Дынама Менск (хакейны клюб)

«Дынама» — беларуская каманда па хакеі з шайбай зь Менску. Выступае ў Кантынэнтальнай хакейнай лізе.

Дынама Менск
CK Dynama Miensk.png
Заснаваны 1992
Месцазнаходжаньне Менск, Беларусь
Арэна Менск-Арэна
Зьмяшчальнасьць 15 086
Генэральны дырэктар Анатоль Курылец
Галоўны трэнэр Гордзі Дўаер
Капітан Аляксандар Паўловіч
Чэмпіянат КХЛ
Канфэрэнцыя Заходняя
Дывізіён Тарасава
Колеры
Клюбныя колеры               
Афіцыйная бачына

ГісторыяРэдагаваць

Менская хакейная каманда «Дынама» была створана ў 1966 годзе. Выступала ў чэмпіянатах БССР. У сэзонах 1967/1968 і 1969/1970 была чэмпіёнам рэспублікі, у сэзоне 1968/1969 — срэбраным прызэрам. Пасьля каманда спыніла існаваньне.

Улетку 1976 году менскае «Тарпэда», якое выступала да таго часу ў заходняй зоне другой групы клясы «А» (трэці паводле сілы дывізіён чэмпіянату СССР), перайшло пад юрысдыкцыю ФСТ «Дынама». Спартовае таварыства, заснаванае сілавымі ведамствамі, стварыла ўмовы для іншагародніх гульцоў, вырашыла многія жыльлёвыя і матэрыяльныя пытаньні, наладзіла сувязі з маскоўскімі аднаклюбнікамі. Каманду ўзначаліў аўтарытэтны новасыбірскі спэцыяліст Віталь Стаін, якому дапамагаў былы брамнік «Тарпэда» Юры Ніканаў. Добрай дапамогай для будучага «Дынама» стала адкрыцьцё крытага катка ў парку Горкага, які быў пабудаваны ў 1976 годзе. На базе катка была створана СДзЮШАР «Юнацтва», выхаванцы якой пасьля склалі касьцяк «Дынама».

Ужо ў год дэбюту «Дынама» заваявала пуцёўку ў першую групу чэмпіянату СССР, а праз тры сэзоны, у 1980 годзе, дамаглося выхаду ў найвышэйшую лігу. У найвышэйшай лізе каманда замацавацца ня здолела і, заняўшы апошняе 12 месца, вылецела ў клясу «А». У 1982 і 1983 гадох «Дынама» ўдзельнічала ў пераходных турнірах за права гуляць у найвышэйшай лізе, аднак прабіцца туды зноўку не сталася магчымым.

Вяртаньне ў эліту савецкага хакею адбылося ў 1988 годзе, калі новае пакаленьне выхаванцаў «Юнацтва» на чале з Уладзімерам Крыкуновым здолела нарэшце пераадолець бар’ер пераходнага турніру. Лепшага выніку ў чэмпіянатах СССР «Дынама» дамаглося ў сэзоне 1989—1990 гадоў, калі адзіны раз у сваёй гісторыі камандзе атрымалася правесьці другі этап розыгрышу чэмпіянату вышэйшай лігі ў дзясятцы наймацнейшых каманд. Хакеісты, якія гулялі ў канцы 1980-х гадоў у складзе «Дынама» пасьля склалі аснову зборнай Беларусі, у зборную СССР выклікаліся Юры Крывахіжа і Андрэй Кавалёў.

Каманда адроджаная ў 2003 годзе. Чэмпіён Беларусі ў сэзоне 2006/2007, срэбраны прызэр у сэзоне 2005/2006. З 2008 году ўдзельнік міжнароднай хакейнай лігі — КХЛ, прадстаўнік Дывізіёну Баброва, з 2010 — Дывізіёну Тарасава. Уладальнік Кубка Шпэнглера 2009.

На пачатку верасьня 2010 г. клюб займеў новы беларускамоўны гімн у суправаджэньні беларускіх традыцыйных інструмэнтаў. Музыку напісаў і выканаў гурт «Палац» на чале Алегам Хаменкам. Тэкст 2 куплетаў напісаў паэт Алесь Камоцкі. Прэзэнтацыя гімна прайшла ў спартовым комплексе «Менск-Арэна» перад 7 тысячамі заўзятараў[1]. 24 студзеня 2012 году заўзятары клюбу падалі прашэньне да кіраўніцтва «Менск-Арэны» аб беларускамоўным дыктарскім і дыджэйскім суправаджэньні хатніх гульняў «Дынама»[2].

Дадатковыя зьвесткіРэдагаваць

  • Менскае «Дынама» стала першым клюбам у гісторыі КХЛ, які зьмяніў галоўнага трэнэра — канадзец Пол Гарднэр быў звольнены 29 ліпеня 2008 году гэтак і не правёўшы ніводнага афіцыйнага матчу.
  • На цырымоніі адкрыцьця зімовых Алімпійскіх гульняў 2010 году ў Ванкувэры два гульцы «Дынама» былі сьцяганосцамі сваіх нацыянальных камандаў — Алег Антоненка нёс сьцяг каманды Беларусі, Віле Пэлтанэн — Фінляндыі.

КрыніцыРэдагаваць

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць