Геранім Флярыян Радзівіл
Геранім Флярыян Радзівіл (4 траўня 1715, места Белая Берасьцейскага павету — 17 траўня 1760) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Падчашы (1739—1750) і харунжы вялікі літоўскі (з 1750).
Геранім Флярыян Радзівіл | |
Герб «Трубы» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 4 траўня 1715 Белая Берасьцейскага павету |
Памёр | 17 траўня 1760 (45 гадоў) |
Пахаваны | |
Род | Радзівілы |
Бацькі | Караль Станіслаў Радзівіл Ганна Кацярына з Сангушкаў |
Жонка | Тэрэза з Сапегаў, Магдалена з Чапскіх, Анэля зь Мянчынскіх |
Дзейнасьць | палітык |
Быў старостам перамышальскім і крычаўскім. 3 1731 году фактычны ўладальнік (юрыдычны з 1744 году) г. зв. «Нойбурскіх маёнткаў».
Біяграфія
рэдагавацьЗь нясьвіскай лініі роду Радзівілаў гербу «Трубы», сын Караля Станіслава, канцлера вялікага літоўскага, і Ганны Кацярыны з Сангушкаў. Меў старэйшага брата Міхала Казімера Радзівіла «Рыбаньку», гетмана вялікага літоўскага і ваяводу віленскага.
Атрымаў хатнюю адукацыю, у 1730—1735 гадох падарожнічаў за мяжой. У 1739 годзе атрымаў урад падчашага, у 1750 годзе — харунжага.
Меў 6-тысячнае войска, роўнае войску Вялікага Княства Літоўскага. Залогі разьмяшчаліся ў Слуцку (галоўныя сілы), Белай, Біржах, Кейданах, Невелі, Себежы, Крычаве, Капылі, Нягневічах, Рубяжэвічах, Беліцы і набіраліся зь мясцовай шляхты і вайскова-служылых людзей (зямян, выбранцаў і інш.); афіцэры запрашаліся часткова з-за мяжы. У Белай, потым ў Слуцку трымаў афіцэрскую школу (кадэцкі корпус).
Захоўваў жорсткі парадак у сваіх местах і маёнтках, здушыў Крычаўскае паўстаньне (1743—1744).
Заснаваў тэатар у Белай і Слуцкі тэатар Радзівілаў (1751), артысты для якога рыхтаваліся ў адмысловай школе (першая ў Рэчы Паспалітай). Сабраў карцінную галерэю, вялікую бібліятэку, зладзіў некалькі значных будоўляў у сваіх рэзыдэнцыях — Белай і Слуцку.
Першы раз ажаніўся ў 1739 годзе з Тэрэзай (пам. па 1784), дачкой падчашага надворнага літоўскага Юзэфа Францішка Сапегі (1670—1744) і Крыстыны Браніцкай (пам. 1761). У 1745 годзе разьвёўся зь першай жонкай і ўзяў другі шлюб з Магдаленай Чапскай (пам. па 1761), зь якой разьвёўся ў 1751 годзе. У 1755 годзе ажаніўся з Анэляй Мянчынскай (нар. 1731). Не пакінуў нашчадкаў.
Па сьмерці ягоныя маёнткі перайшлі да брата Міхала Казімера Радзівіла «Рыбанькі».
Галерэя
рэдагаваць-
M. Deisch паводле незахаванага партрэта Я. Вэсэля, 1744 г.
-
M. Deisch паводле незахаванага партрэта Я. Вэсэля, 1744 г.
-
З альбома «Выявы роду Радзівілаў». Г. Ляйбовіч, 1758 г.
-
М. Старкман, 1857 г.
У картцы да артыкула прыводзіцца партрэт зь Нясьвіскай партрэтнай галерэі, напісаны Якубам Вэсэлем каля 1746 году. У 1950 годзе на загад уладаў СССР гэты партрэт перадалі Польшчы, цяпер ён захоўваецца ў Нацыянальным музэі ў Варшаве.
Дадатковыя зьвесткі
рэдагаваць- У 1756 годзе пачаў узьвядзеньне на высьпе Жыд-возера (перайменаваў яго ў Князьмор, цяпер Князь-возера) мураваны замак пад назвай Вэнэцыя; меркаваў стварыць на возеры флёт з артылерыяй[1].
- Першым у Вялікім Княстве Літоўскім стварыў у сваім войску харугвы паводле ўзору войска янычараў у Асманскай імпэрыі[2].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 488.
- ^ Грыцкевіч А. Янычары ў Беларусі // Новы Час. № 16 (21), 2003.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Шышыгіна-Патоцкая К. Нясвіж і Радзівілы. — Менск: «Беларусь», 2007. — 240 с.: іл. ІSBN 978-985-01-0740-4.