Трыбуна мастацтва (1925)

беларускі часопіс

«Трыбуна мастацтва» — беларускі тэатральна-мастацкі ілюстраваны часопіс. Выдаваўся ў лютым — чэрвені 1925 г. у Менску Цэнтральным праўленьнем саюзу работнікаў мастацтва Беларусі (з № 8 разам зь Белдзяржкіно).

«Трыбуна мастацтва»
Тэматыка тэатральна-мастацкі ілюстраваны часопіс
Краіна БССР
Адрас Менск
Заснавальнік «Цэнтральнае праўленьне саюзу работнікаў мастацтва Беларусі»
Дата заснаваньня 1925
Дата закрыцьця чэрвень 1925
Мова

Матэрыялы друкаваліся на беларускай і расейскай мовах. У праграму выданьня ўваходзіла грамадзкае абмеркаваньне праблем мастацкай творчасьці, пошуку жывой сувязі мастацтва і літаратурна-мастацкай крытыкі з народнымі масамі, распрацоўка эстэтычны прынцыпаў беларускага мастацтва, выяўленьне ў ім нацыянальнага стылю, разьвіцьцё мастацкай самадзейнасьці. Рэдакцыя давала магчымасьць выказаць свае погляды прадстаўнікам розных кірункаў у мастацтве з умовай, каб пытаньні мастацкай творчасьці разглядаліся «ў сувязі з агульнымі задачамі рабочага клясу». У рэцэнзіях, аналітычна-праблемных і дыскусійных артыкулах часопіс змагаўся за высокі ідэйна-мастацкі ўзровень творчасьці тэатральных і музычных калектываў, кінэматографу, дзеячаў выяўленчага і прыкладнога мастацтва. Выступаў за ўсебаковае разьвіцьцё беларускай культуры. Імкнуўся пераадолець правінцыялізм у поглядах на беларускае мастацтва толькі як на этнаграфічнае, заснаванае на стылізацыі фальклёрных тэм, вобразаў і матываў. Аўтары асобных артыкулаў прапаноўвалі авангардысцкую і пралеткультаўскую праграму сацыялістычнага мастацтва. Часопіс знаёміў зь беларускай літаратурай, адзначыў юбілеі Алесь Гурло, Яўсьцігней Міровіч, зьмяшчаў партрэты пісьменьнікаў і дзеячаў мастацтва. Друкаваў рэпэртуар тэатраў і кіно Менску і Віцебску. Інфармаваў пра асноўныя мастацкія падзеі ў рэспубліках і за граніцай. У часопісе супрацоўнічалі Яўген Барычэўскі, Сямён Вальфсон, Юльян Дрэйзін, Язэп Дыла, Зьміцер Жылуновіч, Мікалай Касьпяровіч, Яўсьцігней Міровіч, Мікола Шчакаціхін і інш. Выйшлі 14 нумароў.

Літаратура

рэдагаваць
  • Конан, У. М. «Трыбуна мастацтва» / У. М. Конан // Беларуская энцыкляпэдыя. Т.15. — Мн., 2002. — С. 543.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць