Instagram (чытаецца — Інстаграм) — бясплатны дастасунак абмену фатаздымкамі і відэазапісамі, які дазваляе карыстальнікам здымаць фатаграфіі і відэа, прымяняць да іх фільтры, а таксама распаўсюджваць іх праз свой сэрвіс і шэраг іншых сацыяльных сетак[2]. Instagram робіць фатаграфіі ў квадратнай форме — як камэры Kodak Instamatic і Polaroid, і як любыя сярэднефарматныя камэры 6×6. Большасьць мабільных фотадастасункаў выкарыстоўвае суадносіны бакоў 3:2.
Здымак зроблены тэлефонам на плятформе Android вэрсія 1.0 beta 9 | |
Тып | сацыяльная сетка |
---|---|
Даступныя мовы | ангельская, кітайская, француская, нямецкая, італьянская, японская, карэйская, партугальская, гішпанская, расейская |
Уладальнік | Meta, Inc.[d][1] |
Аўтар | Kevin Systrom[d] і Mike Krieger[d] |
Пачатак працы | 6 кастрычніка 2010 (14 гадоў таму) |
Рэгістрацыя | абавязковая задарма |
Актуальны стан | працуе |
Рэйтынг Alexa | 44 (жнівень 2013) |
Ліцэнзія | платная ліцэнзія[d] і бескаштоўнае апраграмаваньне[d] |
instagram.com |
Гэты дастасунак сумяшчальны з прыладамі iPhone, iPad і iPod Touch на iOS 4.3 і вышэй, а таксама з тэлефонамі на плятформе Android 2.2 і вышэй з падтрымкай OpenGL ES 2. Распаўсюджваецца праз App Store і Google Play адпаведна.
У красавіку 2012 году Instagram быў набыты кампаніяй Facebook. Дакладны кошт пакупкі склаў 300 мільёнаў даляраў грашовымі сродкамі і 23 мільёны акцыяў кампаніі[3].
Гісторыя
рэдагавацьРаспрацоўка Instagram пачалася ў Сан-Францыска, калі Кевін Сыстрам (Kevin Systrom) і Майк Крыгер (Mike Krieger) вырашылі пераарыентаваць свой праект Burbn на мабільныя фатаграфіі[4]. Праграма зьявілася ў краме дастасункаў App Store кампаніі Apple 6 кастрычніка 2010 году.
Неўзабаве пасьля выпуску дастасунку да каманды далучыўся Джош Рыдэль у якасьці мэнэджара супольнасьці. У лістападзе 2010 году каманда папоўнілася Шэйнам Сўіні — інжынэрам праекту, а ў жніўні 2011 году — Джэсікай Золман як ІТ-эвангелісткай супольнасьці.
У студзені 2011 году да дастасунку былі дададзеныя хэштэгі для таго, каб было лягчэй знаходзіць карыстальнікаў і фатаздымкі[5].
У верасьні 2011 году была выпушчаная вэрсія дастасунку 2.0, у якой зьявіліся жывыя фільтры, імгненная зьмена нахілу, чатыры новыя фільтры, фатаграфіі высокага разрозьненьня, апцыянальныя межы, паварот адным клікам і абноўлены абразок[6]. У красавіку 2012 году была выпушчаная вэрсія дастасунку для плятформы Android[7], якое за содні было запампаванае больш за мільён разоў[8].
9 красавіка 2012 г. Facebook абвясьціў пра набыцьцё мабільнага фотадастасунку Instagram за $ 1 млрд. Уладальнікам гэтага фатасэрвісу Facebook пералічыў 300 мільёнаў даляраў і перадаў каля 23 мільёнаў сваіх акцыяў. Акрамя таго, сацыяльная сетка абавязалася ў выпадку зрыву ўгоды выплаціць Instagram няўстойку ў 200 мільёнаў даляраў[9]. У сувязі з купляй 25 чэрвеня выйшла абнаўленьне 2.5.0, у выніку якога ў Instagram зьявілася больш шчыльная інтэграцыя з Facebook.
У жніўні 2012 кожную сэкунду ў Instagram ставілася 575 лайкаў і дадаваўся 81 камэнтар. На Instagram карыстальнікі праводзілі ў сярэднім 257 хвілін на месяц, што на паўтары гадзіны больш, чым у Твітэры.[10]
У канцы 2012 году Instagram анансаваў зьмену правілаў карыстальніцкай дамовы. Сярод новаўвядзеньняў павінны быў зьявіцца пункт, што Instagram атрымлівае правы на выкарыстаньне фатаграфіяў, што запампоўваюцца ягонымі карыстальнікамі, у тым ліку ў рэклямных мэтах.[11] Гэта выклікала рэзкую крытыку ў грамадзтве, як сярод удзельнікаў Instagram, так і з боку юрыстаў па аўтарскім праве. Многія ўдзельнікі Instagram выдалілі свае ўліковыя запісы. Па зьвестках аналітычнай службы AppData, Instagram, магчыма, страціў да 25% карыстальнікаў — яго штодзённая наведвальнасьць зьнізілася з 16 млн да 12 млн. Чуткі аб адмове карыстальнікаў ад Instagram ударылі па акцыях Facebook. Сутыкнуўшыся з крытыкай і пратэстамі, кіраўніцтва сэрвісу перафармулявала спрэчны пункт карыстальніцкай дамовы, заявіўшы, што іх намеры былі няправільна зразумелыя.
У красавіку 2013 году Instagram паведаміў аб пачатку ўкараненьня сваёй новай распрацоўкі, якая дазволіць карыстальнікам адзначаць на фатаздымках сябе, сваіх сяброў, цікавыя месцы, а таксама вядомыя брэнды. Акрамя гэтага будзе прадастаўленая магчымасьць наладжваць сыстэму апавяшчэньняў аб новых адзнаках і, у тым ліку, рабіць іх прыватнымі[12].
У чэрвені 2013 Instagram анансаваў магчымасьць запісу відэа даўжынёй да 15 сэкундаў.
8 жніўня 2013 зьявілася інтэграцыя з сацыяльнай сеткай «Вконтакте»[13].
У сучасным стане Інстаграм стаў зьбіраць вакол сабе розныя асобы, якія злоўжываюць сучаснымі тэхнічнымі сродкамі. Напрыклад, карыстаюцца сродкамі зьмены й паляпшэньня ўласнага выгляду на здымках. У Польшчы Чадаман стварыў песьню на тое пытаньне пад назваю Дзяўчына зь Інстаграма, якая стала адразу ж вядомай у Польшчы ў 2019 годзе.
Маштабы
рэдагавацьДа сьнежня 2010 году ў Instagram быў адзін мільён зарэгістраваных карыстальнікаў. У чэрвені 2011 году — ужо пяць мільёнаў. Да верасьня гэтая лічба падвоілася, а да сакавіка 2012 колькасьць карыстальнікаў дасягнула амаль 30 мільёнаў[14]. Напрыканцы лютыга 2013 году Instagram абвясьціў аб 100 мільёнах актыўных карыстальнікаў.
Instagram паведаміў пра 100 мільёнаў запампаваных фатаграфіяў у ліпені 2012 году, у жніўні гэта колькасьць дасягнула 150 мільёнаў. У сакавіку 2014 году «Інстаграм» дасягнуў 200 млн штомесячных карыстальнікаў, якія запампавалі звыш 20 млрд фотаздымкаў. Штодзень абнародавалі па 60 млн здымкаў і пакідалі 1,6 млрд упадабаньняў[15].
Фінансаваньне
рэдагаваць5 сакавіка 2010 году, падчас працы над дастасункам Burbn, Кевін Сыстром закрыў раўнд фінансаваньня ў памеры 500 000 даляраў ад Baseline Ventures і Andreessen Horowitz. 2 лютага 2011 году было абвешчанае, што Instagram прыцягнуў 7 мільёнаў даляраў ад розных інвэстараў, у тым ліку ад Benchmark Capital, Джэка Дорсэя, Крыса Сака (праз фонд LOWERCASE Capital) і Адама Д’Анджэлё.
Узнагароды
рэдагаваць- У студзені 2011 году Instagram заняў другое месца ў намінацыі «Найлепшы мабільны дастасунак» ў конкурсе 2010 TechCrunch Crunchies[16].
- У траўні 2011 году часопіс Fast Company паставіў CEO Кевіна Сыстрама на 66-е месца ў сьпісе «100 самых крэатыўных людзей у бізнэсе ў 2011 годзе»[17].
- У чэрвені 2011 году часопіс Inc уключыў заснавальнікаў Сыстрама і Крыгера ў сьпіс «30 тых, каму няма 30»[18].
- У верасьні 2011 году Instagram выйграў у намінацыі «Найлепшы мясцовы дастасунак» ў конкурсе SF Weekly Web Awards[19].
- У 2011 годзе Састром і Крыгер зьявіліся на вокладцы верасьнёўскага выпуску часопіса 7×7[20].
- У сьнежні 2011 году Apple выбрала Instagram «дастасункам году для iPhone»
Instagram прылады і сэрвісы
рэдагавацьПапулярнасьць дастасунку справакавала зьяўленьне мноства распрацовак, так ці інакш зьвязаных з Instagram. У якасьці асобнага напрамку такіх распрацовак можна вылучыць праекты разнастайных прыладаў, прызначаных для працы з Instagram.
Першым з такіх прыладаў зьяўляецца Instagram Socialmatic Camera — камэра, дызайн якой выкананы ў стылі абразкі Instagram. Камэра дазваляе адразу апрацаваць фатаграфію і даслаць яе ў Instagram, а таксама мамантальна раздрукаваць фатаграфію. Такім чынам, распрацоўшчыкі прылады хочуць перанесьці Instagram у рэальны сьвет, прапаноўваючы карыстальнікам дзяліцца фатаздымкамі ня толькі ў сацыяльнай сетцы, але і ў жыцьці[21]. Першыя мадэлі прадукту ADR студыі і Polaroid, якія можна будзе набыць ўжо ў 2013 годзе, будуць мець два аб’ектывы, сэнсарны дысплэй, міні-друкар з 4-ма картрыджамі, аптычны зум, 3G-модуль, а таксама абсталяваны WiFi і Bluetooth.[22]
Другой прыладай зьяўляецца адмысловая лічбавая фатарамка Instacube, якая таксама выкананая ў стылістыцы абразкі Instagram і ўмее паказваць на сваім экране фатаграфіі са стужкі абранага Instagram акаўнта.
Таксама зьяўляюцца сэрвісы, якія дазваляюць надрукаваць фатаграфіі карыстальнікаў Instagram на розных прадметах — магнэты, падушкі, саколкі, палотны і інш.
Пашырэньні
рэдагаваць- Instamap — гэта дастасунак, які дазваляе знайсьці Instagram фатаграфіі па зададзеным геаграфічным месцазнаходжаньні або хэштэгу. Вынік можа быць адлюстраваны ў выглядзе галерэі або мапы;
- 100 Cameras in 1- дастасунак для iPhone, які дазваляе накладаць яшчэ больш эфэктаў на фатаграфіі з Instagram.
- Statigr.am — бясплатны дастасунак, які дазваляе праглядаць статыстыку аб Instagram-рахунку, уключаючы інфармацыю аб пасьлядоўніках, лайках і камэнтарах;
- 4 K Stogram — бясплатны дастасунак з адкрытым кодам, які дазваляе запампоўваць фатаграфіі Instagram на PC, Mac або Linux.
Аналягі
рэдагаваць- BeautyBeat — дастасунак, які дазваляе запампаваць свой малюнак, апрацаваць фільтрамі і падзяліцца зь сябрамі вынікам.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ https://help.instagram.com/581066165581870/
- ^ Dan Frommer Here’s How To Use Instagram (анг.)
- ^ Emil Protalinski Facebook buying Instagram for $300 million, 23 million shares (анг.)
- ^ Systrom, Kevin What is the history of Instagram (анг.)
- ^ Introducing Hashtags on Instagram (анг.)
- ^ Introducing Instagram v2.0 (анг.)
- ^ Instagram стала даступная ўладальнікам Android-смартфонаў (рас.)
- ^ Приложение Instagram для Android менее чем за сутки скачано 1 млн раз (рас.)
- ^ Facebook раскрыў падрабязнасьці зьдзелкі па куплі Instagram (рас.)
- ^ Instagram ў СоцКаталёгу (рас.)
- ^ webcitation.org/6DbgYYUfJ Julianne Pepitone Instagram can now sell your photos for ads (анг.)
- ^ Instagram даў сваім карыстальнікам новыя магчымасьці(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ Горад у прамым эфіры (рас.)
- ^ Почти фотограф. Instagram сделал на Android (рас.)
- ^ Надзея Нікалаева. Рэкорды «Інстаграма» // Зьвязда : газэта. — 1 красавіка 2014. — № 59 (27669). — С. 12. — ISSN 1990-763x.
- ^ Congratulations Crunchies Winners!. TechCrunch: The Crunchies Awards (анг.)
- ^ The 100 Most Creative People in Business in 2011. FastCompany (анг.)
- ^ Christine Lagorio Kevin Systrom and Mike Krieger, Founders of Instagram (анг.)
- ^ Jake Swearingen SF Weekly Web Awards 2011: We Have Some Winners! (анг.)
- ^ The Hot 20 2011 (анг.)
- ^ Instagram Socialmatic Camera — новая эра сацыяльных сетак (анг.)
- ^ Instagram Socialmatic Camera Polaroid (анг.)
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- instagram.com (анг.)