Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі

найбольшае прадпрыемства Азэрбайджану, заснаванае ў траўні 1920 году ў якасьці «Азнафты»

Каардынаты: 40°24′18″ пн. ш. 49°52′58″ у. д. / 40.405° пн. ш. 49.88278° у. д. / 40.405; 49.88278

Дзяржа́ўная на́фтавая кампа́нія Азэрбайджа́нскай Рэспу́блікі (ДНКАР, азэрб. ARDNŞ) — найбольшае прадпрыемства Азэрбайджану, заснаванае ў траўні 1920 году ў якасьці «Азнафты».

ДНКАР
азэрб. Azərbaycan Respublikası Dövlət Neft Şirkəti
Тып дзяржаўнае прадпрыемства[d]
Заснаваная Травень 1920
Заснавальнікі Урад Азэрбайджанскай ССР
Уласьнікі Урад Азэрбайджану
Краіна Азэрбайджан
Разьмяшчэньне Баку
Адрас Нарыманаўскі раён, прасп. Гейдара Аліева, д. 121[1]
Ключавыя фігуры Роўнаг Абдулаеў, Юсіфзадэ Хошбахт[2]
Галіна нафтавая прамысловасьць
Прадукцыя авіягаза, аміяк, бутан, бэнзін, дызэльнае паліва, ізапрапілавы сьпірт, мазута,мачавіна, мэтаноль, нафта, нафтавы кокс, поліэтылен, прыродны газ
Абарачэньне 111,198 млрд манатаў[3] ($65,41 млрд[4]; 2018 год)
Апэрацыйны прыбытак 3,595 млрд манатаў ($2,114 млрд; 2018 год)
Чысты прыбытак 1,224 млрд манатаў ($720 млн; 2018 год)
Лік супрацоўнікаў 50 332 (2019 год)[5]
Даччыныя кампаніі «Азэрыгаз», «Азэрыхімія»
Аўдытар «Эрнст і Янг» (Ангельшчына)

На 2020 год займалася пошукам, выведкай і распрацоўкай радовішчаў нафты і прыроднага газу. Ажыцьцяўляла здабычу, перапрацоўку і перавозку нафты, прыроднага газу і газавага кандэнсату. Пастаўляла нафту, нафтахімічныя вырабы і прыродны газ на замежны і ўнутраны рынкі. Улучала 3 вытворчыя аб’яднаньні, па адным нафта- і газаперапрацоўчым заводзе, завод глыбакаводных плятформаў, 2 трэсты, навукова-дасьледчы інстытут і 23 даччыныя юрыдычныя асобы[6]. Гандлёвыя прадстаўніцтвы працавалі ў 2 краінах Азіі — Грузіі (Тбілісі) і Турэччыне (Стамбул), а таксама ў 4 краінах Эўропы — Нямеччыне (Франкфурт-на-Майне), Румыніі (Бухарэст), Украіне (Кіеў) і Швайцарыі (Жэнэва і Цюрых)[7]. У 2018 годзе ДНКАР здабыла 6,525 млрд кубамэтраў прыроднага газу, што склала 21% газаздабычы Азэрбайджану[8]. Нафтаздабыча дасягнула 7,542 млн тонаў, што склала 19% агульнакраёвай[9].

Будова рэдагаваць

На 2020 год Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі ўлучала 3 вытворчыя аб’яднаньні (ВА), 5 заводаў і 2 трэсты, навукова-дасьледчы інстытут і вышэйшую школу:

  • ВА «Азэрыгаз» разьмярковаўвала прыродны газ праз 44 372 км трубаправодаў сярод 1,312 млн спажыўцоў у Азэрбайджане. Прадпрыемства налічвала 6 вытворчых падразьдзяленьняў, 8 частак магістральных газаправодаў, 7 кампрэсарных станцыяў, 67 газаабслуговых аддзяленьняў, 155 газаразьмеркавальных станцыяў, зь іх 79 аўтаматычных, і 35 газаразьмеркавальных пунктаў. За 2019 год прадпрыемства перапампавала 12,6 млрд кубамэтраў прыроднага газу. Значную частку газу пастаўлялі на цеплавыя электрастанцыі краіны[10].
  • ВА «Азэрыхімія» ўлучала рамонтна-будаўнічы аддзел і завод поліэтылену (ЭП-300, Палімэр-120) з цэхам ізапрапілавага сьпірту і вытворчасьцю паравой і электрычнай энэргіі. Завод меў гадавую магутнасьць: 260 000 тонаў этылену, 136 000 т прапілену, 120 000 т поліпрапілену, 25 000 т прамысловага і 24 400 т абсалютнага ізапрапілавага сьпірту, 1750 т абсалютнага дыізапрапілавага сьпірту. Таксама за гадзіну выпускалася 480 тонаў пары і 32 мэгаваты электраэнэргіі. За 2019 год выпусьцілі 103 000 тонаў поліэтылену. Ачышчальнае збудаваньне завода мела содневую магутнасьць 2600 кубамэтраў вады, якую спускалі на палі для арашэньня і ў Касьпійскае мора[11].
  • ВА «Азнафта» распрацоўвала 34 радовішчы нафты і газу. Зь іх 20 знаходзілася на сушы, а 14 астатніх у Касьпійскім моры. Прадпрыемства налічвала 2 падземныя газасховішчы і 14 вытворчых падразьдзяленьняў, якія здабывалі нафту і газ на 5700 сьвідравінах[12].
  • «Газаперапрацоўчы завод» улучаў газасховішча, перапрацоўчы цэх і 21 працоўную пляцоўку. Гадавая магутнасьць 5 бэнзінавых сэпаратараў дазваляла перапрацоўваць 4,5 млрд кубамэтраў прыроднага газу. Завод выпускаў бэнзін, бутан і сумесь прапан-бутан, а таксама звадкаваны і сухі газ ды газавы кандэнсат[13].
  • «Нафтаперапрацоўчы завод імя Гейдара Аліева» прымаў 21 з 24 гатункаў азэрбайджанскай нафты, зь якіх выпускаў 15 відаў нафтапрадуктаў, у тым ліку аўтамабільны бэнзін, авіягазу, дызэльнае паліва, мазуту і нафтавы кокс. Завод цалкам пакрываў унутраныя патрэбы ў нафтапрадуктах. Таксама ў 2019 годзе 45% нафтапрадуктаў паставілі за мяжу. Абсталяваньне завода ўлучала: агрэгат першаснай ачысткі ЭД-АВ-6 (1976 г.), каталітычны пераўтваральнік (1980 г.), паступовы каксавальнік (1986 г.) і каталітычны зломнік (1993 г.)[14].
  • «Бакінскі завод глыбакаводных плятфораў імя Гейдара Аліева» распрацоўваў, вырабляў, перавозіў і ўсталёўваў марскія плятформы на глыбыню да 200 мэтраў, рэзэрвуары да 105 000 кубамэтраў, газааддзяляльнікі зь ціскам 100 атмасфэраў, мэталічныя трубы дыямэтрам да 4,5 мэтру і таўшчынёй сьценкі да 9 см, зварачныя электроды відаў 6013 і 7018, а таксама мэталічныя кроквенныя рамы і калёны, кранавыя бэлькі і калённыя злучальнікі, бункеры і масты[15].
  • «Мэтанолявы завод» меў гадавую магутнасьць 650 000 тонаў мэтылавага сьпірту чысьцінёй 99,99% і сховішча на 48 000 тонаў. На заводзе было 400 супрацоўнікаў[16].
  • «Карбамідны завод» меў магутнасьць 650 000 т мачавіны за год і 1200 т аміяку за дзень, што пакрывала ўнутраныя патрэбы сельскай гаспадаркі Азэрбайджану ў азотных угнаеньнях. Налічвалася 300 супрацоўнікаў. Вытворчыя патрэбы ў газе складалі 435 млн кубамэтраў за год[17].
  • «Аб'яднаны трэст бурэньня» ўлучаў аддзелы абсталяваньня, бурыльных паслугаў, дастаўкі і цэмэнтаваньня, а таксама 5 аддзелаў выведкі радовішчаў: Порт Баіл, Нафтавыя Скалы, Апшэрон, Гобустан і Сахіл. Ажыцьцяўляў выведку і распрацоўку 25 радовішчаў на сушы і ў моры. На 2020 год працягвалася бурэньне на радовішчах Губа-Касьпій, Еўлах-Аджабедзі, Ашагі Кур’яны і Апшэрон, а таксама ў моры на Бакінскім і Апшэронскім архіпэлягах[18].
  • «Трэст нафтагазавага будаўніцтва» меў прадстаўніцтвы ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах (Абу Дабі) і Грузіі, а таксама 7 аддзелаў: 1) адмысловага рамонту, 2) жалезабэтонных вырабаў, 3) складоў, 4) зваркі, 5) выпрабаваньняў, 6) гаспадаркі, 7) якасьці. На 2020 год трэст выступаў падрадчыкаў на радовішчах Гунашлі і Нафтавыя Скалы, Пяшчаным востраве і астравах Піралахі, Чылаў і Хара-Зіра. Ажыцьцяўляў будаўніцтва трубаправодаў на глыбіні да 150 мэтраў, газавых кампрэсарных станцыяў на сушы і ў моры, падземных газасховішчаў, марскіх пірсаў да 30 мэтраў і прыстаняў, нафтасховішчаў і марскіх плятформаў на глыбіні да 150 мэтраў, а таксама пракладку і ўзьвядзеньне сеткі электрасілкаваньня, высакавольтных лініяў электраперадачы і падводных кабэляў[19].
  • Навукова-дасьледчы праектны інстытут нафты і газу меў звыш 80 лябараторыяў з 22 дактарамі і 188 кандыдатамі навук, якія распрацавалі звыш 1200 патэнтаў у галіне геалёгіі і інжынэрнай справы[20].
  • Бакінская вышэйшая школа нафты рыхтавала бакаляўраў і магістраў інжынэрнай справы ў галіне аўтаматызацыі, нафтавай прамысловасьці і хіміі, а таксама магістраў кіраваньня[21].
 
Аўтазапраўка ДНКАР (2019 год)

Таксама ДНКАР належалі ўчасткі 4 міжнародных трубаправодаў у межах Азэрбайджану:

  • Нафтаправод «Баку—Новарасейск» дыямэтрам 53 см і магутнасьцю 105 000 бочак за дзень адчынілі ў кастрычніку 1996 году. ДНКАР валодала 231 з 1330 км яго працягласьці. На ім дзейнічла 3 пампавальныя станцыі ў Сангачале, Сумгаіце і Сіязане, а таксама замяральная станцыя ў памежнай вёсцы Шырванаўка (Гусарскі раён)[22].
  • Заходні экспартны трубаправод «Баку—Супса» дыямэтрам 53 см цягнуўся 833 км ад Санчагальскага тэрміналу на Касьпійскім моры да грузінскага нафтаналіўнога тэрміналу на Чорным моры. Яго запусьцілі ў сьнежні 1998 году. Першы танкер у Супсе запоўнілі 8 красавіка 1999 году. На нафтаправодзе дзейнічала па 3 пампавальныя станцыі ў Азэрбайджане і Грузіі, пускавая станцыя ў Азэрбайджане і 2 станцыі зьніжэньня ціску ў Грузіі. У Супсе знаходзілася 3 нафтасховішчы агульным абсягам на мільён бочак нафты[23].
  • Асноўны экспартны нафтаправод «Баку—Тбілісі—Джэйхан» цягнуўся 1768 км на поўдзень Турэччыны да Міжземнага мора. 6 траўня 2005 году яго запусьцілі. 4 чэрвеня 2006 году напоўнілі першы танкер у Джэйхане, дзе стаіць 7 нафтасховішчаў агульным абсягам 2 млн бочак нафты. Яго магутнасьць складала мільён бочак нафты за дзень. Дыямэтар нафтаправода складаў 46/42/34 цалі. На ім працавала 8 пампавальных станцыяў: па 2 у Азэрбайджане і Грузіі, 4 у Турэччыне. Таксама дзейнічала 3 пускавыя станцыі: 1 у Азэрбайджане і 2 у Турэччыне[24].
  • Газаправод «Баку—Тбілісі—Эрзурум» даўжынёй 980 км і дыямэтрам 42 цалі запусьцілі ў сакавіку 2007 году для паставак у Грузію і Турэччыну з касьпійскага радовішча Шах-Дэніз. Яго магутнасьць складала 20 млрд кубамэтраў прыроднага газу за год. На ім стаяла 4 станцыі дастаўкі, зь іх 1 у Азэрбайджане і 3 у Грузіі[25].

Падзел здабычы рэдагаваць

На 2020 год Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі ўдзельнічала ў пагадненьнях аб падзеле здабычы нафты і газу на 10 радовішчах на сушы: 50% — Кюрсангі Гарабаглі[26]; па 25% — Балаханы, Зіг Хоўсан і Сураханы[27], па 20% — Кюроўдаг, Мурадханлі, Нэфтчала, Падар і Пірсахат; 15% — Мушоўдаг Каламедын. У моры ДНКАР дзяліла 5 радовішчаў: Апшэрон і Шафак-Асіман — па 50%[28], Бахар і Гум-Дэніз — 20%, Азэры-Чыраг-Гунашлі — 11%, Ша-Дэніз — 10%.

Аўтазапраўкі рэдагаваць

 
Аўтазапраўка ДНКАР ва Ўкраіне (Ровенскі раён, 2018 год)

На 2020 год ДНКАР валодала сеткай аўтазаправачных станцыях у 4 краінах: 11 у Азэрбайджане (засн. 2008 г.)[29], 70 у Грузіі (засн. 2006)[30], 9 ва Ўкраіне (Адэса, Кіеў і Мікалаеў, з 2009-га)[31], 11 у Румыніі (з 2011-га)[32].

Пастаўкі ў Беларусь рэдагаваць

У 2011 годзе Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі (ДНКАР) паставіла на «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» (Гомельская вобласьць) мільён тонаў нафты па $838 за тону. У 2016 годзе пастаўкі склалі 560 000 тонаў азэрбайджанскай лёгкай нафты[33]. 27 лютага 2020 году канцэрн «Белнафтахім» заключыў з ДНКАР дамову на пастаўку 160 000 тонаў нафты на 2 танкерах у сакавіку праз украінскі нафтаправод АдэсаБроды[34]. 6 сакавіка 1-ы танкер выйшаў з турэцкага порту Джэйхан і 12 сакавіка прыбыў у порты Адэсы, дзе зьліў 90 000 тонаў нафты. З улікам замовы яшчэ 2 танкераў з Новарасейска і грузінскай Супсы абсяг дамовы вырас да 250 000 тонаў нафты[35]. 17 сакавіка «Мазырскі НПЗ» пачаў перапрацоўку азэрбайджанскай нафты зь 1-га танкера. Другі танкер з Новарасейска даставіў нафту ў Адэсу[36]. 23 сакавіка ДНКАР адгрузіла 85 000 тонаў нафты ў Супсе для 3-га танкера, які 24 сакавіка прыбыў у Адэсу[37]. 11 красавіка ў Паўднёвы порт Адэскай вобласьці прыбыў танкер з 85 000 тонаў нафты. Дамова з ДНКАР прадугледжвала пастаўку да мільёна тонаў нафты цягам 2020 году[38].

Спонсарства рэдагаваць

На 2020 год Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі (ДНКАР) мела Палац культуры «Хімік» у Сумгаіце, пры якім дзейнічалі бібліятэка і некалькі музычных гуртоў, танцавальных ансамбляў, творчых студыяў і клюбаў, а таксама навучальныя курсы. На дзяржаўныя сьвяты яны выступалі з канцэртам у дзіцячых прытулках і вайсковых частках, дамах зьнявечаных і састарэлых[39]. Штогод ДНКАР фінансуе рамонт некалькіх вясковых школ у 7 горных раёнах на паўночным захадзе Азэрбайджану[40]. Да 2020 году ДНКАР прабурыла 23 артэзіянскія сьвідравіны для забесьпячэньня вяскоўцаў пітной вадой у 10 сельскагаспадарчых раёнах: 7 — у Агсуйскім, 5 — у Балакенскім і 4 — у Загатальскім, а таксама па адной у Гусарскім, Лерыцкім, Фізулінскім (усход), Хачмаскім, Шамахінскім, Шамкірскім і Шэкінскім раёнах[41]. Паводле Ўказу прэзыдэнта Азэрбайджану ад 1 ліпеня 2004 году № 298, ДНКАР разьмясьціла 15 000 сем'яў уцекачоў з Нагорнага Карабаху ў інтэрнатах на ўсходзе Агдамскага раёну. Пазьней прадпрыемства наняло каля 3000 уцекачоў[42]. Таксама ДНКАР належаў спартова-аздараўляльны асяродак «Нафтавік», дзе працавала 178 трэнэраў у 34 відах гульняў, якія рыхтавалі некалькі тысячаў маладых спартоўцаў на 13 пляцоўках. Падрыхтаваныя ў «Нафтавіку» спартоўцы складалі большасьць прадстаўнікоў Азэрбайджану на Алімпійскіх гульнях[43].

Ад 2003 году ДНКАР ёсьць галоўным спонсарам зборнай Азэрбайджану па футболе і Асацыяцыі футбольных фэдэрацыяў Азэрбайджану (АФФА). 17 траўня 2013 году Зьвяз эўрапейскіх футбольных асацыяцыяў (Базэль, Швайцарыя) абвясьціў ДНКАР адным з галоўных спонсараў чэмпіянату Эўропы па футболе 2016 году ў Францыі[44]. 22 верасьня 2014 году старшыня Эўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Патрык Хікі падпісаў у Баку пагадненьне аб абвяшчэньні ДНКАР афіцыйным партнэрам Эўрапейскіх гульняў 2015 году ў Азэрбайджане[45]. 23 красавіка 2019 году ДНКАР стала партнэрам аўтагонкі «Вялікая ўзнагарода Азэрбайджану(sr) 2019 году», якая прайшла 26—28 красавіка ў Баку ў рамках першынства сьвету «Формулы-1»[46].

Мінуўшчына рэдагаваць

 
Асноўныя азэрбайджанскія нафтаправоды

У траўні 1920 году ўрад Азэрбайджанскай ССР утварыў «Азнафту», якая злучыла нацыяналізаваныя нафтавыя промыслы на радовішчах Балаханы, Сабунчу і Рамана, распрацаваных у 1871 годзе. Першым кіраўніком дзяржаўнага прадпрыемства стаў расейскі інжынэр Аляксандар Сераброўскі, які ўзначальваў яго да 1926 году. Пазьней прадпрыемства насіла назвы «Азэрнафтакамітэт», «Азнафтакамбінат» і «Азнафтаздабыча». У 1949 годзе ўпершыню ў сьвеце распрацавалі марское радовішча Нафтавыя скалы (Піралахінскі раён). У 1970 годзе прадпрыемству вярнулі назву «Азнафта». 3 сьнежня 1991 году прэзыдэнт Азэрбайджану Аяз Муталібаў падпісаў Указ аб пераўтварэньні прадпрыемства ў дзяржаўны канцэрн. 13 верасьня 1992 году азэрбайджанскі прэзыдэнт Абульфаз Эльчыбэй зацьвердзіў Указ аб стварэньні Дзяржаўнай нафтавай кампаніі Азэрбайджанскай Рэспублікі (ДНКАР), паводле якога «Азнафта» паглынула вытворчае аб’яднаньне «Азнафтахімія». 10 студзеня 1994 году прэзыдэнт Гейдар Аліеў ухваліў Указ № 50 аб стварэньні ў складзе ДНКАР 2 вытворчых аб’яднаньняў нафта- і газаздабычы — аднаго ў моры і другога на сушы. 24 студзеня 2003 году Гейдар Аліеў падпісаў Указ № 844 аб злучэньне 2 ВА нафта- і газаздабычы ў моры і на сушы ў ВА «Азнафта»[47]. 7 сакавіка 2007 году прэзыдэнт Ільхам Аліеў зацьвердзіў Указ № 539, якім злучыў аддзелы выведкі 5 радовішчаў «Азнафты» з аддзеламі абсталяваньня і закрыцьця ў «Аб'яднаны трэст бурэньня». 7 кастрычніка 2009 году прэзыдэнт Азэрбайджану ўхваліў Указ № 164, якім перадаў газаперапрацоўчы завод у падпарадкаваньне ДНКАР. У 2010 годзе ДНКАР дасягнула 92% глыбіні нафтаперапрацоўкі і 72% выхаду сьветлых нафтапрадуктаў[48]. У траўні 2012 году ДНКАР заснавала Бакінскую вышэйшую школу нафты. У 2013 годзе ў Гарадаскім раёне Баку запусьцілі «Мэтанолявы завод» на ангельскім абсталяваньні. 16 студзеня 2019 году ў Сумгаіце запусьцілі «Карбамідны завод».

Здарэньні рэдагаваць

23 кастрычніка 2014 году 4 рамонтнікі ДНКАР загінулі на плятформе № 441 Нарыманаўскага радовішча ў выніку апоўзьня ў мора[49]. 4 сьнежня 2015 году 3 нафтавікі зьніклі бязь вестак з плятформы № 501 на Нафтавых Скалах (Пірахалінскі раён) у выніку буры на Касьпійскім моры[50]. У той дзень марская бура дасягала 38 мэтраў за сэкунду, што выклікала хвалі вышынёй да 9 мэтраў. А 17:40 на глыбакаводнай плятформе № 10 радовішча Гюнэшлі зламіла дапаможную трубу падводнага газаправода пад ціскам 110 бараў, што выклікала пажар. Праз гэта спынілі здабычу прыроднага газу і нафты на 28 сьвідравінах плятформы. А 22:45 адзін нафтавік патануў і яшчэ 30 зьнікла бязь вестак, калі бура сарвала ратавальную шлюпку з крука. 5 сьнежня іх шлюпку знайшлі пустой за 50 км на поўдзень ад плятформы № 10[51]. 6 сьнежня знайшлі целы 6 зьніклых бязь вестак. 27 сьнежня 2015 году цела аднаго зьніклага знайшлі ў туркмэнскіх водах Касьпійскага мора, 11 студзеня 2016 году — яшчэ адно цела. 15 студзеня 2016 году пажарнікі патушылі пажар на найбольшай газавай сьвідравіне плятформы № 10[52]. На 29 студзеня 2016 году лік знойдзеных целаў дасягнуў 11, яшчэ 19 нафтавікоў заставаліся зьніклымі[53]. 10 лютага 2016 году пажар на плятформе № 10 цалкам патушылі[54].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Тэлефоны (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  2. ^ Кіраўніцтва (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  3. ^ Наргіз Карымава, Сулейман Гасымаў. Кансалідаваная фінансавая справаздача за 2018 год (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 31 траўня 2019 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  4. ^ Валютныя курсы азэрбайджанскага манату на 31 сьнежня 2018 году (1,7 за даляр) (азэрб.) // Цэнтральны банк Азэрбайджану, 31 сьнежня 2018 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  5. ^ Справаздача ўстойлівага разьвіцьця за 2018 год (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 31 траўня 2019 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  6. ^ Пра ДНКАР (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  7. ^ ДНКАР у сьвеце (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  8. ^ Паказьнікі газаздабычы (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2019 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  9. ^ Паказьнікі нафтаздабычы (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2019 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  10. ^ Вытворчае аб'яднаньне «Азэрыгаз» (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Архіўная копія ад 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  11. ^ Вытворчае аб'яднаньне «Азэрыхімія» (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Архіўная копія ад 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  12. ^ Вытворчае аб'яднаньне «Азнафта» (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  13. ^ Газаперапрацоўчы завод (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  14. ^ «Нафтаперапрацоўчы завод імя Гейдара Аліева» (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  15. ^ «Бакінскі завод глыбакаводных плятфораў імя Гейдара Аліева» (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  16. ^ Мэтанолявы завод (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  17. ^ Карбамідны завод (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  18. ^ «Аб'яднаны трэст бурэньня» (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  19. ^ «Трэст нафтагазавага будаўніцтва» (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  20. ^ Навукова-дасьледчы праектны інстытут нафты і газу (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  21. ^ Бакінская вышэйшая школа нафты (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  22. ^ Нафтаправод «Баку—Новарасейск» (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  23. ^ Заходні экспартны трубаправод «Баку—Супса» (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  24. ^ Асноўны экспартны нафтаправод «Баку—Тбілісі—Джэйхан» (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  25. ^ Газаправод «Баку—Тбілісі—Эрзурум» (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  26. ^ Кюрсангі Гарабаглі (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  27. ^ Балаханы і іншыя радовішчы (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  28. ^ Апшэрон (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  29. ^ Нафтапрадукт // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  30. ^ ДНКАР Грузія Нафта // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  31. ^ ДНКАР Энэргія Ўкраіна // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  32. ^ АТ «ДНКАР Нафта Румынія» // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  33. ^ Баку і Менск абмяркоўваюць выкарыстаньне нафтаправода «Адэса-Броды» // Радыё «Спадарожнік», 22 студзеня 2020 г. Праверана 13 красавіка 2020 г.
  34. ^ «Белнафтахім» дамовіўся з азэрбайджанскай ДНКАР аб пастаўцы 160 тыс. т нафты // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 27 лютага 2020 г. Праверана 13 красавіка 2020 г.
  35. ^ Першы танкер з азэрбайджанскай нафтай для Мазырскага НПЗ прыбыў у порт Адэсы // БелТА, 12 сакавіка 2020 г. Праверана 13 красавіка 2020 г.
  36. ^ Мазырскі НПЗ пачаў перапрацоўку першай партыі азэрбайджанскай нафты // БелТА, 17 сакавіка 2020 г. Праверана 13 красавіка 2020 г.
  37. ^ Азэрбайджан адгрузіў чарговую партыю нафты для Беларусі // Радыё «Спадарожнік», 23 сакавіка 2020 г. Праверана 13 красавіка 2020 г.
  38. ^ «Белнафтахім» у красавіку чакае пастаўкі азэрбайджанскай і нарвэскай нафты // БелТА, 10 красавіка 2020 г. Праверана 13 красавіка 2020 г.
  39. ^ Культурна-масавыя мерапрыемствы (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 15 траўня 2020 г.
  40. ^ Установы адукацыі (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 15 траўня 2020 г.
  41. ^ Водазабесьпячэньне (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 15 траўня 2020 г.
  42. ^ Клопат пра перамешчаных асобаў (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 15 траўня 2020 г.
  43. ^ Спартова-аздараўленчы асяродак «Нафтавік» (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 15 траўня 2020 г.
  44. ^ ДНКАР (азэрб.) // Асацыяцыя футбольных фэдэрацыяў Азэрбайджану, 2020 г. Праверана 15 траўня 2020 г.
  45. ^ Горад-гаспадар першых Эўрапейскіх гульняў 2015 году, Баку, прымае старшыню ЭАК (фр.) // Эўрапейскія алімпійскія камітэты (Рым, Італія), 22 верасьня 2014 г. Праверана 15 траўня 2020 г.
  46. ^ Сёлета гонка «Формулы-1» прайдзе пад назвай «Вялікая ўзнагароду Азэрбайджану» ДНКАР (азэрб.) // Эўрапейскія алімпійскія камітэты (Рым, Італія), 23 красавіка 2019 г. Праверана 15 траўня 2020 г.
  47. ^ Гісторыя (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  48. ^ Паказьнікі перапрацоўкі (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.
  49. ^ Сумесная заява МНС і ДНКАР (азэрб.) // Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Азэрбайджану, 23 кастрычніка 2014 г. Праверана 15 траўня 2020 г.
  50. ^ Архіў навінаў за сьнежань 2015 году (17 сьнежня - ДНКАР акажа аднаразовую матэрыяльную дапамогу сем'ям 3-х нафтавікоў, зьніклых бязь вестак у Нафтавых Скалах) (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 31 сьнежня 2015 г. Праверана 15 траўня 2020 г.
  51. ^ Сумесная заява ДНКАР, МНС і Галоўнай пракуратуры Рэспублікі ў сувязі са здарэньнем на глыбакаводнай плятформе № 10 радовішча Гюнэшлі (азэрб.) // Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Азэрбайджану, 5 сьнежня 2015 г. Праверана 15 траўня 2020 г.
  52. ^ Патушылі пажар на адной са сьвідравінаў плятформы № 10 радовішча Гюнэшлі (азэрб.) // Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Азэрбайджану, 15 студзеня 2016 г. Праверана 15 траўня 2020 г.
  53. ^ Архіў навінаў за студзень 2016 году (29 студзеня - Заява пра здарэньні, што адбыліся 4 сьнежня 2015 году на радовішчах Гюнэшлі і Нафтавыя Скалы) (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 31 студзеня 2016 г. Праверана 15 траўня 2020 г.
  54. ^ Патушылі пажар на плятформе № 10 радовішча Гюнэшлі (азэрб.) // Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Азэрбайджану, 10 лютага 2016 г. Праверана 15 траўня 2020 г.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  • Электронны зварот (азэрб.) // Дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджанскай Рэспублікі, 2020 г. Праверана 13 траўня 2020 г.