Помнік сакральнай архітэктуры
Жыровіцкі манастыр
Жыровіцкі манастыр
Жыровіцкі манастыр
Краіна Беларусь
Вёска Жыровічы
Каардынаты 53°0′51.69″ пн. ш. 25°20′39.97″ у. д. / 53.0143583° пн. ш. 25.3444361° у. д. / 53.0143583; 25.3444361Каардынаты: 53°0′51.69″ пн. ш. 25°20′39.97″ у. д. / 53.0143583° пн. ш. 25.3444361° у. д. / 53.0143583; 25.3444361
Канфэсія праваслаўе
Эпархія Наваградзкая япархія[d] 
Тып стаўрапігіяльны
Першае згадваньне 1587
Дата заснаваньня XVI стагодзьдзе
Будынкі:
Усьпенскі сабор • Яўленская царква • Крыжаўзьвіжанская царква • Георгіеўская царква • Мікольская царква
Прыбудоўкі 3 крыніцы: Божай Маці, Блізкая і Сьвятая
Вядомыя насельнікі Ян (Бембель)
Рэліквіі і сьвятыні Жыровіцкі абраз Маці Божай
Апошні плябан Веньямін (Тупека)[1]
Статус ахоўваецца дзяржавай
Стан дзейны
Сайт zhirovichi-monastery.by
Жыровіцкі манастыр на мапе Беларусі
Жыровіцкі манастыр
Жыровіцкі манастыр
Жыровіцкі манастыр
Жыровіцкі манастыр на Вікісховішчы

Манасты́р Прачы́стай Багаро́дзіцы[a] — помнік архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў у Жыровічах. Знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка, на Саборнай вуліцы. Пры пабудове быў у юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, пазьней Сьвятога Пасаду, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Твор архітэктуры барока, віленскага барока і клясыцызму. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Комплекс Жыровіцкага Прачысьценскага манастыра складаецца з Богаяўленскай, Крыжаўзьвіжанскай, Прачысьценскай саборнай і драўлянай Юраўскай цэркваў, званіцы, сэмінарыі, жылых карпусоў і гаспадарчых пабудоваў з садам. Галоўная сьвятыня — цудоўны абраз Маці Божай, яе сьвята адзначаецца ў дзень зьяўленьня абраза — 7/20 траўня. Да XIX ст. у манастыры захоўвалася Жыровіцкае Эвангельле, рукапісны помнік XV ст.

Гісторыя

рэдагаваць
 
Абраз Маці Божай Жыровіцкай

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Манастыр ў Жыровічах заснавалі ў XVI стагодзьдзі[2] на месцы, дзе, паводле паданьня, у 1470 годзе цудоўным чынам зьявіўся абраз Маці Божай, названы Жыровіцкім. На месцы зьяўленьня абраза ўладальнік Жыровічаў падскарбі Аляксандар Солтан збудаваў драўляную царкву, а каля 1560 году адзін зь яго нашчадкаў пачаў будаваць мураваную царкву. Пад 1587 годам ўпершыню ўпамінаецца мужчынскі манастыр.

У сярэдзіне XVI стагодзьдзя адбыўся пажар, пасьля якога Жыровіцкі абраз Багародзіцы знайшлі на камені. На гэтым месцы ўзьвялі царкву Нараджэньня Багародзіцы, што стала вядомай як Яўленская. Сам камень стаў асновай прастола ў гэтай царкве. У разьмешчанай у ёй пахавальні знаходзіліся пахаваньні 77 чалавек, у тым ліку мошчы менскага архіяпіскапа Міхаіла Галубовіча. Астатніх 76 спачылых пазьней перапахавалі на манастырскіх могілках. Жыровіцкія могілкі месьціліся на ўзгорку побач з драўляным зялёным храмам Георгія Пераможца, дзе служылі па суботах. Зь XVII стагодзьдзя пасьля пошасьці халеры, у гэтым храме сталі пасьля кожнага набажэнства ладзіць паніхіду па спачылых. У час той пошасьці ў храме застаўся ераманах Мікалай Акуневіч, які прычасьціў і адпеў звыш 600 ахвяраў халеры[3].

У 1609 годзе манастыр прыняў Унію. У 1613 годзе ён перайшоў да базылянаў, першым ігуменам у гэты пэрыяд стаў Язафат Кунцэвіч. Намаганьнямі базылянаў тут збудавалі вялікі манастырскі комплекс з мураваных цэркваў барокавай архітэктуры. У XVII—XVIII стагодзьдзях манастыр быў духоўным і адміністрацыйным цэнтрам літоўскіх уніятаў. У 1730 годзе пры дзясятках тысячаў каталікоў бізантыйскага і лацінскага абраду, а таксама іншых вернікаў цудоўны абраз Маці Божай з Жыровіцкага манастыра ўрачыста каранавалі залатымі папскімі каронамі, а Маці Божую Жыровіцкую абвясьцілі апякункай і заступніцай Вялікага Княства Літоўскага.

Пры канцы XVIII стагодзьдзя ўзьвялі Крыжаўзьвіжанскі храм зь лесьвіцай амаль на ўсю шырыню сабора, якая была копіяй лесьвіцы з палаца Понція Пілата, па якой Ісус Хрыстос падымаўся на суд па 28 прыступках. На лесьвіцы зрабілі квадратныя выемкі, дзе да ХІХ стагодзьдзя знаходзіліся каўчэгі з мошчамі ўгоднікаў. Пазьней часьцінкі мошчаў зьмясьцілі ў крыж-машчавік у галоўным саборы па правы бок ад царскай брамы[3].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Жыровічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, манастыр працягваў дзеяць як уніяцкі. У 1810—1828 гадох манастыр быў рэзыдэнцыяй Берасьцейскай уніяцкай япархіі, у 1828—1839 гадох — Літоўскай уніяцкай япархіі. У 1828 годзе пры манастыры адкрылася Літоўская духоўная сэмінарыя, пераўтвораная ў 1845 годзе ў духоўную вучэльню.

Па гвалтоўнай ліквідацыі Грэцка-Каталіцкай (Уніяцкай) царквы ў 1839 годзе расейскія ўлады адабралі будынкі манастыра ў Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). Манахаў, якія адмовіліся перайсьці пад юрысдыкцыю Масквы, мітрапаліт Ёсіф Сямашка выслаў у адмыслова прызначаныя манастыры, у тым ліку па-за межамі беларускіх земляў.

Найноўшы час

рэдагаваць

Падчас Першай сусьветнай вайны Жыровіцкі абраз Багародзіцы вывезьлі ў маскоўскі сабор Васіля Шчаснага. У 1922 годзе жыровіцкі архімандрыт Ціхан (Шарапаў) вярнуў яго ў Жыровіцкі манастыр[3].

У міжваенны час манастыр працягваў дзеяць у юрысдыкцыі Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, тым часам царква Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа знахозілася ў карыстаньні рыма-каталікоў. У 1934 годзе ўлады Польскай Рэспублікі разьмясьцілі ў частцы манастыра сельскагаспадарчую школу.

У жніўні 1941 году архімандрыт Серафім Жыровіцкі (Шахмуць), якога ўслаўляюць у ліку беларускіх сьвятых, выехаў у Менск для місіянэрства, куды вывозіў абраз з сабой[3].

У 1945 годзе ў манастыры пачалі дзеяць пастарскія курсы, пераўтвораныя ў 1947 годзе ў Менскую духоўную сэмінарыю. Першымі выпускнікамі сталі 6 чалавек[3]. За Хрушчовым у 1963 годзе яе зачынілі.

У паваенны час менскі мітрапаліт Філарэт даў у Жыровіцкім манастыры прытулак манахіням з закрытых жаночых манастыроў Горадні і Полацка, якія працягвалі ў ім жыць на 2010-я гады[3].

У другой палове 1980-х — пачатку 1990-х гадоў пачалося адраджэньне манастыра. У 1989 годзе, па 26-гадовым перапынку, аднавіла працу Менская духоўная сэмінарыя. У 1992 годзе тут атрымала статус вышэйшай навучальнай установы Менская духоўная акадэмія. У 1996 годзе адчынілі Рэгенцкую вучэльню, дзе дзяўчаты і хлопцы атрымлівалі ступеню рэгента царкоўнага хору і выкладніка Закону Божага[3].

У 2006 годзе ў манастыры спачыў архімандрыт Мітрафан (Ільлін), які пражыў тут 58 гадоў[3].

На 2014 год у Менскай духоўнай сэмінарыі пры манастыры навучалася каля 200 чалавек. На завочным аддзяленьні вучыліся пераважна сьвятары. На 1-м паверсе сэмінарыі ўзьвялі царкву трох сьвяціцеляў: Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Залатавуста. На 2-м паверсе разьмясьцілі канцылярыю, адміністрацыю і бібліятэку. На трэцім — навучальныя клясы для дзённых сэмінарыстаў і акадэмію. На 4-м — інтэрнат для завочнікаў. Таксама для сэмінарыстаў і студэнтаў акадэміі ўзьвялі новы інтэрнат з блёкамі на 4 чалавекі кожны. За пражываньне ў ім навучэнцы плацілі з атрыманай стыпэндыі. Навучаньне доўжылася 4 гады ў адпаведнасьці з Балёнскім працэсам. Пасьля бакаляўрыята ішло паступленьне ў магістратуру Менскай духоўнай акадэміі. Выкладалі замежныя мовы, гісторыю і філязофію. Малітвы ў сэмінарскім храме пачыналі а 8-й гадзіне раніцы. На 2014 год Жыровіцкі манастыр быў найбольшым у Беларусі. Сярод яго манахаў быў паэт Ян (Бембель), вядомы пад псэўданімам Зьніч. Прастол Усьпенскага сабору знаходзіўся на месцы зьяўленьня Жыровіцкага абраза Багародзіцы, дзе пры яго знаходжаньні ў XV стагодзьдзі расла дзікая груша. Пад алтаром месьціўся калодзеж, адкуль даўней біла крыніца з-пад грушы. Жыровіцкі абраз Багародзіцы захоўвалі ў саборы з красавіка па лістапад, пасьля чаго пакідалі яго копію. 4 лістапада на Казанскую яго пераносілі ў царкву сьвятога Мікалая. На 2014 год у манастыры налічвалася 40 манахаў і звыш 50 паслушнікаў. Гаспадарка манастыра ўлучала сажалкі з рыбай, агарод, сад і Дом паломніка. У Жыровіцах было 2 крыніцы. Старая крыніца месьцілася за 1,5 км ад манастыра і пры ёй узьвялі купальню Багародзіцы[3].

Гістарычная графіка

рэдагаваць

Гістарычныя здымкі

рэдагаваць

Сучасныя здымкі

рэдагаваць
  1. ^ Назва помніка архітэктуры прыводзіцца паводле беларускай гістарычнай традыцыі, таксама вядомы пад назвай «Манастыр Успеньня Прасьвятой Багародзіцы» або «Сьвята-Усьпенскі манастыр» (рас. Монастырь Успения Пресвятой Богородицы, Свято-Успенский монастырь)
  1. ^ Пра манастыр (рас.) // Усьпенскі Жыровіцкі манастыр, 2023 г. Праверана 10 студзеня 2023 г.
  2. ^ Ярашэвіч А. Жыровіцкі Успенскі манастыр // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 632.
  3. ^ а б в г д е ё ж з Ларыса Цімошык. Прыцягненьне // Зьвязда : газэта. — 14 траўня 2014. — № 87 (27607). — С. 6. — ISSN 1990-763x.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  411Г000537