Слуцкія замкі

(Перанакіравана з «Слуцкі замак»)
Помнік абарончай архітэктуры
Слуцкія замкі
Краіна Беларусь
Места Слуцак
Дата заснаваньня XV ст.

Слуцкія замкі — помнік гісторыі і абарончай архітэктуры ў Слуцку. Складаўся зь Верхняга (Горнага) і Ніжняга (Дольнага) замкаў, якія знаходзіліся на Замчышчы на беразе ракі Бычку пры яго ўтоку ў Случ (у XI—XIV стагодзьдзях тут разьмяшчаўся дзядзінец старажытнага гораду), а таксама Новага замка (Цытадэлі), які стаяў на Новым Месьце на левым беразе Случы. Існаваў у XV—XVIII стагодзьдзях.

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

У XV ст. у Слуцку збудавалі першы драўляны замак (упершыню ўпамінаецца ў 1409 годзе). Гэты Верхні замак значыцца ў мескіх інвэнтарах за 1627, 1728, 1791, 1793 і 1800 гады (у 1791 годзе ў ім зьмяшчалася тры гарматы). Збудаваны побач зь Верхнім, Ніжні замак, паводле інвэнтару 1687 году, зьмяшчаў тры палацы. У XVIII ст. абодва гэтыя замкі мелі назву «Земляны замак».

Новы замак (Цытадэль) збудавалі ў XVII ст. як частку сыстэмы мескіх умацаваньняў.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Слуцак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, комплекс замкаў зруйнавалі разам зь мескімі ўмацаваньнямі.

Архітэктура

рэдагаваць

Верхні замак

рэдагаваць

Займаў прыродную выспу авальнай формы памерам 80 на 100 мэтраў, якая ўзвышалася над абалонай ракі Случы на 5—7 мэтраў у сутоках яе з ракой Бычком. У пачатку XV ст. стаяў на насыпным капцы і меў драўляныя сьцены і вежы. Пэрымэтрам пляцоўка атачалася глініста-пясковым валам шырынёй у аснове 22 мэтры і вышынёй больш за 4 мэтры. З боку поля вал апярэзваўся ровам шырынёй 25 мэтраў і глыбінёй каля 2 мэтраў. Схілы ўмацоўваліся дубовымі завостранымі на конус палямі даўжынёй 4—6 мэтры. Зь XVII ст. займаў плошчу каля 1,5 га. Меў пад’ёмны мост з парэнчамі, які вёў цераз абарончы роў да ўваходнай брамы. Над ёй была высокая вежа з гадзіньнікам. На вежы знаходзіўся пакрыты пазалотай медны шар з выявай арла на ім. Замкавая брама мела 4 ярусы бою. На восі ўезду стаяў 1-павярховы палац з часаных брусоў на падмурку.

Ніжні замак

рэдагаваць

Разьмяшчаўся на паўночным усходзе ад Верхняга замка (на месцы былога вакольнага гораду) і аддзяляўся ад яго запоўненым вадой ровам. Быў на 2—3 м ніжэйшы за Верхні і меў выгляд няправільнага чатырохкутніка плошчай 1,9 га. Атачаўся земляным валам і драўляным парканам. У другой палове XVII ст. зьмяшчаў тры палацы, зрубленыя з часанага бруса на падмурку, вазоўню, стайню ды іншыя гаспадарчыя пабудовы. Разам зь Верхнім замкам абмываўся водамі ракі Бычку з дапамогай плацінаў і штучнага рова, які злучаў Бычок з Случчу.

Новы замак

рэдагаваць

Меў форму квадрата плошчай 1,1 га з чатырма бастыёнамі і адным равэлінам. На бастыёнах і курцінах стаялі драўляныя вежы, што не ўласьціва для заходне-эўрапэйскай бастыённай фартыфікацыі. Новы замак атачаўся вадзяным ровам, злучаным з ракой Случчу патаемным шлюзам. Уваход у цытадэль вёў цераз мост і браму, якая знаходзілася ў тоўшчы вала. Яна была 1-павярховая і мела вароты з двух палотнішчаў, зьбітых з дубовых дошак[1].

  1. ^ Калядзінскі Л., Ткачоў М. Слуцкія замкі // БЭ. — Мн.: 2002 Т. 15. С. 34.

Літаратура

рэдагаваць