Гісторыя Браслава
Браслаў (часам насіў дадатковыя азначэньні — Браслаў Літоўскі[1][2][3][4][5][6] або Браслаў Завельскі[a]) — магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну (частка Віленшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя.
Полацкае княства
рэдагавацьПаводле зьвестак археалягічных раскопак яшчэ ў ІХ ст. на месцы сучаснага Браслава існавала старажытнае паселішча латгалаў і крывічоў. У пачатку ХІ стагодзьдзя на месцы спаленага паселішча паўстаў памежны горад Полацкага княства. Умацаваны валам вышынёй ад 3 да 9 м, дзядзінец старажытнага Браслава разьмяшчаўся на пярэсмыку паміж азёрамі Дрывятамі і Навятамі на Замкавай гары, побач знаходзіўся пасад. У ХІ—ХІV стагодзьдзях насельніцтва займалася ў асноўным сельскай гаспадаркай, паляваньнем, рамёствамі, гандлем.
Першы пісьмовы ўпамін пра Браслаў зьмяшчаецца ў Хроніцы Быхаўца і Хроніцы Мацея Стрыйкоўскага пад 1065 годам у зьвязку зь мітычным нападам на яго літоўскіх князёў братоў Кернуса і Гімбута.
Вялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьЗ пачатку ХІV стагодзьдзя Браслаў знаходзіўся ў валоданьні вялікіх князёў і згодна з тэстамэнтам Гедыміна перайшоў да ягонага сына Яўнута. Дзяржаўцамі Браслава былі Сапегі, Масальскія, Скумін-Тышкевічы. У пачатку ХV ст. места стала цэнтрам павету Віленскага ваяводзтва. Павятовыя соймікі зьбіраліся на Замкавай гары, тут жа, паводле пастановы вальнага сойму 1590 году, збудавалі дом для паседжаньняў суду і захоўваньня архіву. У гэты ж час на сродкі ваяводы віленскага і старосты браслаўскага Войцеха Манівіда ў месьце збудавалі касьцёл[7].
8 кастрычніка 1500 году вялікі князь Аляксандар надаў Браславу прывілей на няпоўнае Магдэбурскае права. У 1506 годзе па сьмерці Аляксандра места перайшло да ягонай жонкі Алены. Яна заснавала тут жаночы манастыр з царквой Сьвятой Барбары, у якой жыла да сваёй сьмерці ў 1513 годзе[8].
У ХVІ—ХVІІ стагодзьдзях вялікую ролю меў Браслаўскі замак, які ўпершыню ўпамінаецца пад 1514 годам. На 1554 год, паводле інвэнтару, у месьце было 5 вуліцаў, 110 дамоў, зь іх 65 дамоў знаходзілася на вуліцы Вялікай, што праходзіла ўздоўж возера Дрывятаў. На гэтай жа вуліцы разьмяшчаліся царква, касьцёл, лякарня, сядзіба князёў Масальскіх. Існавалі таксама кляштар, 40 корчмаў. Месьцічы займаліся пераважна земляробствам, часткова гандлем і рамёствамі[8]. У 1579 годзе Станіслаў Пахалавіцкі пазначыў Браслаў на сваёй мапе як паселішча на высьпе. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1661 годзе маскоўскія войскі поўнасьцю зруйнавалі Браслаў. Вальны сойм вызваліў места ад усіх падаткаў на 4 рокі[8].
У 1787 годзе адбыўся апошні соймік Браслаўскага павету. 2 чэрвеня 1792 году кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі апошнім зь местаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі[9] надаў месту герб: «у блакітным полі залатое сонца, на якім блакітны трыкутнік з чалавечым вокам — вокам Боскага наканаваньня»[10]. Неўзабаве згодна з пастановаю Гарадзенскага сойму 1793 году Браслаў стаў сталіцаю ваяводзтва. На 1794 год тут было 68 будынкаў[8], з прычыны пазьнейшага пажару цэнтар ваяводзтва перанесьлі ў Відзы. 11 траўня 1794 году на вуліцах места адбыўся бой паміж паўстанцамі Тадэвуша Касьцюшкі і расейскімі карнымі войскамі[8].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Браслаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам павету Віленскай губэрні (з 1797 году — у Літоўскай, а з 1801 году — у Віцебскай губэрні). Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1843 годзе яго далучылі да Новааляксандраўскага павету Ковенскай губэрні[11].
У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя ў Браславе было 60 двароў; працавалі лякарня, расейская вучэльня, піваварня; дзеялі касьцёл і сынагога. На 1913 год у мястэчку працавалі лякарня, сельская вучэльня, вінакурны завод.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў канцы 1915 — лютым 1918 году каля Браслава праходзіла лінія фронту. У лютым 1918 году мястэчка занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Браслаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году паводле пастановы І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР. У сьнежні 1919 году Браслаў занялі польскія войскі. У 1920 годзе ён увайшоў у склад Сярэдняй Літвы. На 1921 год у мястэчку было 243 будынкі, працавалі млын, тартак, цагельня, дробныя крамы. З 1922 году Браслаў апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам павету Віленскага ваяводзтва. У 1920-я гады адміністрацыйны цэнтар места перанесьлі на яго заходнюю ўскраіну. Тут узьвялі грамадзкія і гаспадарчыя будынкі, 2-павярховыя жылыя дамы для павятовай адміністрацыі і іншых урадоўцаў. Апроч гэтага, у Браславе заснавалі мэханічную пякарню, распачаў працу рыбны завод. У 1928—1929 гадох з прычыны кепскіх мэтэаралягічных умоваў на Віленшчыне паўстала пагроза голаду. На дапамогу галадоўцам выдаткоўваліся дзяржаўныя сродкі, зьбіраліся ахвяраваньні. Да канца 1929 году голад удалося пераадолець.
У 1939 годзе Браслаў увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам раёну Вялейскай вобласьці (з 1944 году ў Полацкай, з 1954 году — Маладэчанскай, а з 1960 году — Віцебскай вобласьці). У Другую сусьветную вайну з 27 чэрвеня 1941 да 6 чэрвеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. 6 красавіка 1944 году каля Браслава савецкая партызанская брыгада імя Жукава зьнішчыла аддзел Арміі Краёвай пад камандаю Казімера Краўзэ «Ваўжэцкага». Савецкія партызаны забілі 21 польскага жаўнера, дабілі параненых[12].
Галерэя
рэдагавацьАзёры
рэдагаваць-
Дрывяты. Ян Булгак, 1934 г.
-
Дрывяты, да 1939 г.
-
Дрывяты, 1 ліпеня 1936 г.
-
Навяты, да 1930 г.
Рынак
рэдагаваць-
да 1939 г.
-
1934 г.
-
да 1939 г.
-
да 1939 г.
-
да 1939 г.
Вуліца Вялікая
рэдагаваць-
1915 г.
-
да 1939 г.
-
да 1939 г.
-
да 1939 г.
-
да 1939 г.
-
да 1939 г.
Калёнія
рэдагаваць-
да 1939 г.
-
1931 г.
-
1938 г.
-
да 1939 г.
Іншае
рэдагаваць-
Агульны выгляд, 1935 г.
-
Павятовая адміністрацыя, да 1939 г.
-
Павятовая адміністрацыя, да 1939 г.
-
Вуліца, да 1930-я гг.
-
Вуліца, да 1939 г.
-
Чыгуначная станцыя, да 1939 г.
Заўвагі
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Русская историческая библиотека, издаваемая Археографической комиссией. Т. 30. — Юрьев, 1914. С. 836, 861, 867.
- ^ Русская историческая библиотека, издаваемая Археографической комиссией. Т. 33. — Петроград, 1915. С. 603, 634, 1375.
- ^ Любавский М. Русско-литовский сейм. — Москва, 1900. С. 165, 200.
- ^ Документы Московского архива Министерства юстиции. Т. 1. — Москва, 1897. С. 485.
- ^ Сборник Императорского русского исторического общества. Том 71. — СПб., 1892. С. 49.
- ^ Lietuvos Metrika. 4-oji Teismų bylų knyga (1522—1530). — Vilnius, 1997. P. 334.
- ^ Грынявецкі В. Браслаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 341.
- ^ а б в г д Грынявецкі В. Браслаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 342.
- ^ Ужо сёньня: апошні горад Беларусі атрымаў магдэбурскае права Ужо сёньня. Радыё Свабода (2 чэрвеня 2021). Праверана 2 чэрвеня 2021 г.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
- ^ Sulistrowski F. Brasław // Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 354.
- ^ Markowski D. Płonące Kresy. Operacja «Burza» na Kresach Wschodnich II Rzeczypospolitej. — Warszawa: Oficyna Wydawnicza RYTM, 2011. S. 107.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — 480 с. — ISBN 985-11-0061-7
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Браслаўскага р-на. — Мн.: Паліграфафрмленне, 1998. — 709 с.: іл. ISBN 985-6351-03-0.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Шыдлоўскі К. Назва горада: міфы, меркаванні і факты // «Браслаўская звязда», 13 сакавіка 1996.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Markowski D. Płonące Kresy. Operacja „Burza” na Kresach Wschodnich II Rzeczypospolitej. — Warszawa: Oficyna Wydawnicza RYTM, 2011. ISBN 978-83-7399-454-6.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880.