Самуіл Агурскі
Самуіл Хаімавіч Агурскі (29 красавіка 1884, Горадня — 19 жніўня 1947) — беларускі і габрэйскі гісторык. Доктар гістарычных навук (1934), чалец-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі (1936).
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся ў Горадні ў сям’і рабочага. Некаторы час працаваў чорнарабочым. Веды набываў самаадукацыяй. Удзельнічаў у рэвалюцыйных падзеях у 1905 годзе. У 1906—1917 гадах — у эміграцыі ў Ангельшчыне і ЗША. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году вярнуўся на радзіму. У 1918 годзе разам з Альбертам Рысам Вільямсам арганізуе атрад Чырвонай Арміі. Затым у Віцебску — камісар па справах габрэйскай нацыянальнасьці. З 1921 году — у Менску. У 1924—1929 гадах — загаднік Гістпарту ЦК КП(б)Б, намесьнік дырэктара Інстытуту гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б. У 1930—1933 гадах — дырэктар Гістпарту пры Маскоўскім камітэце ЦК ВКП(б). З 1934 году — дырэктар Інстытуту габрэйскай пралетарскай культуры. З 1935 году — намесьнік дырэктара Інстытуту нацыянальных меншасьцяў Беларускай Акадэміі навук. У 1938 годзе рэпрэсаваны, у 1939 годзе сасланы ў Паўладарскую вобласьць (Казахстан), дзе памёр. Рэабілітаваны ў 1956 г.
Друкаваўся з 1920-х гадоў на гістарычныя тэмы ў беларускай і маскоўскай пэрыёдыцы (на беларускай, ідыш, расейскай мовах). Выдаў кнігі і брашуры: «Рэвалюцыйны рух у Беларусі» (1925), «Габрэйскія камісарыяты і габрэйскія камуністычныя сэкцыі, 1918—1921 гг» (1926), "Нарысы па гісторыі рэвалюцыйнага руху ў Беларусі 1863—1917 (1928, на расейскай мове), «На гістарычным фронце: Супраць ідэалізацыі Бунду» (Масква, 1930), «Кастрычніцкія баі ў Маскве» (Масква, 1932), «Барацьба супраць Бунда: ад станаўленьня „Искры“ да ІІІ зьезду РСДРП» (Масква, 1932), «Ленінская „Искра“ ў барацьбе супраць Бунду» (1934).
Крытыка
рэдагавацьУ «Нарысах…» даў ненавуковую ацэнку паўстаньню 1863—1864 гг., газэце «Мужыцкая праўда», дзейнасьці К. Каліноўскага.[1] Адзін зь першых распачаў барацьбу супраць гэтак званага нацыянал-дэмакратызму. У. Ігнатоўскага абвінавачваў у нацыяналізме. З. Жылуновіча крытыкаваў за яго прадмову да зборніка дакумэнтаў «Сацыялістычны рух на Беларусі ў праклямацыях 1905 году» за спробу паказаць Беларускую сацыялістычную грамаду як марксісцкую арганізацыю. Палітычныя абвінавачаньні С. Агурскага адыгралі не апошнюю ролю ў трагічным лёсе У. Ігнатоўскага і З. Жылуновіча.[2]
Крыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 2-я. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 714 с.: іл. ISBN 985-6302-46-3.