Грэка-рымская барацьба
Грэка-ры́мская барацьба́ (клясычная барацьба, француская барацьба, спартовая барацьба грэка-рымскага стылю) — эўрапейскі від адзінаборства, у якім спартовец павінен, з дапамогай вызначанага арсэналу тэхнічных дзеяньняў (прыёмаў), вывесьці суперніка з раўнавагі й прыціснуць лапаткамі да дывана. У грэка-рымскай барацьбе, у адрозьненьне ад вольнай, забароненыя тэхнічныя дзеяньні нагамі (зачэпы, падножкі, падсечкі) і захопы ног рукамі. Клясычная барацьба нарадзілася ў Старажытнай Грэцыі й атрымала разьвіцьцё ў Рымскай імпэрыі, а сучасны від грэка-рымскай барацьбы сфармаваўся ў Францыі ў першай палове XIX стагодзьдзя.
З 1896 году грэка-рымская барацьба ўваходзіць у праграму Алімпійскіх гульняў, з 1898 году праводзяцца чэмпіянаты Эўропы, з 1904 году — чэмпіянаты сьвету. У Міжнароднай фэдэрацыі барацьбы — ФІЛА (FILA; заснаваная ў 1912 годзе) знаходзіцца звыш 120 краінаў (1997 год).