Быхаўместа гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся замак Хадкевічаў і Сапегаў, кляштар канонікаў рэгулярных лятэранскіх, сынагога і царква Сьвятой Тройцы, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Панарама Быхава, гравюра XVII ст.

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Згодна з сучаснымі энцыкляпэдычнымі даведнікамі[1][2] першы пісьмовы ўпамін пра Быхаў зьмяшчаецца ў «Сьпісе гарадоў далёкіх і блізкіх» і датуецца канцом XIV стагодзьдзя. Тым часам афіцыйна[3] места вядзе сваю гісторыю ад 1370 году. У розныя часы яно знаходзілася ў валоданьні Друцкіх, Гальшанскіх, Гаштольдаў.

У XV стагодзьдзі вялікі князь Жыгімонт Стары ператварыў Быхаў у цэнтар дзяржаўнага староства, якое неўзабаве стала вотчынаю Хадкевічаў. Гетман Ян Караль Хадкевіч збудаваў тут мураваны замак і пераўтварыў места ў магутную фартэцыю — адну з наймацнейшых на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Апроч таго, ён заснаваў касьцёл Сьвятога Казімера.

З другой паловы XVI стагодзьдзя ў Быхаве пачала працаваць вядомая ў Эўропе людвісарня, дзе мясцовыя майстры выраблялі гарматы, ядры, кулі і інш. Шлюб Ганны, дачкі Яна Караля Хадкевіча, з сынам Льва Сапегі Янам Станіславам (1621 год) паклаў пачатак эпохі знаходжаньні места ў валоданьні Сапегаў[1].

 
Плян аблогі Быхава маскавітамі (1707)
1. Замак
2. Касьцёл
3. «Руская» царква
4. Сынагога
5. Вайсковы магазын
6. Вуніяцкая царква
7. Магілёўская брама
8. Быхаўская брама
9. Лягер маскоўскіх войскаў
10. Пазыцыя маскавітаў па вывадзе швэдзкіх войскаў

У XVIІ стагодзьдзі Быхаў стаў сталіцай графства, аднак адміністрацыйна належаў да Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва. У гэты ж час у зьвязку з заснаваньнем аднайменнага мястэчка адбыўся падзел на Стары і Новы Быхаў.

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Быхава і ваколіцаў ліцьвінамі: «литвин… сказался, зовут деи его Оникейком, Грицков, Быхова города» (1609 год)[4], «литвин Ондрюшка Сидоров… в роспросе сказался: быховец, посадцкого мужика сын» (1628 год)[5], «Васильев Якушко… литвин… Быховкого повета»[6], «Горбовский Захар Быховец… литва из города Быхова»[7] (абодва 1635 год), «литвину быховцу Илье Павлову» (1675 год)[8], «литвину быховцу Ивану Митрофанову» (1676 год)[9].

Яшчэ ў канцы XVI стагодзьдзя ваколіцы Быхава пацярпелі ад казацкіх набегаў, у лютым 1590 году казацкія загоны Мацюшы занялі паселішча, а ўзімку 1595 году па разграбленьні Магілёва праз Быхаў праходзіў загон Севярына Налівайкі. Няўдалая аблога места казацкім войскам Гаркушы адбылася ў 1648 годзе. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Быхаў сьпярша вытрымаў працяглую аблогу маскоўскіх войскаў (1654—1656), аднак у 1657 годзе захопнікі штурмам авалодалі ім. У 1661 годзе па непрацяглай аблозе войска Вялікага Княства Літоўскага вызваліла места. 20 кастрычніка 1669 году кароль і вялікі князь Міхал Вішнявецкі выдаў прывілей Старому Быхаву: з улікам шчырага служэньня Рэспубліцы і крайнюю ступень нястачы жыхароў, па адбіцьці казацкіх і маскоўскіх нападаў у час Крывавага патопу, яны атрымалі вызваленьне на 20 гадоў ад усялякіх павіннасьцяў і подацяў[10].

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) Быхаў стаў важным стратэгічным пунктам. 5 кастрычніка 1702 году з прычыны пераходу Сапегаў на бок Швэцыі маскоўскі гаспадар Пётар I зруйнаваў места і замак. Увосень 1704 году маскоўскае войска пад камандаю Рапніна зноў заняла Быхаў. У 1707 годзе тутэйшы камэндант перайшоў на бок швэдаў: расейцы зноў занялі места, узяўшы ў палон каля 1000 жаўнераў і афіцэраў.

У 1720 годзе ўпаміналіся цэрквы Сьвятога Спаса і Сьвятога Юр'я[a]. У 1737 годзе пры кляштары адкрылася школа. На 1747 год у Быхаве было 247 двароў, працавалі бібліятэка, паташня, саладоўня, лазьня, астрог[11]. На 1755 год — 534 двары, малітоўная школа, 9 гандлёвых радоў; штогод праводзіліся 3 кірмашы[11].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Быхаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам павету Магілёўскай губэрні (у 1796—1805 гадох заштатнае места Беларускай губэрні). 16 жніўня 1781 году ён атрымаў герб: «у чырвоным полі дзьве скрыжаваныя чыгунныя гарматы»[12]. На 1783 год у Быхаве было 534 будынкі, працавала павятовая вучэльня. У 1781 годзе зьявіўся генэральны плян, згодна зь якім места набыла рэгулярную структуру. У гэты час існавалі 3 уязныя брамы: Падольная (Дольная), што вяла да Дняпра, Магілёўская (у паўночнай частцы места) і Рагачоўская (Навабыхаўская, у паўднёвай частцы). На 1825 год у Быхаве было 569 будынкаў, 2 навучальныя ўстановы, 8 крамаў, 13 корчмаў, 3 лазьні, 5 садоў, 5 гаспадарскіх дамоў. Існаваў замак з 2 вежамі і 8 калёнамі, мелася карцінная галерэя.

 
Панарама места, кан. XIX ст.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) расейскія ўлады канфіскавалі Быхаўскі маёнтак у Сапегаў. На 1841 год у месьце 652 будынкі, 19 вуліцаў і завулкаў, флянэлевая фабрыка. За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у ваколіцах Быхава дзеяў аддзел на чале з І. Анцыпам. На пачатак 1880-х гадоў — 809 будынкаў, у тым ліку 3 цагляныя, 2 прадпрыемствы з вырабу запалак і цэглы, крупадзёрка, 4 ветраныя млыны, расейскія двухклясная павятовая і прыходзкая вучэльня, 1 цагляная і 3 драўляныя цэрквы, 2 касьцёлы, сынагога, 10 малітоўных школ; гарбарная майстэрня (з 1880 году), тэлеграфная станцыя (з 1882 году), працавалі 84 гандлёвыя пункты.

Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Быхаве было 816 будынкаў, на галоўных вуліцах зьявіліся дашчатыя тратуары (1876 год), газавыя ліхтары (1878 год), усталяваны мескі гадзіньнік (1879 год), запрацавалі лякарня (6 ложкаў), аптэка, паштовая і натарыяльная канторы. У 1902 годзе празь места прайшла чыгунка, якая надала моцны імпульс ягонаму эканамічнаму разьвіцьцю. На 1911 год працавалі 6 навучальных установаў, у тым ліку 4-клясная меская, ніжэйшая і рамесная вучэльні, прыходзкія мужчынская і жаночая вучэльні, 2 царкоўна-прыходзкія школы. У жніўні 1913 году адкрыўся першы кінатэатар, запрацавалі мукамольнае і лесапільнае прадпрыемствы. У 1916 годзе ў Быхаве збудавалі мост цераз Дняпро. У 1917 годзе па расейскай Лютаўскай рэвалюцыі бальшавікі арыштавалі ў Быхаве ўдзельнікаў карнілаўскага мецяжу — Карнілала, Дзянікіна, Лукомскага.

У Першую сусьветную вайну 5 сакавіка 1918 году места занялі войскі Нямецкай імпэрыі, пазьней — корпус Ю. Доўбар-Мусьніцкага.

Найноўшы час

рэдагаваць
 
Панарама места, 1941

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Быхаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР[13]. 11 лістапада 1918 году сюды ўвайшлі савецкія войскі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Быхаў увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Быхаў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну. На 1926 год у месьце было 1120 будынкаў, адбыўся ўвод у эксплюатацыю электрастанцыі. У 1930-я гады савецкія ўлады ўзарвалі званіцу касьцёла Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя[14].

У Другую сусьветную вайну з 5 ліпеня 1941 да 28 чэрвеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. Па вайне савецкія ўлады зруйнавалі будынак касьцёла. Да пачатку 1990-х гадоў у месьце разьмяшчаўся гарнізон марской авіяцыі Балтыйскага флёту і база ракетаносцаў ТУ-16, якіх пазьней замянілі на Ту-22М3.

1 верасьня 2013 году ў Быхаве прайшоў Дзень беларускага пісьменства, у цэнтры места адбылося ўрачыстае адкрыцьцё скульптурнай кампазыцыі «Баркулабаўскі летапіс». Да юбілейнага сьвята адкрыліся абноўленыя цэнтар культуры, кінатэатар, фізкультурна-аздараўленчы цэнтар, чыгуначная і аўтобусная станцыі; пачалася рэстаўрацыя замка Хадкевічаў і Сапегаў.

Пляны места

рэдагаваць

Гістарычная графіка

рэдагаваць

Гістарычныя здымкі

рэдагаваць
  1. ^ НГАБ у Менску, ф. 1727, воп. 1, спр. 8, с. 46.
  1. ^ а б Насевіч В. Быхаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 359
  2. ^ Насевіч В., Удальцоў В. Быхаў // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 145.
  3. ^ Гісторыя Быхаўшчыны (рас.). Быховский районный исполнительный комитетПраверана 21 жніўня 2011 г.
  4. ^ Чтения в Императорском Обществе Истории и Древностей Российских при Московском Университете. Кн. 1. — М., 1912. С. 42.
  5. ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 101.
  6. ^ Служилые люди Сибири конца XVI – начала XVIII века. — М.; СПб., 2020. С. 149.
  7. ^ Белорусы в Сибири. — Новосибирск: Изд-во Ин-та истории СО РАН, 2000. С. 42.
  8. ^ Русско-белорусские связи во второй половине XVII в. (1667—1686 гг.). Сборник документов. — Мн., 1972. С. 158—160.
  9. ^ Русско-белорусские связи во второй половине XVII в. (1667—1686 гг.). Сборник документов. — Мн., 1972. С. 193—195.
  10. ^ Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею. — Т. 4. Акты Брестского гродского суда. — Вильна, 1870. С. 46—48.
  11. ^ а б Насевіч В. Быхаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 360.
  12. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  13. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  14. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 395.

Літаратура

рэдагаваць