіліся даволі рэдка, але ўжо ў другім дзесяцігодзьдзі XIX стагодзьдзя сталі масавай зьявай. Так, у 1797 року газэта «Kurier Litewski» друкавала абвесткі пра дзьве эксдывізіі, у 1800 — пра сем, у 1804 — пра восем, у 1811 — ужо пра 53[5]. Маштабы росту колькасьці эксдывізіяў і дзейнасьць эксдывізараў (судзьдзяў эксдывізарскіх судоў) выклікалі занепакоенасьць і крытыку сучасьнікаў. Прыкладам, генэрал Юзэф Ваўжэцкі называў працу эксдывізарскіх судоў «справядліва і ўсюды ненавіснай». З рэзкай крытыкай паводзінаў эксдывізараў выступаў друкаваны орган таварыства шубраўцаў «Wiadomości Brukowe»[6]. Да крытыкі гэтай практыкі зьвярталіся ў тым ліку літаратары Эва Фялінская ў рамане «Пляменьніца і цётка», Ігнат Ходзька ў «Літоўскіх абразках»[7]. Эксдывізіі нэгатыўна адбіваліся на стане падзеленых гаспадарак, бо часовыя ўладары не былі зацікаўленыя ў іхнім разьвіцьці. Такім чынам, эксдывізі зьяўляліся своеасаблівым сымбалем заняпаду краю[8].

Нягледзячы на крытыку, эксдывізарскія судовыя працэсы дзейнічалі працяглы час пасьля далучэньня тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага да Расейскай імпэрыі[2]. Гэтая практыка на тэрыторыі Беларусі канчаткова была скасаваная ў 1840 року пасьля замены нормаў права расейскімі законамі. Замест эксдывізіі быў укаранёны расейскі спосаб вяртаньня даўгоў: суд прадаваў маёмасьць даўжніка з публічных таргоў, а атрыманыя грошы дзяліў між крэдыторамі[3].

Літаратура

рэдагаваць