Павал Вэнт

беларускі вайсковец

Павал Вэнт (17 чэрвеня 1880, Менская губэрня — ?) — генэрал-маёр БНР.

Павал Вэнт
17 чэрвеня 1880(1880-06-17)1971
Месца нараджэньня
Месца сьмерці

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў шляхецкай лютэранскай сям’і. Скончыў Кадэцкі корпус, Міхайлаўскую артылерыйскую вучэльню, Электратэхнічныя курсы (інстытут), Вайскова-аўтамабільную школу, Мікалаеўскую вайсковую акадэмію з дадатковым курсам Генэральнага штабу.

Падчас Грамадзянскай вайны ў Расеі — начальнік штабу Заходняй (Беларускай) арміі, камандзір Крымскага коннага палка. Быў у прыязных адносінах з генэралам Сакіро-Яхантавым, галоўным інспэктарам па фармаваньні Добраахвотніцкай арміі.

Пасьля выдзяленьня, са згоды французаў, Урадам УНР сродкаў на фармаваньне беларускіх частак у Адэсе пачалося фармаваньне беларускай дывізіі, яе камандзірам быў прызначаны Вэнт, якому неўзабаве прысвоілі генэральскі чын[1]. Камандзір Асобнай беларускай дывізіі на поўдні Расеі і прадстаўнік БНР пры штабе войскаў Кааліцыі.

Падчас эвакуацыі ў канцы сакавіка — пачатку красавіка 1919 г. французаў і «добраахвотнікаў» з Адэсы мусіла эвакуявацца і беларуская дывізія. Аднак сам камандзір дывізіі Вэнт застаўся ў Адэсе і перайшоў на бок бальшавікоў. Бальшавікі на базе дывізіі пачалі фармаваньне беларускай савецкай брыгады, якая хутка налічвала ўжо 10 тысячаў байцоў. Камандаваў брыгадай генэрал Вент.

Нацыянальна настроеныя афіцэры выступалі за перадысьлякацыю брыгады ў Менск, каб выбіць адтуль бальшавікоў, але гэта не было дазволена. Пазьней у Адэсе пачалося паўстаньне М. Грыгор’ева, да якога прымкнуў Вэнт. Аднак яно было здушанае, і Вэнту давялося ўцякаць, а яго брыгада была адпраўлена на фронт[2].

Працаваў інструктарам Генэральнага штабу Летувіскай арміі і вайсковым радцам пры Вайскова-дыпляматычнай місіі БНР у Эстоніі і Латвіі, генэрал-маёр БНР. Быў асабіста ўпаўнаважаны Радай народных міністраў БНР весьці перамовы з урадам Эстоніі пра прызнаньне Эстоніяй незалежнасьці БНР і пра пасрэдніцтва Эстоніі і перамовах з урадам Савецкай Расеі. Вёў ліставаньне з камандзірам Асобнага атрада БНР у Эстоніі — генэралам Булак-Булаховічам па пытаньнях фармаваньня атраду.

  1. ^ Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі… Т. 1, кн. 1. — С. 552.
  2. ^ Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі… Т. 1, кн. 1. — С. 553.

Літаратура

рэдагаваць
  • Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі: У 2-х кн. / Склад. С. Шупа. — Вільня — Нью-Ёрк — Менск — Прага: Беларускі інстытут навукі і мастацтва. Таварыства беларускага пісьменства, 1998. — 1721 с.