Мосар
Мо́сар[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Маргве. Уваходзіць у склад Удзелаўскага сельсавету Глыбоцкага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 348 чалавек. Знаходзіцца за 20 км на поўнач ад Глыбокага, за 220 км ад Віцебску; на аўтамабільнай дарозе, якая злучае Мосар з Глыбокім.
Мосар лац. Mosar | |
Касьцёл Сьвятой Ганны | |
Першыя згадкі: | 1514 |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Віцебская |
Раён: | Глыбоцкі |
Сельсавет: | Удзелаўскі |
Вышыня: | 143 м н. у. м. |
Насельніцтва: | 348 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2156 |
Паштовы індэкс: | 211807 |
СААТА: | 2215882096 |
Нумарны знак: | 2 |
Геаграфічныя каардынаты: | 55°13′39″ пн. ш. 27°27′59″ у. д. / 55.2275° пн. ш. 27.46639° у. д.Каардынаты: 55°13′39″ пн. ш. 27°27′59″ у. д. / 55.2275° пн. ш. 27.46639° у. д. |
± Мосар | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Мосар — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны). У наш час атрымаў вядомасьць дзякуючы а. Юзэфу Бульку, намаганьнямі якога мясцовы касьцёл Сьвятой Ганны ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя, пераўтварыўся ў духоўны цэнтар. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся палац Бжастоўскіх, помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя, зруйнаваны бальшавікамі.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьУпершыню Мосар ўпамінаецца ў 1514 годзе. Ягоным уладальнікам быў Юры Зяновіч (Зяноўевіч), намесьнік браслаўскі, якому ў грамаце вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 11 кастрычніка 1554 году было дазволена «при именью его Мосары над р. Дисною, местечко посадити, торг и корчмы вольные к пожитку у его мети».
Пазьней Мосар перайшоў у валоданьне ваяводу троцкаму Пацу, а ад яго — маршалку вялікаму Марцыяну Валовічу. У 1639 годзе ўладальнікамі маёнтку зьяўлялася сям’я Долмат-Ісайкоўскіх, ад якой ён зноў перайшоў Пацам у якасьці пасагу. Пэўны час уладальнікамі Мосара былі Млечкі. Канстанцыя Млечка ў канцы 17 стагодзьдзя пабралася шлюбам з кашталянам троцкім Янам Уладыславам Бжастоўскім з гербу Стрэмя, па чым маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Бжастоўскіх на працягу больш чым 200 гадоў.
У 1775—1790 гадох Робэрт і Ганна (з роду Плятэраў) Бжаздоўскія збудавалі ў Мосары вялізны палац, які ўяўляў сабой двухпавярховы будынак, выкананы ў стылі строгага клясыцызму і нагадваў каралеўскую рэзыдэнцыю ў варшаўскіх Лазенках. Палац меў багатае ўнутранае аздабленьне і налічваў некалькі заляў, у адной зь якіх — Каралеўскай — знаходзіліся генэалягічнае дрэва ўсіх каралёў польскіх, арыгінальная печ у выглядзе піраміды на пяці кулях, а таксама францускі камін зь бюстам Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які некалькі разоў гасьцяваў у Мосары. Апроч Каралеўскай, палац меў Бальную залю з камінам з чорнага мармуру і Люстраную, дзе сьцены былі аздобленыя люстранымі панэлямі. Таксама ў палацы знаходзіўся Кітайскі пакой, аздоблены ва ўсходнім стылі. Вакол знаходзіўся пэйзажны парк з дубовай алеяй і садам. Палац быў зьнішчаны бальшавікамі падчас адступленьня ў 1920 годзе.
Апроч палаца, у 1792 годзе ў Мосары Робэрт і Ганна (з роду Плятэраў) Бжастоўскія збудавалі мураваны касьцёл Сьвятой Ганны і запісалі «фундуш» з 1000 чырвоных злотых, зацьверджаны Ігнатам Масальскім. У касьцёле ў срэбранай труне былі пахаваныя рэліквіі сьвятога Юстына, якія трапілі сюды зь Мядзела. Апроч гэтага, у касьцёле былі пахаваныя яго заснавальнік — Р. Бжастоўскі — а таксама ягоныя нашчадкі.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Мосар апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дзісенскім павеце Віленскай губэрні. У XIX стагодзьдзі некалькі тысячаў вернікаў штогод зьяжджаліся ў мясцовы касьцёл на дзень Сьвятога Юстына. За ўдзел у вызвольным паўстаньні 1830—1831 гадоў расейскія ўлады канфіскавалі частку земляў Бжаздоўскіх. Каля 1840 году ўніяцкая царква, збудаваная ў XVIII стагодзьдзі, абрушылася, і царкоўную маёмасьць разам з званамі перадалі ў Вярхнянскую царкву.
У канцы XIX стагодзьдзя Мосар перайшоў у валоданьне Пілсудзкіх: у 1870 годзе яго набыў Эдмунд Пілсудзкі, а ягоны сын Калікст Юзаф Пілсудзкі быў наступным і апошнім уладальнікам маёнтку. У 1872 годзе ў мястэчку адкрылася расейская народная вучэльня. На 1885 год маёнтак налічваў 558 сялянаў і 2030 дзесяцінаў зямлі, зь якіх 1206 дзесяцінаў былі ў Мосары і 824 — у Буках.
За часамі Першай сусьветнай вайны Мосар занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мосар абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[2]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Мосар апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Дзісенскага павету Віленскага ваяводзтва[3].
У 1939 годзе Мосар увайшоў у БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стаў цэнтрам сельсавету Дунілавіцкага раёну. У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 да чэрвеня 1944 году вёска знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. З 1960 году Мосар уваходзіць у склад Удзелаўскага сельсавету Глыбоцкага раёну. На 1992 год у вёсцы было 204 двары, на 1997 — 231, на 1999 — 224.
-
Касьцёл, каля 1900 г.
-
Палац Бжастоўскіх, 1925 г.
-
Палац, 1914 г.
-
Інтэр’ер палаца, 1914 г.
Насельніцтва
рэдагавацьДэмаграфія
рэдагаваць- XIX стагодзьдзе: 1885 год — 117 чал.[4]
- XX стагодзьдзе: 1992 год — 428 чал.; 1997 год — 494 чал.[5]; 1998 год — 485 чал.[3]; 1999 год — 489 чал.[6]
- XXI стагодзьдзе: 2010 год — 348 чал.
Інфраструктура
рэдагавацьУ вёсцы працуюць базавая школа, бібліятэка, клюб, фэльчарска-акушэрскі пункт, пошта і 2 крамы.
Эканоміка
рэдагавацьМосар уваходзіць у склад ААТ «За Радзіму», працуе льнозавод.
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьМузэі
рэдагавацьАнтыалькагольны музэй
рэдагавацьЗ ініцыятывы ксяндза Юзафа Булькі ў Мосары быў створаны адзіны ў Беларусі антыалькагольны музэй, разьмешчаны ў званіцы. У музэі знаходзіцца самагонны апарат, прынесены местачкоўцамі, столік з самаварам і шалямі, зь якіх можа выпіць гарбаты. Сьцены музэю аздабляюць антыалькагольныя плякаты, а ў самім касьцёле ёсьць «Кніга цьвярозасьці», дзе людзі на пэўны тэрмін даюць перад Богам абяцаньне ня піць[7] Апроч самога музэю, у вёсцы створаная Алея цьвярозасьці,[8]. якую заклалі прадстаўнікі клюбаў ананімных алькаголікаў зь Беларусі, Латвіі і Летувы. Дзякуючы сьвятару многія жыхары Мосара і навакольных вёсак спынілі злоўжываньне алькаголем[9].
Музэй парафіі
рэдагавацьУ Мосары дзее адзіны ў вобласьці музэй Мосарскай парафіі, дзе захоўваецца калекцыя прыладаў працы, якімі карысталіся продкі беларусаў: мёдагонка, жорны, сталярны варштат, кросны, разнастайныя стругальныя інструмэнты. Сам музэй знаходзіцца ў былой пуні, дзе калісьці захоўвалі збожжа[7].
Славутасьці
рэдагавацьПомнікі археалёгіі
рэдагавацьЗа 1,5 км на паўднёвы захад ад Мосару знаходзіцца курганны могільнік, які складаецца зь 10 насыпаў. Ягонае стварэньне адносяць да X — пачатку XI стагодзьдзяў. Могільнік у канцы XVIII стагодзьдзя выявіў і дасьледаваў В. Мінліх, які раскапаў 6 насыпаў. Цяпер матэрыялы гэтых дасьледаваньняў захоўваюцца ў Эрмітажы ў Санкт-Пецярбургу.
Шматлікія археалягічныя знаходкі і курганны могільнік сьведчаць пра тое, што Мосар зьяўляецца адным з найбольш старажытных паселішчаў у раёне[10].
Помнікі архітэктуры
рэдагавацьГалоўная славутасьць Мосара — касьцёл Сьвятой Ганны, помнік архітэктуры клясыцызму XVIII стагодзьдзя. У 1990 годзе сюды прызначылі пробашчам Юзафа Бульку, з ініцыятывы якога касьцёл адрэстаўравалі, а вакол заклалі парк з рэдкімі расьлінамі, кветкамі, фантанамі і садам камянёў[11].
У 2004[11] годзе на вяршыні ўзгорку, што знаходзіцца на ўсходзе вёскі, паставілі 23-мэтровы крыж, які зьяўляецца самым высокім у Беларусі і бачны за 15 км навокал у яснае надвор’е. Крыж быў пастаўлены ў гонар 490-годзьдзя вёскі дзякуючы намаганьням ксяндза Ю. Булькі[11].
Страчаная спадчына
рэдагаваць- Палац Бжастоўскіх (XVIII ст.)
- Царква
Галерэя
рэдагаваць-
Касьцёл, алтар
-
Касьцёл, хоры
-
Касьцёл, амбон
-
Званіца
-
Скульптура ў парку каля касьцёла
-
Алея цьвярозасьці каля касьцёла
-
Старыя могілкі
Асобы
рэдагаваць- Павал Ксавэры Бжастоўскі (1739—1827) — дзяржаўны і рэлігійны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, мэцэнат
- Юзаф Булька (1925—2010) — ксёндз, пробашч у касьцёле Сьвятой Ганны
- Антоні Дулінец (1889—1966) — беларускі каталіцкі сьвятар лацінскага абраду, удзельнік беларускага хрысьціянскага руху.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7. (pdf) С. 234
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ а б Бунто Я. Мосар // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 222.
- ^ Krzywicki J., Łopaciński A. Mosarz // Słownik geograficzny... T. VI. — Warszawa, 1885. S. 691.
- ^ Зямчонак Ё. Старонкі гісторыі Пастаўскага Паазер’я. — Паставы: «Сумежжа», 2004.
- ^ БЭ. — Мн.: 2000 Т. 10. С. 524.
- ^ а б Дзмітрыеў С. Беларускі Версаль(недаступная спасылка) // Народная Воля. № 165—166, 17 кастрычніка 2007 г.
- ^ Алкаголікі пасадзілі алею цвярозасці ў Мосары на Глыбоччыне, Эўрапейскае радыё для Беларусі, 8 кастрычніка 2007 г.
- ^ Памёр настаяцель касьцёла сьвятой Ганны ў Мосары ксёндз Юозас Булька, БелаПАН, 9 студзеня 2010 г.
- ^ в. Мосар(недаступная спасылка), Прыдзвінне: гісторыя і сучаснасць(недаступная спасылка)
- ^ а б в Брэкун Л. Юбілей Мосара // Ave Maria. № 11(114), 2004 г.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 10: Малайзія — Мугаджары. — 544 с. — ISBN 985-11-0169-9
- Зямчонак Ё. Старонкі гісторыі Пастаўскага Паазер’я. — Паставы: «Сумежжа», 2004.
- Лянкевіч Л. Касьцёл у Мосары // Наша Ніва. 4 верасьня 2007 г.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Глыбоцкага р-на. — Мн.: БелЭн, 1995. — 454 с. ISBN 985-11-0014-5.
- Харэўскі С. Маршруты па Беларусі: Глыбокая Эўропа і сталіца кітчу Мосар // Наша Ніва. 22 жніўня 2009 г.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885.