Гісторыя Крычава
Крычаў — магдэбурскае места гістарычнай Амсьціслаўшчыны, колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся руіны замка на Замкавай Гары, палац Пацёмкіна — Галынскіх і цэрквы Сьвятога Мікалая і Ўваскрасеньня Хрыстова, помнікі гісторыі і архітэктуры XIV—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся нэагатычны касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XIX ст., зьнішчаны савецкімі ўладамі.
Раньнія часы
рэдагавацьПершы пісьмовы ўпамін пра Крычаў зьмяшчаецца ў статуце князя смаленскага Расьціслава Мсьціславіча і датуецца 1136 годам[1]. У ХІІ — сярэдзіне ХІV стагодзьдзя места знаходзілася ў складзе Смаленскага княства[2].
Вялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьУ 1358 годзе Крычаў далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе ўвайшоў ў склад Амсьціслаўскага княства. У Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV ст.) ён значыцца сярод «літоўскіх» замкаў. У ХІV—ХVІІІ стагодзьдзях існавалі Крычаўскія мескія ўмацаваньні. З канца ХV стагодзьдзя места ўвайшло ў склад Віленскага ваяводзтва, дзе стала цэнтрам воласьці, уладаньня вялікіх князёў. У 1507 і 1508 гадох маскоўскія захопнікі безвынікова намагаліся авалодаць Крычавам. За часамі Інфлянцкай вайны (1558—1582) у 1564 годзе яны зноў двойчы спрабавалі захапіць места.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Крычаў увайшоў у склад Амсьціслаўскага ваяводзтва. З ХVІІ стагодзьдзя ён стаў цэнтрам староства, якое знаходзілася ў валоданьні Радзівілаў. У ХVІІ—ХVІІІ стагодзьдзях аснову плянавальнай кампазыцыі Крычава складаў замак, ад якога цягнуліся вуліцы; было 8 цэркваў, касьцёл, сынагога. Сфармаваўся другі цэнтар места — Рынак.
У 1614 годзе маскоўскія захопнікі спалілі Крычаў і разрабавалі староства. У 1633 годзе ён зноў моцна пацярпеў ад нападу маскоўскіх войскаў[1]: амаль усіх жыхароў (2000 чал.) гвалтоўна вывезьлі ў Маскоўскую дзяржаву, а само места спалілі[3]. 23 жніўня 1633 году за гераізм і адданасьць радзіме кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Крычаву Магдэбурскае права і герб: «у чырвоным полі залаты крыж, побач зь якім срэбны меч»[4].
Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Крычава і ваколіцаў ліцьвінамі (літвой): «литовские люди изо Мстиславля, из Могилева, из Пропойска, ис Кричева, из Радомля, из Чичерска, из Гомьи» (1562—1563 гады)[5][6], «…литвин Корнило Офонасьев в роспросе сказал: Кричевского повету, отец де ево был в Кричеве городничий» (1627 год)[7], «Павлов Григорий Михайлов… литва, гайдук, родом из Кричева» (1635 год)[8]. Апавядаючы пра рэйд невялікага варожага аддзелу на Смаленшчыну ў 1565 годзе, маскоўскі летапіс адзначаў, што гэта былі «літоўскія людзі», удакладняючы: «амсьціслаўцы і крычаўцы»[9].
З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Крычаў вытрымаў 2-месячную маскоўскую аблогу, аднак потым мусіў здацца. Па вызваленьні ў 1661 годзе сойм Рэчы Паспалітай на пэўны час скасаваў для места выплату падаткаў[1].
Паводле інвэнтару, на 1671 год у Крычаве было 375 дымоў, на 1682 год — 456 дымоў[1]. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) улетку 1708 году непадалёк ад места разьмяшчаўся лягер расейскіх войскаў на чале з царом маскоўскім Пятром I. На 1720 год у Крычаве было 233 жылыя дамы, на 1747 год — 429 дымоў, на 1779 год — 470 дымоў[1].
У 1743—1744 гадох у Крычаве і ваколіцах выбухнула сялянскае антыфэўдальнае паўстаньне пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы, жорстка здушанае войскам Гераніма Флярыяна Радзівіла.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Крычаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Магілёўскай губэрні. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1776 годзе маскоўская гаспадыня Кацярына II падаравала Крычаўскае староства графу Р. Пацёмкіну. На 1779 год у Крычаве было 470 двароў. У канцы XVIII ст. мястэчка стала важным цэнтрам мануфактурнай прамысловасьці, тут працавалі суднавэрф, а таксама вінакурны, цагельны, шкляны, гарбарны і медналіцейны заводы, млыны.
На 1847 год у Крычаве было 630 двароў, дзеялі 6 цэркваў і касьцёл, працавала малітоўная школа, штогод праводзіліся 3 кірмашы. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у мястэчку было 972 двары, дзеялі 7 цэркваў, касьцёл і 5 сынагогаў, працавалі 2 расейскія народныя вучэльні, 3 гарбарныя і мылаварны завод, 4 крупадзёркі, 4 маслабойні, паштова-тэлеграфная кантора, хлебазапасны магазын, 125 крамаў, 5 заезных двароў, штогод праводзілася 4 кірмашы.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Крычаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. З 1923 годзе тут ўтварыўся чыгуначны вузел на лініі Ворша — Унеча. У 1924 годзе Крычаў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну Калінінскай, з 1927 году Магілёўскай акругі, з 1938 году — у Магілёўскай вобласьці. На 1926 год тут было 2395 двароў. У 1931 годзе Крычаў атрымаў статус места. У 1930-я гады тут збудавалі ТЭЦ, цэмэнтавы, фасфарытавы, крэйдавы заводы, ільнозавод. У Другую сусьветную вайну з 17 ліпеня 1941 да 30 верасьня 1943 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
У 1962—1965 гадох Крычаў уваходзіў у склад Амсьціслаўскага раёну.
Галерэя
рэдагаваць-
Панарама
-
Панарама
-
Рынак. Касьцёл
-
Касьцёл, 1913 г.
-
Інтэр’ер касьцёла, 1913 г.
-
Інтэр’ер касьцёла, 1913 г.
-
Плябанія, 1913 г.
-
Плябанія
-
Вуліца Шашэйная. Палац
-
Вуліца Шашэйная. Палац
-
Вучэльня
-
Парад, 1937 г.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г д Мяцельскі А. Крычаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 153.
- ^ Principality of Smalensk in the 12th century // Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы. — Менск, 2005. С. 354.
- ^ Кузьмін А. Кароткая гісторыя Крычава, Radzima.org
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 178.
- ^ Записная книга Полоцкого похода 1562/63 года // Русский дипломатарий, Вып. 10. — М., 2004. С. 150.
- ^ Чаропка В. Гісторыя нашага імя: Гіст. даслед. — Менск, 1995. С. 58.
- ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 92.
- ^ Белорусы в Сибири. — Новосибирск: Изд-во Ин-та истории СО РАН, 2000. С. 57.
- ^ Дубавец С., Сагановіч Г. Старажытная Літва і сучасная Летува // З гісторыяй на «Вы». Вып. 2. — Менск, 1994. С. 233—234.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с. — ISBN 985-11-0144-3
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 6, кн. 2. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Т.У. Бялова (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2009. — 592 с. ISBN 978-985-11-0440-2.
- Мяцельскі А. Старадаўні Крычаў: Гіст.-археал. нарыс горада ад старажыт. часоў да канца XVIII ст. / Навук. рэд. П. Лысенка. — Менск: Бел. навука, 2003. — 167 с.: іл. ISBN 985-08-0541-2.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883.