Настасься Слуцкая
Наста́сься Слу́цкая (канец XV ст. — к. 1526) — літоўская княгіня з роду Мсьціслаўскіх, дачка Івана Юр’евіча Мсьціслаўскага і княгіны Юліяны, жонка князя слуцкага Сямёна Міхайлавіча.
Настасься Слуцкая | |
Дата нараджэньня | XV стагодзьдзе або 1471 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | каля 1526 або не раней за 1524[1] |
Месца сьмерці |
|
Занятак | рэгент, князь, ваенны камандзір |
Бацька | Іван Мсьціслаўскі[d][2] |
Маці | Ульляна[d][3] |
Дзеці | Юры Алелькавіч[d][4] і Аляксандра Слуцкая[1] |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьУ 1496 року выйшла замуж за князя Сямёна Міхайлавіча з роду Алелькавічаў. Аднак у 1503 муж памер, княгіня засталася з малым сынам Юрыем і была вымушаная ўзяць кіраваньне княствам у свае рукі. Анастасія ўвяла для насельніцтва падатковыя льготы, умацавала верхні і ніжні замкі Слуцка.
У сярэдзіне жніўня 1505 року некалькі дзясяткаў тысячаў крымскіх татараў на чале з ханам Баты-Гірэем узялі Слуцак у аблогу. Княгіня Настасься загадзя атрымала паведамленьні пра набліжэньне ворага і здолела падрыхтаваць места да абароны, якую ачоліла асабіста. Абаронцы адбілі некалькі татарскіх штурмаў. Татары рабілі падкопы, намагаліся падпаліць места, але месьцічы мужна абараняліся. У рэшце рэшта татары зь вялікімі стратамі былі вымушаныя адступіць.
У 1506 року татары зноўку наехалі на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага і спустошылі ваколіцы Слуцку, аднак 6 жніўня былі разьбітыя пад Клецкам вялікалітоўскім войскам Міхала Глінскага.
Тым часам маладая ўдава стала зайздроснаю нявесткай і неаднарозава прыцягвала ўвагу жаніхоў. Найбольш вядомым зь ейных шанавальнікаў быў князь Міхал Львовіч Глінскі, аднак калі ў 1508 року той пасватаўся да княгіні, Настасься адмовіла яму. Паводле Мацея Стрыйкоўскага, каб заваяваць руку княгіні, Міхаіл двойчы намагаўся ўзяць Слуцак, аднак зазнаў няўдачы. Неўзабаве Міхаіл Глінскі з братамі перайшоў на службу да вялікага князя маскоўскага Васіля III. Аднак з пасланьня Міхаіла Глінскага Васілю III вядома, што Слуцак пад час закалоту аблягаў ня сам Міхаіл, а ягоны сваяк Андрэй Дрождж, так што зьвесткі Стрыйкоўскага пра аблогу Слуцка і раман з княгіняй, імаверна, носяць легендарны характар.
Пасьля таго, як сын Юры падрос і прыняў на сябе кіраўніцтва княствам, ягоная маці адышла ад кіраваньня. У 1523 року выдала дачку Аляксандру за ўжо немаладога князя-ўдаўца Канстанціна Астроскага, які займаў уплывовую пасаду гетмана вялікага літоўскага. Пра апошнія гады жыцьця Настасьсі нічога невядома. Памерла княгіня ў 55-гадовым веку каля 1526 року.
Сям’я
рэдагавацьМуж: Сямён Міхайлавіч Слуцкі (? — 14 лістапада 1503) — князь слуцкі і капыльскі (1481—1503).
Дзеці:
- Юры Сямёнавіч (? — 17 красавіка 1542) — князь слуцкі і капыльскі (1503—1542)
- Аляксандра Сямёнаўна (? — пасьля 1556) — другая жонка (з 1523) вялікага гетмана літоўскага Канстанціна Астроскага, маці Васіля-Канстантына Астроскага.
У культуры
рэдагавацьУ 2003 року на студыі «Беларусьфільм» быў зьняты фільм «Настасься Слуцкая», прысьвячены княгіні. Галоўную ролю выканала Настасься Зелянкоўская.
У верасьні 2016 року ў Слуцку ўсталяваны помнік княгіні Настасьсі.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku (пол.) / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 331.
- ^ Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku (пол.) / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 264, 330.
- ^ Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku (пол.) / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 264.
- ^ Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku (пол.) / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 265, 330–331.
Літаратура
рэдагаваць- Стрийковський Мацей. Літопис польський, литовський, жмудський і всієї Руси / Відп. ред. О. Купчинський. Наукове товариство ім. Шевченка. — Львів, 2011. — 1075 с — (Історичні джерела. Т. 10) — ISBN 966-8868-26-9
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Гординська Антоніна. Кужель і меч. Сімейна історія Анастасії Слуцької — від Гедиміна до князя Острозького (укр.)
- Настасься Алелькавіч — жанчына-легенда (рас.)
- Легенды і быліны. Жанна Д’Арк зь Белай Русі (рас.)