Копэрскі порт

марская прыстань Славеніі, заснаваная ў траўні 1957 году

Каардынаты: 45°33′25″ пн. ш. 13°44′38″ у. д. / 45.55694° пн. ш. 13.74389° у. д. / 45.55694; 13.74389

«Ко́пэрскі порт» — марская прыстань Славеніі, заснаваная ў траўні 1957 году.

«Копэрскі порт»
славен. Luka Koper
Тып акцыянэрнае таварыства
Лістынг на біржы Любляна: LKPG
Заснаваная 23 траўня 1957 (67 гадоў таму)
Уласьнікі урад Славеніі (51%), «Славенскі дзяржаўны холдынг» (11,13%), «Капітальнае таварыства» (4,98%), меская абшчына Копэра (3,14%), «Сіцібанк» (2,47%)[1]
Краіна Славенія
Разьмяшчэньне Узьбярэжна-карставая вобласьць
Адрас Копэр, наберажная Войкава, д. 38
Ключавыя фігуры Дзімітры Задзел, Урош Іліч[2].
Галіна сфэра паслугаў
Паслугі пагрузка і разгрузка на прыстані, складаваньне
Абарачэньне 222,98 млн эўра (2018 г.)[3]
Апэрацыйны прыбытак 68,745 млн эўра (2018 г.)
Чысты прыбытак 58,589 млн эўра (2018 г.)
Лік супрацоўнікаў 1089 (2019 г.)
Матчына кампанія урад Славеніі
Даччыныя кампаніі ТАА «Адрыя тэрміналы» (Сэжана) і ТАА «Копэрскі порт Інпо»
Аўдытар «Біндэр-Дыйкер-Отэ» (Завэнтэм, прав. Флямандзкі Брабант, Бэльгія)

На 2019 год быў найбольшай прыстаньню на поўначы Адрыятычнага мора. Налічваў 12 тэрміналаў. У Копэрскім порце дзейнічала 38 суднаходных лініяў, зь іх 13 аўтамабільна-перавалачных і па 12 звычайных і кантэйнэрных[4]. Цягнікі зьвязвалі прыстань з 11 краінамі Эўропы — Аўстрыяй, Баўгарыяй, Вугоршчынай, Італіяй, Нямеччынай, Польшчай, Румыніяй, Славаччынай, Сэрбіяй, Харватыяй і Чэхіяй[5].

На 2019 год АТ «Копэрскі порт» улучала:

  • 5 асяродкаў прыбытку (тэрміналаў) — 1) аўтамабільна-перавалачны, 2) звычайных грузаў, 3) кантэйнэрны, 4) падарожніцкі, 5) сыпкіх і вадкіх грузаў;
  • 14 аддзелаў — апэратыўны, аховы здароўя супрацоўнікаў і экалёгіі, кадравы, кіраваньня, камэрцыйны, набыцьця і абслугоўваньня, партовай бясьпекі, прававы, разьвіцьця справавых працэсаў, стратэгічнага разьвіцьця, сувязяў з грамадзкасьцю, укладаньняў, унутранай рэвізіі, фінансаў і рахункаводзтва;
  • 10 дачынных прадпрыемстваў — па 100% паёў у ТАА «Адрыя тэрміналы» (Сэжана), ТАА «Адрыя ўкладаньні», ТАА «Копэрскі порт Інпо», ТАА «Логіс Нова» (Мурска Собата) і ТАА «Прыстань Копэрскага порта», 68% у ТАА «Тэхналягічна-асяродзьдзевы і лягістычны цэнтар» (Дэкані), па 50% у ТАА «Адрыя-буксір», ТАА «Адрыя транспарт» і ТАА «Адрыяфін», а таксама 49% у ТАА «Аўтасэрвіс»[6];
  • 3 замежныя прадстаўніцтвы ў Аўстрыі (Вена), Вугоршчыне (Будапэшт) і Чэхіі (Прага)[7].

Тэрміналы

рэдагаваць
 
Выгляд з мора (2008 год)

На 2019 год АТ «Копэрскі порт» налічвала 12 тэрміналаў:

  • астуджаных грузаў — 3 прычалы, 0,2 га маразільнікаў і 2,58 га лядоўняў;
  • аўтамабільна-перавалачны — 7 прычалаў, склад на 6000 самаходаў і адкрытая пляцоўка на 44 000 самаходаў;
  • вадкіх грузаў — 5 прычалаў і 51 рэзэрвуар агульным абсягам на 203 000 кубамэтраў;
  • вугалю і жалезнай руды — 3 прычалы і склады на 400 000 тонаў;
  • гліназёму — 1 прычал і склад на 20 000 тонаў;
  • драўніны — 6,05 га складоў і 9 га адкрытых пляцовак;
  • жывёлы — 2 прычалы і 2 стайні на 1300 галоваў;
  • звычайных грузаў — 6 прычалаў, 13,94 га складоў і 4 га адкрытых пляцовак;
  • кантэйнэрны — 4 прычалы, пляцоўка для 19130 20-футавых кантэйнэраў і 9547 пустых кантэйнэраў;
  • падарожніцкі — 420 мэтраў прыстані за 200 мэтраў ад галоўнай плошчы Копэра;
  • сыпкіх грузаў — 3 прычалы, склады на 80 000 тонаў і адкрытыя пляцоўкі на 40 000 тонаў;
  • сіласны — сілас на 60 000 тонаў і пляцоўка на 55 000 тонаў[8].

Уласьнікі

рэдагаваць
 
Партовыя краны Копэра (2009 г.)

На пачатак 2019 году 10 найбольшымі пайшчыкамі (76,48 %) АТ «Копэрскі порт» былі: урад Славеніі — 51 %, АТ «Славенскі дзяржаўны холдынг» — 11,13 %, АТ «Капітальнае таварыства» — 4,98 % (Любляна), меская абшчына Копэра — 3,14 %, «Сіцібанк» як даверны кіраўнік (Нью-Ёрк, ЗША) — 2,47 %, АТ «Харвацкі паштовы банк» (Загрэб) — 0,93 %, АТ «Страхавальнік Трыглаў» (Любляна) — 0,81 %, АТ «Банк Кліарстрым» як даверны кіраўнік (Люксэмбург) — 0,75 %, ТАА «Утыліко разьвіцьцёвыя рынкі» (Эпсам, графства Сары, Ангельшчына) — 0,7 % і АТ «Загрэбскі банк» (Харватыя) — 0,57 %. Яшчэ 15,71 % паёў належала фізычным асобам. Замежныя юрыдычныя асобы валодалі 8,95 % паёў. Узаемныя і пэнсійныя фонды мелі 1,05 %[1].

Мінуўшчына

рэдагаваць
 
Копэрская прыстань (1962 г.)

23 траўня 1957 году заснавалі Копэрскую прыстань. У жніжні 1957 году землясмокавы карабель «Петэр Клепец» пачаў капаць марское дно на паўночным узьбярэжжы Копэра (Народная Рэспубліка Славенія, ФНР Югаславія). Праз 1,5 гады пабудавалі першы прычал, дзе прышвартавалі акіянічны лайнэр «Горыца» славенскага прадпрыемства «Агульнае плаваньне» зь Пірану. У 1961 годзе прыстань перайменавалі ў порт. У 1963 годзе заснавалі мытную прастору. 2 сьнежня 1967 году 31 км чыгункі злучыў Копэрскі порт з Прэшніцай, што дазволіла дастаўляць грузы цягнікамі з замежжа. У 1968 годзе стварылі тэрмінал нафтапрадуктаў. У 1972-м — тэрмінал хімікаліяў. У 1973 годзе пры пагрузцы сталі выкарыстоўваць кантэйнэры, што павялічыла грузаабарот амаль да 2 млн тонаў за год. У 1974 годзе заснавалі першую кантэйнэрную лінію для Міжземнамор'я. У 1979 годзе адчынілі кантэйнэрны тэрмінал на сталёвых палях. У 1984-м стварылі тэрмінал сыпкіх грузаў. На адным зь яе прычалаў узьвялі сіласную вежу для збожжа. У 1988 годзе пабудавалі склад бавоўны і тэрмінал для борату і фосфарыстай кісьлі. У 1989-м узьвялі тэрміналы для нафты і гліназёму. У выніку прапускная здольнасьць порта дасягнула 5 млн тонаў[9].

У 1990-я гады большасьць грузаў сталі пастаўляць з краінаў Сярэдняй Эўропы. У 1996-м порт пераўтварылі ў акцыянэрнае таварыства, чые паі разьмясьцілі на Люблянскай біржы. Адначасна адчынілі тэрмінал аўтамабіляў. У 2000 годзе ААТ «Копэрскі порт» атрымала ў 30-гадовую саступку кантэйнэрны тэрмінал у італьянскім порце Трыеста. У 2004-м тэрмінал сыпкіх грузаў пераўтварылі ў энэргетычны. Гадавы грузаабарот перавысіў 12 млн тонаў. У 2007 годзе ў Сэжане стварылі дачыннае ТАА «Адрыя тэрміналы» для кіраваньня складамі плошчай 11 га. Адначасна адчынілі замежнае прадстаўніцтва ў Малайзіі. У 2008-м урад Славеніі і АТ «Копэрскі порт» заключылі дамову аб саступцы кіраваньня прыстаньню на 35 гадоў. Таксама адчынілі склад на 2750 аўтамабіляў. Даччынае прадпрыемства «Адрыя транспарт» набыло 3 лякаматывы для перавозак з Аўстрыі і Нямеччыны. У 2009 годзе ў кантэйнэрны тэрмінал набылі 4 высокамагутныя краны, што дазволіла прымаць караблі грузападымальнасьцю да 8000 20-футавых кантэйнэраў. Таксама дабудавалі склад на 4100 аўтамабіляў. У 2010 годзе зьявілася кантэйнэрная лінія, што зьвязала Копэрскі порт з Далёкім Усходам. У выніку грузапаток перавысіў 400 000 кантэйнэраў, што зрабіла адпаведны тэрмінал Копэра найбольшым у паўночнай Адрыятыцы. Па выніках году Копэрскі порт стаў асноўным для Аўстрыі пры ўвозе і вывазе тавараў. У 2011 годзе, праз 6 гадоў ад пачатку працы падарожніцкага тэрміналу лік гасьцей перавысіў 100 000 чалавек. У 2013 годзе глыбіню марскога дна ў порце павялічылі да 13 мэтраў, што дазволіла прымаць кантэйнэравозы з уляганьнем да 12,5 мэтру замест ранейшых 11,4 мэтру. У 2016-м грузапаток перавысіў 22 млн тонаў. У тым ліку праз кантэйнэрны тэрмінал прайшло звыш 800 000 кантэйнэраў[9].

 
Карабель у падарожніцкім тэрмінале (2011 г.)

За 2018 год «Копэрскі порт» прыняў 75 караблёў са 101 415 падарожнікамі[10], што было на 41 % больш чым у 2017 годзе. Грузапаток вырас да 24,049 млн тонаў. Зь іх 39,6 % склалі кантэйнэры (988 499 адзінак), 33,2 % — сыпкія грузы, 16 % — вадкія грузы, 6,4 % — звычайныя грузы і 4,8 % — аўтамабілі (754 409 адзінак)[3].

Кіраўнікі

рэдагаваць
  • Мірка Коршыч (1 верасьня 1957 — 4 жніўня 1959)
  • Даніла Петрынья (5 жніўня 1959 — 13 красавіка 1970)
  • Эгон Прынчыч (14 красавіка 1970 — 27 лютага 1975)
  • Бранка Магайна (28 лютага 1975 — 26 красавіка 1977)
  • Бруна Карэліч (10 кастрычніка 1977 — 30 красавіка 1982)
  • Руды Дуйц (1 траўня 1982 — 30 чэрвеня 1986)
  • Бруна Карэліч (1 ліпеня 1986 — 30 чэрвеня 1990)
  • Руды Дуйц (1 ліпеня 1990 — 11 ліпеня 1993)
  • Бруна Карэліч (12 ліпеня 1993 — 25 ліпеня 2005)
  • Робэрт Часар (24 кастрычніка 2005 — 15 чэрвеня 2009)
  • Грэгар Весялко (16 чэрвеня 2009 — 6 верасьня 2013)
  • Боян Бранк (7 верасьня 2012 — 6 верасьня 2013)
  • Гашпар Мішыч (7 верасьня 2013 — 11 красавіка 2014)
  • Драгамір Маціч (10 чэрвеня 2014 — 2017)
  • Дзімітры Задзел (з 29 сьнежня 2017 году)
  1. ^ а б Уласьніцкая будова (слав.) // АТ «Копэрскі порт», 31 сьнежня 2018 г. Праверана 30 траўня 2019 г.
  2. ^ Кіраўніцтва прадпрыемства (слав.) // АТ «Копэрскі порт», 2019 г. Праверана 30 траўня 2019 г.
  3. ^ а б Справаздача холдынга і АТ «Копэрскі порт» за 2018 год (слав.) // АТ «Копэрскі порт», 10 красавіка 2019 г. Праверана 30 траўня 2019 г.
  4. ^ Суднаходныя сувязі (слав.) // АТ «Копэрскі порт», 2019 г. Праверана 31 траўня 2019 г.
  5. ^ Чыгуначныя сувязі (слав.) // АТ «Копэрскі порт», 2019 г. Праверана 30 траўня 2019 г.
  6. ^ Уладкаваньне мацярынскага прадпрыемства і ўласьніцкія долі (слав.) // АТ «Копэрскі порт», 2019 г. Праверана 30 траўня 2019 г.
  7. ^ Прадстаўніцтвы (слав.) // АТ «Копэрскі порт», 2019 г. Праверана 30 траўня 2019 г.
  8. ^ Тэрміналы (слав.) // АТ «Копэрскі порт», 2019 г. Праверана 30 траўня 2019 г.
  9. ^ а б Больш пра мінуўшчыну (слав.) // АТ «Копэрскі порт», 2019 г. Праверана 30 траўня 2019 г.
  10. ^ Падарожніцкі тэрмінал (слав.) // АТ «Копэрскі порт», 2019 г. Праверана 31 траўня 2019 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць