Мукачава
Мукачава (па-ўкраінску: Мукачево, па-вугорску: Munkács) — места ў Закарпацкай вобласьці Ўкраіны. Плошча 27,9 км². Насельніцтва 84 630 чал. (1 студзеня 2012).
Мукачава | |||||
укр. Мукачеве | |||||
| |||||
Дата заснаваньня: | VIII стагодзьдзе | ||||
Краіна: | Украіна | ||||
Вобласьць: | Закарпацкая | ||||
Раён: | Мукачаўскі | ||||
Плошча: |
| ||||
Вышыня: | 120 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: |
| ||||
Часавы пас: | UTC+2 | ||||
летні час: | UTC+3 | ||||
Паштовы індэкс: | 89600 | ||||
КОАТУУ: | 2110400000 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 48°26′29″ пн. ш. 22°42′49″ у. д. / 48.44139° пн. ш. 22.71361° у. д.Каардынаты: 48°26′29″ пн. ш. 22°42′49″ у. д. / 48.44139° пн. ш. 22.71361° у. д. | ||||
Мукачава | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://mukachevo-rada.gov.ua/ |
Ва ўкраінскай мове ўжываецца некалькі варыянтаў назвы гораду. На афіцыйным сайце Мукачаўскай гарадзкой рады назва гораду падаецца «Мукачево».[3] Сярод найбольш распаўсюджаных вэрсіяў аб паходжаньні назвы гораду можна назваць словы: мукі, мука́ і вугорскае munka — праца[4]. Адна легенда сьцьвярджае, што горад пабудаваны ў цяжкіх муках, іншая — што нібыта пад замкам на рацэ Латорыца былі млыны, дзе малолі зерне на муку і таму назва паходзіць ад слова мука.
Мукачава разьмешчана ў паўднёва-заходняй частцы Закарпацкай вобласьці на берагах ракі Латорыца, на адлегласьці 40 км на ўсход ад Ужгараду — абласнога цэнтру Закарпацкай вобласьці Ўкраіны. Па велічыні і культурна-палітычным значэньні Мукачава пасьля Ужгараду займае другое месца.
Здаўна гэтае места вядомае сваім поліэтнічным і поліканфэсійным складам насельніцтва. На працягу стагодзьдзяў тут разам пражывалі ўкраінцы, вугорцы, немцы, цыганы, габрэі і прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў і розных канфэсіяў (рыма-католікі, грэка-католікі, юдэі, праваслаўныя, пратэстанты). Займаючы выгаднае геаграфічнае становішча, Мукачава здаўна служыла своеасаблівай брамай паміж Захадам і Ўсходам, Поўднем і Поўначчу, празь якія на працягу стагодзьдзяў праходзілі гандлёвыя шляхі.
Гісторыя
рэдагавацьЧас узьнікненьня Мукачава невядомы. На тэрыторыі гораду і яго ваколіц знойдзены рэшткі паселішчаў палеаліту (40 тыс. гадоў таму, позьняга палеаліту (3 тыс. гадоў таму, гара Малая), эпохі бронзы (Чырвоная гара, Камянка, Галіш, на Падманастыры, 3-2 тыс. гадоў да н. э.). На гары Тупча выяўлена гарадзішча-крэпасьць фракійскіх плямёнаў эпохі жалеза (X стагодзьдзе да н. э.), а паміж гарамі Галіш і Ловачка — кельцкі опідум (крэпасьць) і рамесна-мэталюргічны цэнтар (ΙΙΙ-Ι стагодзьдзе да н. э.). У Ι стагодзьдзі н. э. кельты былі выцесьненыя карпамі, якіх зьмянілі славяне. Вакол Замкавай гары і ля падножжа гары Камянка, Малой гары і Підгаранаў разьмясьціліся славянскія паселішчы VI—IX ст. н. э. Гэтыя паселішчы зьліліся ў адзінае вялікае паселішча, якое, дзякуючы зручнаму прыродна-геаграфічнаму становішчу, перарасло ў горад з сваім апорным пунктам — Мукачаўскім замкам[4].
Першая пісьмовая згадка пра Мукачава сустракаецца ў напісанай у канцы XII ст. вугорскай хроніцы «Gesta Hungarorum» («Аб дзеяньнях вугорцаў») ананімнага пісара караля Бэлы ІІІ (1171—1195). У ёй гаворыцца пра пераход вугорскіх качавых плямёнаў у 896—903 гадах праз Карпаты і іх ваенныя сутыкненьні зь мясцовым славянскім насельніцтвам, якое ўзначальваў князь Лаборац[4].
903 год, падобна, стаў тым годам, калі вугорцы захапілі асноўныя тагачасныя Закарпацкія фартэцыі, у тым ліку — Мункач. Пасьля спусташальнага ўварваньня ў 1086 полаўцаў на чале з ханам Кутэскам вугорскі кароль Ласла (Уладзіслаў, 1077—1095) на Замкавай гары дабудаваў крэпасьць і ўмацаваў яе каменнымі сьценамі, каб абараніць сваю краіну ад частых нападаў полаўцаў з боку Галічыны.
Найбольшага спусташэньня насельніцтва Мукачава зьведала ў 1241, калі празь Верэцкі перавал ў Карпацкую катлавіну ўварвалася мангола-татарская арда Батыя. Пасьля адыходу мангола-татараў замак у Мукачаве на загад вугорскага караля Бэйлы IV (1235—1270) быў рэканструяваны і значна ўмацаваны.
Мукачава першым з закарпацкіх местаў атрымала правы гораду, пра што сьведчыць грамата каралевы Вугоршчыны і Польшчы Лізаветы (Эржыбэт) з дынастыі Анжу. Грамата ад 22 траўня 1376 году надавала таксама гораду права карыстацца пячаткай з выявай сьвятога Марціна[4].
З канца XIV ст. Мукачава становіцца цэнтрам княства падольскага князя Хведара Карыятавіч, які быў сынам наваградзкага князя Карыята Гедзімінавіча з дынастыі Гедзімінавічаў. Страціўшы ў вайне з сваім сваяком, літоўскім князем Вітаўтам свае землі, ён пасьля 1393 году разам з 40 тыс. верных яму людзей перасяліўся ў падораны яму іншым сваяком — каралём Вугоршчыны Жыгімонтам — горад Мукачава. Кароль Жыгімонт падарыў Хведару Карыятавічу ня толькі горад і замак, але і навакольныя вёскі, якімі ён валодаў да сьмерці ў 1414 годзе. Падольскія сяляне, якія прыйшлі з князем, заснавалі цэлы шэраг новых паселішчаў, што значна ўзмацніла славянскі элемэнт на Закарпацьці[4].
Новы гаспадар Мукачава Хведар Карыятавіч перабудаваў фартэцыю, значна ўмацаваў яе і пашырыў тэрытарыяльна ды зрабіў яго сваёй рэзыдэнцыяй. Ён зь сям’ёй перасяліўся ў замак, заняўшы яго верхнія апартамэнты. На ніжніх дварах былі пабудаваныя памяшканьні для варты і капітана замку. За агароджай, з вонкавага боку, жылі майстры, прыслуга, рамесьнікі і інш. Значна разбудаваўся за часы Хведара Карыятавіча і сам горад. Ён стаў значным гандлёвым і рамесным цэнтрам. Важную ролю адыграў Хведар Карыятавіч і ў разьвіцьці культуры і духоўнага жыцьця ў краі. Менавіта дзякуючы яму на Чарнечай гары быў заснаваны мужчынскі праваслаўны манастыр, які на працягу стагодзьдзяў быў цэнтрам духоўнага і культурнага жыцьця рэгіёну. Манастырская бібліятэка ў свой час была адной зь лепшых і налічвала да 6 тыс. кніг.
Пасьля сьмерці Хведара Карыятавіча ўладальніцай Мукачаўскай дамініі засталася яго жонка Вольга. Зь яе сьмерцю былыя ўладаньні Хведара Карыятавіча перайшлі да караля Жыгімонта, а затым у рукі многіх каралёў і фэадалаў Вугоршчыны.
У 1445 Мукачаўская дамінія перайшла ў рукі рэгента Вугоршчыны Янаша Гун’ядзі. Граматай ад 14 красавіка 1445 ён звольніў Мукачава ад кіраваньня і суду фэадалаў, гэта значыць падарыў гораду Магдэбургскае права і фактычную незалежнасьць[4]. У 1484 вугорскі кароль Мацяш Корвін сваёй граматай яшчэ раз пацьвердзіў правы і прывілеі Мукачава на самакіраваньне, прадастаўленыя гораду яго бацькамі.
У 1514 годзе падчас сялянскага паўстаньня пад кіраўніцтвам Дзьёрдзя Дожы Мукачаўскі замак быў захоплены штурмам. За гэта горад быў аднесены да мяцежных і выплачваў вялікую кантрыбуцыю.
Пасьля паразы Вугоршчыны ад турак-асманаў ў бітве пры Мохачы (1526) Мукачава як яе былая ўласнасьць то пераходзіла ў валоданьне турэцкіх васалаў — трансыльванскіх князёў, то рабілася здабычай аўстрыйскіх Габсбургаў.
З 1629 Мукачаўская дамінія пасьля доўгіх спрэчак перайшла ў рукі трансыльванскага князя Дзьёрдзя I Ракацы, спачатку ў часовае валоданьне, а з 1635 — у спадчыннае. Дынастыя Ракацы валодала Мукачавам і дамініяй зь невялікімі перапынкамі да 1711, а Мукачава быў сталіцай Трансыльванскага княства.
У 1648—1649 гадах у Мукачаве пабывалі паслы гетмана Багдана Хмяльніцкага, якія ў замку вялі перамовы з князямі Дзьёрдзем I і Дзьёрдзем II Ракацы аб сумесных дзеяньнях супраць шляхецкай Рэчы Паспалітай.
На мяжы XVII і XVIII стагодзьдзяў Мукачава становіцца цэнтрам ваенных дзеяньняў паміж куруцамі — удзельнікамі антыфэадальнай вайны і нацыянальна-вызвольнага руху ў Вугоршчыне ў 1703—1711 гадах — і прыхільнікамі Габсбурскага панаваньня — лабанцамі. Мукачава быў адным з ключавых апорных пунктаў вугорскага нацыянальна-вызвольнага руху. Пасьля падаўленьня паўстаньня, захопліваючы землі ўдзельнікаў нацыянальна-вызваленчай вайны 1703—1711 гадоў пад кіраўніцтвам Фэрэнца II Ракацы, аўстрыйскія ўлады стваралі вялікія лятыфундыйскія землеўладаньні і перадавалі іх новым гаспадарам. Усе землеўладаньні Фэрэнца II Ракацы з цэнтрам у Мукачаве патрапілі ў 1728 у рукі рыма-каталіцкага біскупа Бамбэрскага і архібіскупа Майнцкага графа Лётара-Франца Шэнбарна.
18-19 сакавіка 1848 году на вуліцах Мукачава былі расклееныя адозвы Шандара Пэтэфі, якая складалася з 12 пунктаў. Насельніцтва гораду ахвотна вітала паведамленьне аб зьвяржэньні манархіі ў Вугоршчыне і абвяшчэньні незалежнасьці. У Мукачаве больш за 600 жыхароў запісаліся добраахвотна ў рэвалюцыйную армію Кошута і самааддана змагаліся супраць ўнутраных і зьнешніх ворагаў. У атрадах нацыянальнай гвардыі бок аб бок змагаліся людзі розных нацыянальнасьцяў і розных сацыяльных слаёў: русіны і вугорцы, славакі і немцы, сяляне і рамесьнікі, дробныя гандляры і прадстаўнікі інтэлігенцыі.
У 1870 у горадзе налічвалася 917 дамоў, зь іх 17 двухпавярховых. Насельніцтва гораду досыць хутка расло, пра што сьведчаць лічбы: 1880 — 9644 чал., 1890 — 10581, 1900 — 13640 і 1910 — 16518 жыхароў[4]. Разьвіцьцю гораду ў немалой ступені спрыяла пабудова ў 1886 чыгункі, якая зьвязала Мукачава з Будапэштам, Венай, Кошыцэ, Львовам і стварыла спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця прамысловасьці і гандлю.
У 1919 Мукачава на працягу месяцу ўваходзіў у склад Рускай Краіны, аўтаномнай вобласьці ў складзе Вугорскай савецкай рэспублікі. 21 сакавіка 1919 году ў Будапэшце, а ў той жа вечар у Мукачаве, была абвешчана савецкая ўлада і створаны яе выканаўчы камітэт — гарадзкі Дырэкторыюм.
28 красавіка 1919 году Мукачава быў акупаваны румынскімі войскамі, а праз два месяцы войскамі нядаўнаўтворанай Чэхаславацкай рэспублікі. Паводле Сэн-Жэрмэнскай дамовы ад 10 верасьня 1919 Падкарпацкая Русь (так называлася цяперашняя Закарпацкая вобласьць) увайшла ў склад Чэхаславацкай рэспублікі на правах аўтаномнага краю. Мукачава стаў цэнтрам Мукачаўскай акругі.
Рашэньнем I Венскага арбітражу горад Мукачава разам з усёй раўніннай тэрыторыяй Закарпацьця і Ужгарад быў перададзены Вугоршчыне (1938).
26 кастрычніка 1944 горад Мукачава быў вызвалены Чырвонай Арміяй ад фашысцкай акупацыі, а ўжо празь месяц, 26 лістапада 1944 у Мукачаве адбыўся Першы зьезд народных камітэтаў Закарпацкай Украіны, на якім быў прыняты Маніфэст пра ўзьяднаньне Закарпацкай Украіны з Савецкай Украінай у складзе СССР і аб выхадзе з складу Чэхаславацкай рэспублікі.
Насельніцтва
рэдагаваць1866 | 1880 | 1891 | 1900 | 1910 | 1926 | 1939 |
---|---|---|---|---|---|---|
8600 | 9600 | 10 500 | 14 400 | 17 000 | 20 800 | 31 600 |
1959 | 1970 | 1979 | 1989 | 2001 | 2012 | |
46 000 | 57 000 | 71 864 | 84 521 | 82 346 | 84 630 |
Асноўныя славутасьці Мукачава
рэдагаваць- Замак Паланак
- Жаночы манастыр сьв. Мікалая
- Ратуша
- Гатычная капліца сьв. Марціна XIV ст.
- Палац Фэрэнца Ракацы (1667 г.), перабудаваны ў 1748 г. Шэнбарнамі
- Помнік Міхаю Мункачы, вугорскаму жывапісцу нямецкага паходжаньня, пачынальніку і стваральніку вугорскага рэалістычнага жывапісу.
- Помнік у цэнтры гораду сьвятым Кірылу і Мятоду, славутым хрысьціянскім прапаведнікам на славянскіх землях
Традыцыі
рэдагавацьЗ 1996 году штогод у студзені ў Мукачаве адбываецца фэст «Чырвонае віно». Ладзіцца гэты фэст вінаробаў на сьвята Васіля Вялікага (на Стары Новы год), што адзначаецца 14 студзеня. Традыцыйна фэст зьбірае на цэнтральнай плошчы гораду вялікую колькасьць жыхароў і гасьцей з усіх куткоў Украіны і блізкага замежжа. Госьці фэсту могуць бясплатна прадэгуставаць, а таксама набыць віна ад прыватных вінаробаў і вядомых кампаніяў. Акрамя таго, фэст «Чырвонае віно» — гэта яшчэ народнае сьвята з калядкамі, шчадроўкамі і падарункамі[5].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ https://web.archive.org/web/20160405085347/http://w1.c1.rada.gov.ua/pls/z7502/A005?rdat1=23.11.2005&rf7571=11877
- ^ Дзяржаўная служба статыстыкі Украіны Чисельність наявного населення України на 1 січня 2022 року — Кіеў: Дзяржаўная служба статыстыкі Украіны.
- ^ Мукачево. Офіційни сайт Мукачівської міської ради
- ^ а б в г д е ё Історія Мукачева
- ^ Ювілейний фест «Червене вино» буде муніципальним, а не приватним