ЭПАМ Сыстэмз
«ЭПАМ Сыстэмз»[2][3] — найбуйнейшы вытворца заказнога праграмнага забесьпячэньня у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, першы рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгіяў Беларусі[4].
«ЭПАМ Сыстэмз» | |
анг. EPAM Systems | |
Тып | Публічная кампанія |
---|---|
Лістынг на біржы | NYSE: EPAM |
Дэвіз | Excellence in Software Engineering |
Заснаваная | 23 сьнежня 1993 (31 год таму)[1] |
Заснавальнікі | Аркадзь Добкін, Леа Лознэр |
Краіна | |
Разьмяшчэньне | Ньютаўн, Пэнсыльванія, ЗША |
Ключавыя фігуры | Аркадзь Добкін, прэзыдэнт і старшыня рады дырэктараў |
Галіна | сфэра паслугаў |
Прадукцыя | праграмнае забесьпячэньне |
Абарачэньне | ▲$1,84 млрд (2018 год) |
Апэрацыйны прыбытак | ▲86,2 млн (2014) |
Чысты прыбытак | ▲$68,6 млн (2014) |
Лік супрацоўнікаў | 33 000 (2019 год) |
Даччыныя кампаніі | ЭПАМ Сістэмз[d] і EPAM Systems (Lithuania)[d] |
Гісторыя
рэдагавацьКампанія паўстала ў 1993 годзе ў Прынстане (Нью-Джэрзі, ЗША). Заснавалі яе Аркадзь Добкін, які эміграваў у ЗША ў 1991 годзе, і ягоны аднаклясьнік Леа Лознэр зь Менску. Сьпярша кампанія называлася «EPAm» па скарачэньні ад анг. «Effective Programming for America». Пазьней, па выхадзе кампаніі на замежныя рынкі, яе назва трансфармавалася ў сучасную «EPAM Systems». У 1995 г. найбольшай дамовай стаўся заказ апраграмаваньня кіраваньня збытам(en) і таварняй(en) для амэрыканскага падразьдзяленьня швайцарскага вытворцы абутку «Балі»(en). У 1996 г. другім значным пакупніком стаўся амэрыканскі вытворца побытавых тавараў «Колгейт-Палмаліў» (Нью-Ёрк), які замовіў апраграмаваньне кіраваньня збытам для сваіх падразьдзяленьняў у Эўропе і Лацінскай Амэрыцы. У 1997 г. нямецкі вытворца апраграмаваньня «САП»(en) (ням. Systemanalyse und Programmentwicklung — Сыстэмны аналіз і распрацоўка праграмаў; Вальдорф, акруга Карльсруэ, зямля Бадэн-Вюртэмбэрг) упершыню замовіў аўтсорсінг распрацоўкі апраграмаваньня для прадпрыемстваў(en). У 1998 г. адчынілася сядзіба ў Маскве (Расея). У 2000 г. пачалася распрацоўка парталаў электроннага гандлю(en) і мабільных дастасункаў для прадпрыемстваў аўтамабілебудаваньня, сувязі і аховы здароўя ў Паўночнай Амэрыцы, Эўропе і Японіі.
У 2001 г. пастаянным замоўніком(en) стаўся «Майкрасофт» (ЗША). Адчыніліся сядзібы ў Горадні і Гомелі. Зьявіўся аддзел забесьпячэньня якасьці. 18 сьнежня 2002 г. назоў прадпрыемства зьмянілі на сучасны. У 2003 г. адчыніліся ўнутраны цэнтар падрыхтоўкі ў Менску і сядзіба ў Магілёве. 16 сакавіка 2004 г. абвясьцілі пра набыцьцё вугорскага вытворцы «Фатом тэхналёгія» (вуг. Fathom Technology; Будапэшт). У выніку лік супрацоўнікаў узрос з 600 да 760. Адчыніліся 1-ая сумесная навучальная працоўня ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР) і сядзіба ў Саратаве (Расея). Пры канцы году лік супрацоўнікаў прадпрыемства перавысіў тысячу чалавек. У 2005 г. выручка склала звыш $30 млн. Закончылася стварэньне першай у Расеі сеціўнай крамы авіяквіткоў для авіякампаніі «Сібір»(en) (Об, Новасыбірская вобласьць). Адчыніліся прадстаўніцтва ў Лёндане (Ангельшчына) і асяродкі распрацоўкі ў Кіеве (Украіне) і Санкт-Пецярбургу (Расея). 19 верасьня 2006 г. абвясьцілі пра набыцьцё расейскага вытворцы заказнога апраграмаваньня «VDI» (анг. Vested Development, Inc — карпарацыя «Закладзенае разьвіцьцё»; Масква). У выніку лік супрацоўнікаў узрос з 1800 да звыш 2000. Адчыніліся асяродак падтрымкі кліентаў у Франкфурце-на-Майне (Дармштацкая акруга, зямля Гэсэн, Нямеччына). У 2007 г. абарачэньне перавысіла $100 млн. Дадалося 18 сумесных навучальных працоўняў у ВНУ Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Адчыніліся сядзібы ў Берасьці, расейскім Іжэўску (Удмуртыя, Прыволская фэдэральная акруга), украінскіх Віньніцы, Львове і Харкаве. Лік супрацоўнікаў прадпрыемства перавысіў 3500 чалавек.
19 сакавіка 2008 г. расейскія банк «Рэнэсанс Капітал»(en) (Масква) і фонд «Да Вінчы Капітал» (Масква), вугорская кампанія «Euroventures» (бел. Эўрапачынаньні; Будапэшт) набылі за $50 млн мінарытарны пакет акцыяў прадпрыемства. 3 красавіка адбылося набыцьцё амэрыканскгаа вытворцы біржавога апраграмаваньня «B2Bits» (Лорэнсвіл, акруга Мэрсэр(en), шт. Нью-Джэрзі). Адчынілася прадстаўніцтва ў Стакгольме (Швэцыя). Лік супрацоўнікаў перасягнуў 5000 чалавек. У 2010 г. выручка перавысіла $200 млн Прыбытак склаў $33,2 млн. Пастаяннымі пакупнікамі сталіся ангельскі банк «Баркліз Капітал»(en) (Лёндан) і нямецкі вытворца прамысловых і побытавых прыладаў «Бош»(en) (Гэрлінгэн, Штутгарцкая акруга(en), зямля Бадэн-Вюртэмбэрг). 8 красавіка скончылі стварэньне інфармацыйнай сыстэмы кіраваньня для сотавага апэратара «Вэлком» («А1»). 21 верасьня абвясьцілі пра набыцьцё амэрыканскага вытворцы фінансавага апраграмаваньня «Instant Information» (бел. Імгненныя зьвесткі; Нью-Ёрк). На 2010 год кампанія мела 29 офісаў у 9 краінах сьвету, у тым ліку ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі[5]. Колькасьць супрацоўнікаў кампаніі ў Беларусі складала больш як 2,5 тысячы чалавек[6]. Кліенты EPAM Systems — прадстаўнікі розных сэгмэнтаў гаспадаркі з болей як 30 краінаў сьвету (у тым ліку зь Беларусі й СНД). Сярод іх — «Майкрасофт», SAP, Coca-Cola, «Інтэрфакс», А1, Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод ды інш.
У 2011 г. выручка склала $334,5 млн. Прыбытак дасягнуў $44,4 млн. Актывы вырасьлі да $235,6 млн 17 траўня адчынілася сядзіба ў Кракаве (Польшча). Лік супрацоўнікаў дасягнуў 6968 чалавек. У 2012 г. выручка склала $334,5 млн. Прыбытак дасягнуў $54,5 млн. Актывы склалі $350,8 млн. Лік супрацоўнікаў узрос да 8495 чалавек[7]. 24 студзеня кампанія абвясьціла пра першаснае разьмяшчэньне акцыяў на Нью-Ёрскай фондавай біржы[8]. 14 лютага адчынілася сумесная навучальная працоўня ў Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце (БДЭУ). Пастаянным пакупніком стаўся амэрыканскі вытворца апраграмаваньня «Оракл»(en) (Рэдвуд, акруга Сан-Матэо(en), шт. Каліфорнія). 23 траўня набылі канадзкага вытворцу апраграмаваньня «Соткорп» (анг. Thoughtcorp; Таронта, правінцыя Антарыё). 18 сьнежня абвясьцілі пра набыцьцё амэрыканскага вытворцы вяшчальнага апраграмаваньня «Empathy Lab» (бел. Працоўня спагады; Коншэхокэн, акруга Мантгомэры(en), шт. Пэнсыльванія). Лік супрацоўнікаў пераўзышоў 8000 чалавек. У 2013 г. ужо налічвалася звыш 9000 супрацоўнікаў. Адчыніліся сумесныя навучальныя працоўні ў БДУ, Гарадзенскім дзяржаўным унівэрсытэце і Менскім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце (МДЛУ).
Цягам 2012—2018 гадох грашовая выручка «Эпаму» расла штоквартал больш як на 20 %. Па выніках 2018 году яна склала 1,84 млрд даляраў ЗША. На жнівень 2019 году на прадпрыемстве працавала звыш 33 000 чалавек у 30 краінах. У выніку «Эпам» 2-і раз трапіў у сьпіс 100 найбольш хуткарослых прадпрыемстваў сьвету па выніках росту сукупнага гадавога даходу, выручкі і прыбытку на пай за папярэднія 3 гады. У гэтым сьпісе «Эпам» заняў 71-е месца[9]. У 2017 годзе «Эпам» арандаваў у Менску 10 % офіснай нерухомасьці, плошчай каля 2-х гектараў[10]. За 2019 год лік супрацоўнікаў «Эпам» ва Ўкраіне вырас на 1700 чалавек да 8300. Яны працавалі ў 5 гарадах — у Дняпры, Кіеве, Львове, Харкаве і Віньніцы. Пры гэтым, «Эпам» быў найбольшым працадаўцам беларускага паходжаньня ва Ўкраіне[11]. На жнівень 2021 году «Эпам» меў падразьдзяленьні ў 40 краінах, дзе працавала звыш 40 000 чалавек, зь якіх 10 000 у Беларусі[12]. 14 сьнежня 2021 году «Эпам» улучылі ў біржавы індэкс ЗША «Стандарт і Пуэрз 500» для 500 прадпрыемстваў з найбольшай вартасьцю[13]. У 2021 годзе лік вытворчых адмыслоўцаў «Эпаму» ва Ўкраіне вырас на 36 % да амаль 12 400 чалавек. У выніку ўкраінскае прадстаўніцтва «Эпаму» стала найбольшым у сьвеце[14]. На красавік 2022 году «Эпам» меў найбольшую сядзібу ў Беларусі, дзе працавала звыш 10 000 чалавек[15].
Паслугі
рэдагаваць- ІТ-кансалтынг
- Распрацоўка апраграмаваньня
- Інтэграцыя дастасункаў
- Партаваньне і міграцыя дастасункаў
- Тэставаньне апраграмаваньня
- Суправаджэньне апраграмаваньня
- Паслугі цэнтраў кампэтэнцыяў[16].
Узнагароды
рэдагавацьУ 2006 г. кампанія ўвайшла ў сьпіс «100 сусьветных аўтсорсэраў», #79 у разьдзеле «Узыходныя зоркі аўтсорсынгу на глябальнай арэне»[17].
Паводле зьвестак рэйтынгавае агенцыі «Эксперт РА», па выніках 2009 году «EPAM Systems» заняла 19-е месца ў агульным сьпісе найбуйнейшых ІТ-кампаніяў і 17-е — у сьпісе найбуйнейшых кансалтынгавых кампаніяў Расеі[18].
Дабрачыннасьць
рэдагаваць20 красавіка 2020 году «Эпам» і «Ўоргеймінг» перадалі ў Міністэрства аховы здароўя Беларусі 700 000 рэсьпіратараў для лекараў і мэдсясьцёр, фэльчараў і санітараў, якія аказвалі дапамогу ў лякарнях хворым на ўханьскі каронавірус падчас пандэміі. З гэтай нагоды намесьнік міністра аховы здароўя Беларусі Барыс Андрасюк заявіў: «Ажыцьцявіць такую пастаўку ў сьціснутыя тэрміны на працягу 10 дзён з моманту закупкi — гэта подзьвіг. Сродкі абароны зараз хутка разыходзяцца. І хачу падзякаваць неабыякавым людзям, якія праяўляюць сваю актыўную жыцьцёвую пазыцыю»[19].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ EPAM 20 - Message from Arkadiy Dobkin, CEO and President // EPAM Press, 24 сьнежня 2013 г. Праверана 9 красавіка 2015 г.
- ^ Колькасьць рэзыдэнтаў ПВТ павялічылася да 164 // Газэта «Наша ніва», 29 жніўня 2016 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
- ^ Аксана Янкоўская. У Менску ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу «Прэмія HR–брэнд Беларусь 2019» // Газэта «Зьвязда», 11 сьнежня 2019 г. Праверана 16 красавіка 2022 г.
- ^ Резиденты Парка высоких технологий (рас.) Рэзыдэнты. Парк высокіх тэхналёгіяў. Праверана 21 лістапада 2010 г.
- ^ EPAM на карте мира (рас.) О компании. EPAM Systems. Праверана 21 лістапада 2010 г.
- ^ Аляксандр Лукашэнка: «Беларусь можа ганарыцца дасягненнямі ў медыцыне, ІТ-тэхналогіях і касмічнай сферы» // «Звязда» №227 (26835) 19 лістапада 2010
- ^ Ягор Марціновіч. IT-кампанія EPAM Systems дасягнула рэкордных прыбыткаў // Наша Ніва, 1 сакавіка 2013 г. Праверана 9 красавіка 2015 г.
- ^ Аляксей Арэшка. Кампанія EPAM Systems аб'явіла пра пачатак IPO // БелаПАН, 1 лютага 2012 г. Праверана 9 красавіка 2015 г.
- ^ Tut.by. «Эпам» у другі раз трапіла ў топ-100 самых хуткарослых кампаній сьвету // Партал «Новы час», 27 жніўян 2019 г. Праверана 12 красавіка 2022 г.
- ^ ВС. Як айцішнікі могуць дапамагчы беларускім гарадам і хто ім замінае // Беларуская служба Радыё «Свабода», 5 лістапада 2018 г. Праверана 12 красавіка 2022 г.
- ^ «Заўтра тваёй краіны». Як беларускія кампаніі становяцца найбуйнейшымі ІТ-працадаўцамі ва Украіне // Партал «Новы час», 11 лютага 2020 г. Праверана 12 красавіка 2022 г.
- ^ «Мы не зьбіраліся пакідаць краіну». Заснавальнік «Эпам» Аркадзь Добкін пракамэнтаваў словы Лукашэнкі // Беларуская служба Радыё «Свабода», 10 жніўня 2021 г. Праверана 12 красавіка 2022 г.
- ^ «Эпам» уключаць у індэкс «СіП 500» // Партал «Наша ніва», 9 сьнежня 2021 г. Праверана 16 сьнежня 2021 г.
- ^ Каманда «Эпам» у Беларусі скарацілася, яе тутэйшы офіс больш не самы буйны // Партал «Новы час», 22 лютага 2022 г. Праверана 12 красавіка 2022 г.
- ^ «Люстэрка». «Думаю, да восені тут нікога не застанецца». «Эпам» закрые свой офіс у Беларусі? // Партал «Наша ніва», 11 красавіка 2022 г. Праверана 12 красавіка 2022 г.
- ^ Услуги (рас.). EPAM Systems. Праверана 21 лістапада 2010 г.
- ^ The 100 Global Outsourcing 2006, Издание международной ассоциации аутсорсеров-профессионалов (IAOP)
- ^ Позиции компании в рейтингах крупнейших компаний. EPAM Systems (рас.) Компании. Рэйтынгавая агенцыя «Эксперт РА». Праверана 21 лістапада 2010 г.
- ^ «Эпам» і «Ўоргеймінг» перадалі Міністэрству аховы здароўя 700 тыс. рэсьпіратараў // Газэта «Зьвязда», 20 красавіка 2020 г. Праверана 12 красавіка 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Афіцыйная бачына EPAM Systems-Беларусь (рас.)
- Афіцыйная бачына EPAM Systems-Нямеччына (ням.)
- B2Bits (анг.)
- InfoNgen (анг.)
- «Эпам» // Партал «Новы час», 8 красавіка 2022 г. Праверана 12 красавіка 2022 г.
- «Эпам» // Газэта «Зьвязда», 18 красавіка 2021 г. Праверана 12 красавіка 2022 г.