Аляксандар Аскерка

Аляксандар Юстыніян Аскерка (1830, маёнтак Рудакоў Рэчыцкага павету — 11 студзеня 1911, вёска Відзы-Лаўчынскія Браслаўскага павету) — беларускі грамадзкі дзяяч, удзельнік нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (18631864).

Аляксандар Аскерка
Аляксандар Аскерка
Аляксандар Аскерка

Герб «Мурдэліё»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1830
Памёр 11 студзеня 1911
Пахаваны
Род Аскеркі
Бацькі Уладзіслаў Аскерка
Ядвіга з Гечэвічаў
Жонка Тэадозія з Грабоўскіх
Дзеці Ядвіга, Соф’я, Марыя
Дзейнасьць публіцыст

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Прадстаўнік шляхецкага роду Аскеркаў гербу «Мурдэліё», сын Уладзіслава і Ядвігі з Гечэвічаў.

Скончыў Пецярбурскі ўнівэрсытэт. У 18531857 на вайсковай службе ў грэнадэрскім імя караля Фрыдрыха Вільгельма палку, афіцэр рэзэрву.

Пасяліўся ў сваім маёнтку Раеўшчына Вялейскага павету. Як чалец Менскага губэрнскага камітэту для ўладкаваньня побыту сялянаў удзельнічаў у распрацоўцы ўмоваў сялянскай рэформы (1861), у працы рэдакцыйных камісіяў у Пецярбургу; выступаў у друку датычна пытаньняў земскага крэдыту. 3 1861 чалец Віленскай установы ў сялянскіх справах.

Браў удзел у працы Віленскай археалягічнай камісіі. У газэце «Kurier Wileński» прапагандаваў неабходнасьць стварэньня сельскіх школаў і бібліятэк для беларускага, польскага і летувіскага насельніцтва. У 1862 зладзіў у Варшаве выданьне беларускага буквара-катэхізу («Элемэнтаж для добрых дзетак каталікоў»)[1].

У часе паўстаньня быў адным з кіраўнікоў партыі «белых» на Літве (Беларусі). У канцы лютага 1863 увайшоў у склад паўстанцкага Аддзелу кіраўніцтва правінцыямі Літвы, дзе загадваў вайсковымі справамі і віленскай мескай арганізацыяй (начальнік места Вільні).

31 траўня 1863 расейскія ўлады арыштавалі А. Аскерку. На допытах істотных паказаньняў ня даў. Карнікі прысудзілі яго да сьмяротнага пакараньня, замененага па рэвізіі выраку на катаргу ў Сыбіры. Сьледам за асуджаным да саляварняў Усольля ў Іркуцкай губэрні паехала і ягоная нявеста Тэадозія з Грабоўскіх. Сьціплая цырымонія зашлюбінаў адбылася тамака ж, прычым выканаў абрад ксёндз-катаржнік[2].

У 1868 атрымаў дазвол вярнуцца ў эўрапейкую частку Расейскай імпэрыі (апрача Літвы). 3 1872 жыў у Варшаве, працаваў у рэдакцыі часопіса «Ateneum». У 18851904 дырэктар філіі страхавога таварыства ў Вільні. Меў дачок Ядвігу, Соф’ю і Марыю.

Пахавалі А. Аскерку на могілках Росы ў Вільні. Як сьведчылі сучасьнікі, пахаваньне апошняга прадстаўніка былога паўстанцкага ўраду на Літве, нягледзячы на паліцэйскі і вайсковы кардон, ператварылася ў вялікую патрыятычную маніфэстацыю грамадзкасьці Вільні.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Г. В. Кісялёў. Аскерка Аляксандр Уладзіслававіч // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 216.
  2. ^ Аляксандр Юстыніян Аскерка // Моя Хойникщина

Літаратура рэдагаваць