Гарадоцкі раённы краязнаўчы музэй

дзяржаўны музэй Беларусі

Гарадоцкі раённы краязнаўчы музэй — дзяржаўны музэй Беларусі, заснаваны ў лютым 1974 году ў Гарадку (Віцебская вобласьць).

Гарадоцкі раённы краязнаўчы музэй
2009 год
Тып краязнаўчы
Месцазнаходжаньне ГарадокБеларусь
Адрас вул. Вароўскага, д. 3[1]
Тэматыка калекцыі палеанталёгія, этнаграфія
Велічыня калекцыі 29 150 адзінак захоўваньня (2014 год)
Плошча экспазыцыі 445 кв.м (2022 год)
Створаны 20 лютага 1974 (50 гадоў таму)
Адкрыты 24 сьнежня 1976 (48 гадоў таму)
Заснавальнік Выканкам Гарадоцкага раённага Савету дэпутатаў
Дырэктар Крысьціна Нікалаева
Колькасьць супрацоўнікаў 5
Геаграфічныя каардынаты 55°27′45″ пн. ш. 29°59′1″ у. д. / 55.4625° пн. ш. 29.98361° у. д. / 55.4625; 29.98361Каардынаты: 55°27′45″ пн. ш. 29°59′1″ у. д. / 55.4625° пн. ш. 29.98361° у. д. / 55.4625; 29.98361
Гарадоцкі раённы краязнаўчы музэй на мапе Беларусі
Гарадоцкі раённы краязнаўчы музэй
Гарадоцкі раённы краязнаўчы музэй
Гарадоцкі раённы краязнаўчы музэй
haradok.museum.by/be

На 2022 год экспазыцыйныя плошча складала 190 кв.м, а выставачная — 255 кв.м. У музэі дзейнічала па 3 выставачныя і экспазыцыйныя залі. Аддзел прыроды разьмяшчаў экспазыцыю ў дыярамнай і інфармацыйнай залях. Інфармацыйная заля ўлучала палеанталягічныя экспанаты і фатаграфіі, мапы-схемы прыроднага асяродзьдзя Гарадоцкага раёну і Чырвоную кнігу раёну. Тамсама месьціліся дыярамы «Дубрава. Дуб-волат», «Апакаліпсіс» і «Арлан-белахвост». Дыярамная заля аддзелу прыроды ўлучала 5 дыярамаў: «Лес», «Верхавое балота», «Луг. Вадаём», «Птушкі на возеры» і «Вадзяны гарэх». Асобныя вітрыны зьмяшчалі каля 100 відаў вусякоў. Пастаянная экспазыцыя «Заля этнаграфіі і народных рамёстваў Гарадоччыны» складалася з 4-х разьдзелаў: «Жыцьцё селяніна ў канцы 19 — пачатку 20 стст.» з часткай каморы і хаты, «Традыцыйныя жаночыя і мужчынскія рамёствы», «Вераваньні нашых продкаў» з карцінамі храмаў Гарадоччыны і абрадавымі прадметамі і «Побыт жыхароў Гарадка і павету» з дыярамай «Кірмаш у мястэчку» і часткай крамы. У выставачных залях на 1-м і 2-м паверхах ладзілі зьменныя выставы. Каля музэю ўсталявалі 2 валуны з памятнымі дошкамі пра Канстанціна Вераніцына і яго паэму «Тарас на Парнасе»[2]. Сярод іншага, у зборах музэю знаходзіўся каталёг вырабаў «Ноўкінскага шклянога заводу» (Стадолішчанскі сельсавет), які дзейнічаў у 1861—1942 гадох[3]. Ад красавіка 2022 году адзіны квіток для наведваньня ўсіх выставаў музэю каштаваў 3,83 рублі, а для студэнтаў і школьнікаў — 2,07 рублі[4].

Мінуўшчына

рэдагаваць

20 лютага 1974 году Выканкам Гарадоцкага раённага Савету дэпутатаў ухваліў Пастанову аб стварэньні Гарадоцкага раённага краязнаўчага музэю, які разьмясьцілі ў будынку былой дзіцячай бібліятэкі. 24 сьнежня 1976 году музэй адчынілі для наведваньня[2].

На 1993 год меў плошчу 404 кв.м і налічваў звыш 27 000 экспанатаў. Падзяляўся на 3 разьдзелы: археалёгіі, гісторыі Гарадоччыны і этнаграфіі. Археалягічныя экспанаты тычыліся засяленьня Гарадоччыны ад мэзаліту да фэадалізму. Выстаўляліся матэрыялы дасьледаваньняў археалягічных помнікаў на землях Гарадоцкага раёну: косткі маманта і каменныя сякеры, зерняцёркі і крамянёвыя прылады працы, жалезныя замкі, падковы і цьвікі, гліняныя цацкі і прасьліцы, керамічны посуд і курыльныя люлькі. Сярод іншага, выстаўлялі нумізматычныя зборы з арабскіх дырхемаў, медных і срэбраных манэтаў 16—17 стагодзьдзяў. Таксама музэй меў матэрыялы пра старажытны Гарадок і капіталістычнае разьвіцьцё на Гарадоччыне пры канцы 19-га стагодзьдзя, падзеі рэвалюцыйнага руху і аднаўленьне гаспадаркі. Прысутнічалі экспанаты часоў Нямецка-савецкай вайны пра абарончыя баі 179-й стралковай дывізіі ў 1941 годзе, узьнікненьне і разгортваньне падпольля і савецкага партызанскага руху, дакумэнты пра ваенныя злачынствы нямецкіх акупантаў, пра вызваленьне Гарадка і Гарадоцкага раёну ў ходзе Гарадоцкай апэрацыі 1943 году, матэрыялы пра вайсковыя часьці і злучэньні з ганаровымі найменьнямі «Гарадоцкіх», жыцьцяпісы, асабістыя рэчы і дакумэнты такіх землякоў-герояў Савецкага Саюзу, як Мікалай Аверчанка, Мартын Ананьеў, Г.В. Багданаў, Ёсіф Бумагін, Мікалай Гапяёнак, Арсень Казлоў, Іван Крумін, Цімафей Рамашкін і Аляксандар Пятровіч Сабалеўскі, а таксама такіх поўных кавалераў ордэна Славы, як Іван Дарошчанка і Ільля Яшчанка. Паказаны паваенны час аднаўленьня і разьвіцьця гаспадаркі раёну[5].

На 1994 год у экспазыцыі былі дакумэнты пра землякоў, якія сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў 1930—1950-х гадоў, загінулі ў Савецка-фінскую вайну 1939—1940 гадоў і Аўганска-савецкую вайну 1979—1989 гадоў, а таксама дасягнулі выбітных посьпехаў у працы і творчасьці. У разьдзеле этнаграфіі зьмяшчаліся прылады побыту і працы, народнае адзеньне і сьвяточныя рэчы 19-га стагодзьдзя пад Вялікдзень, Каляды і Купальле. Таксама выстаўлялі кераміку і вырабы ткацтва, вырабы з лазы і саломкі, вышыўку і вязаньне. Асобная экспазыцыя прысьвячалася хлебу[2]. У 1996 годзе музэй атрымаў новы будынак[5]. На 2014 год асноўны фонд налічваў 29 150 адзінак захоўваньня. Дзейнічала па 3 выставачныя залі і экспазыцыі. Ажыцьцяўлялася супраца з Цэнтрам пазашкольнай працы, Домам рамёстваў і фальклёру, каледжамі і школамі Гарадоцкага раёну. Пры музэі працавала народнае аматарскае аб’яднаньне «Зялёная альтанка»[6].

Кіраўнікі

рэдагаваць
  1. ^ Кантакты (рас.) // Гарадоцкі раённы краязнаўчы музэй, 2022 г. Праверана 23 чэрвеня 2022 г.
  2. ^ а б в г Гісторыя стварэньня і будова // Гарадоцкі раённы краязнаўчы музэй, 2022 г. Праверана 23 чэрвеня 2022 г.
  3. ^ Вырабы Ноўкінскага шклянога заводу (рас.) // Гарадоцкі раённы краязнаўчы музэй, 2022 г. Праверана 23 чэрвеня 2022 г.
  4. ^ Бягучыя цэны ад 1 траўня 2022 г. (рас.) // Гарадоцкі раённы краязнаўчы музэй, 2022 г. Праверана 23 чэрвеня 2022 г.
  5. ^ а б Кацярына Ўверская. Гарадоцкі раённы краязнаўчы музэй // Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў, маст. Эдуард Жакевіч. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1994. — Т. 2. Беліцк — Гімн. — С. 480481. — 537 с. — 10 000 ас. — ISBN 5-85700-142-0
  6. ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 20 лютага 2014. — № 32 (27642). — С. 12. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць