Антоні Дулінец
Антоні Дулінец (20 красавіка 1889, в. Мосар — 21 лютага 1966, в. Будслаў) — беларускі каталіцкі сьвятар лацінскага абраду, удзельнік беларускага хрысьціянскага руху[1]. Быў знаёмы з многімі беларускімі дзеячамі. Сябраваў з Вацлавам Аношкам і Пятром Татарыновічам.
Антоні Дулінец | |
![]() | |
Дата нараджэньня | 20 красавіка 1889 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 21 лютага 1966 (76 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | каталіцкі сьвятар |
Сям’я Рэдагаваць
Паходзіў зь сялянскай каталіцкай сям’і зь в. Мосар. Бацька — Ігнась, маці — Паўліна з Гарбоўскіх. Меў 8 братоў, палова з іх стала місіянэрамі.
Адукацыя і духоўная фармацыя Рэдагаваць
Атрымаў гімназійную адукацыю ў 1917 годзе у Санкт-Пецярбургу. Там жа працаваў памочнікам бухгалтара ў вайсковым порце.
Вырашыў стаць ксяндзом пасьля таго, як у яго стукнула маланка і ён цудам выжыў.
У 1920—1924 навучаўся ў Менскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі пасьля эвакуацыі яе ў Кельцы (Польшча). Пасьля чаго працягнуў багаслоўскае навучаньне ў Люблінскім каталіцкім унівэрсытэце (1924—1926).
Высьвячаны на каталіцкага сьвятара лацінскага абраду біскупам Пінскім Зыгмунтам Лазінскім 4 красавіка 1926.
Падчас навучаньня ў сэмінарыі зацікавіўся справай адраджэньня Уніі. У сэмінарыі навучаўся разам з Вацлавам Аношкам[2].
Душпастырская праца Рэдагаваць
У 1926 прызначаны вікарыем касьцёлу Ўнебаўзяцьця НПМ у мяст. Браньск на Падляшшы. Аб гэтым прызначэньні Антонія і іншых ксяндзоў, сьвядомых беларусаў, пісалі як аб «ссылцы» за культурную працу сярод беларусаў-каталікоў[3].
У 1927 у віленскім касцёле св. Мікалая адправіў Св. Імшу разам з кс. Шутовічам, кс. Станкевічам і кс. Цікотай у 9 угодкі абвяшчэння незалежнасці Беларусі[4].
З 1929 году супрацоўнічаў зь Беларускім Каталіцкім Выдавецтвам. Пісаў для беларускіх рэлігійных выданьняў «Krynica» і «Chryścijanskaja Dumka»[5]. Ахвяраваў на беларускую дзейнасць.
З 1929 пробашч парафіі Марочна каля Пінску. Намаганьнямі кс. Антонія — шчырага і ідэйнага беларуса — быў збудаваны мясцовы касьцёл[6][7]. На пасьвячэньне якога прыяжджаў ягоны сябар — беларускі каталіцкі сьвятар Пётар Татарыновіч.
Гаварыў казаньні па-беларуску. Заахвочваў вернікаў размаўляць на роднай мове. Распаўсюджваў беларускую культуру.
Удзельнік 1-й канфэрэнцыі, прысьвечанай царкоўнай уніі (23—24.4.1930, Пінск)[8].
З 1931 да пачатку 2-й сусьветнай вайны служыў пробашчам парафіі у парафіяльным касьцёле сьв. Яна Хрысьціцеля ў мяст. Гранне Бельска-Падляскага павету. У 1932 г. гэты храм быў грунтоўна перабудаваны і папоўнены хорам кс. Дулінцам[9].
Хадзіў у пілігрымку ў Кальварыю[10].
У верасьні 1936 году кс. Антоні разам з а. Аношкам віншуюць кс. Татарыновіча зь юбілеем сьвятарства ў Мядзьведзічах. Там жа ён гаворыць навуку па-польску, але так зразумела і ўсё з беларускага жыцьця[11].
З 1940 па 1949 гг. пробашч касьцёла Апекі НПМ Ружанцовай у в. Сігневічы Пружанскага дэканату.
Пасьля вызваленьня зь лягеру ў 1954—1966 быў пробашчам у в. Будслаў.
Дзейнасьць у час вайны Рэдагаваць
Падчас 2-й сусьветнай вайны садзейнічаў беларусізацыі Касьцёлу. Уваходзіў у сьпіс 45 каталіцкіх сьвятароў на беларускіх паслугах, падрыхтаваны разьведкай Арміі Краёвай у Менску (жнівень — верасень 1942 г.).
Паваенны лёс Рэдагаваць
Арыштаваны ў лютым 1949 у Сігневічах. Асуджаны да 25 гадоў ППЛ. Этапаваны ў адзін з лягераў ГУЛЯГу каля Кемерава. Атрымаў кілу. Прабыў нейкі час у лагеры з Фабіянам Ярэмічам[12]. Вызвалены ў 1954. Зарэгістраваны пробашчам парафіі Унебаўзяцьця НПМ у мяст. Будслаў Вілейскага дэканату.
Падчас яго служэння праводзіўся Будслаўскі фэст[13] і была знойдзена былая бернардзінская бібліятэка ў адной з вежаў будслаўскага касцёла[14]. Таксама ў касцёле гучаў арган, працаваў вежавы гадзіннік.
Неаднаразова падвяргаўся нападкам у камуністычных газетах.
Анеля Катковіч у сваіх успамінах «Разьвітаньне з Будславам» піша:
«Адведваў нас у Будславе кс. Антон Дулінец, які таксама доўгія гады быў на Сібіры й вярнуўся з „раю“ амаль што разам з намі. Ён знаў амаль усіх ксяндзоў-беларусаў і сам быў беларусам. Казаньні ў касьцеле гаварыў па-польску, але ўводзячы цэлыя беларускія сказы. Ужо ён не жыве, памёр па дарозе з плябані ў касьцёл. Упаў і больш не падняўся.»
На ягоным пахаваньні было шмат парафіян. Пахаваны на могілках у Будславе, каля капліцы. У Будславе нават праз паўстагодзьдзя з пашанай ўзгадваюць яго імя.
Фотаздымкі Рэдагаваць
-
Кс. Дулінец, Будслаў
-
Будслаў. Свята.
-
Часопіс "Шлях Моладзі" №7-8, 1936 г. 21 ст.
-
Кс. Дулінец з моладзю
-
У цэнтры кс. Дулінец побач з кс. Станкевічам.
-
Кс. Дулінец ў Будславе.
-
Фота перад плебаніяй у Будславе
Крыніцы Рэдагаваць
- ^ Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі. 1917—1964 С. 161—162
- ^ Catalogus Ecclesiarum et Utriusque Cleri tam Saecularis quam Regularis Dioecesis Vladislaviensis seu Calissiensis pro Anno Domini 1921 С. 34
- ^ «Bielaruskaja Krynica» №26, 1926 г. С.6
- ^ «Bielaruskaja Krynica» №14, 1927 г. С.2
- ^ Małgorzata Moroz «KRYNICA» — Ideologia i przywódcy białoruskiego katolicyzmu", Беласток, 2001. С. 218
- ^ «Chryścijanskaja Dumka» №21-22, 1930 г. С.11
- ^ «Bielaruskaja Krynica» №31, 1930 г. С.4
- ^ Pamiętnik I-ej Konferencji Kapłańskiej w sprawie Unji [! Kościelnej w Pińsku (23-24 IV 1930 roku)]
- ^ «Spis Kościołów i Duchowieństwa Diecezji Pińskiej w Rzeczypospolitej Polskiej 1933 i 1934» С. 44.
- ^ «Chryścijanskaja Dumka» №6,1936 г. С. 4.
- ^ «Chryścijanskaja Dumka» №9, 1936 г. С 11.
- ^ «ŹNIČ» №48 KASTRYCNIK-LISTAPAD 1958 г. С. 5.
- ^ Да новых перамог (Мядзел). - №41 (3012). - 4 красавіка 1964г.
- ^ Да пытання пра бібліяграфічную рэканструкцыю будслаўскай бернардзінскай бібліятэкі - Лаўрык Ю. М. (Мінск)
Літаратура Рэдагаваць
- Леанід Маракоў «Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі. 1917—1964» С. 161, 162, 500, 566, 593, 621, 638.
- Jerzy Garbinski, Jerzy Turonek «Bialoruski ruch chrzescijanski XX wieku: slownik biograficzno-bibliograficzny» С. 95-96.
- Roman Dzwonkowski SAC «Leksykon duchowieństwa polskiego represjonowanego w ZSRS 1939―1988» С. 207—208.