Вішнеў (Менская вобласьць)

вёска ў Валожынскім раёне Менскай вобласьці Беларусі
(Перанакіравана з «Вішнева (Менская вобласьць)»)

Ві́шнеў, Ві́шнева[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Гальшанцы. Цэнтар сельсавету Валожынскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 417 чалавек. Знаходзіцца за 22 км ад Валожына, за 6 км ад чыгуначнай станцыі Багданаў, на аўтамабільнай дарозе Валожын — Ашмяны.

Вішнеў
лац. Višnieŭ
Касьцёл Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі
Касьцёл Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Валожынскі
Сельсавет: Вішнеўскі
Вышыня: 250 м н. у. м.
Насельніцтва: 417 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1772
Паштовы індэкс: 222343
СААТА: 6220813026
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°8′26″ пн. ш. 26°13′2″ у. д. / 54.14056° пн. ш. 26.21722° у. д. / 54.14056; 26.21722Каардынаты: 54°8′26″ пн. ш. 26°13′2″ у. д. / 54.14056° пн. ш. 26.21722° у. д. / 54.14056; 26.21722
Вішнеў на мапе Беларусі ±
Вішнеў
Вішнеў
Вішнеў
Вішнеў
Вішнеў
Вішнеў
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Вішнеў — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны). Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі барока, помнік архітэктуры XVII ст.

Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Вишневъ… Вишъневъ (1553 год)[2].

Гісторыя

рэдагаваць
 
Вішнеў, з мапы 1613 г.

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Упершыню Вішнеў упамінаецца ў XIV ст., калі ён ўваходзіў у Крэўскае княства. У XV ст. маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Слушкаў, Осьцікаў, Сангушкаў і Пацаў. У 1424 годзе кашталян віленскі Пётар Гедыгольдавіч збудаваў тут касьцёл Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Вішнеў увайшоў у склад Ашмянскага павету. У 1600 годзе мястэчка і ваколіцы набыў ў Пацаў А. Храптовіч. У 1641 годзе на месцы драўлянага касьцёла збудавалі мураваны.

У 1780—1870 гадох у Вішневе працаваў мэталюргічны завод. Тут упершыню на Беларусі збудавалі доменную печ. Апроч таго, існавалі плавільня, кузьня, склад; штотыднёва выраблялася 600 пудоў жалеза; дзеялі плюшчыльная (пракатная) машына, ліцейня для плаўкі чыгуну, вадзяныя машыны, вадзяныя молаты, чыгунныя кавадлы і інш. Вырабляліся сашнікі, паласавое жалеза, адліўкі для сельскагаспадарчага інвэнтару, плітаў. Працавалі таксама заводы шкляных вырабаў, цагельна-ганчарны і сьпіртовы, сукнавальня, вадзяны млын. Кожны тыдзень праводзіліся таргі, штогод — 2 вялікія кірмашы. 3 1775 году ў мястэчку працавала павятовая сьвецкая школа (на 1782 году было 86 вучняў, на 1804—1805 гады — 48).

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Вішнеў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у часе паўстаньня Т. Касьцюшкі 1794 году празь мястэчка з Ашмянаў на Валожын праходзіў аддзел паўстанцаў пад камандаю М. К. Агінскага; на мэталюргічным заводзе выраблялі зброю для паўстанцаў. У Вайну 1812 году празь Вішнеў адступаў на ўсход з расейскай арміяй М. Б. Барклай дэ Толі, пад мястэчкам адбыўся бой.

За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у Вішневе пашыралі газэту «Мужыцкая праўда». Мясцовыя жыхары актыўна падтрымлівалі паўстаньне. У 1864 годзе расейскія ўлады з мэтай маскалізацыі краю збудавалі ў мястэчку царкву-мураўёўку, адкрылі царкоўна-прыходзкую школу і народную вучэльню (на 1885 год — 92 навучэнцы). Апроч таго, існавала юдэйская вучэльня (ешыбот). У канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў у Вішневе збудавалі запалкавую фабрыку, майстэрню вырабу безалькагольных напояў, алейню, воўначасальню, хлебапякарні, кузьні, сталярні, шавецкія і кравецкія майстэрні, сьлясарню, бляхарню і інш.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Вішнеў занялі войскі Нямецкай імпэрыі, празь мястэчка праходзіла лінія нямецкай абароны.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Вішнеў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[3]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваенннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Валожынскага павету Наваградзкага ваяводзтва. У 1920-я гады тут дзеялі касьцёл, царква і сынагога, працавалі польская 7-гадовая і жыдоўская школы, пошта, аптэка, лякарня, вэтэрынарная лячэбніца, 2 аптэчныя склады, лазьня. У ноч з 18 на 19 ліпеня 1924 году на мястэчка ўчыніла грабёжніцкі напад бальшавіцкая дывэрсійная група[4].

У 1939 годзе Вішнеў увайшоў у БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стаў цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусьветную вайну з чэрвеня 1941 да 6 ліпеня 1944 году Вішнеў знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху. 30 жніўня 1942 году нацысты забілі каля 1100 жыдоў (пра гэтую трагедыю нагадвае мэмарыяльны камень). На 1940 год у вёсцы было 300 двароў, на 1970 год — 152, на 1992 год — 200. У 2000-я гады Вішнеў атрымаў афіцыйны статус «аграгарадку».

Насельніцтва

рэдагаваць

Дэмаграфія

рэдагаваць
  • XIX стагодзьдзе: 1859 год — 900 чал.; 1866 год — 712 чал., зь іх 143 каталікі, 69 праваслаўных, 500 юдэяў[5]
  • XX стагодзьдзе: 1907 год — 2650 чал., зь іх 1863 юдэяў; 1940 год — 2,5 тыс. чал.; 1970 год — 530 чал.[6]; 1992 год — 470 чал.[7]; 1996 год — 537 чал.[8]; 1999 год — 505 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2010 год — 417 чал.

Інфраструктура

рэдагаваць

У Вішневе працуюць сярэдняя школа, лякарня, бібліятэка, дашкольная ўстанова.

Забудова

рэдагаваць

Вуліцы і пляцы

рэдагаваць
Афіцыйная назва Гістарычная назва
Савецкая вуліца Віленская вуліца (частка)
Валожынская вуліца (частка)
? Рынак пляц

З урбананімічнай спадчыны да нашага часу гістарычную назву захавала вуліца Загорная.

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць

Інфраструктура

рэдагаваць

Дзее Вішнеўскі гістарычна-краязнаўчы музэй.

Славутасьці

рэдагаваць

Страчаная спадчына

рэдагаваць

Ураджэнцы

рэдагаваць
  • Сымон Будны (каля 1530—1593) — пратэстанцкі царкоўны дзяяч і вучоны-філёзаф; жыў і памёр у Вішневе
  • Канстанцыя Буйло (1893—1986) — беларуская паэтка; жыла ў пачатку XX ст. і пахаваная ў мястэчку
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 117.
  2. ^ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 168, 172.
  3. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  4. ^ Litwiński R. Kontrola granicy wschodniej przez Policję Państwową w okresie międzywojennym, referat na posiedzenie Komisji Historycznej OL PAN (пол.)
  5. ^ Krzywicki J. Wiszniew // Słownik geograficzny... T. XIII. — Warszawa, 1893. S. 623.
  6. ^ Батвіннік М. Вішнева // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 343.
  7. ^ Батвіннік М. Вішнева // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 342.
  8. ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 238.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць