Пэле

бразыльскі футбаліст

Пэле́ (па-партугальску: Pelé), сапраўднае імя Э́дсан Ара́нтэс ду Насымэ́нту[6][7] (парт. Edson Arantes do Nascimento; 23 кастрычніка 1940 году — 29 сьнежня 2022 году[8]) — бразыльскі футбаліст, якога шматлікія футбольныя экспэрты, футбалісты і заўзятары ўважаюць найвыбітнейшым гульцом усіх часоў[9][10][11][12][13][14][15][16]. За сваю кар’еру ён забіў 760 галоў у афіцыйных матчах, 541 у чэмпіянатах і, такім чынам, зьяўляецца найлепшым бамбардзірам у сьвеце. Агулам забіў 1281 гол у 1363 гульнях[17].

Пэле
Пэле
Edson Arantes do Nascimento
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзіўся 23 кастрычніка 1940 (84 гады)
Трэс-Корасоінш, Бразылія
Памёр 29 сьнежня 2022(2022-12-29)[1][2][3] (82 гады)
Рост 173 см
Вага 74 кг
Пазыцыя паўабаронца/нападнік
Моладзевыя клюбы
1952—1956 Баўру
Клюбы
Гады Клюб Гульні (галы)¹
1956—1974
1975—1977
Сантус
Нью-Ёрк Космас
1184 (1124)[5]
56 (31)
Зборныя
1957—1971 Бразылія 92 (77)

Пэле зьяўляецца аднаасобным лідэрам зборнай Бразыліі па колькасьці забітых галоў, а таксама адзіным футбалістам, які тройчы выйграваў кубак сьвету па футболе. У 1962 годзе ён удзельнічаў у першых матчах чэмпіянату сьвету, але ня здолеў скончыць чэмпіянат праз траўму, атрыманую ў другім матчы зборнай. Тым ня меней, у лістападзе 2007 году FIFA абвясьціла, што ён будзе ўзнагароджаны залатым мэдалём 1962 году.

Пасьля сканчэньня футбольнае кар’еры ў 1977 годзе Пэле стаў сусьветным амбасадарам футболу. Займаў пасаду Ганаровага прэзыдэнта клюбу «Нью-Ёрк Космас»[18]. Апошнія гады Пэле пакутаваў ад праблем з ныркамі і прастатай[19]. Памёр 29 сьнежня 2022 году.

Кар’ера

рэдагаваць

Калі Пэле было 15 гадоў, маладым нападнікам зацікавіўся тагачасны чэмпіён штату Сан-Паўлу і адная з наймацнейшых камандаў Бразыліі «Сантус». Пасьля таго, як прэзыдэнт клюбу патэлефанаваў бацькам, Пэле далучыўся да клюбу. Спачатку ён выступаў за моладзевую каманду. А пасьля таго, як форвард «Сантусу» атрымаў траўму, трэнэр пачаў выпускаць Пэле ў асноўны склад. Свой першы гол у чэмпіянаце штату ён зрабіў 7 верасьня 1956 году. У першых 11 гульнях Пэле адзначыўся 17 галамі. 8 красавіка 1957 году ён склаў свой першы прафэсійны кантракт з «Сантусам».

 
Фатаздымак Пэле перад матчам фіналу Кубка Лібэртадорэс 1963 году.

У чэмпіянаце штату Сан-Паўлу Пэле станавіўся найлепшым бамбардзірам 9 разоў запар з 1957 году. Аніхто да гэтага і пасьля гэтага не дасягаў такога посьпеху. У сэзоне 1958 году ён правёў 58 галоў у 38 гульнях. У канцы 1950-х і пачатку 1960-х гадоў «Сантус» быў лідэрам бразыльскага футболу, аднак ў тыя часы не існавала агульнага чэмпіянату Бразыліі. Клюб ахвотна запрашалі ў Эўропу, дзе ладзіліся таварыскія выставачныя матчы. Тысячы гледачоў прыходзілі на гульні, дзе гулялі Пэле, Зыту і Пэпэ, але тэмп перамяшчэньня быў занадта высокі для гульцоў.

 
Пэле ў Нідэрляндах у 1962 годзе.

«Сантус» рэгулярна перамагаў у чэмпіянаце штату Сан-Паўлу, дзе гулялі многія вядомыя бразыльскі каманды, у тым ліку «Сан-Паўлу», «Карынтыянс» і «Палмэйрас». У 1962 годзе «Сантус» здабыў самы прэстыжны клюбны турнір Паўднёвай Амэрыкі — Кубак Лібэртадорэс. Гэта дазволіла бразыльцам пазмагацца за Міжкантынэнтальны кубак, трафэй, за які змагаліся пераможцы Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў і Кубка Лібэртадорэс. Супернікам каманды Пэле стала партугальская «Бэнфіка», дзе галоўнай зоркай быў Эўсэбію. На Маракане «Сантус» перамог эўрапейцаў зь лікам 3:2. У матчы двойчы голам вызначыўся Пэле. У матчы ў адказ бразыльцы разграмілі «Бэнфіку» зь лікам 5:2. Пэле зрабіў хет-трык у тым матчы. Праз год «Сантус» зноў стала наймацнейшым клюбам Паўднёвай Амэрыкі. Бразыльцы гулялі зь італьянскім «Мілянам» за Міжкантынэнтальны кубак. У першай сустрэчы мілянцы дома перамаглі паўднёваамэрыканцаў зь лікам 4:2. Абодва галы «Сантуса» былі на рахунку Пэле. З такім жа лікам «Сантус» узяў рэванш у Бразыліі, а дадатковы матч скончыўся зь лікам 1:0 на карысьць бразыльцаў.

У 1967 і 1968 гадах сантусцы зноў перамагалі ў чэмпіянаце штату. Журналісты пачалі падлічваць галы Пэле, і статыстыка выявіла, што гол пад нумарам 1000 нападнік павінен быў правесьці ў адным з восеньскіх матчаў 1969 году. Гэта адбылося 19 лістапада 1969 году на Маракане падчас гульні супраць «Вашку да Гамы», за якой назіралі блізу 80 тысячаў гледачоў. Гэты гол быў улучаны з пэнальці, а падзея атрымала шырокае асьвятленьне ў прэсе. Пасьля 19-і сэзонаў з «Сантусам» гулец пастанавіў завяршыць кар’еру, але яшчэ некалькі гадоў бараніў колеры амэрыканскага клюбу «Нью-Ёрк Космас».

Міжнародная

рэдагаваць

Першым міжнародным матчам Пэле стала гульня супраць зборнай Аргентыны 7 ліпеня 1957 году на Маракане, дзе бразыльцы зазналі паразу зь лікам 2:1[20][21]. У гэтым матчы ён правёў свой першы гол за зборную Бразыліі ў веку 16 гадоў і васьмі месяцаў, стаўшы наймаладзейшым галеадорам сваёй краіны[22][23].

Чэмпіянат сьвету 1958

рэдагаваць
 
Пэле дрыблінгам абыходзіць трох швэдзкіх футбалістаў.

Пэле прыбыў у Швэцыю з траўмай калена, але па вяртаньні ад лекара ягоныя партнэры па камандзе настойвалі, каб ён узяў удзел у матчах[24]. У сваёй першай гульні супраць зборнай СССР у трэцім матчы першага тура чэмпіянату сьвету 1958 году, дзе ён аддаў галявую перадачу[25]. На той час ён быў наймаладзейшым гульцом, які калі-небудзь браў удзел у матчах чэмпіянатаў сьвету[21]. Першым голам Пэле адзначыўся супраць зборнай Ўэйлзу ў чвэрцьфінале. Гэты быў адзіны гол у матчы, які дапамог Бразыліі прабіцца ў паўфінал, а сам футбаліст стаў наймаладзейшым бамбардзірам у гісторыі чэмпіянатаў сьвету ў веку 17 гадоў і 239 дзён[26]. У паўфінале супраць зборнай Францыі Бразылія цягам матчу мела перавагу зь лікам 2:1 пасьля перапынку, а затым Пэле ўчыніў хет-трык[27].

 
Пэле пасьля перамогі на чэмпіянаце сьвету 1958 году.

29 чэрвеня 1958 году Пэле стаў наймаладзейшым гульцом, які згуляў у фінальным матчы чэмпіянатаў сьвету ў веку 17 гадоў і 249 дзён. Ён двойчы пацэліў мяч у браму зборнай Швэцыі, а ягоная каманда перамагла зь лікам 5:2. Першы гол Пэле, калі ён перакінуў мяч праз абаронцу, перш чым улучыць яго ў кут брамы, быў абраны адным з найлепшых галоў у гісторыі чэмпіянатаў сьвету[28]. Швэдзкі гулец Сыгвард Парлінг пазьней узгадваў, што па другім голе бразыльца яму захацелася пляскаць у далоні[29]. Калі матч скончыўся, Пэле страціў прытомнасьць на полі[30]. Затым ён ачуняў і заплакаў пасьля перамогі, калі яго віншавалі таварышы па камандзе. Ён скончыў турнір з шасьцю галамі ў чатырох згуляных матчах, саступіўшы рэкардсмэну Жусту Фантэну, і быў прызнаны найлепшым маладым гульцом турніру[31]. Менавіта на чэмпіянаце сьвету 1958 году Пэле пачаў насіць кашулю з нумарам 10, што было вынікам дэзарганізацыі, бо кіраўніцтва бразыльскай фэдэрацыі ня парупілася аб разьмеркаваньні нумароў сярод гульцоў, таму ФІФА сама абрала футбалісту 10-ы нумар[32]. Прэса абвесьціла Пеле найвялікшым адкрыцьцём чэмпіянату сьвету 1958 году.

Чэмпіянат сьвету 1962

рэдагаваць
 
Пэле ў матчы супраць зборнай Італіі ў барацьбе супраць Джаваньні Трапатоні.

Калі пачаўся чэмпіянат сьвету 1962 году, Пэле ўважаўся найлепшым гульцом у сьвеце. У першым матчы чэмпіянату ў Чылі супраць зборнай Мэксыкі Пэле правёў першы гол, а затым яшчэ раз улучыў мяч у браму, праціснуўшыся цераз чатырох абаронцаў, і павялічыў лік да 2:0[33]. Ён атрымаў траўму ў наступнай гульні пры спробе далёкага ўдару ў матчы супраць зборнай Чэхаславаччыны[34]. Гэта вымусіла яго скончыць выступы на турніры, а трэнэр Аймарэ Марэйру зрабіў адзіную замену ў складзе цягам турніру. Месца Пэле на пляцоўцы заняў Амарылду, які няблага гуляў да канца турніру. Тым ня менш, менавіта Гарынча ўзяў на сябе вядучую ролю і фактычна прынёс Бразыліі другі тытул чэмпіёнаў сьвету, пасьля таго як у фінале была пераможаная зборная Чэхаславаччыны[35]. У той час толькі гульцы, якія выступалі ў фінале, мелі права на мэдаль да таго, як у 1978 годзе правілы ФІФА былі зьменены, каб уключыць усю каманду, а Пэле атрымаў свой мэдаль пераможцы за гэты турнір толькі ў 2007 годзе[36].

Чэмпіянат сьвету 1966

рэдагаваць

Пэле быў самым вядомым футбалістам у сьвеце за часам чэмпіянату сьвету 1966 году ў Ангельшчыне, а Бразылія мела ў складзе некалькі чэмпіёнаў сьвету, у тым ліку Гарынчу, Гілмара і Джалма Сантуса, а таксама іншых зорак, як то Жаірзыньню, Тастан і Жэрсана, што рабіла іх аднымі з галоўных фаварытаў першынства[37]. Бразылія выбыла ў першым раўндзе, згуляўшы ўсяго тры матчы[37]. Чэмпіянат сьвету быў адзначаны, сярод іншага, грубымі фаламі на Пэле, у выніку якіх ён атрымаў траўмы ад баўгарскіх і партугальскіх абаронцаў[38].

Пэле правёў першы гол з штрафнога ўдару ў браму зборнай Баўгарыі, стаўшы першым гульцом, які адзначыўся галамі на трох чэмпіянатах сьвету запар, але праз пашкоджаньне, якое зьявілася ў выніку фалоў з боку баўгараў, ён прапусьціў другую гульню супраць зборнай Вугоршчыны[37]. Бразылія зазнала паразу ў гэтай гульні, і Пэле, які ўсё яшчэ не акрыяў да таго часу, быў вернуты бразыльскім трэнэрам Вісэнтэ Фэолам на апошні важны матч супраць зборнай Партугаліі. Фэола зьмяніў усю абарону, улучна з галкіпэрам, а ў паўабароне вярнуўся да расстаноўкі першага матчу. Падчас гульні абаронца Партугаліі Жуан Мараіш сфаліў на Пэле, але ня быў выдалены судзьдзём Джорджам Макейбам. Гэты крок арбітра рэтраспэктыўна разглядаецца як адная з найгоршых судзёўскіх памылак у гісторыі чэмпіянатаў сьвету[39]. Пэле застаўся на полі, кульгаючы, да канца гульні, бо замены на той час у футболе былі забароненыя[39]. Бразылія саступіла партугальцам, у складзе якіх гуляў Эўсэбію[40]. Пасьля гэтай сустрэчы ён пакляўся, што больш аніколі не будзе гуляць на чэмпіянаце сьвету, аднак гэтую пастанову Пэле пазьней зьмяніў.

Чэмпіянат сьвету 1970

рэдагаваць
 
Зборная Бразыліі на чэмпіянаце сьвету 1970 году з Пэле ў першым шэрагу.

Пэле быў выкліканы ў нацыянальную зборную ў пачатку 1969 году, спачатку ён адмовіўся, але потым пагадзіўся і згуляў у шасьці адборачных матчах чэмпіянату сьвету, правёўшы шэсьць галоў[41]. Чакалася, што чэмпіянат сьвету 1970 году ў Мэксыцы стане апошнім для Пэле. Склад зборнай на турніры меў істотнымі зьмены ў параўнаньні з складам папярэдняга мундыялю. Такія гульцы, як Гарынча, Нілтан Сантус, Валдыр Пэрэйра, Джалма Сантус і Гілмар, ужо завяршылі кар’еру. Тым ня менш, зборная Бразыліі на чэмпіянаце сьвету 1970 году, у якую ўваходзілі такія гульцы, як Пэле, Рывэліну, Жаірзыньню, Жэрсан, Карлус Албэрту Торэс, Тастан і Кладуалду, часта лічыцца найвялікшай футбольнай камандай у гісторыі[42][43][44].

 
Пэле на фатаздымку 1970 году.

Пяцёрка ў складзе Жаірзыньню, Пэле, Жэрсана, Тастана і Рывэліну разам стваралі атакуючы імпульс, прычым Пэле адыгрываў цэнтральную ролю на шляху Бразыліі да фіналу[45]. Усе матчы зборнай Бразыліі на турніры, за выняткам фіналу, праходзілі ў Гвадаляхары, і ў першым матчы супраць зборнай Чэхаславаччыны Пэле забясьпечыў перавагу зборнай зь лікам 2:1, атрымаўшы пас ад Жэрсана і затым ўлучыўшы мяч у браму[46]. Бразылія ў выніку выйграла матч зь лікам 4:1. У першым тайме матчу супраць зборнай Ангельшчыны Пэле ледзь не пацэліў мяч у браму галавой, але ангельскі брамнік Гордан Бэнкс нэўтралізаваў загрозу. У другім тайме ён зрабіў галявую перадачу на Жаірзыньню, які стаў адзіным аўтарам голу ў матчы[47]. У матчы супраць зборнай Румыніі Пэле правёў два галы, у тым ліку адзін з штрафнога, а Бразылія здабыла перамогу зь лікам 3:2. У чвэрцьфінале супраць зборнай Пэру зборная Бразыліі выйграла зь лікам 4:2, а Пэле аддаў галявую перадачу на Тастана. У паўфінале Бразылія перамагла зборную Ўругваю.

Зборная Бразыліі гуляла супраць зборнай Італіі у фінальным матчы[48]. Пэле адкрыў лік у матчы, пацэліўшы мяч ударам галавою. Гэта быў 100-ы гол Бразыліі на чэмпіянатах сьвету, а ўсьцешаны скок Пэле ў абдымкі таварыша па камандзе Жаірзыньню за часам сьвяткаваньня гола лічыцца адным з самых знакавых момантаў у гісторыі чэмпіянатаў сьвету[49]. Затым гулец зрабіў галявыя перадачы ў трэцім і чацьвертым галах Бразыліі. Бразылія выйграла матч зь лікам 4:1, а Пэле атрымаў Залаты мяч як найлепшы гулец турніру[29][50].

Апошнія гады

рэдагаваць

Апошні міжнародны матч Пэле згуляў 18 ліпеня 1971 году супраць зборнай Югаславіі ў Рыю-дэ-Жанэйру. З Пэле на полі рэкорд бразыльскай каманды склаў 67 перамог, 14 нічыіх і 11 паразаў[41], пры гэтым зборная аніводнага разу не зазнавала паразу, калі на полі адначасна былі Пэле і Гарынча[51]. З 77-ю галамі за зборную Бразыліі Пэле трымаў рэкорд найлепшага бамбардзіра каманды больш за пяцьдзесят гадоў, пакуль яго не перабіў Нэймар у верасьні 2023 году[52][53].

  1. ^ а б в Verdens gang (нарв.)(untranslated): (untranslated), 1945. — ISSN 0806-0894
  2. ^ а б в Meghalt Pelé, a Fekete Gyöngyszem
  3. ^ а б в https://www.metropoles.com/esportes/futebol/hospital-albert-einstein-oficializa-causa-da-morte-de-pele
  4. ^ а б https://www.aljazeera.com/news/2022/12/29/brazilian-football-legend-pele-dies-aged-82
  5. ^ Уся статыстыка, якая адносіцца да гадоў між 1957 і 1974, узятая з http://soccer-europe.com/Biographies/Pele.html. Поўны пералік галоў, забітых Пэле, глядзіце на http://pele.m-qp-m.us/english/pele_statistics.shtml.
  6. ^ Pele: My Life and the Beautiful Game
  7. ^ Anibal Massaini Neto (рэжысэр/прадусар), (2004). Pelé Eterno Дакумэнтальны фільм. Пракат у Бразыліі: Anima Produções Audiovisuais Ltda. Астатні сьвет: Universal Studios Home Video
  8. ^ Памёр легендарны бразыльскі футбаліст Пэле.
  9. ^ "The Best of The Best" (анг.). Rsssf.com (19 чэрвеня 2009). Праверана 12 чэрвеня 2010 г.
  10. ^ IFFHS' Century Elections (анг.). Rsssf.com (30 студзеня 2000). Праверана 12 чэрвеня 2010 г.
  11. ^ The Best x Players of the Century/All-Time (анг.). Rsssf.com (5 лютага 2001). Праверана 12 чэрвеня 2010 г.
  12. ^ BBC SPORT | Football | World Cup 2006 | Pele tops World Cup legends poll (анг.). Newsvote.bbc.co.uk (12 чэрвеня 2010). Праверана 12 чэрвеня 2010 г.
  13. ^ http://news.bbc.co.uk/hi/spanish/deportes/newsid_7081000/7081524.stm
  14. ^ https://web.archive.org/web/20110728144846/http://es.fifa.com/classicfootball/news/newsid%3D510053.html
  15. ^ https://web.archive.org/web/20110429082300/http://cuarta.cl/diario/2003/10/05/05.13.4a.DEP.PELE.html
  16. ^ http://www.elgrancampeon.com.ar/index.php?option=com_content&view=article&id=9392%3Amenotti-qpele-fue-el-mas-grande-&catid=24%3Adt&Itemid=28
  17. ^ https://web.archive.org/web/20110222000331/http://www.fifa.com/classicfootball/players/player=63869/index.html
  18. ^ Jack Bell (1 жніўня 2010) Cosmos Begin Anew, With Eye Toward M.L.S (анг.). New York TimesПраверана 4 жніўня 2010 г.
  19. ^ Памёр легендарны бразыльскі футбаліст Пэле.
  20. ^ «Seven the number for Pele». FIFA.
  21. ^ а б Williams, Bob (28.10.2008). «Top 10: Young sporting champions». The Daily Telegraph.
  22. ^ Lang, Jack (7.07.2017). «60 years ago today, Pele scored his first Brazil goal and began a career that would change football». The Independent.
  23. ^ Morrison, Neil; Gandini, Luca; Villante, Eric. «Oldest and Youngest Players and Goal-scorers in International Football». Rec. Sport. Soccer Statistics Foundation.
  24. ^ «Simply the best ever». ABC News.
  25. ^ «Copa 1958». Terra Networks
  26. ^ Gault, Matt (9.07.2015). «Norman Whiteside: world beater at 17, retired by 26». These Football Times.
  27. ^ Hawkes, Will (26.05.2010). «Flashback No 6. Sweden 1958: Pele’s genius propels Brazil to first title». The Independent.
  28. ^ «FIFA World Cup Goal of the Century». FIFA.
  29. ^ а б «The King of football». FIFA.
  30. ^ Pelé (13.05.2006). «How a teenager took the world by wizardry». The Guardian.
  31. ^ «1958 FIFA World Cup Sweden — Awards». FIFA.
  32. ^ Spencer, Jamie (7.09.2015). «The Fascinating Stories Behind 13 Famous Shirt Numbers». 90 Min.
  33. ^ Kunti, Samindra (23.10.2015). «A Look Back at Pelé’s Legendary Takedown of Mexico’s Defense at the 1962 World Cup». Remezcla.
  34. ^ Downie, Andrew (6.07.2014). «Brazilians look to Pele and 1962 for Cup-winning omen». Reuters.
  35. ^ Moore, Glenn (3.06.2006). «Pele: The Greatest». The Independent.
  36. ^ «Pele and Greaves to get World Cup winners medals». The Guardian.
  37. ^ а б в «1966 FIFA World Cup England: Group 3». FIFA.
  38. ^ Burnton, Simon (24.07.2016). «Why not everyone remembers the 1966 World Cup as fondly as England». The Guardian.
  39. ^ а б Collins, Nick (9.07.2010). «World Cup final: 10 top World Cup refereeing errors». The Telegraph.
  40. ^ «1966 FIFA World Cup Portugal v Brazil — Report». FIFA.
  41. ^ а б Mamrud, Roberto. «Edson Arantes do Nascimento „Pelé“ — Goals in International matches». Rec.Sport.Soccer Statistics Foundation.
  42. ^ Bell, Jack (11.07.2007). «1970 Brazilian Soccer Team Voted Best Ever». The New York Times.
  43. ^ Joseph, Paul (9.04.2008). «The boys from Brazil: On the trail of football’s dream team». The Independent.
  44. ^ Baxter, Kevin (10.05.2014). «World Cup: The 10 best teams of all time». Los Angeles Times.
  45. ^ «Mexico in thrall to Brazilians’ beautiful game». FIFA.
  46. ^ «Pele and 1970: How the greatest player of all time cemented his legend». BBC.
  47. ^ «Jairzinho and Banks reunited». BBC.
  48. ^ «World Championship — Jules Rimet Cup 1970 Final». FIFA.
  49. ^ «Coca-Cola Memorable Celebrations 1: Pele’s Iconic Leap of Joy After Scoring Brazil’s Century Goal». Goal.
  50. ^ «Brazil’s heroes of 1970 relive their days of glory». FIFA.
  51. ^ Stevenson, Jonathan (20.01.2008). «Remembering the genius of Garrincha». BBC.
  52. ^ «Neymar passes Pele to become Brazil’s record goalscorer». Raidió Teilifís Éireann.
  53. ^ «Neymar overtakes Pele as Brazil’s leading male goalscorer: 'I never imagined reaching this record'». TNT Sports.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць