Віленскія мучанікі

беларускія хрысьціянскія сьвятыя

Віленскія мучанікібеларускія сьвятыя Антон, Ян і Яўстах, якіх закатавалі ў 1347 годзе ў Вільні за прапаведаваньне хрысьціянства[1].

Антон, Ян і Яўстах
Абраз у Петрапаўлаўскім саборы (Менск, 2005 год)
Сьвяты
Сьвецкае імя Круглец, Няжыла і Кумец
Нарадзіўся пачатак XIV стагодзьдзя
Памёр 1347
Шануецца праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі
Кананізаваны 1374
У ліку мучанікаў
Галоўная сьвятыня Віленскі Духаўскі манастыр
Дзень памяці 27 красавіка [ст. ст. 14 красавіка] , 26 ліпеня [ст. ст. 13 ліпеня]
Патрон Вільні
Падзьвіжніцтва прапаведніцтва ў Вільні

Браты Круглец і Няжыла таемна прынялі хрышчэньне пад імёнамі Антон і Ян ад сьвятара Нестара. Пасьля іх Кумец хрысьціўся пад імем Яўстах[2]. Сталі ў Вільні прыдворнымі прапаведнікамі вялікай княгіняй літоўскай Марыі Яраслаўны[3], якая памерла ў 1346 годзе. Увесну 1347 году падчас Вялікага посту прылюдна адмовіліся есьці мяса і галіць бараду, што стала зачэпкай для зьняволеньня і катаваньня ў турме. 14 і 24 красавіка ды 13 сьнежня 1347 году Антона, Яна і Яўстаха паводле чаргі павесілі[2].

Іх памяць ушаноўваюць 27 красавіка [ст. ст. 14 красавіка] ў дзень памяці Антона і 26 ліпеня [ст. ст. 13 ліпеня] ў дзень вяртаньня мошчаў у Вільню ў 1946 годзе[2], а таксама ў 3-ю нядзелю перад Раством Хрыстовым у сьнежні[1]. Ад 1991 году ў Менску дзейнічае праваслаўнае брацтва Віленскіх мучанікаў[3].

Паходжаньне

рэдагаваць
Асноўныя артыкулы: Ліцьвіны і Русіны

Жывоты кажуць, што віленскія мучанікі былі «родам Літвы», а «…літоўскія ж ім імёны Круглец, Кумец, Няжыла»[4][5].

У сваім пахвальным слове віленскім мучанікам, створаным паміж 1390 і 1394 гадамі, прасьвітар Канстантынопальскага патрыярхату Міхаіл Вальсамон пісаў, што яны былі русінамі, але ня з тых русінаў, што жывуць бліжэй да Бізантыі, а з тых, што жывуць далей на поўнач і завуцца ліцьвінамі[6][7].

 
Мошчы Віленскіх мучанікаў у царкве Сьвятой Тройцы (Вільня, 2010 год)

Першапачаткова Антона, Яна і Яўстаха пахавалі ў віленскай царкве сьвятога Міколы. Хрысьціяне пачалі ўшаноўваць іх памяць у якасьці сьвятых[2]. Пасьля 1350 году паводле жаданьня наступнай вялікай княгіні літоўскай Юльяны Аляксандраўны на месцы згубы віленскіх мучанікаў узьвялі капліцу[8]. Да 1370-х гадоў тамсама на жаданьне Юльяны Аляксандраўны пабудавалі царкву Сьвятой Тройцы[9].

У 1374 годзе канстанцінопальскі патрыярх Філафей кананізаваў Яна, Антона і Яўстаха ў якасьці сьвятых мучанікаў на просьбу свайго апаклісарыя Кіпрыяна, які ў 1375 годзе стаў кіеўскім мітрапалітам. Пры гэтым у Сафійскі сабор Канстантынопалю перанесьлі частку іх мошчаў. Адначасна склалі «Сказаньне пра віленскіх мучанікаў Яна, Антона і Яўстаха» і царкоўную службу пра іх. У 1390-я гады Міхаіл Вальсамон склаў пра іх пахвальнае слова на грэцкай мове. Наступны кіеўскі мітрапаліт Фоцій насіў вялікі сакас (адзеньне) з выявай віленскіх мучанікаў, які захаваўся да нашых дзён. Ушанаваньне іх памяці ў Літоўскай мітраполіі ахапіла ўсе землі Вялікага Княства Літоўскага[2].

У XVI стагодзьдзі іх мошчы разьмясьцілі ў віленскім манастыры Сьвятога Духа[9]. У 1880-я гады мастак Іван Трутнеў намаляваў карціну «Віленскія мучанікі Антон і Ян». У 1915 годзе мошчы мучанікаў вывезьлі ў Маскву на загад віленскага архіяпіскапа Ціхана[2], які ў 1917 годзе стаў маскоўскім патрыярхам. У 1946 годзе мошчы вярнулі ў віленскі сабор манастыра Сьвятога Духа[10].

У 1969 годзе папа рымскі Павал VI дадаў ушанаваньне Антона, Яўстаха і Яна ў каталіцкі каляндар на 14 красавіка[11].

У 1991 годзе ў Менску заснавалі праваслаўнае брацтва Віленскіх мучанікаў. У ліпені 1993 году частку іх мошчаў заклалі ў абраз Віленскіх мучанікаў і перавезьлі ў менскі Петрапаўлаўскі сабор[3].

  1. ^ а б Мучанікі Антон, Ян і Яўстах Віленскія // Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, 2022 г. Праверана 27 сьнежня 2022 г.
  2. ^ а б в г д е Тры віленскія пакутнікі // Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў, маст. Эдуард Жакевіч. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — С. 525. — 527 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0214-8
  3. ^ а б в Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 21 сакавіка 2014. — № 52 (27662). — С. 12. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ Baronas D. Trys Vilniaus kankiniai: gyvenimas ir istorija. — Vilnius, 2000. S. 252, 268, 278, 286.
  5. ^ Станкевіч Я. Нарысы зь гісторыі Вялікалітвы-Беларусі // Станкевіч Я. Гістарычныя творы. — Менск, 2003. С. 636.
  6. ^ Огицкий Д. П. К истории Виленских мучеников // Богословские труды. № 25, 1984. С. 226—245.
  7. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. — Менск, 2019. С. 54.
  8. ^ Віленскія пакутнікі // Рэлігія і царква на Беларусі: энцыкл. даведнік / гал.рэд. Генадзь Пашкоў, маст. Алег Глекаў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — С. 68. — 368 с. — 3000 ас. — ISBN 985-11-0220-2
  9. ^ а б Віленскія пакутнікі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1997. — Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым. — С. 169. — 480 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0090-0
  10. ^ Тацьцяна Матрунчык. Тры віленскія мучанікі // Вялікае Княства Літоўскае: энцыкляпэдыя ў 2-х тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў, маст. Зьміцер Герасімовіч. — 2-е выд. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2007. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 672673. — 792 с. — 3000 ас. — ISBN 978-985-11-0394-8
  11. ^ Рымскі каляндар (анг.) // Аб'яднаньне прычасьцевай асьветы і ўшанаваньня Сапраўднай прысутнасьці, 2003 г. Праверана 27 сьнежня 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць