Біблейская Камісія

Белару́ская Бібле́йская Камі́сія (Біблейская Камісія Беларускага Экзархата РПЦ) створаная ў 1989 годзе. Мэта Камісіі — падрыхтаваць прымальныя для Царквы пераклады на сучасную беларускую мову Сьвятога Пісаньня і літургічных тэкстаў, а ў выніку выпрацаваць такі варыянт царкоўна-беларускай мовы, які бы не руйнаваў старажытнай славянскай традыцыі, а разам з тым адпавядаў бы кадыфікацыі нацыянальнае моўнае сыстэмы.

Наяўныя вынікі: чатырохмоўныя (на грэцкай, царкоўнаславянскай, рускай і беларускай мовах), з паралельнымі месцамі выданьнт Эвангельляў; «Кароткі царкоўнаславянска-беларускі слоўнік» (1996), «Скарочаны малітоўнік» (1998), беларускамоўныя «Збор імёнаў сьвятых» (1995), «Малебен за беларускі народ з акафістам сьвятым пакутнікам Віленскім Антонію, Іаану і Яўстафію» (1998), «Бажэсцьвенная Літургія» (1998), «Малебен з малым вадаасвячэньнем і асвячэньнем іконы» (1999).

Пераклад Новага Запавету Камісія выконвае з «агульнапрынятага тэксту» (Textus Receptus), звяртаючыся таксама да «крытычных выданьняў», фіксуючы разыходжаньні і адрозненьні, уласцівыя гэтым тэкстам. Улічваецца досьлед перакладу Эвангельля на розныя мовы сьвету, асабліва сучасныя славянскія. Бярэцца да ўвагі ўсё, што раней зроблена беларускімі перакладнікамі як праваслаўнымі, так і прадстаўнікамі іншых канфэсіяў (Леанід Л.Дзекуць-Малеем і А.Луцкевічам, П.Татарыновічам, Я.Станкевічам, М.Міцкевічам і інш.). Досьлед папярэднікаў ня толькі абагульняецца, але і дасканала аналізуецца. Пры дапамозе адмысловых тэстаў правяраецца, як актыўныя носьбіты беларускай мовы ўспрымаюць розныя варыянты «абеларушваньня» адпаведнага фонду лексыкі і канкрэтнай тэрміналёгіі, якая прапаноўваецца наўзамен царкоўнаславянскай.

Усе пераклады стала ўдасканальваюцца, апрабуючыся першым чынам сьвятарамі, задзейнічанымі ў Камісіі.

Практыка актыву Беларускае Біблейскай камісіі ўключае таксама падрыхтоўку перакладных і ўласных матэрыялаў на рэлігійную тэматыку для пэрыядычных выданьняў Царквы — «Праваслаўе», «Ортапрэс», «Весьнік Беларускага Экзархата», «Царкоўнае слова» і інш.

Беларуская Біблейская Камісія падтрымлівае сувязі з Аб’яднанымі біблейскімі грамадзтвамі, Біблейскім грамадзтвам Рэспублікі Беларусь, сэкцыяй перакладу Саюза беларускіх пісьменьнікаў і асабліва цеснае — зь Беларускім праваслаўным брацтвам сьв. віленскіх пакутнікаў, ажыцьцявіўшы сумесна шэраг выданьняў, якія падрыхтаваныя самой Камісіяй, а таксама распрацаваўшы сэрыю зборнікаў «Праваслаўе ў славянскіх культурных традыцыях».

Досьлед працы Камісіі па розных аспэктах абагульнены ў манаграфіі І. А. Чароты «Беларуская мова і Царква».

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць