Славенская чыгунка
Каардынаты: 46°3′24″ пн. ш. 14°30′33″ у. д. / 46.05667° пн. ш. 14.50917° у. д.
«Славе́нская чыгу́нка» («СЧ») — дзяржаўнае чыгуначнае прадпрыемства Славеніі, заснаванае ў чэрвені 1991 году.
славен. Slovenske železnice | |
Тып | таварыства з абмежаванай адказнасьцю |
---|---|
Заснаваная | 26 чэрвеня 1991 (33 гады таму)[1] |
Уласьнікі | Урад Славеніі |
Краіна | Славенія |
Разьмяшчэньне | Любляна |
Адрас | Коладворская вул., д. 11 |
Ключавыя фігуры | Душан Мес[2], Боян Бранк[3] |
Галіна | сфэра паслугаў |
Паслугі | перавозка грузаў і людзей |
Абарачэньне | ▲422,888 млн эўра (2018 год)[4] |
Апэрацыйны прыбытак | ▲36,269 млн эўра (2018 год) |
Чысты прыбытак | ▼29,736 млн эўра (2018 год) |
Лік супрацоўнікаў | 7490 (2019 год) |
Даччыныя кампаніі | «Грузавыя перавозкі СЧ», «Ферспед» |
За 2018 год прадпрыемства перавезла 13,554 млн чалавек і 20,463 млн тонаў грузаў[4]. На 2020 год ТАА «Славенская чыгунка» ўлучала 9 даччыных прадпрыемстваў: ТАА «Грузавыя перавозкі СЧ», «Паяжджанскія перавозкі СЧ», «Інфраструктура СЧ» і «Цяга і тэхніка СЧ», АТ «Чыгуначнае будаўнічае прадпрыемства СЧ» (79% паёў), ТАА «Чыгуначнае інваліднае прадпрыемства СЧ» і дасьледчы «Інстытут перавозак», АТ «Чыгуначная друкарня СЧ» (64%) і экспэдытарскае ТАА «Ферспед»[5].
Інфраструктура
рэдагавацьНа 2020 год даўжыня чыгункі, якую абслугоўвала ТАА «Інфраструктура СЧ», складала 1207,7 км. Зь іх 333,5 км (27,6%) прыпадала на 2-калейныя шляхі. Агульная працягласьць чыгуначных шляхоў складала 1541,2 км. Найдаўжэйшы чыгуначны мост пралягаў 575 мэтраў у Новым Месьце. Таксама найдаўжэйшым быў Бохінскі тунэль працягласьцю 6327,3 мэтры, што перасякаў Юлійскія Альпы. Найстарэйшым быў адрэзак Паўднёвай дзяржаўнай чыгункі Шэнціль—Цэле, адчынены 2 чэрвеня 1846 году[6]. Сыгнальная гаспадарка чыгункі ўлучала аўтаматычныя блякавальнікі на 311 км шляхоў, аддаленыя накіравальнікі перавозак на 305 км і прылады ўзаемазалежнасьці на 302 км. Налічваўся 721 чыгуначны пераезд, зь якіх 408 (56%) абазначылі андрэеўскім крыжом, 273 (37%) абсталявалі аўтаматычным накіравальнікам, 19 — гукасьветлавой сыгналізацыяй і шлягбаўмам, 16 — дарожным сьвятлафорам і 5 — электронным замком[7]. Прыладамі лічбавай сувязі абсталявалі 545 км (45%) чыгункі, радыёдыспэтчарскімі вузламі — 324 км. На 37 станцыяў сувязі прыпадала 7120 тэлефонных падлучэньняў. Сетка сувязі налічвала 77 лічбавых плезіясынхронных прыладаў і 24 лічбавых сынхронных вузлоў, 37 стацыянарных сыстэмаў сувязі са 125 прыладамі, 1 тэлеграфную станцыю і 34 тэледрукарскія падлучэньні. Яе працу забясьпечвалі 1274 км лініяў электраперадачы, 818 км спадарожнага кабэлю і 576 км аптычнага кабэля. Радыёдыспэтчарскія вузлы працавалі на 164 лякаматыўных стаянках і 68 пастаянных. Сярод высокачастасьцевых вузлоў 644 (64%) былі ручнымі, 261 — перадавальным і 90 — рухомымі[8]. Карткі падпісчыка сотавай сувязі «Славенскай чыгункі» забясьпечвалі роўмінг у чыгуначных сетках суседніх Аўстрыі, Вугоршчыны і Італіі[9].
Большасьць лініяў электраперадачы (ЛЭП) «Славенскай чыгункі» выкарыстоўвала пастаянны ток напругай 3000 вольт. На зьменны ток пераходзілі на памежных пераходах, дзе выкарыстоўвалі напругу суседніх краінаў: Аўстрыі — 15 Квольт і 16,67 гэрц, Вугоршчыны і Харватыі — 25 Квольт і 50 гэрц. На 25 вузлах электрасілкаваньня стаяла па 2 выпрамнікі магутнасьцю 667, 1000, 1500 і 2000 ампэраў. Чыгуначная электрасетка падзялялася ўздоўж і ўпоперак звыш 700 перамыкачамі. Уздоўж галоўных шляхоў ідуць па 2 кантактныя дроты таўшчынёй 100 мм² у сечыве і 2 дапаможныя дроты па 120 мм². Працягласьць электрыфікаваных шляхоў чыгункі перавышала 1400 км (90%), самой чыгункі — 609,7 км (50%), у тым ліку 330,9 км (54%) — 2-калейнай[10]. Збудаваньні чыгункі ўлучалі 372 пэроны агульнай даўжынёй 44,6 км, 87 тунэляў працягласьцю 35,64 км і 435 мастоў даўжынёй 12 км, 2900 водных ходняў даўжынёй 6 км і 5 галерэяў на 560 мэтраў[11]. Усе шляхі «Славенскай чыгункі» мелі каляіну шырынёй 1435 мм. Агулам налічвалася каля 2400 стрэлачных пераводаў[12]. Таксама ТАА «Інфраструктура СЧ» утрымлівала 1213 будынкаў «Славенскай чыгункі»: 841 (69%) склад і майстэрню, 228 паяжджанскіх станцыяў, 82 сядзібы кіраваньня перавозкамі і 35 жылых дамоў, 17 вузлоў электрасілкаваньня і 10 грузавых станцыяў[13].
Грузаперавозкі
рэдагавацьНа 2020 год ТАА «Грузавыя перавозкі СЧ» належала таварня «Сісак 3» пры Копэрскай прыстані на Адрыятычным моры, што ўлучала 3 склады шырынёй па 15 мэтраў і плошчай па 3600 м²[14]. Кантэйнэрныя таварні працавалі таксама ў Любляне з 16 маразільнікамі, Марыборы і Цэле[15]. Грузавы цягнік «Сава Экспрэс» хадзіў між Люблянай і сэрбскім Бялградам праз Харватыю штодня з панядзелка па суботу: у бок Сэрбіі з панядзелка па чацьвер і ў суботу, у бок Славеніі па панядзелках, чацьверах і суботах[16]. Адначасна ТАА «Паяжджанскія перавозкі СЧ» штодня пускалі цягнік для перавозкі аўтамабіляў вышынёй да 3 мэтраў і шырынёй да 2,4 мэтру праз Бохінскі тунэль. Гэты цягнік злучаў Бохінскую Быстрыцу з Падбрдом, Мастом-на-Сочы і Новай Гарыцай — і тым самым Верхнюю Крайну з Прымор’ем[17]. Таксама праз Славенію праходзілі 2 чыгуначныя грузавыя калідоры Эўропы:
- Балтыйска-Адрыятычны № 5 — зьвязвае 2 польскія парты Гдыню і Сьвінавуйсьце (Заходнепаморскае ваяводзтва) са славенскім Копэрскім портам і італьянскім Трыестам, а таксама спадарожна злучае наземныя таварні ў Польшчы (Катавіцы), Славаччыне (Жыліна і Браціслава), Чэхіі (Острава), Аўстрыі (Вена, Клягенфурт і Грац), Славеніі (Марыбор і Любляна) і Італіі (Трыест)[18];
- Сяродземнаморскі № 6 — зьвязвае 3 гішпанскія парты Альмэрыю, Валенсію і Барсэлёну з вугорскімі таварнямі ў Будапэшце і Загоні на мяжы з Украінай, а таксама спадарожна злучае наземныя таварні ў Гішпаніі (Мадрыд і Сарагоса) ды парты і таварні ў Францыі (Марсэль і Ліён), Італіі (Турын, Мілян, Вэрона, Падуя, Вэнэцыя і Трыест) і Славеніі (Копэр і Любляна)[19].
Перавозка людзей
рэдагавацьНа 2020 год ТАА «Паяжджанскія перавозкі СЧ» ажыцьцяўлялі перавозку людзей праз 24 гарады Славеніі ў 17 напрамках, зь іх у 5 напрамках са сталіцы: 1) Любляна—Есэніцэ, 2) Любляна—Зідані Мост, 3) Любляна—Камнік, 4) Любляна—Новае Места, 5) Любляна—Піўка—Сэжана, 6) Зідані Мост—Добава, 7) Зідані Мост—Марыбор, 8) Марыбор—Прэвалье, 9) Марыбор—Срэдзішча—Лендава, 10) Цэле—Імено, 11) Цэле—Вяленье, 12) Есэніцэ—Новая Гарыца, 13) Новае Места—Мэтліка, 14) Новая Гарыца—Айдоўшчына—Сэжана, 15) Дзівача—Копэр, 16) Ормаж—Ходаш, 17) Сеўніца—Трэбне[20]. «Славенская чыгунка» выкарыстоўвала 5 відаў пасажырскіх цягнікоў: 1) рэгіянальны — штодзённы бяз броні, 2) міжгародні — на маршрутах Любляна—Марыбор і ўлетку Ходаш—Любляна—Копэр; 3) эўрапейскі — міжнародны; 4) эўраначны — міжнародны са спальным месцам; 5) міжнародны — прыпыняецца толькі ў буйных гарадах[21]. Перавозкі за мяжу ажыцьцяўляліся ў Турэччыну (Стамбул) і 19 гарадоў у 8 краінах Эўропы: Аўстрыю (Вена, Грац, Зальцбург і Філях), Вугоршчыну (Будапэшт), Італію (Опіціна, Трыест і Ўдынэ) і Харватыю (Загрэб, Опація, Пула, Рыека і Спліт), а таксама Босьнію і Герцагавіну, Нямеччыну (Мюнхэн і Франкфурт-на-Майне), Сэрбію (Бялград), Чэхію (Прага) і Швайцарыю (Цюрых)[22]. Таксама ў чыгуначных касах Славеніі прадавалі квіткі на цягнікі ў яшчэ 6 краінаў Эўропы: Баўгарыю, Данію, Нідэрлянды, Паўночную Македонію, Славаччыну і Чарнагорыю(Цюрых)[23].
Мінуўшчына
рэдагаваць26 чэрвеня 1991 году ўрад Славеніі ўтварыў «Славенскую чыгунку». 10 чэрвеня 1992 году прадпрыемства стала сябрам Міжнароднага зьвязу чыгунак (Парыж, Францыя). Пры канцы 1992 году «Славенская чыгунка» атрымала код 79 замест югаслаўскага 72 і займела лягатып, які распрацаваў дойлід Ніно Ковачэвіч. 5 верасьня 2000 году міжгародні электрацягнік пачаў хадзіць па маршруце Любляна—Марыбор. Для яго італьянскі завод «Фіят Чыгунка» паставіў тры 3-складовыя электрарухавікі «СЧ 310» з нахіляльным мэханізмам «Маятнік», якія распрацаваў на аснове хуткаснага электрацягніка 460. 26 верасьня 2000 году першы электрацягнік з 2-складовым рухавіком «СЧ 312» пусьцілі з Марыбору ў Любляну. Да 15 чэрвеня 2002 году «Марыборскі завод новага рухомага саставу» сабраў 30 такіх рухавікоў, якія нямецкі «Сымэнс» (Мюнхэн) распрацаваў на аснове рухавіка «Дэзіро». 16 траўня 2001 году старшыні ўрадаў Вугоршчыны і Славеніі Віктар Орбан і Янез Дрноўшак адчынілі памежны чыгуначны пераезд у Ходашы. 1 чэрвеня 2003 году ўрад Славеніі пераўтварыў акцыянэрнае таварыства «Славенская чыгунка» ў холдынгавае ТАА. У 2004 годзе падпарадкаваньні холдынга стварылі 3 даччыныя прадпрыемствы: ТАА «Грузавыя перавозкі СЧ», «Паяжджанскія перавозкі СЧ» і «Інфраструктура СЧ». У 2005 годзе пусьцілі першы дызэль-цягнік «СЧ 813» і адчынілі новы чыгуначны пераезд Добава на мяжы з Харватыяй. Таксама ў лізінг ад «Сымэнс Дыполёк» узялі 2 электрычныя лякаматывы. У 2006 годзе на «Славенскую чыгунку» паступілі 16 апошніх са 100 замоўленых крытых 4-восевых грузавых вагонаў, а таксама першы з 20 рухавікоў 541-101. У 2008 годзе ў «Сымэнса» замовілі 12 шматсыстэмных электрарухавікоў. 15 студзеня 2009 году ў італьянскім Удынэ (рэгіён Фрыўлі-Вэнэцыя-Джулія) адчынілі замежнае прадстаўніцтва. 1 лістапада 2010 году «Славенская чыгунка» ўвяла паслугі мытнай лягістыкі. Цягам 2010 году адбыўся пераход на Эўрапейскую сыстэму кіраваньня чыгуначным рухам (ЭСКЧР), што ўлучала Эўрапейскую сыстэму кіраваньня цягнікамі (ЭСКЦ) і лічбавую сотавую сувязь. У 2012 годзе Галоўную майстэрню чыгункі пераўтварылі ў ТАА «Цяга і тэхніка СЧ». У 2013 годзе «Славенская чыгунка» набыла экспэдытарскае ТАА «Ферспед». 27 верасьня 2013 году кіраўніка «Славенскай чыгункі» Душана Меса абралі ў склад управы Супольнасьці эўрапейскіх чыгунак[24].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Ёсіп Орбаніч. Дваццаць гадоў Славенскай чыгунцы (слав.) = Dvajset let Slovenskih železnic // Новы шлях : часопіс. — Любляна: Чэрвень 2011. — С. 3-5.
- ^ Кіраўніцтва (слав.) // ТАА «Славенская чыгунка», 2020 г. Праверана 10 красавіка 2020 г.
- ^ Назіральная рада (слав.) // ТАА «Славенская чыгунка», 2020 г. Праверана 10 красавіка 2020 г.
- ^ а б Справаздача за 2018 год (слав.) // ТАА «Славенская чыгунка», 20 траўня 2019 г. Праверана 10 красавіка 2020 г.
- ^ Асабовае пасьведчаньне (слав.) // ТАА «Славенская чыгунка», 2020 г. Праверана 10 красавіка 2020 г.
- ^ Чыгуначныя шляхі (слав.) // ТАА «Славенская чыгунка», 2020 г. Праверана 10 красавіка 2020 г.
- ^ Сыгнальная бясьпека (слав.) // ТАА «Славенская чыгунка», 2020 г. Праверана 10 красавіка 2020 г.
- ^ Сувязь (слав.) // ТАА «Славенская чыгунка», 2020 г. Праверана 10 красавіка 2020 г.
- ^ Рухомая сувязь чыгункі (слав.) // ТАА «Славенская чыгунка», 2020 г. Праверана 10 красавіка 2020 г.
- ^ Электраэнэргетыка (слав.) // ТАА «Славенская чыгунка», 2020 г. Праверана 10 красавіка 2020 г.
- ^ Збудаваньні (слав.) // ТАА «Славенская чыгунка», 2020 г. Праверана 10 красавіка 2020 г.
- ^ Надбудовы (слав.) // ТАА «Славенская чыгунка», 2020 г. Праверана 10 красавіка 2020 г.
- ^ Будынкі (слав.) // ТАА «Славенская чыгунка», 2020 г. Праверана 10 красавіка 2020 г.
- ^ Найм складзкіх плошчаў (слав.) // ТАА «Славенская чыгунка», 2020 г. Праверана 10 красавіка 2020 г.
- ^ Камбінаваныя перавозкі (слав.) // ТАА «Славенская чыгунка», 2020 г. Праверана 10 красавіка 2020 г.
- ^ «Сава Экспрэс» - якасныя перавозкі між Славеніяй і Сэрбіяй (слав.) // ТАА «Славенская чыгунка», 2020 г. Праверана 10 красавіка 2020 г.
- ^ Аўтацягнік (слав.) // ТАА «Славенская чыгунка», 2020 г. Праверана 10 красавіка 2020 г.
- ^ Калідор спаборных грузаперавозак № 5 - Балтыйска-адрыятычны (слав.) // ТАА «Славенская чыгунка», 2020 г. Праверана 10 красавіка 2020 г.
- ^ Калідор спаборных грузаперавозак № 6 - Сяродземнаморскі (слав.) // ТАА «Славенская чыгунка», 2020 г. Праверана 10 красавіка 2020 г.
- ^ Расклад руху паводле напрамкаў (слав.) // ТАА «Славенская чыгунка», 2020 г. Праверана 10 красавіка 2020 г.
- ^ Віды цягнікоў (слав.) // ТАА «Славенская чыгунка», 2020 г. Праверана 10 красавіка 2020 г.
- ^ Падарожніцтва за мяжу (анг.) // ТАА «Славенская чыгунка», 2020 г. Праверана 10 красавіка 2020 г.
- ^ Іншыя напрамкі (анг.) // ТАА «Славенская чыгунка», 2020 г. Праверана 10 красавіка 2020 г.
- ^ Гісторыя (слав.) // ТАА «Славенская чыгунка», 2015 г. Праверана 10 красавіка 2020 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Навіны (слав.) // ТАА «Славенская чыгунка», 19 сакавіка 2020 г. Праверана 10 красавіка 2020 г.
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |