Бежанцы

(Перанакіравана з «Уцекачы»)

Бе́жанцы, уцекачы́ — асобы, якія пакінулі краіну свайго грамадзянства ці пастаяннага месца жыхарства ў выніку ваенных дзеяньняў ці іншых надзвычайных сытуацыяў або ганеньняў з палітычных, расавых, рэлігійных матываў і не атрымалі грамадзянства іншай дзяржавы. У міжнародным праве паняцьце «бежанец» упершыню аформлена пасьля Першай сусьветнай вайны 1914—1918 гадоў, калі з набліжэньнем фронту прымусова высялялася насельніцтва цэлых паветаў і губэрняў.

Бежанства ў Першую сусьветную вайну

рэдагаваць

Паводле афіцыйных (далёка ня поўных) зьвестак, на 14 лютага 1917 году ў Расеі было 3,2 млн бежанцаў, зь іх зарэгістравана 750 680 з Гарадзенскай, 164 351 зь Віленскай, 161 453 зь Менскай, 51 954 зь Віцебскай, 1654 з Магілёўскай губэрняў. Бежанцы зь Беларусі былі раскіданы па ўсёй Расеі. Найбольш іх асела ў Тамбоўскай, Самарскай, Калускай, Казанскай, Курскай, Саратаўскай губэрнях, у Петраградзе (100 704), Маскве (128 261).

Паводле зьвестак Наркамата ўнутраных справаў РСФСР, на 11 траўня 1918 у Расеі жыло 2 292 395 бежанцаў зь Беларусі, у т. л. беларусаў і расейцаў 2 059 857. На працягу 1918—1924 гадоў у Заходнюю Беларусь іх вярнулася каля 700 тысячаў.

Першыя бежанцы на Беларусі зьявіліся восеньню 1914 году. Пасьля паражэньня расейскай арміі вясной—летам 1915 і з набліжэньнем фронту Беларусь ператварылася ў бежанскі лягер. Бежанскі рух быў стыхійны, ніякага пляну эвакуацыі не існавала. Сяляне імкнуліся застацца на сваёй зямлі, але вайскоўцы прымушалі іх адыходзіць разам з войскам, палячы вёскі.

24 ліпеня 1915 году былі прызначаны Галоўнаўпаўнаважаныя па ўладкаваньні бежанцаў на франтах. Беларусь увайшла ў раён дзейнасьці Галоўнаўпаўнаважанага па ўладкаваньні бежанцаў Паўночна-Заходняга фронту. Толькі 30 жніўня 1915 году быў прыняты закон «Аб забеспячэньні патрэб бежанцаў», пры міністры ўнутраных справаў створана Асобая нарада па ўладкаваньні бежанцаў.

Дабрачыннай дзейнасьцю займаўся Камітэт яе імпэратарскай высокасьці вялікай княжны Тацьцяны Мікалаеўны (Тацьцянінскі камітэт, пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году пераўтвораны ва Ўсерасейскі камітэт дапамогі пацярпелым ад вайны). Шырокую дзейнасьць разгарнулі нацыянальныя дабрачынныя арганізацыіцыі. У красавіку 1915 году ў Вільні створана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, якое адкрыла шэраг аддзелаў на месцах. У студзені 1916 створана Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказаньні дапамогі пацярпелым ад вайны.

Становішча бежанцаў было надзвычай цяжкім. Высокай была іх сьмяротнасьць. Узьнікалі канфлікты зь мясцовым насельніцтвам. Нягледзячы на гэта, нацыянальная сьвядомасьць беларускіх бежанцаў значна вырасла.

Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году сярод бежанцаў дзейнічалі арганізацыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай народнай грамады. У Маскве адбыліся два зьезды бежанцаў-беларусаў (7—10 кастрычніка і 2—4 сьнежня 1917). Пытаньне аб бежанцах разглядалася на Ўсебеларускім зьездзе 1917 году (даклад А. Цьвікевіча «Бежанскае пытаньне і Праца бежанскай сэкцыі зьезду»), на ім створаны камітэт па аказаньні дапамогі бежанцам. Пазьней разьвязаньнем праблем бежанцаў займалася Рада БНР.

Сярод бежанцаў створаны Арэнбурскі гурток беларусаў, Беларуска-ўкраінскі камітэт помачы ахвярам вайны ў Барнауле, Беларуская вучнёўская грамада і Гурток беларускай сацыялістычнай моладзі ў Калузе, «Беларуская хатка» ў Арле, «Беларус» і Беларуская чыгуначная грамада ў Маскве, «Беларуская хатка» ў Петраградзе, Беларускі нацыянальны гурток у Багародзіцку Тульскай губэрні, Саюз беларусаў у Архангельску і інш.

У 1918—1919 гадах работу сярод бежанцаў праводзілі Беларускі нацыянальны камісарыят і беларускія сэкцыі РКП(б). У ліпені 1918 году ў Маскве адбыўся Ўсерасейскі зьезд бежанцаў з Беларусі. У складзе Наркамата па ваенных справах РСФСР(ru) у красавіку 1918 году створана Цэнтральная калегія па справах палонных і бежанцаў (з траўня 1919 году ў Наркамаце ўнутраных справаў РСФСР).

Пасьля заканчэньня польска-савецкай вайны шмат бежанцаў з Заходняй Беларусі пажадала вярнуцца дахаты. Большасьць зь іх праяжджала праз рэпатрыяцыйны пункт у Баранавічах, дзе мусіла тыдзень адбыць у ізалятары, каб не дапусьціць пранікненьня інфэкцыйных хвароб у Эўропу.

Бежанства ў Другую сусьветную вайну

рэдагаваць

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны зь Беларусі амаль 1,5 млн чалавек былі эвакуіраваны на ўсход (на бацькаўшчыну вярнуўся толькі кожны 3-і). Нямецкія ўлады высялялі мясцовае насельніцтва з зоны баёў, і таму ў Беларусі былі сагнаны сотні тысячаў бежанцаў з Арлоўскай, Калінінскай, Пскоўскай, Смаленскай і інш. абласьцей. Падчас адыходу немцаў у 1944 годзе частка жыхароў Беларусі і іншых народаў СССР адыходзіла разам зь імі, баючыся пакараньня ад савецкай улады.

У выніку прымусовага вывазу фашыстамі насельніцтва з захопленых тэрыторыяў у Нямеччыну (зь Беларусі каля 380 тысячаў чалавек) узьнікла катэгорыя перамешчаных асобаў. Пагадненьнямі паміж СССР, ЗША і Ангельшчынай (люты 1945), СССР і Францыяй (чэрвень 1945) прадугледжваліся абавязкі бакоў па аблягчэньні лесу бежанцаў і перамешчаных асобаў, садзейнічаньні іх рэпатрыяцыі.

Пасьляваенны час

рэдагаваць

3 утварэньнем ААН гэтыя абавязкі паводле рэзалюцый Генэральнай Асамблеі ад 12 лютага і 15 сьнежня 1946 прымалі на сябе краіны-чальцы ААН, створана Міжнародная арганізацыя па справах бежанцаў (у 1951 заменена Ўпраўленьнем Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў). Былі прыняты міжнародныя канвэнцыі аб прававым статусе бежанцаў (28.6.1951) і апатрыдаў (28.9.1954), пратакол аб статусе бежанцаў (1967), у якіх дэталёва вызначаюцца і падрабязна трактуюцца правы ўцекачоў. Паводле гэтых дакумэнтаў, дзяржава, якая прымае бежанцаў, абавязана надаць ім тыя ж правы, якімі карыстаюцца іншаземцы, што жывуць на яе тэрыторыі, права выбару месца жыхарства і вольнага перамяшчэньня па краіне. Забараняецца высылка ўцекачоў у краіны, зь якіх яны прыехалі і дзе цярпелі ганеньні (апошняя норма пашыраецца толькі на палітычных эмігрантаў). Бежанцы могуць быць высланы толькі ў выпадку судовага пакараньня за ўчыненьне асабліва цяжкага злачынства, якое пагражае бясьпецы краіны. Прававое становішча ўцекачоў рэгулюецца таксама нацыянальным заканадаўствам, якое распрацавана ў гэтых адносінах у дзяржавах-удзельніцах канвэнцыі аб статусе бежанцаў 1951. Беларусь не зьяўляецца ўдзельніцай гэтай канвэнцыі.

ХХІ стагодзьдзе

рэдагаваць

У сакавіку 2014 году Ўправа вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў абнародавала даклад, паводле якога за 2013 год лік запытаў на прытулак у 44-х разьвітых краінах вырас на 28 % да 612 700 заявак. Прычынай паслужыла грамадзянская вайна ў Сырыі, бо сырыйцы падалі найбольшы лік такіх запытаў — 56 400. На 2-м месцы апынуліся грамадзяне Расеі, якія падалі 39 800 заявак, што было на 76 % больш чым летась. Найбольшы лік заявак расейцы падалі ў Нямеччыне і Польшчы. На 3-м месцы ішлі грамадзяне Аўганістану, лік заявак ад якіх скараціўся на 19 % да 38 700. Наступныя месцы ў 10-цы займалі грамадзяне Іраку і Сэрбіі, Пакістану і Ірану, Самалі і Эрытрыі, а таксама Кітаю[1].

У 2022 годзе расейскае ўварваньне ва Ўкраіну прывяло да ўцякацтва некалькіх мільёнаў жыхароў Украіны.

Бежанцы ў Беларусі

рэдагаваць

3 распадам СССР і ўзьнікненьнем міжнародных канфліктаў у краінах — былых саюзных рэспубліках Беларусь стала прытулкам для новай хвалі ўцекачоў. Іх колькасьць павялічваецца і за кошт грамадзян Азіі і Афрыкі, якія па розных прычынах апынуліся на Беларусі і прэтэндуюць на статус бежанцаў. Усяго на Беларусь за 1992—1995 гады прыбылі больш як 30 тысячаў такіх асобаў. Пасьля пачатку канфлікту на Данбасе ў Беларусь накіравалася новая хваля ўцекачоў з зоны баявых дзеяньняў.

Беларусь мае закон аб уцекачах (прыняты ў 1995 годзе). Пытаньнямі бежанцаў на Беларусі займаецца адмысловая Дзяржаўная міграцыйная служба (з 1992 году). Дзейнічае прадстаўніцтва Ўпраўленьня вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (з 1995 году).

Літаратура

рэдагаваць