Сабор беларускіх сьвятых
Сабор Беларускіх Сьвятых — праваслаўныя сьвятыя, жыцьцё і дзейнасьць якіх адбываліся на тэрыторыі Беларусі. Сьвяткаваньне Сабору Беларускіх Сьвятых усталявана 3 красавіка (н. ст.) 1984 году па благаславеньні патрыярха маскоўскага і ўсяе Русі Пімена і праводзіцца штогод у трэцюю нядзелю пасьля Пяцідзясятніцы (Тройцы). Акрамя таго, амаль для кожнага сьвятога ёсьць асобны дзень памяці.
Беларускія сьвятыя
рэдагаваць28 кастрычніка 1999 году на пасяджэньні Сынода Беларускай праваслаўнай царквы зьдзейсьнена кананізацыя «ў ліку мясцова-ўшаноўваемых сьвятых 23 новамучанікаў», клірыкаў Менскай япархіі 1-й паловы XX стагодзьдзя. Іх памяць 15 (28) кастрычніка. Па стане на 2006 год у Саборы беларускіх сьвятых праслаўленыя 55 угоднікаў Божых.
У Сабор Беларускіх Сьвятых уваходзяць (даты пададзеныя па старым стылі, затым — па новым стылі:
Сьвяціцелі
рэдагаваць- Сьвяціцель Міна Полацкі (? — 1116). Ужо ня першы полацкі япіскап, займаў полацкую катэдру з 1105 году да 1116 году. Быў манахам Кіева-Пячэрскай лаўры. Спрыяў распаўсюджаньню хрысьціянства ў Беларусі. Падчас ягонага япіскапства была пастрыжаная ў манахіні прп. Еўфрасіньня Палацкая. Памяць 20 чэрвеня (3 ліпеня).
- Сьвяціцель Дыянісій Полацкі (? — 1182). Быў манахам Кіева-Пячэрскай лаўры. 3 ягонага благаславеньня ў пілігрымку ў Сьвятую Зямлю выправілася прп. Еўфрасіньня Палацкая. Памяць у 3-ю нядзелю пасьля Пяцідзесятніцы.
- Сьвяціцель Кірыла, япіскап тураўскі. Нарадзіўся ў 30-х гадах XII ст. у Тураве. Кірыла адмовіўся ад спадчыны бацькоў і прыняў пострыг у Тураўскім Барыса-Глебскім манастыры. Зь цягам часу яго абіраюць на Тураўскую катэдру. Але, схільны да адзіноты, ў 1182 годзе сьвц. Кірыла пакінуў яе й цалкам прысьвяціў сябе напісаньню духоўных твораў. Сучасьнікі называлі яго рускім Златавустам. Памяць 28 красавіка (11 траўня).
- Сьвяціцель Лаўрэнцій Тураўскі (каля 1113 — пасьля 1190). Быў манахам-затворнікам Кіева-Пячэрскай лаўры. Стаў пераемнікам сьвц. Кірылы. Займаў Тураўскую катэдру да 1194 году, калі з прычыны старасьці й вярнуўся ў Пячэрскі манастыр. Памяць 29 студзеня (11 лютага).
- Сьвяціцель Сімяон япіскап полацкі (? — 1289). Паходзіў з полацкіх князоў. Быў сёмым полацкім япіскапам. Спрэчкі між князямі і асабліва забойства ў 1263 г. полацкага князя — ягонага пляменьніка, прымусілі Сімяона перасяліцца ў Цьвер, дзе ён стаўся першым япіскапам. Спачыў у 1289 годзе. Памяць 3(16) лютага.
- Сьвяціцель Георгі (1717—1795), архіяпіскап магілёўскі і беларускі (Каніскі). Паходзіць з украінскай шляхты. Прыняў пострыг у 1744 годзе. Выкладаў і быў рэктарам у Кіева-Магілянскай Акадэміі. 9 студзеня (с.ст) 1755 году архімандрыт Георгій быў абраны на япіскапа Беларускага з катэдрай у Магілеве. Шмат зрабіў для паляпшэньня адукацыі і абароны праваслаўя. Памяць двойчы: 13(26) лютага — спачын і 24 ліпеня (6 жніўня) — праслаўленьне.
- Сьвяціцель Гаўрыіл архіяпіскап Разанскі (1785—1862). Нарадзіўся ў Разанскай губэрні. Япіскап Магілеўскі і Віцебскі ў 1831—1837 гг. Спрыяў пераходу каля 60 000 вуніятаў у праваслаўе. У 1837—1862 — архіяпіскап Разанскі. Памяць 7 (20) красавіка.
Дабраверныя князі
рэдагаваць- Дабраверны Расьціслаў (у хрышчэньні Міхаіл) (паміж 1100 і 1101—1167), князь кіеўскі, смаленскі. Сын вялікага князя Кіеўскага сьв. Мсціслава Вялікага. Уладарыў Смаленскім княствам з з 1125 да 1167 году. Займаў Кіеўскі пасад у 1154 годзе і ад 1159 да 1167 году. Шмат зрабіў для ўмацаваньня Смаленскага княства, дамогся стварэньня асобнай япіскапскай катэдры. Памяць 14 сакавіка (27 сакавіка).
- Дабраверны Барыс, князь Тураўскі і Пінскі (?-1158). Сын Юрыя Даўгарукага. Спачыў 4 траўня ў 1158 годзе й пахаваны ў царкве Сьвятых Мучанікаў на Нэрлі ў Кідэкшы. Памяць 23 чэрвеня (6 ліпеня).
- дабраверная Еўпраксія княгіня Пскоўская. Дачка Полацкага князя Рагвалода Барысавіча й цётка сьвятога дабравернага князя Даўмонта-Цімафея. Збудавала манастыр Яна Прадцечы ў Пскове й стала ягонай ігуменьняй. Была забіта ў Лівоніі 8 траўня 1243 году пасынкам. Памяць 16 (29) кастрычніка.
Прападобнамучанікі
рэдагаваць- Прападобнамучанік Афанасій, ігумен брэсцкі (каля 1597—1648). Нарадзіўся ў беларускай шляхецкай сям’і Філіповічаў. Некаторы час жыў пры двары Льва Сапегі. Пастрыжаны ў манахі ў 1627 годзе ў Віленскім Сьвята-Духаўскім манастыры. У 1632 годзе рукапаложаны ў іераманаха і прызначаны намесьнікам у Дубойскі манастыр каля Пінска. З 1640 году — ігумен Берасьцейскага Сімяонаўскага манастыра. За абарону праваслаўя быў зьняволены. У 1648 годзе яго арыштавалі, катавалі і расстралялі. Памяць двойчы: 20 ліпеня (2 жніўня) — адшуканьне мошчаў і 5(18) верасьня — спачын.
- Прападобнамучанік Макарый Канеўскі (1605—1678). Нарадзіўся ў Оўручы на Валыні. Навучаўся і прыняў пострыг у Оўруцкім Усьпенскім манастыры. З 1625 году — у Купяціцкім Пінскім манастыры. 3 1637 году — настаяцель Камянецкага Ўваскрасенскага манастыра, з 1656 да 1659 году — настаяцель Купяціцкага Пінскага манастыра, з 1660 — настяцель Оўруцкага Ўсьпенскага манастыра. Пасьля разрабаваньня татарамі Оўруцкага манастыра ў 1672 годзе ўзначаліў Канеўскі манастыр. Прыняў пакутніцкую сьмерць ад татараў ў 1678 годзе. Памяць двойчы: 13(26) траўня — перанясеньне мошчаў; 7(20) верасьня — спачын.
Сьвяшчэннамучанікі
рэдагаваць- 23 сьвятыя новамучанікі Менскай япархіі. Былі закатаваныя савецкім рэжымам у 1920—1950 гадох. Памяць 15 (28) кастрычніка.
- Сьвяшчэннамучанік Серафім архімандрыт Жыровіцкі (1901—1946). Нарадзіўся пад Ляхавічамі ў вёсцы Падлесьсе. З 1922 году выконваў манаскі послух у Жыровіцкім Усьпенскім манастыры. Са жніўня 1941 году дзейсна займаўся адраджэньнем духоўнага жыцьця ва Ўсходняй Беларусі. Арыштаваны СМЕРШам у верасьні 1944 году ў Гародні. Прыкладна праз год прыняў пакутніцкую сьмерць у савецкім канцлягеры. Памяць 24 жніўня (6 верасьня).
- Сьвяшчэннамучанік Іаан архіяпіскап Рыжскі (1876—1934) Нарадзіўся ў Латвіі. Скончыў Кіеўскую Духоўную Акадэмію. З 1907 году — рэктар Літоўскай Духоўнай сэмінарыі і настаяцель Віленскага Сьвята-Троіцкага манастыра. У 1912 годзе хіратанісаны ў япіскапа Слуцкага, вікарыя архіяпіскапа Менскага Міхаіла. З 1912 году служыў у Адэсе, Таганрогу, Цьвяры, Пеньзе, Латвіі, дзе быў закатаваны невядомымі злодзеямі. Памяць 29 верасьня (12 кастрычніка).
- Сьвяшчэннамучанік Мітрафан архіяпіскап Астраханскі (1869—1919). Нарадзіўся ў Варонескай губэрні. З 1902 году — архімандрыт, рэктар Магілёўскай духоўнай сэмінарыі. З 1907 году — япіскап Гомельскі, вікарый Магілёўскай япархіі. З 1912 году — япіскам Менскі і Тураўскі. З 1916 году — япіскап Астраханскі і Цараўскі. Растраляны ЧК. Памяць 26 траўня (8 чэрвеня).
- Сьвяшчэннамучанік Паўлін япіскап Магілеўскі (1879—1937). Нарадзіўся ў Пеньзенскай губэрні. Нёс манаскі послух у Сароўскім манастыры, Мікола-Бабаеўскім і Новаспасім манастырох ў Маскве. У 1921 годзе хіратанісаны ў япіскапа Рыльскага, вікарыя Курскай япархіі. Затым займаў Пермскую і Калускую катэдры. У 1933 годзе прызначаны на Магілёўскую катэдру. Арыштаваны ў 1936 годзе. Праз год расстраляны ў Кемераўскім лягеры. Памяць 21 кастрычніка (3 лістапада).
- Сьвяшчэннамучанік Іаасаф япіскап Магілеўскі (1874—1937). Нарадзіўся пад Палтавай. Прыняў пострыг у 1924 годзе ў Умані. У 1926 годзе рукапакладзены ў япіскапа Дзімітрыеўскага, вікарыя Курскай япархіі. З 1926 — у зьняволеньні на Салаўках і Нарыме. Пасьля вызваленьня з 1932 году прызначаны япіскам Магілёўскім, з 1936 — таксама Менскім. Расстраляны НКВД у 1937 годзе. Памяць 22 лістапада (5 сьнежня)[1].
- Сьвяшчэннамучанік Іаан япіскап Рыльскі (1881—1938). Нарадзіўся ў Петрыкаве. З 1901 году — сьвяшчэньнік у вёсцы Князь-Возера (зараз Салігорскі раён). З 1909 — настаяцель у вёсцы Прылепы Менскага ўезда. З 1923 — япіскап Мазырскі і Тураўскі, вікарый Менскай япархіі. У 1926 высланы ГПУ ў Зыранскі край. Пераведзены ў 1929 годзе ў Рыльск (Курская вобласьць) і прызначаны япіскапам Рыльскім, вікарыем Курскай япархіі. Зноў арыштаваны ў 1932 годзе. Растраляны ў Архангельскай вобласьці ў 1938 годзе. Памяць 28 лютага (11 сакавіка).
- Сьвяшчэннамучанік архідыякан Нікіфар (? — каля 1599). Нарадзіўся ў Канстантынопалі. Вучыўся і выкладаў у Падуанскім унівэрсітэце. Служыў 7 гадоў дыяканам у праваслаўным саборы сьв. Марка ў Вэнэцыі. У пачатку 1580-х гадоў вяртаецца ў Канстантынопаль. У 1590-х гадох у якасьці экзарха ўсходніх патрыярхаў актыўна супрацьстаіць вуніі з каталіцтва ў Малдавіі і Рэчы Паспалітай. У 1596 годзе зладзіў альтэрнатыўны сабор праваслаўных у Берасьці. У 1597 годзе арыштаваны і праз два гады закатаваны галоднай сьмерцю ў Мальборку. Памяць у 3-ю нядзелю пасьля Пяцідзесятніцы.
Прападобныя
рэдагаваць- Прападобны Марцін Тураўскі (? — 1150). Адзін зь першых беларускіх сьвятых. Быў манахам і кухарам Тураўскіх япіскапаў. Канец жыцьця правёў у Тураўскім манастыры Барыса і Глеба. Памяць 27 чэрвеня (10 ліпеня).
- Прападобны Фёдар Астроскі (2 палова XIV ст — 2 палова XV ст.) Удзельнічаў у Грунавальдзкай бітве, гусіцкіх войнах, барацьбе з татарамі, зброяй прымусіў Ягайлу выдаць прывілей у абарону праваслаўных. Пасьля 1441 году прыняў манаскі пострыг у Кіева-Пячэрскай лаўры.
- Прападобны Елісей Ляўрышаўскі (? — 1250). Быў сынам князя Трайняты, займаў высокую пасаду пры двары караля Міндоўга. Прыняўшы хрышчэньне, пакінуў двор і адышоў у пустынь, дзе яго знайшоў якісьці праваслаўны манах, разам зь якім Елісей заснаваў Ляўру. Памяць 23 кастрычніка (5 лістапада). Помнік у вёсцы Лаўрышава Наваградскага раёна (1996).
- прападобны Генадзій Магілёўскі, Кастрамскі і Любімаградзкі (? — 1565). Нарадзіўся ў Магілеве ў заможнай сям’і. Пасьля вандровак у Ноўгарад і Маскву выправіўся на раку Сьвір да сьвятога Аляксандра Сьвірскага. Там прыняў манаскі пострыг, пабудаваў манастыр на беразе Кастрамы, дзе і спачыў у 1565 годзе. Памяць 23 студзеня (5 лютага).
- Прападобная Эўфрасіньня Палацкая (каля 1101—1167). Нябесная заступніца Беларусі. Унучка Ўсяслава Чарадзея. У юнацтве прыняла манаскі пострыг. Змуравала манастыр, дбала аб асьвеце. Спачыла ў Сьвятой Зямлі падчас падарожжа. Памяць 23 траўня (5 чэрвеня).
- Прападобная Харыціна, князёўна Літоўская (? — 1281). Паходзіць з княскага літоўскага роду. Але з-за смутаў вымушаная была пакінуць гістарычную Літву. Прыняла пострыг у Петрапаўласкім манастыры ў Ноўгарадзе. Пазьней была ў ім ігуменьняй. Памяць 5 (18) кастрычніка.
Мучанікі
рэдагаваць- Мучанікі Антоній, Іаан і Яўстафій (? — 1347). Віленскія мучанікі. Прынялі пакутніцкую сьмерць за Хрыста пры Вялікім князі літоўскім Альгердзе ад язычнікаў. Мошчы знаходзяцца ў Віленскім Сьвята-Духавым манастыры. Часьціца мошчаў захоўваецца ў Менскім Петра-Паўлаўскім саборы. Памяць двойчы: 14(27) красавіка — спачын і 13(26) ліпеня — перанясеньне мошчаў.
- Мучанік дзіцятка Гаўрыіл Беластоцкі (1684—1690). Нарадзіўся ў вёсцы Зьвяркі на Беласточчыне. Прыняў пакутніцкую сьмерць у Беластоку ад жыда-арандатара. Мошчы захоўваюцца ў Сьвята-Мікалаеўскім саборы гораду Беластока. Памяць 20 красавіка (3 траўня).
Праведныя
рэдагаваць- Праведны Іаан Кармянскі (1839, вёска Агародня Добрускага раёну Гомельскай вобласьці — 1917). Пасьля сканчэньня духоўнай сэмінарыі служыў у роднай вёсцы псаломшчыкам, пазьней — настаяцелем. Вёў манаскі лад жыцьця. Мошчы знаходзяцца ў Пакроўскай царкве ў вёсцы Карма Добрускага раёну. Памяць двойчы: 18 (31) траўня — праслаўленьне і 27 жніўня (9 верасьня) — спачын.
- Праведная дзева Юліянія Альшанская (перш. палова XVI ст.). Дачка князя Грыгорыя Альшанскага. Памерла ва ўзросьце 16 гадоў і пахаваная ў Кіева-Пячэрскай Ляўры. Праз 100 гадоў яе мошчы былі знойдзеныя нятленнымі. Памяць двойчы: 6(19) ліпеня і 28 верасьня (11 кастрычніка).
- Праведная Сафія княгіня Слуцкая (1585—1612). Апошняя княгіня роду Слуцкіх і Капыльскіх. Павянчалася з князем Янушам Радзівілам у 1600 годзе. Аказавала юрыдычную і матэрыяльную дапамогу праваслаўным. Дзякуючы ёй, Слуцак зрабіўся апірышчам праваслаўя. Памяць 19 сакавіка (1 красавіка).
Блажэнныя
рэдагавацьСьвяточныя сьпевы
рэдагавацьНіжэй пададзеныя сьвяточныя сьпевы ў рэдакцыі Біблейскае Камісіі БПЦ.
Трапар сьвята Сабору беларускіх сьвятых, глас 5
рэдагавацьУшанаваў Гасподзь Беларускі край / сьвятымі, што добра дагадзілі Яму:/ сьвяціцелямі, мучанікамі, прападобнымі, праведнымі,/ якія верна Госпаду паслужылі / і ўзнагароду за подзьвіг атрымалі;/да іх жа цяпер і мы ўсклікаем:/за нас маліцеся Госпаду. / каб мы ў веры і справах плод добры прынесьлі.
Кандак сьвята Сабору беларускіх сьвятых, глас 3
рэдагавацьБожыя ўгоднікі Беларускае зямлі / сёньня са спадзяваньнем стаяць перад Прастолам Сьвятой Троіцы / і нябачна за нас моляцца Богу і за край наш, / просячы нам міру і вялікай міласьці.