Коханаў
Ко́ханаў, Ко́ханава[2] — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Сакалянцы. Цэнтар сельсавету Талачынскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 4185 чалавек[1]. Знаходзіцца за 24 км на паўночны ўсход ад Талачына, за 106 км ад Віцебску. Чыгуначная станцыя на лініі Менск — Ворша. Аўтамабільныя дарогі злучаюць мястэчка з Воршай і Талачыном.
Коханаў лац. Kochanaŭ | |||||
Царква сьв. Мікалая (2002) | |||||
| |||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Віцебская | ||||
Раён: | Талачынскі | ||||
Сельсавет: | Коханаўскі | ||||
Вышыня: | 216 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 4185 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2136 | ||||
Паштовы індэкс: | 211060 | ||||
СААТА: | 2246856906 | ||||
Нумарны знак: | 2 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°27′15.0″ пн. ш. 30°0′30.6″ у. д. / 54.454167° пн. ш. 30.0085° у. д.Каардынаты: 54°27′15.0″ пн. ш. 30°0′30.6″ у. д. / 54.454167° пн. ш. 30.0085° у. д. | ||||
± Коханаў | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Коханаў — даўняе мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны).
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьКоханаў узьнік не пазьней за пачатак XVI стагодзьдзя як паселішча Друцкага княства, што знаходзілася ў валоданьні І. Друцкага-Краснага. У 1551 годзе паселішча перайшло да Гарнастаяў.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Коханаў увайшоў у склад Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва. У 1590 годзе Геранім Гарнастай прадаў сваю долю паселішча канцлеру Льву Сапегу. Пад 1624 годам Коханаў упамінаецца як мястэчка маёнтку Старасельле, тут было 14 рынкавых пляцаў і 235 валокаў зямлі.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Коханаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Копыскім, потым Аршанскім павеце Магілёўскай губэрні. На 1785 год у мястэчку было 57 двароў. У 1792 годзе за 8 вёрстаў ад Коханава знайшлі вядомы Рагвалодаў камень, з надпісам: «1171, 7 траўня»[3].
У 1861 годзе Коханаў стаў цэнтрам воласьці, у 1868 годзе тут пачала працаваць расейская народная вучэльня, пазьней пераўтвораная ў сярэднюю школу. У 1870 годзе ў зьвязку з эпідэміяй халеры, якая пачалася ў Талачыне, у мястэчку адкрылася лякарня. У 1870-я гады побач зь мястэчкам (4 км) зьявілася чыгуначная станцыя Коханава на Смаленска-Берасьцейскай дзялянцы Маскоўска-Берасьцейскай чыгункі. У канцы ХIХ стагодзьдзя ў Коханаве было 63 будынкі, царква, юдэйская малітоўная школа, народная вучэльня, сельская лячэбніца, станавая кватэра, паштова-тэлеграфная кантора, валасная ўправа, чыгуначная станцыя (грузапаток 800 тыс. пудоў, зь якіх 600 тыс. пудоў лясных матэрыялаў, і 200 тыс. пудоў хлеба)[4].
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Коханаў занялі войскі Нямецкай імпэрыі[5].
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Коханаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай I зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. 3 сакавіка 1924 году Коханаў вярнулі БССР, дзе 17 ліпеня 1924 году ён стаў цэнтрам раёну, у склад якога ўваходзілі 12 сельсаветаў (Аболецкі, Алёнавіцкі, Велікагальцэўскі, Коханаўскі, Малатнянскі, Новапалюдаўскі, Пярэвалачненскі, Сіманаўскі, Смалянскі, Сялецкі, Тумініцкі, Шыбекаўскі)[6]. 8 ліпеня 1931 году мястэчка ўвайшло ў склад Талачынскага раёну. На 1933 год у Коханаве дзеяў адзіны ў Талачынскім раёне сельскагаспадарчы тэхнікум. У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 да 28 чэрвеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
19 лютага 1947 году Коханаў атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу.
Насельніцтва
рэдагавацьДэмаграфія
рэдагаваць- XVIII стагодзьдзе: 1785 год — 324 чал.
- XX стагодзьдзе: 1902 год — 449 чал., зь іх 156 праваслаўных, 10 эвангелістаў, 283 юдэі[7]; 1996 год — 5,3 тыс. чал.[8]; 1998 год — 5 тыс. чал.[9]; 1999 год — 4780 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2004 год — 4,8 тыс. чал.; 2006 год — 4,7 тыс. чал.[10]; 2008 год — 4,7 тыс. чал.; 2009 год — 4327 чал.[11] (перапіс); 2016 год — 4231 чал.[12]; 2017 год — 4192 чал.[13]; 2018 год — 4185 чал.[1]
Рэлігія
рэдагавацьУ 2002 годзе замест зьнішчанай у 1930-я гады царквы (на яе месцы паставілі дом культуры) збудавалі новую ў гонар сьвятога Мікалая.
Адукацыя
рэдагавацьУ Коханаве працуюць прафэсійна-тэхнічная вучэльня № 173, сярэдняя, дзіцяга-юнацкая спартовая школы, школа мастацтваў, 2 дашкольныя ўстановы.
Мэдыцына
рэдагавацьМэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць местачковыя лякарня і паліклініка.
Культура
рэдагавацьДзеюць бібліятэка, дом культуры.
Эканоміка
рэдагавацьУ Коханаве функцыянуюць два з трох прадпрыемстваў-вытворцаў экскаватараў у Беларусі:
- Коханаўскі экскаватарны завод — найстарэйшы экскаватарны завод краіны.
- «Сьвятавіт» — ЗАТ «Завод Унівэрсалмаш», адно з асноўных даччыных таварыстваў ААТ «Кіраўскі завод».
Іншыя прадпрыемствы:
- Коханаўскі трубавы завод «Белтрубпласт» — адзін з кіроўных беларускіх заводаў-вытворцаў і пастаўнікоў палімэрных вырабаў (поліэтыленавыя трубы для сыстэмаў газа- і водазабесьпячэньня, каналізацыі і г. д.).
- ААТ «Коханава» — вырабы з бэтону і жалезабэтону, апрацоўка мэталічных паверхняў.
Транспарт
рэдагавацьКоханаў знаходзіцца за 2 км на поўдзень ад міжнароднай магістралі Корк — Омск (у межах Беларусі — магістраль М1)
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьСтрачаная спадчына
рэдагаваць- Царква (1932—1934)
Асобы
рэдагаваць- Васіль Галубовіч (1909—1991) — мастак
- Віктар Казанцаў (нар. 1946) — вайсковы дзяяч, генэрал
- Лявон Патоцкі (1799—1864) — пісьменьнік, публіцыст
- Валеры Славук (нар. 1947) — мастак
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7. (pdf) С. 436.
- ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
- ^ Россія. Полное географическое описаніе нашего отечества. Настольная и дорожная книга для русскихъ людей. / подъ редакціей В.П. Семенова. — С-Пт.: Изданіе А.Ф. Девріена, 1905. — С. 397. — 620 с.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ Указ Президиума Верховного Совета Республики Беларусь 17 декабря 1956 г. «Об упразднении некоторых районов Республики Беларусь»
- ^ Słownik geograficzny... T. XV, cz. 2. — Warszawa, 1902. S. 97.
- ^ Насевіч В. Коханава // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 245.
- ^ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 8. С. 439.
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
- ^ Перепись населения — 2009. Витебская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с. — ISBN 985-11-0144-3
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Талачынскага р-на. — Мн.: БелСЭ, 1988. — 654 с. [12] л. іл.: іл. ISBN 5-85700-007-6.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XV, cz. 2: Januszpol — Wola Justowska. — Warszawa, 1902.