Новы Пагост
Но́вы Паго́ст[1] — вёска ў Беларусі, каля возера Новага Пагосту. Цэнтар сельсавету Мёрскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 427 чалавек. Знаходзіцца за 18 км на паўднёвы захад ад Мёраў, за 4 км ад чыгуначнай станцыі Зоры; на аўтамабільнай дарозе Мёры — Шаркоўшчына.
Новы Пагост лац. Novy Pahost | |
Траецкі касьцёл | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Віцебская |
Раён: | Мёрскі |
Сельсавет: | Новапагосцкі |
Насельніцтва: |
|
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2152 |
Паштовы індэкс: | 911234 |
Нумарны знак: | 2 |
Геаграфічныя каардынаты: | 55°30′0″ пн. ш. 27°26′0″ у. д. / 55.5° пн. ш. 27.43333° у. д.Каардынаты: 55°30′0″ пн. ш. 27°26′0″ у. д. / 55.5° пн. ш. 27.43333° у. д. |
± Новы Пагост | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Новы Пагост — даўняе мястэчка гістарычнай Браслаўшчыны (частка Віленшчыны). Да нашага часу тут захаваўся Траецкі касьцёл, помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры XVIII стагодзьдзя.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПершы пісьмовы ўпамін пра Новы Пагост (пад назвай Пагост) датуецца 1498 годам, калі вялікі князь Аляксандар перадаў яго пісару Івашку Сапегу, а ў 1500 годзе — немцу Клоту. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Браслаўскага павету Віленскага ваяводзтва.
У 1566 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст перадаў двор Пагост і Пагосцкую воласьць ваяводу рускаму Мікалаю Сіняўскаму. 3 1593 году мястэчкам валодаў Леў Сапега, на сродкі якога тут збудавалі касьцёл Сьвятой Тройцы. 3 1693 году дзеяла мытная застава — камора. У 1775 годзе ў Пагосьце збудавалі царкву. 3 1777 году маёнткам валодаў кашталян смаленскі Станіслаў Бужынскі, з 1797 году — падкаморы гарадзенскі Францішак Юндзіл.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Пагост апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дзісенскім павеце Віленскай губэрні. У 1818 годзе ўпамінаецца вёска Стары Пагост (за 7 км на ўсход ад мястэчка), дзе быў 31 двор. На 1859 год у Новым Пагосьце было 32 двары, на 1866 год — 52 двары. З 1862 году працавала школа (56 вучняў). У 1878—1879 году ў мястэчку збудавалі царкву-мураўёўку.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Новы Пагост занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Новы Пагост абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[2]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Новы Пагост апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Браслаўскага павету Віленскага ваяводзтва.
У 1939 годзе Новы Пагост увайшоў у БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стаў цэнтрам сельсавету Мёрскага раёну. Статус паселішча панізілі да вёскі.
На 1998 год у Новым Пагосьце было 286 гаспадарак, на 2000 год — 288 двароў. У 2000-я гады вёска атрымала афіцыйны статус «аграгарадку».
-
Касьцёл, каля 1900 г.
-
Старая царква, да 1939 г.
-
Пастарунак, да 1930 г.
Насельніцтва
рэдагавацьДэмаграфія
рэдагаваць- XIX стагодзьдзе: 1818 год — 480 чал. у вёсцы Старым Пагосце; 1859 год — 199 чал.; 1866 год — 409 чал., зь іх 257 каталікоў, 102 праваслаўныя і 50 юдэяў[3]; 1869 год — 806 чал.[4]; 1897 год — 607 чал.
- XX стагодзьдзе: 1998 год — 583 чал.[5]; 1999 год — 595 чал.; 2000 год — 580 чал.[6]
- XXI стагодзьдзе: 2010 год — 427 чал.
Інфраструктура
рэдагавацьУ Новым Пагосьце працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, лякарня, бібліятэка, клюб, пошта.
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьСлавутасьці
рэдагаваць- Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (1766)
- Царква Сьвятога Мікалая (1878, мураўёўка)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7. (pdf) С. 317.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Krzywicki J., Łopaciński A. Pohost Nowy // Słownik geograficzny... T. VIII. — Warszawa, 1887. S. 519.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 380.
- ^ Бунто Я. Новы Пагост // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 333.
- ^ БЭ. — Мн.: 2000 Т. 11. С. 372.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — 560 с. — ISBN 985-11-0188-5
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VIII: Perepiatycha — Pożajście. — Warszawa, 1887.