Мікалай Касьпяровіч
Мікала́й Іва́навіч Касьпяро́віч (22 траўня 1900, в. Ізабалёва, Ігуменскі павет — 26 сьнежня 1937) — гісторык, лексыкограф, краязнавец, мастацтвазнавец, літаратурзнавец, перакладчык.
Мікалай Касьпяровіч лац. Mikałaj Kaśpiarovič | |
Род дзейнасьці | гісторык, лексыкограф, краязнавец, мастацтвазнавец, літаратурзнавец, перакладчык |
---|---|
Дата нараджэньня | 22 траўня 1900 |
Месца нараджэньня | в. Ізабалёва, Ігуменскі павет, Менская губэрня |
Дата сьмерці | 26 сьнежня 1937 |
Месца сьмерці | |
Прычына сьмерці | агнястрэльная рана[d] |
Месца вучобы | |
Занятак | літаратуразнаўца, гісторык, лексыкограф, краязнавец, мастацтвазнавец, перакладнік |
Месца працы | |
Псэўданімы | Волмар М., Смалярскі М. і Стаход А. |
Сябра ў | Маладняк |
Дзеці | Алесь |
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся ў сям’і арандатара. У 1912 скончыў Багушэвіцкую аднаклясную царкоўна-прыходзкую школу. У 1917 скончыў Ігуменскае пачатковае вучылішча. У 1921 скончыў Менскі інстытут народнай асьветы. У 1915—1917 знаходзіўся ў бежанстве ў Кастрамской губэрні, вучыўся ў Кастрамской мужчынскай гімназіі. У 1917—1921 настаўнічаў у Ігуменскім павеце: здаўшы пры Бабруйскай мужчынскай гімназіі спэцыяльныя экзамэны на званьне народнага настаўніка, пачаў выкладаць у Міраслаўскай школе 1-й ступені. Абавязкі школьнага інспэктара спалучаў зь дзейнасьцю няштатнага карэспандэнта газэты «Савецкая Беларусь». Удзельнічаў у Першым Усебеларускім зьезьдзе. У 1919—1920 інструктар Часовага беларускага нацыянальнага камітэту і Цэнтральнай беларускай школьнай рады, арганізаваў і быў першым старшынём Ігуменскіх павятовых беларускага нацыянальнага камітэту і школьнай рады, удзельнічаў у антыпольскім падпольлі.
У 1918—1920 вучыўся ў Менскім беларускім пэдагагічным інстытуце, у 1921—1922 — у БДУ на пэдагагічным аддзяленьні факультэта грамадзкіх навук, быў выключаны за «непрадстаўленьне дакумэнтаў пра вайсковую службу ў чырвоным войску». Член арганізацыі «Маладая Беларусь», Менскага таварыства гісторыі і старажытнасьцяў, у 1918—1924 — Беларускай партыі сацыялістаў рэвалюцыянэраў. 3 1921 інструктар Наркамасьветы БССР, зь верасьня 1922 інспэктар Слуцкага, з 1924 — Віцебскага аддзелаў народнай асьветы. У канцы 1923 з ініцыятывы М. Касьпяровіча быў створаны Слуцкі музэй краязнаўства і паказальная школа, якая, між іншым, паставіла «Страхі жыцьця» Ф. Аляхновіча. Сёлета перад тутэйшай аўдыторыяй Якуб Колас чытаў паэму «Новая зямля». У Віцебску стаў ініцыятарам стварэньня мясцовай філіі «Маладняка» і Віцебскага акруговага таварыства краязнаўства. У 1926 адкліканы ў Менск і прызначаны навуковым сакратаром Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце, сакратар краязнаўчага часопіса «Наш край».
У яго службовыя абавязкі ўваходзіла кіраўніцтва краязнаўчым рухам на Беларусі, рэдагаваньне прысланых зь месцаў краязнаўчых матэрыялаў, удзел у краязнаўчых нарадах і зьездах, частыя камандзіроўкі ў розныя мясьціны рэспублікі і за мяжу. Выяжджаў у навуковыя экспэдыцыі: у 1928 — у Аршанскую акругу для вывучэньня вопраткі мясцовага насельніцтва, у 1929 — у Чэрвеньскі раён для вывучэньня гаспадарчага побыту, у 1930 — у Сыбір для вывучэньня мовы і фальклёру даўніх перасяленцаў Беларусі.
Арыштаваны ГПУ БССР 29 чэрвеня 1930 па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Паводле пастановы АГПУ СССР ад 10 кастрычніка 1931 зьняволены ў лягерах тэрмінам на 5 гадоў (Асінкі Кемераўскай вобл.). Пасьля вызваленьня вярнуцца на Беларусь не дазволілі і з 1935 жыў у Новасыбірску, выкладаў расейскую мову і літаратуру ў тэхнікуме сувязі. Паўторна арыштаваны 28 жніўня 1937; паводле пастановы ад 17 сьнежня 1937 прыгавораны да расстрэлу. Паводле першага прыгавора рэабілітаваны 19 верасьня 1960 Вярхоўным судом БССР, паводле другога — 14 лютага 1958 Ваенным трыбуналам Сыбірскай ваеннай акругі.
Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей. Алесь Касьпяровіч — доктар тэхнічных навук, жыве і працуе ў Навасыбірску; удзельнічаў у навуковай канфэрэнцыі, прысьвечанай 100-годзьдзю зь дня нараджэньня яго бацькі.
Дзейнасьць
рэдагавацьНавуковая дзейнасьць Мікалая Касьпяровіча працягвалася фактычна толькі восем гадоў, але была вельмі плённай. За гэты пэрыяд ён апублікаваў больш як 230 прац — манаграфій, артыкулаў, рэцэнзій, навуковых паведамленьняў. Пісаў пра гісторыю краязнаўчай працы на Беларусі, яе задачы і мэтодыку, дасьледаваў гісторыю беларускага выяўленчага мастацтва, архітэктуру, сучасную графіку (арт. «Беларускае малярства ў Польшчы (XIV—XVI стст.)», «Асноўныя моманты гісторыі беларускага дойлідзтва», «Менск у графіцы А. М. Тычыны» і інш.). Цікавіўся гісторыяй тэатра, навукі (нарысы «Уладзіслаў Галубок», «Беларускі тэатар у Горадні», «Беларуская навука да Кастрычніка і пасьля яго», «Беларуская культура: Да дзесяцігодзьдзя абвяшчэньня БССР»).
У 1927 годзе надрукаваў у часопісе «Маладняк» артыкул, у якім сярод найбольш выдатных творчых постацяў у гісторыі Віцебска назваў Марка Шагала і прысьвяціў яму больш за старонку тэкста: «М[арк] З[ахаравіч] зьяўляецца адным з найбольш яркіх прадстаўнікоў экспрэсіянізму і глыбокім яўрэйскім нацыянальным мастаком».
Перакладаў з расейскай, украінскай і нямецкай моваў: пераклаў зборнік твораў У. Леніна «Новая эканамічная палітыка. Артыкулы і прамовы» (1926), кнігу М. Шчакаціхіна «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва» (1928).
Ня ўсе завершаныя і падрыхтаваныя да друку працы і фальклёрныя матэрыялы ўбачылі сьвет, а некаторыя зь іх, відаць, старачаныя: манаграфія пра краязнаўчы рух, асьвету і культуру ў Фінляндыі і прыбалтыйскіх краінах, зборнік нарысаў «На мастацкім шляху», зборнік мэтадычных нарысаў «На тэму асьветнага краязнаўства», зборнік крытычных артыкулаў «Іскры», зборнік беларускіх народных казак і легендаў уласнага запісу, манаграфія па гісторыі вугальных распрацовак у Сыбіры.
Аўтар некалькіх мовазнаўчых артыкулаў і двух слоўнікаў: «Беларуска-расійскі слоўнічак» (1925), «Віцебскі краёвы слоўнік» і «Слоўнічак уласных найменьняў» (1927).
Уласны досьвед над «Віцебскім краёвым слоўнікам» потым абагульніў у інструкцыі «Як сабраць і ўкласьці слоўнік мовы свайго раёну» (1928), ухваленай Слоўнікавай і Дыялекталягічнай камісіямі Аддзелу гуманітарных навук Інбелкульта і рэкамэндаванай усім мясцовым краязнаўцам у якасьці практычнага дапаможніка. Распрацаваў у суаўтарстве зь Мікалаем Азбукіным яшчэ адну інструкцыю — «Як укласьці геаграфічны слоўнік» (1928), выступіў з рэзэнзіяй на «Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны» (1930).
Склаў бібліяграфію твораў Каруся Каганца, дасьледаваў асобныя праблемы разьвіцьця беларускай літаратуры (нарыс «Карусь Каганец», арт. «Матывы барацьбы ў творчасьці М. Багдановіча», «Беларуская літаратура ў Латвіі»). Укладальнік першага беларускага дапаможніка па тэорыі літаратуры «Узоры для літаратурных гурткоў пры „Маладняку“ і гурткоў селькораў» (1927).
Ушанаваньне памяці
рэдагавацьБібліяграфія
рэдагаваць
|
|
Крыніцы
рэдагаваць- ^ У Віцебску прайшлі ўрачыстасці ў гонар Мікалая Каспяровіча. // Наша Ніва : газэта. — 2013,22 траўня.
- ^ Канстанцін Карнялюк. Ведаць, шанаваць і любіць. (бел.) // СБ. Беларусь сегодня : газэта. — 2013, 8 жніўня.
Літаратура
рэдагаваць
|
|