Мікалай Фаўстын Радзівіл
Мікалай Фаўстын Радзівіл (21 траўня 1688, мястэчка Зьдзецел Слонімскага павету — 2 лютага 1746) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Чашнік (1706—1709) і мечнік вялікі літоўскі (1710—1729), ваявода наваградзкі (1729—1740). Генэрал-лейтэнант (1725).
Мікалай Фаўстын Радзівіл | |
Герб «Трубы» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 21 траўня 1688 |
Памёр | 2 лютага 1746 (57 гадоў) |
Пахаваны | |
Род | Радзівілы |
Бацькі | Дамінік Мікалай Радзівіл Ганна Мар’яна з Палубінскіх |
Жонка | Барбара з Завішаў |
Дзеці | Удальрык Крыштап, Альбрэхт, Юры, Станіслаў |
Дзейнасьць | палітык |
Валодаў Зьдзецелам у Слонімскім павеце, Глускам, Парэччам і Уселюбам у Наваградзкім павеце, Крожамі ў Жамойці, набыў места Бярдычаў у Брацлаўскім ваяводзтве. Быў старостам бабруйскім[1]. Кавалер ордэнаў Белага Арла і расейскага Аляксандра Неўскага (1742)[2].
Біяграфія
рэдагавацьЗь нясьвіскай лініі роду Радзівілаў гербу «Трубы», сын Дамініка Мікалая, канцлера вялікага літоўскага, і Ганны Мар’яны з Палубінскіх. Меў старэйшага брата Яна Мікалая, ваяводу наваградзкага, які апекваўся ім па сьмерці бацькі.
Атрымаў адукацыю ў Нясьвіскім калегіюме езуітаў. У 1699 годзе зьехаў на пяць гадоў за мяжу, каб працягваць навучаньне.
Па вяртаньні ў Вялікае Княства Літоўскае, актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцьці дзяржавы. У 1706 годзе атрымаў урад чашніка вялікага літоўскага, у 1710 годзе — мечніка вялікага літоўскага. Абіраўся паслом на соймы 1718 (ад Слонімскага павету[3]), 1720, 1722 і 1726 гадоў. У 1725 годзе атрымаў чын генэрал-лейтэнанта пяхоты. Камандаваў войскам Вялікага Княства Літоўскага. У 1729 годзе стаў ваяводам наваградзкім.
У 1733 годзе як хаўрусьнік Расеі спрыяў абраньню каралём і вялікім князем Аўгуста Саса, далей заставаўся агентам Пецярбургу (атрымліваў штогод 5 тыс. руб.)[4].
У Зьдзецеле на ўласныя сродкі распачаў будаваньне палаца, скончанага ў 1751 годзе. У Глуску на бэрнардынскім касьцёле быў вялікі звон, на баку якога знаходзіўся герб з выявай арла і лебедзя і надпіс: «Nicolai Faustin Xsonze Radzivill Woievoda Novogrodzki-Barbara z Zaviszow Xienzna Radzivillowa … 1743».
Ажаніўся 4 сьнежня 1710 году ў Раготне з Барбарай, дачкой кашталяна менскага Крыштапа Станіслава Завішы (1660—1721) і Тэрэзы з Тышкевічаў. У шлюбе нарадзіліся дзеці:
- Удальрык Крыштап (1712—1770), пісар вялікі літоўскі, паэт і гісторык
- Тэрэза Барбара
- Альбрэхт (1717—1790), староста рэчыцкі, генэрал-маёр
- Марыя Гертруда
- Юры (1721—1754), ваявода наваградзкі
- Станіслаў (1722—1787), генэрал-лейтэнант
- Ганна Аўгустына
- Брыгіта Пэтранэля
- Францішка
- Удальрыка
- Крыштап
- Фэлікс
- Караль
- Дамінік
Галерэя
рэдагаваць-
Зь Нясьвіскай партрэтнай галерэі, каля 1733
-
З альбома «Выявы роду Радзівілаў». Г. Ляйбовіч, 1758
-
Невядомы мастак, 1746
-
М. Старкман, 1857
У картцы да артыкула прыводзіцца партрэт, напісаны ў 1720—1730 гадох невядомым мастаком, зь Нясьвіскай партрэтнай галерэі, які цяпер захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі.
Дадатковыя зьвесткі
рэдагаваць- Цела М. Ф. Радзівіла пахавалі ў Нясьвіжы, а сэрца — у Зьдзецельскім касьцёле.
- У Нацыянальным мастацкім музэй Беларусі ў 2007 годзе ўпершыню выставілі ўнікальны надмагільны партрэт, створаны ў 1746 годзе, які доўгі час лічыўся выявай невядомага магната. У 2006 годзе яго атрыбутавалі — гэта Мікалай Фаўстын Радзівіл[5].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 496.
- ^ Бантыш-Каменский Н.Н. Списки кавалерам российских императорских орденов Св. Андрея Первозванного, Св. Екатерины, Св. Александра Невского и Св. Анны с учреждения до установления в 1797 году орденского капитула. Москва, 2005. С. 130.
- ^ Pamiętniki Krzysztofa Zawiszy, wojewody mińskiego, (1666-1721). Warszawa, 1862. S. 350.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 495—496.
- ^ Кірпічэнкава Н. Востраў скарбаў у цэнтры мегаполіса // «Культура» № 10 (776), 2007 г.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8