Быў заснаваны як калектыў фізычнай культуры, спачатку ўдзельнічаў у абласных чэмпіянатах. Першую гульню каманда правяла 6 чэрвеня 2007 году ў чэмпіянаце Менскага раёну супраць клюбу «Міханавічы»[2]. У 2007—2011 гадах каманда выступала ў чэмпіянаце Менскай вобласьці. У 2011 годзе клюб атрымаў перамогу ў аматарскім Рэгіянальным Кубкам Беларусі.
У сэзоне 2012 году «Іслач» заявілася ў другую лігу чэмпіянату Беларусі. У дэбютным сэзоне клюб адразу заняў трэцяе месца і атрымаў месца ў першай лізе. Таксама, пасьпяхова згуляўшы ў адборачных матчах, клюб трапіў у фінальную частку Эўрапейскага рэгіянальнага кубка.
У чэрвені 2013 году «Іслач» прыняла ўдзел у фінальным турніры Кубка Рэгіёнаў УЭФА ў італьянскім рэгіёне Вэнэта. Заняўшы другое месца ў групе, з адной паразай і дзьвюма перамогамі, каманда атрымала выніковае трэцяе месца. У першай лізе «Іслач» спачатку выступала ўпэўнена і прэтэндавала на высокія месцы, але старт другога кола быў правалены. У выніку каманда спынілася на 9 месцы.
Сэзон 2014 году каманда распачала выдатна, пасьля 5 тураў знаходзілася на першым радку. Але потым пайшоў шэраг няўдач, і першае кола каманда скончыла ўжо ў няжняй палове табліцы. Пасьля няўдачаў улетку 2014 году быў значна зьменены склад каманды, да якога далучыліся гульцы з досьведам выступаў у найвышэйшай лізе. У выніку «Іслач» здолела ўмяшацца ў барацьбу за трэцяе месца, якое давала права на стыкавыя матчы за месца ў найвышэйшай лізе. Але, згуляўшы ўнічыю ў чатырох апошніх турах, «Іслач» засталася на сёмым месцы.
У 2015 годзе «Іслач» выйграла першынство ў першай лізе і атрымала права на ўдзел у найвышэйшай лізе ў наступным сэзоне.