Рудакоў
Рудако́ў[2] — вёска ў Стралічаўскім сельсавеце Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці.
Рудакоў | |
Першыя згадкі: | 1574 год |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Хвойніцкі |
Сельсавет: | Стралічаўскі |
Насельніцтва: | 10[1] (2021) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°48′43.5″ пн. ш. 30°3′8.9″ у. д. / 51.812083° пн. ш. 30.052472° у. д.Каардынаты: 51°48′43.5″ пн. ш. 30°3′8.9″ у. д. / 51.812083° пн. ш. 30.052472° у. д. |
Рудакоў на мапе Беларусі Рудакоў |
Гісторыя
рэдагавацьКарона Каралеўства Польскага
рэдагавацьВёска Рудакоў вядомая зь ліста 1574 году князя Аляксандра Аляксандравіча Вішнявецкага брату. На той час гэта быў аднайменны востраў у Брагінскім маёнтку, які дастаўся князю Міхаілу Аляксандравічу Вішнявецкаму: «... Ку тому остров Рудаков с полями, чертежами, дубровами и сеножатми до границы от Высокого, взявши от сеножатей до могилок, до дороги Хвойницское, которая идеть до Остроглядович, до рубежов, которые есмо сами зарубали водле выязду нашого братэрского...»[3].
У часы Рэчы Паспалітай паселішча належала да Кіеўскага, ад XVII ст. да Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва Кароны Польскай, а уласьнікамі яго былі тыя, хто валодаў Брагінскім ключом – малодшая галіна князёў Вішнявецкіх, Канецпольскія, застаўныя ўладальнікі Бандынэлі, князь Міхал Сэрвацы Вішнявецкі са старэйшай галіны роду, Замойскія, Ракіцкія.
Паловай Брагінскага замку і места зь сёламі, сярод якіх быў і Рудакоў валодаў, а ў 1638 г. заставіў на чатыры гады за 65 000 злотых пану Мікалаю Лосятынскаму князь Ярэмі Міхал, сын Міхаіла, Вішнявецкі[4].
14 верасня 1686 году лясьнічы Лаўрын з Бабчына пад прысягай паведаміў у Оўруцкім гродзкім судзе, што так з-за казакоў, як і з-за войска ВКЛ, зь вёскі Рудакоў адыйшлі 8 дымоў (×6 – прыкладна 48 жыхароў)[5]. У справе таго ж суда ад 28 чэрвеня 1687 году Рудакоў названы сярод паселішчаў часткі Брагінскага маёнтку ваяводзіча бэлзскага, каралеўскага палкоўніка Яна Канецпольскага, зруйнаваных працяглым (ад лістападу 1686 г.) пастоем казакоў палкоўніка Войска Запарожскага Паўла Апостала Шчуроўскага. Тады тут засталося 12 дымоў (каля 72 чалавек), а разьмясьціліся на пастой 12 казакоў і 13 коней[6].
У акце ад 22 верасьня 1715 году сказана, што губарэвіцкія сяляне пана маршалка мазырскага Антонія Аскеркі, узброеныя косамі, сякерамі і стрэльбамі, папалілі стагі сена, прыналежныя падданым пана войскага мельніцкага Аляксандра Антонія Бандынэлі, жыхарам вёсак Рудакоў, Бабчын і хутара Чахі. У выніку, убогія сяляне А. Бандынэлі, якія з-за браку сена ня мелі чым карміць худобу зімой, вымушаныя былі ад яе пазбавіцца[7]. У «Тарыфе падымнага падатку Оўруцкага павету 1734 году» Рудакоў – у палове Брагінскіх добраў, якую дагэтуль шмат гадоў трымаў у заставе ад паноў Канецпольскіх дорпацкі падкаморы А. Бандынэлі[8], спачыўшы ў 1733 годзе. Вядома, што князь Міхал Сэрвацы Вішнявецкі менавіта ў тым жа 1733 годзе ці не ўпершыню падпісаўся, акрамя іншага, «графам на Брагіне»[9], а значыць надалей і вёска Рудакоў належала яму. Паводле зьвестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Рудакоў быў сярод паселішчаў, частка жыхароў якіх (відавочна, зь ліку шляхты) належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[10]. У самым пачатку 1749 году Брагінская фартуна дасталася дачцэ князя пані Эльжбэце Замойскай, а потым яе дачцэ Катарыне Мнішак (гл.: Брагін).
У 1754 годзе з 25 двароў (каля 150 жыхароў) вёскі Рудакоў Брагінскага маёнтку выплачвалася «do grodu» (Оўруцкага замку) 3 злотыя, 26 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 15 зл. і 16 гр.[11]. У тым жа годзе маёнтак быў куплены ў княгіні Эльжбэты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай панам Францішкам Антоніем Ракіцкім. 26 студзеня і 7 траўня 1775 году адпаведна ў Оўруцкі і Кіеўскі (у Жытоміры) гродзкія суды ад імя сужэнства князёў Шуйскіх (Войцеха і Анелі), старостаў ніжынскіх, пададзеныя скаргі на сужэнства Ракіцкіх (Міхала і Марыю), палкоўнікаў пяцігорскіх, і рудакоўскага губэрнатара Адамовіча за ўчыненьне розных крыўдаў падданым іх хвойніцкім[12].
Паводле габрэйскіх перапісаў 1765, 1778 і 1784 гадоў у Рудакове жылі адпаведна 5, 5 і 3 чалавекі (głowy), якія належалі да Брагінскага кагалу[13].
Расейская імпэрыя
рэдагавацьПасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Рудакоў – у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[15]. У 1795 годзе фальварак Рудакоў зь вёскай Мокіш былі ў заставе ў ротмістра Крэча, але належалі пану падстаросьце рэчыцкаму Ігнацыю Аскерку[16], які годам раней страціў жонку пані Ізабэлу[a][17], дачку папярэдняга ўладальніка добраў графа Міхала Адама Ракіцкага. На 1796 год рыма-каталіцкім капэлянам у Рудакове быў Томаш Чачот[18].
У шляхецкай рэвізіі 1811 г. паведамляецца, што фальварак Рудакоў зь вёскамі Рудакоў, Рудыя, Чахі, Варацец і іх 200 душамі прыгонных мужчынскага полу трымаў у шасьцігадовай арэндзе ад дзедзічнага ўладальніка графа Людвіка Ракіцкага[b], менскага губэрнскага маршалка, пан Марцэлін Вешэнеўскі[19].
Як засьведчыў А. Ельскі, у 1816 годзе ўладанне, паводле сямейнага пагадненьня, было падзеленае наступным чынам: Уладыслаў, сын Ігнацыя, Аскерка, падкаморы рэчыцкі, атрымаў вёску Рудакоў з рэзыдэнцыяй і вёскі Чахі, Рудыя, Варацец, а яго сястра Людвіка – фальваркі Мокіш і Бабчын з прылегласьцямі[20]. У 1834 годзе гаспадыняй Рудакоўскіх добраў была ўдава Уладыслава пані Ядвіга з Гечэвічаў Аскерчына, якую настаяцель Бабчынскай Крыжаўзьдзьвіжанскай прыходзкай царквы І. Нямшэвіч у мэтрычных запісах хросту дзяцей яе сялян чамусьці называў Еўдакіяй[21]. Тады, згодна з энцыкляпэдыяй «Гарады і вёскі Беларусі», у Рудакове было 46 двароў. 1 (13) лістапада 1844 году складзены інвэнтар, зь якога вынікае, што Рудакоўскі маёнтак з фальваркамі Бабчын і Мокіш быў ўласнасьцю непаўналетніх Гэнрыка Юстына, Аляксандра Юстыніяна і Зофіі Марцэлы Аскеркаў, але знаходзіўся ў арэндзе ў Міхаіла Ігнатавіча Быкава[22]. На 1850 год, паводле С. В. Марцэлева, у вёсцы Рудакоў налічвалася 235 жыхароў. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 231 жыхар вёскі Рудакоў абодвух полаў зьяўляўся прыхаджанінам Бабчынскай Крыжаўзьдзьвіжанскай царквы, 14 мужчын і 10 жанчын зь вёскі і з фальварку былі парафіянамі Астраглядавіцкага касьцёлу Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[23].
У парэформавы пэрыяд Рудакоў належаў да Мікуліцкай воласьці Рэчыцкага павету Менскай губэрні. Да свайго спачыну ў 1866 годзе маёнткам валодаў Гэнрык Аскерка[c], а пасьля яго дочкі Марыя і Гэлена. На пачатак 1870 года тут — 116 мужчын-гаспадароў зь ліку сялян уласьнікаў, прыпісаных да Рудакоўскага сельскага таварыства[24]. У 1875 годзе ў маёнтку Рудакоў была заснавана вінакурня (бровар)[25]. У 1876 годзе зямельныя ўгодзьдзі рудакоўскіх Аскеркаў складалі 7416 дзесяцін, працавалі два млыны. У 1884 г. пані Гэлена Аскерчанка пабралася шлюбам са Станіславам Ваньковічам. Згодна са зьвесткамі на 1876 і 1879 гады, Рудакоў заставаўся ў прыходзе Бабчынскай Крыжаўзьдзьвіжанскай царквы[26]. На 1889 год маёнтак Рудакоў з фальваркамі Бабчын і Мокіш (усяго 7162 дзесяціны зямлі) належаў Гэлене, дачцэ Гэнрыка, Ваньковіч[27]. Паводле перапісу 1897 г., у вёсцы Рудакоў 66 двароў, 381 жыхар, школа граматы. У аднаіменным фальварку 6 двароў і 135 жыхароў, бровар. У 1903 годзе той бровар сіламі 8 рабочых вытвараў сьпірту на 35 200 рублёў у год, перарабляючы 120 000 пудоў бульбы і 4 200 пудоў жыта[25]. На 1909 год у вёсцы 87 двароў, 484 жыхары, у фальварку 1 двор, 7 жыхароў[28]. У тым самым 1909 годзе ў двары Рудакоў адбылося гучнае ва ўсім краі і з удзелам вялікай колькасьці слынных гасьцей «срэбранае вясельле» Станіслава і Гэлены Ваньковічаў, падрабязна апісанае Мечыславам Ялавецкім[29]. У 1911 годзе уладальніцай маёнтку Рудакоў у 7075 дзесяцін афіцыйна, як і раней, заставалася пані Гэлена Ваньковіч[30]. На 1912 год тутэйшая вінакурня з паравым рухавіком і сіламі 9 работнікаў вырабляла прадукцыі на 38 033 рублёў[31].
Найноўшы час
рэдагаваць9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Рудакоў у складзе Рэчыцкага павету, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы гэтмана Украінскай Дзяржавы» Паўла Скарападзкага[32].
1 студзеня 1919 году, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
Ад 8 сьнежня 1926 году – у складзе БССР, цэнтр Рудакоўскага сельсавету Хойніцкага раёну Рэчыцкай і з 9 чэрвеня 1927 году Гомельскай акругі, ад 20 лютага 1938 году Палескай, з 8 студзеня 1954 году Гомельскай абласьцей. У другой палове 1920-х гг. былы панскі двор стаў сядзібай саўгасу «Рудакоў». У 1929 годзе арганізаваны калгас, працавалі 2 ветракі, маслазавод (з 1928), стальмашня, 2 кузьні. На 1930 год было 76 двароў, 412 жыхароў, пачатковая школа, адзьдзяленьне спажывецкай каапэрацыі. У 1938 годзе на базе саўгасу «Рудакоў» створана МТС[33], якая абслугоўвала амаль палову калгасаў раёну.
У Вялікую Айчынную вайну акупанты загубілі 10 жыхароў, 109 вяскоўцаў загінулі на фронце. Паводле перапісу 1959 году ў вёсцы было 936 жыхароў. У складзе саўгасу «Стралічаў». Працавалі сельскае прафэсійна-тэхнічнае вучылішча механізацыі меліярацыйных работ, васьмігадовая школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, адзьдзяленьне сувязі, швейная і шавецкая майстэрні, сталовая, 3 крамы.
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Запіс у мэтрычных кнігах Юравіцкага касьцёлу, у якім засьведчана, што нябожчыца была парафіянкай касьцёлу ў Астраглядах, а пахаваная ў Рудакове.
- ^ Спадчыньнік гэтых добраў сямнаццацігадовы Уладыслаў, сын Ігнацыя, Аскерка, сястрынец графа Людвіка, на той час жыў у яго двары Гарадзішча; гл.: НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 206, альбо старонкі Двор-Гарадзішча і Брагін.
- ^ Старэйшы брат Аляксандра Аскеркі, палітыка «белых» і паўстанца 1863 году, высланага ў Сібір. Мяркуецца, што Гэнрык Аскерка таксама меўся выконваць абавязкі павятовага начальніка, калі б толькі паўстаньне ахапіла Рэчыцкі павет. Быў зьвязьнены, але яму пашчасьціла пазьбегчы ссылкі, а тым самым і канфіскацыі Рудакова; гл.: Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857 – 1865. – Wilno, 1913. Tom I. S. 404. Tom II. S. 148, 302
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Інфармацыя аб насельніцтве Стралічаўскага сельсавету на 1 студзеня 2021 г.
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
- ^ Беларускі археаграфічны штогоднік. 2000, Вып. 1. С. 185 – 194 Публікацыя М. Ф. Сьпірыдонава.
- ^ Tomkiewicz W. Jeremi Wiśniowiecki (1612—1651) / W. Tomkiewicz. — Warszawa, 1933. S. 112, 113; зьвесткі пра паселішчы: Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Radziwiłłów. Dział X. Sygn. 933. S. 5-6
- ^ Архив Юго-Западной России (Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. – Киев, 1886. С. 550 – 551
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679 – 1716). – Киев, 1868. С. 148, 151
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 1. Т. 4. Акты об унии и состоянии православной церкви с половины XVII века (1648 – 1798). – Киев, 1871. С. 379
- ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. – Біла Церква, 2015. С. 284
- ^ Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. – Вильна, 1870. Т. IV. Акты Бресцкого гродского суда. С. 485
- ^ Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. – Lwów, 1748. S. 148
- ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. – Біла Церква, 2015. С. 190
- ^ Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 1. S. 78
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765 – 1791 гг. – Киев, 1890. С. 302, 391, 710
- ^ Rostworowski Andrzej. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe. – Warszawa, 2001. S. 83
- ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
- ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 73
- ^ НГАБ у Мінску. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 97
- ^ НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 173
- ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 147
- ^ Słownik geograficzny Krółewstwa Polskiego і innych krajów słowiańskich. – Warszawa, 1888. T. IX. S. 901
- ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 536. А. 68
- ^ НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1465
- ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381, 722
- ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 71
- ^ а б Список фабрик и заводов европейской России. – С.-Петербург, 1903. С. 575
- ^ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 458; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 15
- ^ Список зелевладельцев Минской губернии. 1889 г. – Минск, 1889. С. 364
- ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. – Минск, 1909. С. 172
- ^ Ваньковичи / Департамент по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь [и др.]; сост.: Н. А. Голубева, Н. М. Усова, Л. В. Языкович; под научной редакцией В. И. Прокопцова. – Минск: БелЭн, 2012. С. 139 – 156
- ^ Список землевладельцев Минской губернии. 1911 г. – Б. м. С. 4
- ^ Список фабрик и заводов Российской империи. / Под ред. В. Е. Варзара. – С.-Петербург, 1912. Гр. XIб. С. 193
- ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917 – 1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. – Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 – січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. – Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286 – 296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
- ^ Памяць: Гiстарычна-дакументальная хронiка Хойнiцкага раена / Рэд. кал. М. А. Ткачоў [і інш.]; маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн iмя Петруся Броўкi, 1993. С. 55
Літаратура
рэдагаваць- Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 6, 14, 17, 23 — 27, 29, 31
- Ваньковичи / Департамент по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь [и др.]; сост.: Н. А. Голубева, Н. М. Усова, Л. В. Языкович; под научной редакцией В. И. Прокопцова. — Минск: БелЭн, 2012. — 442 с.
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2. Кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл.
- Сядзіба Аскеркаў/Ваньковічаў у Рудакове. // Сайт Хойнікшчына