Тарас на Парнасе

сатырычна-гумарыстычная паэма

«Тара́с на Парна́се» — сатырычна-гумарыстычная паэма[1] Канстанціна Вераніцына[2][3][4] (паводле асобных дасьледчыкаў Элегія Пранціша Вуля[5][6]), напісаная ў 1855 годзе і ўпершыню апублікаваная ў газэце «Минскій листокъ» 16 траўня 1889 году. Помнік беларускай літаратуры ХІХ ст.

Тарас на Парнасе
Жанр: паэма
Аўтар: Канстанцін Вераніцын
Мова арыгіналу: беларуская
Публікацыя: 16 траўня 1889
Электронная вэрсія

Паэма напісаная чатырохрадковымі катрэнамі зь перакрыжаванай рыфмоўкай abab, дзе a — жаночыя рыфмы і b — мужчынскія. Завяршаецца паэма катрэнам з аднымі парнымі мужчынскімі рыфмамі.

Тэмы паэмы

рэдагаваць
  • Адлюстраваньне нацыянальнага мэнталітэту беларуса — цэнтральная тэма паэмы «Тарас на Парнасе» і адна з галоўных задачаў яе аўтара. Прасякнутая гарманічным, аптымістычным сьветаадчуваньнем аўтара, паэма сьцьвярджае неўміручасьць народа, яго таленавітасьць і жыцьцялюбства.
  • Адлюстраваньне барацьбы перадавога і рэакцыйнага рухаў у літаратуры XIX стагодзьдзя — другая тэма паэмы «Тарас на Парнасе». Непасрэдна разьвіцьцю гэтай тэмы прысьвечаная сцэна ўзыходжаньня літаратараў на Парнас. У полі зроку паэта расейская літаратура. Сымпатыі аўтара цалкам на баку перадавых пісьменьнікаў, якія вызначалі сваёй творчасьцю поступ літаратуры, сымбалізавалі яе важнейшыя і этапныя дасягеньні і посьпехі.

Сюжэт твора — прыгоды палесаўніка Тараса, які, выправіўся ў пушчу, а трапіў на Парнас — месца, дзе жылі багі і паэты. Вобразы старажытных багоў і герояў у паэме зьніжаны, аўтар скептычна ставіцца да эстэтыкі клясыцызму. 3 сымпатыяй і майстэрствам створаны вобраз Тараса — адзін зь першых рэалістычных вобразаў чалавека з народа ў беларускай літаратуры. У паэме даецца яскравая, напоўненая мноствам рэаліяў карціна побыту беларускіх сялянаў. Сатырычныя выпады скіраваныя супраць псэўданароднай эстэтыкі, славянафільскай ідэалізацыі патрыярхальнага побыту, сэнтымэнталізму. Паэма сьцьвярджала неўміручасьць народа, яго таленавітасьць і жыцьцялюбства.

У аснове мовы твора ўсходнебеларускія гаворкі, якімі аўтар віртуозна валодае. Адчуваецца шчыльная сувязь з фальклёрам і народным гумарыстычным апавяданьнем.

Кампазыцыя паэмы

рэдагаваць
  • уступ-экспазыцыя з зачынам — аўтарская характарыстыка галоўнага героя;
  • асноўная частка — апавяданьне Тараса пра свае прыгоды на Парнасе;
  • заключэньне-канцоўка — кароткае аўтарскае васьмірадкоўе.

Вобраз Тараса

рэдагаваць

Вобраз Тараса падаецца ў разьвіцьці як праз аўтарскія характарыстыкі ў пачатку і канцы паэмы, так і праз апавяданьне самога героя[7].

Спачатку адзначаецца рахманасьць, цьвярозасьць, цягавітасьць героя, згадваецца пра прызнаньне яго высокіх станоўчых якасьцяў з боку пана, пані і брахлівага войта[7]. Пасьля ж усяго перажытага падчас парнаскіх прыгодаў перад чытачом паўстае ўжо ня той ранейшы служка сваіх гаспадароў, як на пачатку твора[7].

З тых пор Тарас ужо ня ходзіць
Так рана дужа па барам
А цераз тое і ня шкодзіць
Бервеньня красьці ён варам

— Тарас на Парнасе, 311—314

Тарас — цудоўны апавядальнік[7]. У паэме выдатна перададзеная артыстычная манэра народнага аповеду — зь яго канкрэтнасьцю, прадметнасьцю, экспрэсіяй, шматлікімі гукапераймальнымі словамі і выклічнікамі[7]. За слоўнай плыньню бачацца адпаведныя жэстыкуляцыі і міміка, пэўны сцэнічны вобраз[7]:

Іду сабе я панямногу,
Але й на пень троху прысеў,
Аж разам: лоп!-лоп!-лоп![8] цераз дарогу,
Здаецца, цецярук зьляцеў.

— Тарас на Парнасе, 25—28

Прастадушны Тарас знае сабе цану і ведае, што ён зусім ня горшы за іншых вяскоўцаў, і ў той жа час ня строіць зь сябе нейкага бязгрэшнага героя, але як і належыць бываламу палесаўніку-паляўнічаму, Тарас ня супраць часам нешта прыбавіць, прыхарошыць сытуацыю на сваю карысьць[7].

Хоць не пужлівы я дзяціна,
Але затросься, як асіна,
Зу́бам быць цюцька ляпачу.

— Тарас на Парнасе, 33—35

Палесаўнік Тарас цікава і артыстычна перадае ня толькі выключна падзейныя паляўнічыя прыгоды[7]. Зусім ня чужое яму і непасрэднае захапленьне красой прыроды, навакольнага сьвету, ён жывы, душэўны, эмацыянальны чалавек[7]:

Ахвоці мне! Як там прыгожа!..
Ну быццам хто намаляваў:
Чырвоны краскі, мак і рожа,
Як бы шырынку[9] хто паслаў.
І птушкі ёсьць там дужа стройны —
Пяюць палепшай салаўя.
Ай-е… авохці мне… авой-е!..
Куды ж гэта патрапіў я?..

— Тарас на Парнасе, 54—61

Гэтак жа натуральна, нязмушана і дасьціпна Тарас дае ацэнку ўсяму ўбачанаму і пачутаму ім на Парнасе і на падыходах да знакамітай гары[7]. Перад чытачом паўстае чалавек прыметлівы, па-народнаму ашчадны і далікатны[7]. Парадкам прагаладаўшыся за цэлы дзень блуканьняў і прыгодаў, Тарас ня просіць багоў яго накарміць (гэта немагчыма для яго гонару, для яго народных уяўленьняў пра прыстойнасьць)[7], ён толькі вельмі далікатна намякае:

Ці не была б, паночак, ласка
Адсюль дамоў мяне адвесьць?
Хадзіўшы па гарэ Парнаскай,
Мне дужа захацелась есьць.

— Тарас на Парнасе, 287—290

Аўтарскае пытаньне

рэдагаваць
 
Камень-помнік паэме ў Гарадку

Аўтарства «Тараса на Парнасе» прыпісвалі Вінцэнту Дуніна-Марцінкевічу і Арцёму Вярыгі-Дарэўскаму, творчая манэра якіх адрозьніваецца ад манэры аўтара паэмы. Меркавалася, што паэма была напісаная Вікенціям Равінскім, зь якім зьвязваецца і аўтарства паэмы «Энэіда навыварат», або беглым дзекабрыстам, які жыў у Клімавіцкім павеце на Магілёўшчыне пад імем Яўхіма Крупенькі.

Пэрспэктывы для дасьледчыкаў адкрыў сьпіс паэмы з паметкай: «К. Вераніцын, 15.4.1855, Гарадок». К. Вераніцын (1834—1904) вучыўся ў Віцебскай гімназіі, Пецярбурскай мэдыка-хірургічнай акадэміі і Горы-Горацкім інстытуце. Магчыма, у напісаньні паэмы ўдзельнічаў яго гімназійны сябар Я. Вуль.

Паэма адыграла вялікую ролю ў станаўленьні беларускай літаратурнай мовы, разьвіцьці беларускай літаратуры.

Тэкст у школьнай праграме

рэдагаваць

Беларускі мовазнавец Ю. Пацюпа ўказвае на тое, што прыняты ў школьнай практыцы тэкст паэмы зьмяшчае русізм «палясоўшчык» (суфіксы -чык, -шчык гістарычна не ўласьцівыя для беларускага словаўтварэньня)[10]

Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса,
Што палясоўшчыкам служыў?
На Пуцявішчы, у Панаса,
Ён там ля лазьні блізка жыў.
Ці знаў з вас, браты, хто Тараса
Што у палесаўніках быў?
На Пуцявішчы, ля Панаса,
Ён там ля лазьні блізка жыў.

Замежныя пераклады

рэдагаваць

На сёньняшні дзень паэма «Тарас на Парнасе» перакладзеная на паўдзясятка замежных моваў[11].

На ўкраінскай мове існуе тры пераклады (А. Танюка, А. Шаўчэнкі, В. Стралко), па два пераклады на ангельскай (Ўолтэр Мэй, Вера Рыч) і расейскай (М. Лазінскага і М. Ісакоўскага) мовах. «Тарас на Парнасе» перакладзены на нямецкую мову беларускім паэтам і перакладчыкам Уладзімерам Папковічам, на гішпанскую К. Шэрманам, на баўгарскую мову Н. Вылчава.

Мова перакладу Дата першага
выданьня
Перакладач(ы) Колькасьць поўных
перакладаў
ангельская 1993 Вера Рыч, Ўолтэр Мэй 2
расейская Міхаіл Лазінскі, Міхаіл Ісакоўскі, М. Астрагоскі (не апублікаваны) 2
нямецкая Уладзімер Папковіч 1
гішпанская Карлас Шэрман 1
баўгарская Найдан Вылчаў 1
украінская Васілій Шчурат, Валеры Стралко (часткова) 1
  1. ^ Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 2. Новая літаратура : другая палова XVIII—XIX стагоддзе. — Мінск: «Беларуская навука», 2007. С. 234
  2. ^ Вераніцын Канстанцін. Тарас на Парнасе. Паэмы / Уклад. з тэкст. падрыхт. і камент. Юрыя Пацюпы, прадм. Язэпа Янушкевіча. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2009. — С. 53
  3. ^ Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пач. XX ст.: Падруч. для філ. фак. пед ВНУ / Т. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубеваі інш; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 54
  4. ^ Эдуард Садаўнічы. Паэмы «Энэіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», іх месца ў новабеларускай літаратуры: У параўнанні з творамі «Боская камедыя» Дантэ, «Дон Кіхот» Сервантэса, «Фауст» Гётэ // Роднае слова. 1998. №10. С. 21
  5. ^ Хаўстовіч М. Вераніцын ці Вуль? // XIX стагоддзе: Навук.-літ. альманах. Мн., 2000. Кн. 2. C. 188—191
  6. ^ Ялегі Пранціш Вуль і пытанне атрыбуцыі паэмы «Тарас на Парнасе» // Працы кафедры гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржуніверсітэта: Навуковы зборнік. Выпуск пяты. Мінск, 2004. С. 49—62
  7. ^ а б в г д е ё ж з і к л Генадзь Кісялёў. «Тарас на Парнасе» // Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пач. XX ст.: Падруч. для філ. фак. пед ВНУ / Т. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубеваі інш; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 234—238
  8. ^ лоп!-лоп!-лоп! — рытмалягічна няпростая зьява, якая завецца гіпэрмэтрыяй. У гэтым радку выкарыстоўваецца сэкстоль — шэсьць доляў заміж чатырох. У дэклямацыйнай практыцы гукапераймальны фрагмэнт лоп!-лоп!-лоп! вымагае паскоранага вымаўленьня, а не скандаваньня. Тое, што гэта не памылка — паказваюць раньнія рэдакцыі паэмы. Канцавая сынтагма цераз дарогу ёсьць ува ўсіх рэдакцыях «Тараса…»
  9. ^ Шырынка (дыял.) — палатняная дзявочая хуста хатняга вырабу ў выглядзе тонкага ручніка, роўнага ўшырыню і ўдаўжыню, з вышыванымі канчарамі. У шмат якіх рэдакцыях «Тараса на Парнасе» пішуць сукенка заміж шырынка, што зусім нелягічна, бо сукенка ня можа служыць за посьцілку.
  10. ^ Ю. Пацюпа. Культура беларускай мовы (Лекцыі 1—2)(недаступная спасылка) // «Беларускі калегіюм», 25.04.2009
  11. ^ Вераніцын Канстанцін. Тарас на Парнасе. Паэмы / Уклад. з тэкст. падрыхт. і камент. Юрыя Пацюпы, прадм. Язэпа Янушкевіча. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2009. — С. 7

Літаратура

рэдагаваць
  • Кісялёў Г. Пошукі імя. — Мн., 1978;
  • Лазарук М. Станаўленне беларускай паэмы. — Мн., 1968;
  • Скалабан В. Новыя матэрыялы з гісторыі беларускай літаратуры XIX ст. // Шляхам гадоў. Мн., 1990. (Вып. 1);
  • Хаўстовіч М. Вераніцын ці Вуль? // XIX стагоддзе: Навук.-літ. альманах. Мн., 2000. Кн. 2.

Публікацыі

рэдагаваць
  • Вераніцын Канстанцін. Тарас на Парнасе. Паэмы / Уклад. з тэкст. падрыхт. і камент. Юрыя Пацюпы, прадм. Язэпа Янушкевіча. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2009. — 79 с.
  • Энеіда навыварат; Тарас на Парнасе. Мн., 1982;
  • Тарас на Парнасе: Нар. паэма. Мн., 1998.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць