Анастасія Слуцкая (фільм)

беларускі мастацкі фільм 2003 року

«Анастасія Слуцкая» — беларуская кінадрама 2003 году пра абарону Слуцкага княства ад набегаў Крымскага ханства ў 1502—1505 гадох.

«Анастасія Слуцкая»
Анастасія Слуцкая[1]
Жанр драма
Рэжысэр Юры Ялхоў
Сцэнарыст Анатоль Дзялендзік[2]
Прадусар Сяргей Мосін
У ролях Сьвятлана Зелянкоўская, Генадзь Давыдзька
Кампазытар Віктар Капыцько
Апэратар Тацьцяна Логінава[3]
Мантаж Вера Калядзенка
Мастак Валеры Назараў
Вытворчасьць «Беларусьфільм»
Распаўсюд Беларусьфільм
Дата выхаду 22 ліпеня 2003 (21 год таму)
Працягласьць 92 хвіліны
Краіна Беларусь
Мова беларуская
Бюджэт 1 млн даляраў
Прыбытак звыш 1 млн даляраў
Папярэдні «Анамалія» (1993)
Наступны «Русь-Арда» (2009)
Старонка на IMDb
Афіцыйны сайт

Прэм'ерны паказ у Слуцку адбыўся 22 ліпеня 2003 году з удзелам актораў фільму Сьвятланы Зелянкоўскай і Анатоля Ката[4]. Праз посьпех у беларускім кінапракаце фільм атрымаў найменьне блёкбастэра[5]. У 2018 годзе Анатоль Дзялендзік перапрацаваў сцэнар фільму ў лібрэта для балету «Анастасія»[6], прэм'еру якога зладзілі ў Вялікім тэатры Беларусі 30 кастрычніка 2018 году[7]. 23 сьнежня 2024 году Нацыянальны архіў Беларусі адкрыў выставу «Залатое стагодзьдзе беларускага кіно», на якой сярод іншых паказаў экспанаты, зьвязаныя зь фільмам «Анастасія Слуцкая»[8].

  Увага: ніжэй знаходзіцца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Рыцар-вершнік са стралой у сьпіне скача ў Слуцак, дзе пасьпявае паведаміць слуцкаму князю Сямёну Алелькавічу пра набег Крымскага ханства. Пасьля адбіцьця нападу прыдворны татарын Арслан вучыць княгіню Настасьсю Слуцкую біцца на мячах і кідаць дроцікі.

Сямён Алелькавіч адмаўляе Міхаілу Глінскаму ў падрыхтоўцы да мецяжу. Тым часам, князь Уладзімер Друцкі заляцаецца да Настасьсі Слуцкай. У лесе княгіня губляе прытомнасьць пры падзеньні з каня, які панёсься пры спалоху ад мядзьведзя. Лясны жыхар Будзімір прыносіць Настасьсю праз балота да знахаркі Жданы. Уначы Настасься сыходзіць зь ляснога паселішча, хоць старэйшына Крыва папярэджвае пра багну. Зранку на возеры Будзімір кажа пра каханьне да Настасьсі і дзівіцца аднашлюбнасьці ў хрысьціянаў. Арслан вяртае княгіню зь лесу да Сямёна Алелькавіча.

Баярын Хадасевіч прапануе Ўладзімеру Друцкаму перамовіць з крымчацкім ханам Баты-Гірэем пра выкуп за ненапад. Увечары Настасься пераконвае мужа адаслаць дачку Аляксандру ў Менск, бо крымчакі падышлі да Копыля. Уначы баярын Хадасевіч выдае Баты-Гірэю ў прысутнасьці Ўладзімера Друцкага, што на наступны дзень павязуць дачку слуцкага князя. У выніку Аляксандра трапляе ў палон са сьвітай. Настасься просіць у старэйшыны Крывы дапамогі ў ратаваньні дачкі. Уначы атрад Будзіміра з Арсланам вызваляе Аляксандру з крымчацкага лягеру.

Хадасевіч паведамляе Ўладзімеру Друцкаму пра татарскі захоп Любані, Копыля і Слабады. Уначы Сямён Алелькавіч выракае вартаўніка Базыля да 40 бізуноў за тое, што заснуў пры ахове брамы. На застольлі чалядніца Ўладзімера Друцкага атручвае слуцкага князя віном. Прыведзеная прыдворнай Соф'яй знахарка Ждана кажа княгіні, што яе муж невылечна захварэў, бо яго атруцілі. Пад катаваньнем чалядніца Ева выдае Ўладзімера Друцкага як змоўцу, але Настасься прапануе баярыну Карэцкаму чакаць акрыяньня свайго мужа. У прысутнасьці прыдворных Сямён Алелькавіч запаветуе Слуцкае княства непаўналетняму сыну Юрыю пад апекай жонкі Настасьсі да ўзмужаньня.

Па сьмерці Сямёна Алелькавіча хан Баты-Гірэй загадвае свайму перакладніку Мурату ліставаць Уладзімеру Друцкаму пра выкуп золатам і дзяўчынамі. На плошчы баярын Карэцкі зачытвае перахоплены ліст. Уладзімер Друцкі прызнаецца, што атруціў слуцкага князя. На прапанову мескага вартаўніка натоўп учыняе яго сьмяротнае пакараньне праз пасаджэньне на кол. Маршалак дворны літоўскі Міхаіл Глінскі паведамляе княгіні, што 20-тысячнае войска Баты-Гірэя ідзе на Слуцак, і сватаецца да яе.

Настасься загадвае Фэрдынанду выкаваць ёй меч. Тым часам, Слуцкі замак акаляюць воўчымі ямамі. Будзімір прапануе Настасьсі сысьці зь ім у дубраву і дарыць ёй абярэг. Баты-Гірэй патрабуе выкуп, але Настасься Слуцкая выстаўляе ўмовай, каб ягоны паход быў апошнім. Пры аблозе крымчацкая коньніца гіне ў воўчых ямах, а пяхота — ад выбуху парахавых бочак, зарытых у полі. Вартаўнік брамы Базыль выдае Баты-Гірэю разьмяшчэньне складу з порахам у мурах Слуцкага замка.

Крымчакі спрабуюць падарваць парахавы склад падпаленымі стрэламі, але абаронцы Слуцка тушаць пажар і цялегамі на конях вывозяць адтуль порах. Прыступ правальваецца, таму крымчакі на загад Баты-Гірэя вешаюць былога вартаўніка-перабежчыка. Удзень Настасься высылае паштовых галубоў па дапамогу ў Наваградак. Аднак хан заўважае кірунак палёту галубоў і ладзіць засаду супраць падмогі. Настасься загадвае Арслану вярнуць Будзіміру абярэг на знак просьбы аб дапамозе. Арслан пасьпявае пакінуць абярэг на лясным карчы, за якім хаваецца лясны карлік-паплечнік Будзіміра. Сам жа трапляе ў палон, дзе яго забіваюць на беразе перад замкам.

Новы крымчацкі прыступ замка доўжыцца да ночы, калі з тылу нападае атрад Будзіміра. Яго людзі прабіваюцца ў Слуцкі замак. Баярын-перабежчык Хадасевіч спрабуе пакінуць браму замка адчыненай для крымчакоў, але гіне пры яе апусканьні Будзімірам. Сам Будзімір памірае ад стралы пры браме. Тады Настасься выяжджае на кані з войскам у поле. У конным двубоі Баты-Гірэй скідае Настасьсю зь сядла, але тая трапляе яму дроцікам у вока і крымчакі адступаюць[9].

Дапаможныя ролі:

Сярод іншых, да здымкаў прыцягнулі музычны гурт «Палац» на чале з Алегам Хаменкам, харэаграфічны гурт «Бліскавіца» на чале зь Ірынай Канавальчык і аркестар «Контарданс» на чале з Аляксандрам Бондарам. У масавых сцэнах задзейнічалі ўдзельнікаў 8 рыцарскіх клюбаў: «Унія, меч і крумкач», «Дзіда», «Род сьнежнага барса», «Радавіт», «Дзікае паляваньне», «Цьвярдыня», «Вартавая дружына» і «Дуэльданс»[9].

Здымкі фільму «Анастасія Слуцкая» праходзілі ў Беларускім дзяржаўным музэі народнай архітэктуры і побыту (Азярцо, Менскі раён)[14], Музэі-запаведніку «Заслаўе» (Менскі раён) і музэйным комплексе «Дудуткі» (Пціч, Пухавіцкі раён), а таксама ў парку Нясьвіскага замку[15]. Ва ўводзінах да фільма зьмяшчаўся тэкст: «Фільм зьняты пад патранажам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі», які вылучыў на яго здымкі 1 млн даляраў[16].

У красавіку 2004 году Сьвятлана Зелянкоўская згадала свае дасьпехі ў фільме «Анастасія Слуцкая»: «Мой ваенны касьцюм апранаўся недзе каля гадзіны. Кальчуга была сапраўднай, хаця ў жаноцкім варыянце. Калі дабавіць да гэтага мэталічныя наручы, наплечнік, плашч, які рэзаў па шыі і перакошваў на адзін бок, ды мэталічны каўнер — усё важыла каля 20 кг. У гэтым трэба было хадзіць увесь дзень. Здымкі ў гэтай зброі рабілі мы ў кастрычніку і лістападзе і ўся яна перамярзала. Я не адчувала сваіх рук і ног, а мне трэба было яшчэ скакаць на кані і трымаць у руцэ сапраўдны меч». Сярод іншага, акторка адзначыла: «Была праведзеная вялікая рэклямная акцыя. Я была на творчых сустрэчах у 22 раёнах Менскай вобласьці. Мяне вельмі радавала, што сустрэчы былі мнагалюднымі»[17].

Мастаком-дэкаратарам фільму выступіў Ігар Хруцкі. Мастакамі-грымэрамі былі Галіна Касыгіна і Мікалай Ражкоў, якім дапамагала грымэр Надзея Сіпегава. У якасьці мастака-фатографа задзейнічалі Сяргея Мілешкіна. Гукарэжысэрамі працавалі Ігар Маёраў, Сяргей Сіняўскі і Андрэй Воўкаў, якім дапамагаў гукаапэратар Аляксандар Голуб[9].

Дапаможнымі рэжысэрамі фільму выступілі Натальля Драздова, Пётар Чацьвярэнка і Іван Паўлаў. Кінаапэратарамі працавалі Віктар Калінін і Ўладзімер Лагвіновіч. Кансультантамі кінадрамы былі 2 кандыдаты гістарычных навук Юры Бохан і Леанід Калядзінскі, а таксама Мікола Багадзяж, Юнус Сетараў і Рахімян Галіеў. Пастаноўкай трукаў для 10 каскадэраў загадваў Сяргей Катаржэнка[9].

Да выкананьня музыкі прыцягнулі Менскі аб'яднаны сымфанічны аркестар на чале з дырыгентам Віктарам Капыцьком, які выступіў кампазытарам фільму. Хор Петрапаўлаўскага сабору Менску на чале з рэгенткай Ірынай Дзянісавай выконваў супольныя сьпевы, а сольна сьпявала Вераніка Круглова з гурту «Палац», якая адначасна выконвала ролю знахаркі Жданы. Інструмэнтальнае сола ў фільме граў Уладзімер Пузыня. Запісам музыкі займаўся Васіль Мікалаеня, а яе зьвядзеньнем — Генадзь Панін[9].

Здымкамі загадваў дырэктар Сяргей Мосін супольна з Натальляй Пальчонак і Ўладзімерам Івановым. Разам з тым, кінакарціна мела замежны складнік у стварэньні. Кампутарную графіку для фільму стварыла маскоўская студыя «Парадокс». У вытворчасьці фільму ўзяла ўдзел чэская прадусарка Кацярына Ўльрыхава. Гукавое афармленьне ажыцьцявілі на «Масфільме». Лічбавае зьвядзеньне гуку ажыцьцявілі чэхі Іржы Мэльхер і Пэтэр Капэлер зь «Сінэмасаўнду». Сярод іншага, дапамогу ў стварэньні фільму аказаў магілёўскі прадпрымальнік І.І. Жук[9].

22 ліпеня 2003 году ў Слуцку адбыўся прэм'ерны паказ з удзелам актораў фільму Сьвятланы Зелянкоўскай і Анатоля Ката[4], пасьля чаго фільм трапіў у нацыянальны кінапракат Беларусі. 21 сакавіка 2004 году Музэй і асяродак беларускай культуры (Гайнаўка) зладзіў паказ фільму «Анастасія Слуцкая» пры адкрыцьці Дзён беларускага фільму[18]. 21 лютага 2020 году тэлеканал «Беларусь 3» паказаў фільм на беларускай мове ў Міжнародны дзень роднай мовы[19]. 6 верасьня 2020 году на «Беларусь 3» зладзілі паўторны паказ у Дзень беларускага пісьменства[20]. 18 лютага 2022 году кінастудыя «Беларусьфільм» выставіла фільм на беларускай мове для вольнага прагляду ў Сеціве, дзе той да 2024 году набраў 580 тыс. праглядаў[9].

Узнагароды

рэдагаваць

У 2003 годзе фільм «Анастасія Слуцкая» ўганаравалі ўзнагародай за найлепшы фільм на 6-м міжнародным кінафэстывалі «Брыганціна» ў Бярдзянску (Украіна), узнагародай «Вера» на кінафэсьце «Веча» ў Ноўгарадзе (Расея) і бронзавай узнагародай 10-га кінафэстывалю «Лістапад»[21]. У красавіку 2004 году фільм здабыў плятынавую ўзнагароду на 37-м «Сусьветным фэсьце» ў Г’юстане (штат Тэхас) як прыгодніцкі фільм[22], а таксама залатую ўзнагароду за касьцюмы[21], мастачкамі якіх былі Алена Ігруша і Жанна Капусьнікава[9]. Пры гэтым частку касьцюмаў для крымчацкіх постацяў паставіў «Узбэкфільм». У лістападзе 2006 году фільм ўганаравалі на Міжнародных кінафэстываліях «Залаты певень» і «100 кветак» у Кітаі як найлепшы замежны фільм. Пры гэтым рэжысэр Юры Ялхоў і акторка Сьвятлана Зелянкоўская пакінулі адбіткі правай рукі на алеі зорак у Ханьчжоў[23]. Агулам кінафільм уганаравалі 17 узнагародамі міжнародных кінафэстываляў. У 2006 годзе сцэнарыст фільму Анатоль Дзялендзік атрымаў мэдаль Францішка Скарыны[24].

У сьнежні 2010 году аглядальніца газэты «Маяк Палесься» Валянціна Бельчанка адзначыла фільм «Анастасія Слуцкая» за спробу выпрацаваць нацыянальную кінаэстэтыку[25]. У лютым 2013 году кандыдат гістарычных навук Дзяніс Марціновіч заўважыў пра фільм: «Глядацкі посьпех хутчэй тлумачыцца гістарычнай тэматыкай і дынамікай дзеяньня. Але ў агульнай сьвядомасьці роля княгіні Анастасіі, галоўная жаночая роля, зрабілася для Зелянкоўскай зорнай»[26].

  1. ^ Беларусьфільм (белар.) — 2022.
  2. ^ 90 год з дня нараджэньня Анатоля Дзялендзіка // Музэй Марка Шагала (Віцебск), 4 сакавіка 2024 г. Праверана 27 сьнежня 2024 г.
  3. ^ Пункт гледжаньня // Літаратура і мастацтва : газэта. — 21 красавіка 2019. — ISSN 0024-4686.
  4. ^ а б Анатоль Жук. Разьдзел 2 // Вы ведаеце Случчыну? : краязнаўчыя віктарыны. — Слуцак: Слуцкая ўзбуйненая тыпаграфія, 2007. — 97 с. — 550 ас. — ISBN 978-985-6704-08-9
  5. ^ Фільм з нулявым бюджэтам // Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, 24 красавіка 2019 г. Праверана 27 сьнежня 2024 г.
  6. ^ Ірына Кацяловіч. Беларусь ХVІ стагодзьдзя на сцэне Вялікага тэатра // Зьвязда : газэта. — 3 лістапада 2018. — № 213 (28829). — С. 9. — ISSN 1990-763x.
  7. ^ Прэм'ера балету «Анастасія» // Вялікі тэатар Беларусі, 1 лістапада 2018 г. Праверана 27 сьнежня 2024 г.
  8. ^ Адкрыцьцё дакумэнтальнай выставы «Залатое стагодзьдзе беларускага кіно» // Сайт «Архівы Беларусі», 24 сьнежня 2024 г. Праверана 27 сьнежня 2024 г.
  9. ^ а б в г д е ё ж Юры Ялхоў. Гістарычная драма «Анастасія Слуцкая» (цалкам высокае разрозьненьне, бел.) // Кінастудыя «Беларусьфільм», 18 лютага 2022 г. Праверана 27 сьнежня 2024 г.
  10. ^ Сталы і нястомны «Лістапад» // Рэспубліка : газэта. — 5 лістапада 2013. — № 5869. — ISSN 1991-5322.
  11. ^ Кірычэнка Мікалай Міхайлавіч // Сайт «Нашыя людзі», 2024 г. Праверана 27 сьнежня 2024 г.
  12. ^ Фільм „Жоўты пясочак” пакажуць па „Беларусь 3” // Беларускае радыё «Рацыя», 20 чэрвеня 2018 г. Праверана 27 сьнежня 2024 г.
  13. ^ Мацкевіч Іван Іванавіч // Сайт «Нашыя людзі», 2024 г. Праверана 27 сьнежня 2024 г.
  14. ^ Вольга Бябеніна. Мы з роднай вёскай — памяццю навек // Народная газэта. — 17 лістапада 2023. — № 6759.
  15. ^ Нэлі Тумаш. Вучні і пэдагогі Вішнеўскага ясьляў-сада – сярэдняй школы наведалі Нясьвіскі замак // Газэта «Настаўніцкая газэта», 7 красавіка 2022 г. Праверана 27 сьнежня 2024 г.
  16. ^ «Берасьцейская газэта». «Чым старэйшы Лукашэнка, тым больш у яго выяўляюцца рысы, уласьцівыя рыгіднаму мысьленьню» // Партал «Новы час», 11 кастрычніка 2023 г. Праверана 27 сьнежня 2024 г.
  17. ^ Аляксей Мароз. Мы рабілі беларускае кіно // Ніва : газэта. — 18 красавіка 2004. — № 16 (2501). — С. 10. — ISSN 0546-1960.
  18. ^ Васіль Сакоўскі. Дні беларускага фільма // Ніва : газэта. — 11 красавіка 2004. — № 15 (2500). — ISSN 0546-1960.
  19. ^ Павіншуйце мову са святам // Міністэрства інфармацыі Беларусі, 21 лютага 2020 г. Праверана 27 сьнежня 2024 г.
  20. ^ «Беларусь 3» запрашае на Дзень беларускага пісьменства // Газэта «Віцьбічы», 26 жніўня 2020 г. Праверана 27 сьнежня 2024 г.
  21. ^ а б Ялхоў Юры Аляксандравіч // Анлайн-энцыкляпэдыя «Беларусь у асобах і падзеях», 2020 г. Праверана 27 сьнежня 2024 г.
  22. ^ Калекцыя аўтографаў. Анатоль Дзялендзік «П’есы» // Барысаўская цэнтральная бібліятэка, 2024 г. Праверана 27 сьнежня 2024 г.
  23. ^ БелТА. «Анастасія Слуцкая» — любімы замежны фільм кітайцаў // Газэта «Наша ніва», 13 лістапада 2006 г. Праверана 27 сьнежня 2024 г.
  24. ^ Памёр драматург і аўтар сцэнарыя фільма «Анастасія Слуцкая» Анатоль Дзялендзік // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 30 лістапада 2019 г. Праверана 27 сьнежня 2024 г.
  25. ^ Валянціна Бельчанка. Было, ёсьць, будзе // Газэта «Маяк Палесься», 15 сьнежня 2010 г. Праверана 27 сьнежня 2024 г.
  26. ^ Дзяніс Марціновіч. Топ-10 самых прыгожых тэатральных актрыс // Кампанія «Будзьма беларусамі», 25 лютага 2013 г. Праверана 27 сьнежня 2024 г.