Івейскі раён
Паступіла прапанова перанесьці гэты артыкул у Івейскі раён.
|
І́ўеўскі раён, Івейскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на ўсходзе Гарадзенскай вобласьці Беларусі. Плошча раёну складае 1,9 тыс. км². Насельніцтва на 2018 год — 23 003 чалавекі[2]. Сярэдняя шчыльнасьць — 13 чалавек на 1 км². Адміністрацыйны цэнтар — места Іўе.
Іўеўскі раён | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Статус | раён Беларусі |
Уваходзіць у | Гарадзенская вобласьць |
Адміністрацыйны цэнтар | Іўе |
Дата ўтварэньня | 15 студзеня 1940 |
Кіраўнік | Аляксандар Булак[d][1] |
Насельніцтва (2018) | 23 003[2] |
Шчыльнасьць | 12,5 чал./км² |
Плошча | 1845,5[3] км² |
Вышыня па-над узр. м. · сярэдняя вышыня | 145 м[4] |
Месцазнаходжаньне Іўеўскага раёну | |
Мэдыя-зьвесткі | |
Часавы пас | UTC +3 |
Тэлефонны код | +375-15-95 |
Паштовыя індэксы | 231 3хх |
Афіцыйны сайт | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Геаграфічнае становішча
Іўеўскі раён мяжуе з Вярэнаўскім, Лідзкім, Наваградзкім і Ашмянскім раёнамі Гарадзенскай вобласьці, Валожынскі і Стаўпецкім раёнамі Менскай вобласьці і Летувай на паўночным захадзе.
Рэльеф і карысныя выкапні
Тэрыторыя раёну знаходзіцца ў межах Лідзкай раўніны на поўначы і Нёманскай нізіны на поўдні. Рэльеф раўнінны. На 50% тэрыторыі вышыня рэльефу складае 150—200 мэтраў над узроўнем мора, 50% — ніжэй за 150 м. Найвышэйшы пункт — 243,4 мэтру (8 км на паўднёвы захад ад вёскі Трабы).
Карысныя выкапні: торф, пяскова-жвіровы матэрыял, будаўнічыя пяскі, крэйда, гліны.
Клімат і расьліннасьць
Клімат умерана кантынэнтальны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня −6,2 °C, ліпеня 17,6 °C. Сярэднярочная колькасьць ападкаў складае 610 мм. Працягласьць вэгетацыйнага пэрыяду — 191 дзень.
Лясы пераважаюць іглічныя, яны займаюць 44,7% тэрыторыі раёну, зь іх 22,3% — штучныя насаджэньні. Найвялікшая лясістасьць — на паўднёвым усходзе і паўдночным захадзе раёну, на ўсходзе знаходзіцца частка (20 тыс. га) лясоў Налібоцкай пушчы. Балоты займаюць каля 4,7% тэрыторыі раёну. Найбуйнейшыя балотныя масівы — Сіма, Жыжма, Чырвонае балота.
Глебы дзярнова-падзолістыя (40%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (29,4%), тарфяна-балотныя (11,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатавыя забалочаныя (12,3%).
Нацыянальны парк Налібоцкая пушча, заказьнікі мясцовага значэньня: біялягічны — Урочышча Чырвонае, ляндшафтны — Разлады.
Гідраграфія
Найбуйнейшыя рэкі — Нёман з прытокамі Гаўя (з Жыжмай, Клявой, Апітай і Іўнянкай) і Бярэзіна (зь Іслаччу й Чапунькай). На тэрыторыі раёну разьмяшчаецца Лаздунскае вадасховішча.
Насельніцтва
Гаспадарчая дзейнасьць
Агульная плошча сельскагаспадарчых земляў складае 79,2 тыс. га, зь іх асушаных — 25,7 тыс. га. Асноўныя галіны сельскай гаспадаркі: сьвінагадоўля, мяса-малочная жывёлагадоўля і конегадоўля, вырошчваюць збожжавыя, алейныя і кармавыя культуры, цукровыя буракі, лён, бульбу.
Прадпрыемствы: харчовай прамысловасьці, будаўнічых матэрыялаў, дрэваапрацоўчай прамысловасьці.
Па тэрыторыі раёну праходзіць чыгуначная лінія Ліда — Маладэчна, аўтамабільная дарога Горадня — Менск. Аўтамабільныя дарогі зьвязваюць раённы цэнтар зь местамі Наваградак і Ашмяны.
Турыстычная інфармацыя
Захаваліся помнікі архітэктуры: касьцёл Сьвятога Мікалая (XVI ст.) і руіны вялікалітоўскага замка (XV ст.) у в. Геранёны, касьцёл Раства Найсьвяцейшай Панны Марыі (XVIII ст.) у в. Дуды, сядзіба Ўмястоўскіх (XVIII — пач. ХІХ стагодзьдзя) у в. Жамыслаўль, касьцёл Сьвятых Пятра і Паўла з кляштарам бэрнардынцаў (XV—XVIII стагодзьдзі) у мястэчку Іўе, касьцёл Сьвятых Сымона і Тадэвуша (пач. ХХ ст.) у в. Лаздуны, касьцёл Сьвятога Казімера (пач. ХХ ст.) і капліца (кан. ХІХ ст.) у в. Ліпнішкі, Сьвята-Пакроўская царква ў в. Мікалаева (2-я палова ХІХ ст.), Сьвята-Траецкая царква (пач. ХХ ст.) у в. Морына, касьцёл сьвятога Ўладыслава (пач. ХХ ст.) у в. Суботнікі, касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (ХІХ ст.) у в. Сурвілішкі, касьцёл Раства Найсьвяцейшай Панны Марыі (пач. ХХ ст.) і былая вуніякая Сьвята-Петра-Паўлаўская царква (XVIII ст) у в. Трабы, Сьвята-Варварынская царква (ХІХ ст.) у в. Чапунь, Сьвята-Мікалаеўская царква (1840) у в. Юрацішкі.
Асобы
- Уладзіслаў Брахоцкі (1810—1896) — грамадзкі дзяяч
- Янка Пазьняк (1887—1939) — беларускі грамадзка-культурны дзяяч, выдавец, публіцыст, палітык
- Зянон Пазьняк — беларускі палітык і грамадзкі дзяяч, адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне»
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
У складзе раёну гарадзкі пасёлак Юрацішкі, 373 сельскія населеныя пункты (1999), Юрацішкаўскі пасялковы савет і 10 сельсаветаў: Бакштаўскі, Геранёнскі, Іўеўскі, Лаздунскі, Лелюкінскі, Ліпнішкаўскі, Морынскі, Суботніцкі, Трабскі, Эйгердаўскі.
Крыніцы
- ^ http://ivje.gov.by/ru/predsedatel_rik-ru/
- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Государственный земельный кадастр Республики Беларусь (рас.) (па стане на 1 студзеня 2012 г.)
- ^ GeoNames (анг.) — 2005.
- ^ а б Вынікі перапісу насельніцтва Беларусі 2009 году
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
Літаратура
- Ивьевский район // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.
Вонкавыя спасылкі
Івейскі раён — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў