Касьцёл Сьвятой Ганны (Мосар)

каталіцкі храм у Мосары
(Перанакіравана з «Касьцёл сьвятой Ганны (Мосар)»)
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл сьвятой Ганны
Касьцёл Сьвятой Ганны
Касьцёл Сьвятой Ганны
Краіна Беларусь
Вёска Мосар
Каардынаты 55°13′34″ пн. ш. 27°28′1″ у. д. / 55.22611° пн. ш. 27.46694° у. д. / 55.22611; 27.46694Каардынаты: 55°13′34″ пн. ш. 27°28′1″ у. д. / 55.22611° пн. ш. 27.46694° у. д. / 55.22611; 27.46694
Канфэсія каталіцтва
Эпархія Віцебская дыяцэзія 
Архітэктурны стыль клясыцызм
Дата заснаваньня 1792
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Стан дзейны
Сайт mosar.vickyblog.com
Касьцёл сьвятой Ганны на мапе Беларусі
Касьцёл сьвятой Ганны
Касьцёл сьвятой Ганны
Касьцёл сьвятой Ганны
Касьцёл сьвятой Ганны на Вікісховішчы

Касьцё́л сьвято́й Га́нны — помнік архітэктуры канца XVIII стагодзьдзя ў Мосары. Знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка, на Цэнтральнай вуліцы. Дзейнічае. Твор архітэктуры клясыцызму[1]. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі[2].

Гісторыя рэдагаваць

 
Касьцёл, каля 1900 р.
 
Касьцёл, да 1918 р.

Вялікае Княства Літоўскае рэдагаваць

Мураваны касьцёл у Мосары збудавалі ў 1792 року з фундацыі Робэрта і Ганны Бжастоўскіх, якія валодалі мястэчкам у канцы XVIII стагодзьдзя[3].

Пад уладай Расейскай імпэрыі рэдагаваць

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 рок), калі Мосар апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, зацягнулася асьвячэньне новазбудаванага касьцёла, толькі ў 1851 року яго кансэкраваў віленскі біскуп Вацлаў Жылінскі.

Найноўшы час рэдагаваць

У міжваенны час, калі Мосар уваходзіў у склад Польскай Рэспублікі, парафія дасягнула найбольшай колькасьці вернікаў (у 1929 року больш за 5700[4]). У 1926—1931 роках вялося будаваньне мураванай званіцы замест ранейшай драўлянай.

У Другую сусьветную вайну касьцёл дзейнічаў. Па вайне, нягледзячы на спробы савецкіх уладаў зачыніць касьцёла, у ім служыў па вяртаньні з сыбірскай высылкі а. Міхал Сухарэвіч усутыч да сьмерці ў 1961 року. У 1961—1988 роках парафія ня мела сьвятара, але вернікі працягвалі зьбірацца ў касьцёле і маліцца[5].

З 1990 усутыч да сьмерці ў 2010 року парафіяльным сьвятаром служыў а. Юзэф Булька. За ім будынак касьцёла аднавілі, перад касьцёлам заклалі парк, збудавалі этапы Крыжовага шляху. Юзэф Булька заснаваў таксама антыалькагольны музэй пры касьцёле і заклаў у парку «Алею цьвярозасьці»[6]. У 1997 року сярод мураванай агароджы зь левага боку збудавалі 2-павярховую капліцу Маці Божай Вастрабрамскай. 15 жніўня 2005 року каля касьцельнага муру ўрачыста адкрылі помнік Яну Паўлу II[4]. У 2006 року за сваю дзейнасьць а. Юзэф Булька атрымаў мэдаль Францішка Скарыны[7].

Архітэктура рэдагаваць

Помнік архітэктуры клясыцызм. Гэта прастакутны ў пляне аб’ём, накрыты 2-схільным дахам. Галоўны і бакавыя фасады завяршаюцца высокімі трыкутнымі франтонамі, падзеленымі на 3 часткі пілястрамі і прарэзанымі ў цэнтры прастакутным дзьвярным і аркавым ваконным праёмамі, з бакоў дэкаруюцца квадратнымі эксэдрамі з скульптурамі сьвятых. Бакавыя роўныя фасады рытмічна падзяляюцца прастакутнымі аконнымі праёмамі ў ліштвах.

Унутраная прастора перакрываецца люстраным скляпеньнем. Сьцены падзяляюцца канэлюраванымі пілястрамі і апярэзваюцца магутным антаблемэнтам з карнізам з сухарыкамі і фрызам, дэкараваным трыгліфамі і вытанчаным стукавым расьлінным арнамэнтам. Роўная алтарная сьцяна падзяляецца канэлюраванымі пілястрамі, паміж якімі вялікі абраз «Укрыжаваньне». Бакавы алтар мае выгляд 4-калённага портыка з антаблемэнтам з анёламі, у цэнтры абраз «Маці Божая Адзігітрыя» (XVIII стагодзьдзе). Пэрымэтрам малітоўная заля аздабляецца 14 гарэльефных панно з стацыямі Крыжовага шляху (канец XVIII — пачатак XIX стагодзьдзяў). На кансольным бальконе-хорах з трэльяжным парапэтам стаіць арган.

У касьцёле захоўваецца фрагмэнт мошчаў Сьвятога Юстына, прывезены ў сярэдзіне XVIII стагодзьдзя старостам Антоніем Кошчыцам з Рыму ў якасьці асабістага падарунку Папы Бэнэдыкта XIV[5]. Пачаткова мошчы знаходзіліся ў Мядзеле, у кармэліцкім касьцёле. Па яго закрыцьці іх у 1838 року перанесьлі ў Мосар[4]. Цяпер яны захоўваюцца ў бакавой каплічцы ля алтару Божай Маці.

Касьцельны пляц атачаецца мураванай аркатурнай агароджай-сьцяной з брамай і 3-яруснай шатровай званіцай, якая мае шатровае завяршэньне з крыжам. Першы ярус званіцы з бутавай муроўкі, верхні — цагляны, атынкаваны, з аркавымі прасьветамі. Касьцельная брама завяршаецца прыступкавым атыкам, падзяляецца пілястрамі і прафіляваным карнізам.

У парку перад касьцёлам намаганьнямі а. Юзэфа Булькі паставілі скульптуру П’ета, грот Божай Маці і 14 стацыяў Крыжовага шляху.

Галерэя рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

Літаратура рэдагаваць

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
  • Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Менск: «Ураджай», 2001. — 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Менск: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1985. — 496 с.: іл.
  • Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  212Г000397