Яфім Мінін
Яфі́м Сямёнавіч Мі́нін (21 кастрычніка 1897, Віцебск — 29 сьнежня 1937, Віцебск) — беларускі мастак; займаўся гравюраю, жывапісам, ілюстрацыямі кніг; піянэр беларускага эксьлібрысу і майстар ксыляграфіі[1].
Яфім Мінін | |
Дата нараджэньня | 8 (20) кастрычніка 1896 |
---|---|
Месца нараджэньня | Віцебск |
Дата сьмерці | 29 сьнежня 1937 (41 год) |
Месца сьмерці | Віцебск |
Адукацыя | Школа жывапісу і малюнка Юдэля Пэна |
Месца вучобы | |
Занятак | гравюра, жывапіс, афармленьне кніг, эксьлібрыс, ксыляграфія |
Жанры | партрэт |
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся ў Віцебску ў сям’і Сямёна Цімафеевіча Мініна (пам. 1940), які паходзіў з старажытнага стараверскага роду, вядомага з пачатку XVIII ст., і Ганны Міхайлаўны Казаковай, была дачкой чытара стараверскай віцебскай абшчыны. Дзед Яфіма Мініна — Цімафей Іванавіч Мінін, глава стараверскай абшчыны, — меў дзесяць дзяцей і пражыў 103 гады.
Я. Мінін вучыўся ў гарадзкім, потым камэрцыйным вучылішчах Віцебску, Лясным інстытуце ў Петраградзе (1916—1918). Быў прызваны ў царскую армію, скончыў школу прапаршчыкаў. У 1919 годзе мабілізаваны ў Чырвоную армію, служыў у 33-й Вайскова-інжынэрнай дружыне, якую ўзначальваў яго старэйшы брат Сыльвестар Мінін. У 1922 годзе дэмабілізаваўся. Вучыўся ў школе-майстэрні Юдэля Пэна. Выкладаў у Віцебскім мастацка-практычным інстытуце (1922—1923), Віцебскім мастацкім тэхнікуме (1923—1937)[1]. Напрыканцы 1920-х гадоў Мінін здымаў маленькі пакойчык на рагу вуліц Смаленская і Савецкая. У пачатку 1931 году пераехаў на Вэтэрынарную вуліцу (цяпер — вуліца Даватара, 20), зьняўшы пакойчык у нейкай Гарбаценкавай[2]. Ажаніўся з Аленай Пятроўнай Самаквасавай (пам. 1995).
У 1929 годзе, пасьля выставы Асацыяцыi рэвалюцыйных мастакоў Украiны, усе гравюры Мiнiна набыў музэй Кiеўскага ўнiвэрсытэту. Шмат гравюраў было набыта для графiчнага кабiнэту Музэю выяўленчых мастацтваў iмя Пушкiна ў Маскве[3].
Арыштаваны 1 лістапада 1937 году. 19 лістапада 1937 году прысуджаны Камісіяй НКУС СССР і Пракуратурай СССР да расстрэлу па артыкулах 64, 72, 76 КК БССР — «член ПАВ»[4] (сфабрыкаванай «Польскай арганізацыі вайсковай»). Рэабілітаваны 19 траўня 1958 году вайсковым трыбуналам БВА.
Творчасьць
рэдагавацьУ 1920-х актыўна займаўся графікай, распрацоўваў мэтады і формы друку. Адзін з асноватворцаў беларускага эксьлібрысу (выканаў эксьлібрысы М. Касьпяровіча (1925), А. Шлюбскага (1926), І. Мялешкі (1925) і інш.) Творы экспанаваліся на ўсесаюзных міжнародных выставах у Маскве («Выстаdf мастацтва народаў СССР», «Гравюра СССР за 10 гадоў»), Ленінградзе («Расейская ксыляграфія за 10 гадоў») і Кіеве, на ІV і V міжнародных выставах кніжнага знака ў Лос-Анджэлесе. У 1930-х гг. афармляў літаратурныя творы Максім Горкага і Івана Тургенева. Уваходзіў у склад Віцебскага акруговага таварыства краязнаўства, Беларускага таварыства бібліяфілаў, Камісіі гісторыі мастацтва Інстытута беларускай культуры.
Тэматычна ксыляграфіі Мініна складаюць некалькі асобных сэрый. Перш за ўсё гэта — краявіды Віцебска і яго навакольля. Пазней мастак стварыў цыкль аркушаў, прысьвечаных помнікам драўлянага беларускага дойлідзтва. Сярод яго твораў — артыстычныя, дакладныя, надзвычай тонкія па разьбе работы «Калёна 1812 году ў Віцебску», «Стары Віцебск», «Від Віцебска з боку Віцьбы», «Куточак Віцебска», «Усьпенская царква ў Віцебску», «Ільінская царква ў Віцебску», «Чорная Тройца», «Царква ля могілак», «Касьцёл Святога Антонія», «Ратуша». Пошукі ў галіне станковай графікі завяршыла сэрыя «Вайна»[2].
Творы мастака захоўваюцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музэю Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва-музэю літаратуры і мастацтва, Віцебскага абласнога краязнаўчага музэю, зборах бібліятэк Масквы, Санкт-Пецярбургу, Кіева.
Ацэнкі
рэдагавацьЭтнограф і сябра Яфіма Мініна Мікалай Касьпяровіч адзначаў:
...У выніку вывучэньня Мініным старой магілёўскай і віленскай гравюры эпохі беларускага адраджэньня і пазьнейшай атрымліваецца клясычная манумэнтальнасьць у яго творчасьці, здаровы рэалізм, не пазбаўлены новых тэхнічных дасягненьняў...»[5]. | ||
Савецкі дасьледнік ксыляграфіі Усевалад Воінаў(ru) у сваёй кнізе «Русская ксилография за 10 лет» (1927) заўважыў:
Значную цікавасьць уяўляюць гравюры маладога віцебскага мастака Мініна, які ўжо цяпер выяўляе моцнае валоданьне штыхелем, выразнасьць форм і ўменьне кампанаваць; гэта абяцае ўзбагачэньне сям’і савецкіх ксылёграфаў новай незвычайнай велічынёй...»[2] | ||
Мастацтвазнаўца Арон Касьцялянскі ў артыкуле «Шляхі выяўленчага мастацтва БССР» адзначыў сярод графікаў Мініна і Юдовіна як «самых выдатных», якія «...унесьлі шмат своеасаблівага ў мастацтва БССР»[6]. Аднак з пачаткам барацьбы з «нацдэмамі» А. Касталянскі зьмяніў свае погляды на творчасьць мастака адпаведна палітычнай кан’юнктуры: «В гравюрах Минина „Цикл войны“ чувствуется влияние экспрессионистской красной группы Германии и есть опасность ремаркизма» (ЛіМ, 1932 г., сьнежань); «Среди художников БССР были классово враждебные выступления, как экспериментирования витебского художника Минина на 5 Всебелорусской выставке в экслибрисе для Витебского музея, в которых имеется яркая идеализация панского прошлого в Беларуси» (ЛіМ, 1933 г., лістапад)[2].
У 1933 годзе ў часопісе «Мастацтва і рэвалюцыя» і газэце «Віцебскі пралетары» зьявіўся артыкул «Аб рэцыдывах нацыянал-дэмакратызму ў творчасьці мастака Мініна» аўтарства Віталя Зэйдэль-Вольскага.
Эксьлібрыс, зроблены для Шлюбскага, характэрны сваім голым этнаграфізмам. У цэнтры яго знаходзіцца курган. З левага боку кургана сядзіць стары селянін і грае на цымбалах[a]. На кургане сядзіць таксама стары і грае ў дуду. Побач з ім яшчэ адзін стары ў саламяным капялюшы стаіць і грае на трубе. Нацдэм Шлюбскі з задавальненьнем знаходзіў у гэтых эксьлібрысах работы Мініна яскравыя адбіткі беларускага «нацыянальнага адраджэньня»[7]. | ||
Арыштаваны 1 лістапада 1937 года ў Віцебску па адрасе: вуліца 1-я Вэтэрынарная, д. 34. Асуджаны 19 лістапада 1937 года асобай нарадай пры НКУС СССР як «член Польскай ваеннай арганізацыі» да вышэйшай меры пакараньня. Расстраляны ў Віцебску. Рэабілітаваны ваенным трыбуналам Беларускай Вайсковай Акругі 19 мая 1958 года. Групавая справа Мініна і іншых № 4105-П захоўваецца ў архіве Упраўленьня Камітэта Дзяржаўнай Бясьпекі Віцебскай вобласьці.
Бібліяграфія
рэдагаваць- І. П. Фурман. Віцебскія мастакі граверы. / Вокладка, застаўкі, заглаўныя літары і канцоўкі — гравюры на дрэве Е. С. Мініна. — Віцебск: Віцебскае Акруговае таварыства Краязнаўства, 1928. — С. 19—24.
- В. Вольскі. Аб рэцыдывах нацыянал-дэмократызму ў творчасьці мастака Мініна // Мастацтва і рэвалюцыя : часопіс. — 1933. — № 1—2. — С. 6—8.
- А. Усс. Супраць нацдэмаўшчыны і фармалізма ў беларускім выяўленчым мастацтве. // Полымя рэвалюцыіі : часопіс. — 1934. — Т. 3. — С. 143—155.
- В. Вольскі. Супраць вульгарызатарства, прышываньня ярлыкоў і шкоднага пустазвонства. // Полымя рэвалюцыіі : часопіс. — 1934. — Т. 5. — С. 145—147.
- Гісторыя беларускага мастацтва: у 6 т. / Рэдактары тома: Л. М. Дробаў, В. Ф. Шматаў. — Мінск: Навука і тэхніка, 1990. — Т. 4. 1917—1941.. — С. 22, 41, 65, 71, 144, 145, 147—151, 153, 180, 244, 247—249, 259, 260, 262. — 352 с. — 2450 ас. — ISBN 5-343-00157-2
Заўвагі
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б Барыс Крэпак «Золата — не золата, не пабыўшы пад молатам» (1). kimpress.by. Праверана 17 сакавіка 2012 г.
- ^ а б в г Барыс Крэпак “Золата — не золата, не пабыўшы пад молатам” (2). kimpress.by. Праверана 17 сакавіка 2012 г.
- ^ Сяргей Харэўскі Яўхiм Мiнiн. Усьпенская царква ў Вiцебску. Наша Ніва. Праверана 17 сакавіка 2012 г.
- ^ Мінін Яўхім (Яфім) Сямёнавіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- ^ Касьпяровіч, М. Мастацкі маладняк // Маладняк : часопіс. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1926, ліпень. — № 5 (14). — С. 82—85.
- ^ А. Кашталянскі. Шляхі выяўленчага мастацтва БССР. // Узвышша : часопіс. — 1929. — № 3 (15). — С. 72—81.
- ^ В. Вольскі. Пра рэцыдывы нацыянал-дэмакратызму ў творчасьці мастака Мініна. // Віцебскі пралетары : газэта. — 1933, 25 студзеня. — № 21. — С. 2.
Літаратура
рэдагаваць- Людміла Налівайка, Яўген Шунейка. Вяртанне з небыцця: мастак Яфім Мінін // Пра час «Узвышша»: матэрыялы Узвышаўскіх чытанняў (Мінск, 2008—2010). Вып. 5 / уклад. Г. В. Запартыка, В. В. Жыбуль, У. Г. Кулажанка; навук. рэд. М. І. Мушынскі. — Мінск: РІВШ, 2011. — С. 267—274 — 308 с.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьЯфім Мінін — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў