Пасаг

звычай даваць маёмасьць нявесьце яе родзічамі

Паса́гзвычай даваць маёмасьць нявесьце яе родзічамі.

Поўль Фрыіс Нібо «Дзяўчына правярае свой куфар» (Нідэрлянды, 1929 год)

Яго падрыхтоўка пачынаецца з маленства дзяўчыны. Складаецца з адзеньня, пасьцельнай бялізны, дываноў, посуду і прыладаў працы. Часам улучае хатнюю жывёлу і лён, нерухомасьць і грошы. Ёсьць пажыцьцёвай уласнасьцю нявесткі. Сватаньне служыць пачаткам дамаўляньня пра пасаг, памер якога канчаткова вызначаецца на заручынах. У канцы вясельля пад урачыстыя жартоўныя песьні перавозіцца гасьцямі з боку нявесты (маладой) ў дом жаніха (маладога)[1]. Ад пасагу залежыць становішча жонкі ў сям’і. Пры перавозе зьмяшчаецца ў куфар (кубло). Пры вядзеньні падсобнай гаспадаркі бацькі даюць нявесьце авечку, карову або сьвіньню. Таксама нявеста бярэ з сабой швейныя або ткацкія прылады, якія да мэханізацыі ўлучалі: калаўрот, прасьніцу, верацёны, церніцу, качалку, трапалку і кросны[2]. Да прамысловага перавароту дзяўчаты ткалі сабе пасаг з 12 гадоў уручную і вышывалі кашулю за месяц[3].

У пісьменстве

рэдагаваць

У 1893 годзе францускі пісьменьнік Гі дэ Мапасан напісаў сатырычны аповед «Пасаг»[4].

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

У Статуце ВКЛ 1588 году існаваў 5-ы Разьдзел «Аб праве пасагу і аб вене», які налічваў 22 артыкулы: 1) «Якім звычаем бацька, выдаючы дачку сваю замуж, павінен замацаваць і забясьпечыць запіс вена ад зяця»; 2) «Як павінен муж жонцы запісаць вена»; 3) «Пасьля сьмерці бацькавай як павінныя дзеўкі з маёнтка бацькавага выпраўляемыя быць»; 4) «Аб даўнасьці прамаўчаньня пасагу»; 5) «Аб такой удаве, якая, выходзячы замуж дзеўкай, а пасьля сьмерці мужа свайго ўдавой з дарослымі дзецьмі застанецца»; 6) «Аб такой удаве, якая, выходзячы замуж дзеўкай, а пасьля сьмерці мужа свайго застанецца бязьдзетнай удавой»; 7) «Каторы бы аселы ці неаселы ажаніўся ў Літве»; 8) «Аб дзеўках, якія б бяз згоды бацькоў замуж пайшлі»; 9) «Аб дзеўках, якія пасьля сьмерці бацькоў сваіх бяз згоды братоў або стрыяў замуж пойдуць»; 10) «Хто б з дзьвюма або з трыма жонкамі дзяцей меў»; 11) «Аб удаве, якая застанецца зь дзецьмі непаўналетнімі, і аб дзецях без апекуноў пасьля памерлых»; 12) «Аб удаве, якая за простага чалавека, ня шляхціца, замуж пайшла»; 13) «Аб удаве, якая хацела б пасьля сьмерці мужа свайго за другога мужа пайсьці»; 14) «Аб спадчынах, якія пароўну на сына і на дачок прыходзяцца, і аб пасагу матчыным, калі б нікому не запісала»; 15) «Аб параўнаньні пасагу розных жонак перад разьдзелам маёмасьці дзецям»; 16) «Калі б якая ўдава замуж пайшла»; 17) «Аб маёнтку, на якім муж жонцы забесьпячэньне аформіць»; 18) «Аб крыўдах, якія чыняцца мужам з маёнтка, вянованага жонцы»; 19) «Аб бязьдзетнай жонцы»; 20) «Аб разводах шлюбных перад судом духоўным»; 21) «Аб уступленьні ў шлюб людзей бедных»; 22) «Каб ніхто кроўных у шлюб ня браў»[5].

Згодна 1-му артыкулу 5-га разьдзела Статута ВКЛ 1588 году ўстанаўлівалася: «кожны абывацель гэтага панства, якога-небудзь будучы стану, выдаючы дачку сваю замуж і даючы за ёю пасаг або выправу па добрай волі сваёй, перш чым дачку выдасьць, павінен ад зяця ўзяць запіс пад пячаткай і з подпісам рукі яго, хто пісаць умее, і пад пячаткамі людзей добрых, якім ён на трэцяй частцы маёнтка ляжачага свайго гэты пасаг, гэта значыць грошы наяўныя, золата, срэбра, жэмчуг, дарагое каменьне, удвая ацэньваючы. А іншую выправу — строі і ўсякія ўборы, і палотны белыя, коні, каляскі і ўсе іншыя рэчы рухомыя — адной ацэнкай без падваеньня ацаніць, павінен апісаць». Паводле 2-га артыкула, «толькі можна будзе завяшчаць пасаг свой». Тамсама адзначалася, што «бацька, маці, браты або іншыя блізкія, яшчэ ня выдаўшы дзеўкі замуж, павінныя перш за ўсё глядзець, калі б таго зяця яго трэцяя частка маёнтка ўдвая каштаваць магла супраць пасагу той дзеўкі, на чым бы ёй супраць таго меў венаваць». У 8-м артыкуле зазначалася: «Дзе б якая дзеўка бяз волі бацькавай і матчынай ішла замуж, тая траціць пасаг і маёнтак вотчынны і мацярынскі». Паводле 14-га артыкула, «пасаг матчын, які б нікому ня быў запісаны, — гэта ўсё павінна ісьці ў роўны падзел паміж усімі дзецьмі, як сынамі, так і дочкамі». У 19-м артыкуле згадвалася: «чацьвёртая частка паводле даўніх правоў асабліва для выдачы дзевак замуж адкладваецца без усякай розьніцы, хаця б іх было і намнога больш або таксама і адна». Паводле 22-га артыкула, «жонка тая, дзе б, ведаючы аб кроўнасьці, замуж ішла, пасаг свой траціць». Гэтак устанаўлівалася, «каб падданыя нашыя паводле правоў Божых і хрысьціянскіх жылі ў шлюбе сьвятым, таму каб ніхто не асьмельваўся кроўных у шлюб браць, пакуль бы мінулі 4 пакаленьні, пасьля сябе ідучыя, так з боку бацькі, як маці, а народжаных у тую лічбу не лічачы»[5].

  1. ^ Пасаг // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 12. — С. 159. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0198-2
  2. ^ Леаніла Малаш. Пасаг // Этнаграфія Беларусі: энцыкляпэдыя / гал.рэд. Іван Шамякін. — Менск: Беларуская савецкая энцыкляпэдыя, 1989. — С. 389-390. — 575 с. — 20 000 ас. — ISBN 5-85700-014-9
  3. ^ Ніна Шчарбачэвіч. «Кайф ад народных касьцюмаў» // Ігуменскі тракт. — 29 кастрычніка 2013. — № 36 (51).
  4. ^ Гі дэ Мапасан. Пасаг // Беларуская палічка, 2019 г. Праверана 7 лістапада 2019 г.
  5. ^ а б Разьдзел V. Аб праве пасагу і аб вене // Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 / перакл. Алена Шагун. — Менск: Беларусь, 2002. — С. 109-116. — 207 с. — 2000 ас. — ISBN 985-01-0243-8

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць