Нацыянальная бясьпека
Нацыяна́льная бясьпе́ка — абароненасьць зацікаўленасьцяў асобы, грамадзтва і дзяржавы ад вонкавай і ўнутранай пагрозы ў вайсковай, весткавай, гаспадарчай, гуманітарнай, палітычнай і экалягічнай галінах жыцьцядзейнасьці.
Дзейнікамі і прадметамі ёсьць асоба, грамадзтва і дзяржава. У такіх нарматыўным прававых актах (НПА), як канстытуцыя, закон і вайсковая дактрына вызначаюць жыцьцёва важныя зацікаўленасьці, магчымыя і рэчаісныя пагрозы гэтым зацікаўленасьцям, а таксама пераважныя кірункі іх абароны і забесьпячэньня[1]. Прадугледжвае забесьпячэньне канстытуцыйных правоў і свабодаў ды належную якасьць жыцьця грамадзянаў, а таксама незалежнасьць, тэрытарыяльную цэласнасьць, сувэрэнітэт і ўстойлівае разьвіцьцё дзяржавы[2].
Галіны
рэдагаваць- Вайсковая. Прадугледжвае ўмацаваньне ў грамадзтве пачуцьця патрыятызму і гатоўнасьці да абароны нацыянальных зацікаўленасьцяў. Улучае спраўнае стратэгічнае стрымліваньне дзеля зарукі падтрыманьня міру, міжкраёвай бясьпекі і прадухіленьня пагрозы выкарыстаньня вайсковай сілы. Мае на ўвазе забясьпячэньне абароны незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту дзяржавы ў выпадкі выкарыстаньня супраць яе вайсковай сілы і пагрозы сілай. Прадугледжвае разьвіцьцё вайсковых установаў дзяржавы і падтрыманьне ўзроўню абаронных магчымасьцяў, адпаведных здольнасьцям дзяржавы і дастатковых для рашэньня задачаў мірнага і ваеннага часу. Зьмяшчае ў сабе ўмацаваньне міжнародных і міжкраёвых дамоваў зарукі вайсковай бясьпекі, супрацы і даверу. Улучае пасьлядоўнае разьвіцьцё і ўмацаваньне вайсковай і вайскова-тэхнічнай супрацы з хаўруснымі дзяржавамі, а таксама павышэньне спраўнасьці ўстановаў супольнай бясьпекі.
- Весткавая. Зьмяшчае ў сабе ажыцьцяўленьне законных правоў грамадзянаў на атрыманьне, захаваньне і распаўсюд поўных, дакладных і своечасовых зьвестак. Прадугледжвае ўтварэньне і паступальнае разьвіцьцё весткавага грамадзтва і паўнапраўны ўдзел дзяржавы ў міжнародных весткавых дачыненьнях. Мае на ўвазе пераўтварэньне весткавай галіны ў экспартную галіну народнай гаспадаркі і спраўнае весткавае забесьпячэньне дзяржаўнага кіраваньня. Таксама прадугледжвае забесьпячэньне надзейнасьці і ўстойлівасьці існаваньня крытычна важнай інфраструктуры вяшчаньня.
- Гаспадарчая. Мае на ўвазе гаспадарчы рост і павышэньне спабораздольнасьці народнай гаспадаркі на падставе перабудовы, устойлівага ўкараненьня новаўвядзеньняў, укладаньняў у чалавечы капітал, асучасьніваньня гаспадарчых дачыненьняў, зьніжэньня сабекошту, матэрыялаёмістасьці і імпартазалежнасьці вытворчасьці. Прадугледжвае захаваньне ўстойлівасьці дзяржаўнага фінансавага і грашова-пазыковага ладу, а таксама забесьпячэньне поўнапраўнага доступу на замежныя рынкі тавараў і паслугаў, сыравіны і энэргіі. Зьмяшчае ў сабе дасягненьне энэргетычнай бясьпекі для палагоджаньня залежнасьці ад вонкавага паступленьня энэргарэсурсаў і падтрыманьне харчовай бясьпекі. Улучае перадачу сучасных распрацовак у гаспадарку дзяржавы пераважна за кошт наўпроставых укладаньняў і даступнасьць пазыкаў.
- Грамадзкая. Прадугледжвае задавальненьне асноўных маёмасных патрэбаў грамадзянаў, зьмяншэньне адмоўных наступстваў маёмаснага расслаеньня і напружанасьці ў грамадзтве. Мае на ўвазе заруку бясьпекі жыцьцядзейнасьці насельніцтва, зьніжэньне ўзроўню злачыннасьці і крыміналізацыі грамадзтва. Улучае забесьпячэньне занятасьці працаздольных грамадзянаў і годнага ўзроўню аплаты працы, а таксама разьвіцьцё разумовых і духоўных магчымасьцяў грамадзтва, захаваньне і прымнажэньне культурнай спадчыны. Урэшце, прадугледжвае забесьпячэньне суладнага разьвіцьця міжэтнічных і міжверавальных дачыненьняў, а таксама павышэньне духу патрыятызму.
- Дэмаграфічная. Улучае ўстойлівы рост колькасьці народу на падставе пасьлядоўнага павелічэньня нараджальнасьці і чаканай працягласьці жыцьця, а таксама зьніжэньня сьмяротнасьці насельніцтва. Мае на ўвазе павышэньне агульнага ўзроўню здароўя населльніцтва ды ахову здароўя дзяцей і матуляў у прыватнасьці. Прадугледжвае ўмацаваньне грамадзкага ўстою сям’і для найбольш спрыяльнага ажыцьцяўленьня патрэбы ў дзецях і іх выхаваньні. Таксама ўлучае мэтавасьць вонкавых і ўнутраных патокаў перасяленьня ды забесьпячэньне дадатнага сальда вонкавага перасяленьня эканамічна актыўнага насельніцтва.
- Навукова-тэхнічная. Мае на ўвазе ўтварэньне народнай гаспадаркі на падставе ведаў і забесьпячэньне разьвіцьця навукі дзеля ўстойлівага ўкараненьня распрацовак. Прадугледжвае стварэньне вытворчасьцяў і галінаў гаспадаркі перадавога тэхналягічнага ўкладу, шпаркае абнаўленьне абсталяваньня ў асноўных галінах гаспадаркі і ўкараненьне перадавых распрацовак ва ўсіх галінах жыцьцядзейнасьці грамадзтва. Улучае пашырэньне прысутнасьці на міжнародным рынку інтэлектуальнай уласнасьці, навукаёмістых тавараў і паслугаў, узаемавыгадную міжнародную навукова-тэхнічную супрацу і прыцягненьне ў народную гаспадарку распрацовак міжнароднага ўзроўню.
- Палітычная. Мае на ўвазе захаваньне законных правоў і свабодаў чалавека, а таксама ўстойлівае разьвіцьцё народнай, прававой і адказнай перад грамадзтвам дзяржавы. Прадугледжвае дасягненьне ўраўнаважанасьці палітычных зацікаўленасьцяў грамадзянаў, грамадзкіх аб’яднаньняў і дзяржавы, грамадзкай згоды ў ключавых справах разьвіцьця краіны. Зьмяшчае ў сабе разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці з улікам народных традыцыяў і асаблівасьцяў, а таксама спраўнае супрацьдзеяньне хабарніцтву. Улучае ўтварэньне міжнароднага ладу на падставе вяршэнства міжнароднага права і шматбаковай супрацы, якія забясьпечваюць удзел дзяржавы ў вырашэньні справаў, якія закранаюць яе зацікаўленасьці. Прадугледжвае ўдасканаленьне і ўмацаваньне дамоваў зарукі нацыянальнай і супольнай бясьпекі з удзелам дзяржавы на сусьветным, міжкраёвым і двухбаковым узроўнях, а таксама наданьне міжнароднай бясьпецы ўсёабдымнасьці і шматскладовасьці. Мае на ўвазе карысныя ўзаеміны зь вялікімі дзяржавамі, заснаваныя на спраўнай шматбаковай і шматкірункавай дыпляматыі, стратэгічнай супрацы і асаблівых стасунках зь сяброўскімі дзяржавамі, раўнапраўных узаемінах і ўзаемным уліку зацікаўленасьцяў. Прадугледжвае міжнародную паставу дзяржавы за мяжой у якасьці прызнанай грамадзтвам і прававой, а таксама ў якасьці адказнай і прадказальнай супольніцы ды пастаўніцы міжнароднай і міжкраёвай бясьпекі. Урэшце, зьмяшчае ў сабе забесьпячэньне абароны правоў суайчыньнікаў і салідарнасьці з дыяспарай за мяжой дзеля моцы і росквіту дзяржавы[3].
Беларусь
рэдагавацьПаводле 79-га артыкула Канстытуцыі Беларусі 1994 году, прэзыдэнт прымае захады аховы нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь. Згодна з 23-м артыкулам абмежаваньне правоў і свабодаў асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бясьпекі[4]. У 1994 годзе Найвышэйшыя курсы Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі пераўтварылі ў Інстытут нацыянальнай бясьпекі Беларусі, які на 1999 год меў 3 факультэты, 11 катэдраў і дактарантуру[5]. У 1995 годзе Рада бясьпекі Беларусі ўхваліла Канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі, у якой акрэсьліла зьмест і будову нацбясьпекі Беларусі як незалежнай дзяржавы, падставы і кірункі ўтварэньня ўстановаў нацбясьпекі, а таксама гаспадарчыя і прававыя акалічнасьці іх існаваньня. Прэзыдэнт Беларусі кіраваў установамі нацбясьпекі, утвараў і ўзначальваў Раду бясьпекі Беларусі, што разглядала адпаведныя справы і ўзгадняла дзейнасьць органаў выканаўчай, заканадаўчай і судовай улады ў галіне яе забесьпячэньня[1]. Крымінальны кодэкс Беларусі 1999 году прадугледжваў пазбаўленьне волі за «прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь» паводле 3-х артыкулаў: 1) «здрада дзяржаве» (артыкул 356) — ад 7 да 15 гадоў, 2) «агентурная дзейнасьць» (арт. 3581) — ад 3-х да 7 гадоў, 3) заклік да абмежавальных захадаў (арт. 461) — да 6 гадоў[6]. Канцэпцыя нацыянальнай бясьпекі Беларусі 2010 году, якая замяніла канцэпцыю 2001 году, вызначала стратэгічныя і асноўныя нацыянальныя зацікаўленасьці, пагрозы і іх крыніцы, мэту і задачы, падставы і напрамкі яе забесьпячэньня, склад і прызначэньне ўстановаў забесьпячэньня нацбясьпекі, а таксама паказьнікі яе стану[2].
18 сакавіка 2019 году Рада бясьпекі Беларусі ўхваліла Пастанову № 1 «Аб Канцэпцыі інфармацыйнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь», якая зьмяшчала ўмовы падрыхтоўкі адмыслоўцаў у гэтай галіне. Таксама прадугледжвалася выкарыстаньне міжнародных рэйтынгаў стану інфабясьпекі. Акрэсьлівалася абарона банкаўскай, камэрцыйнай і прафэсійнай таямніцы. Адказ на інфавыклік і пагрозу меў ажыцьцяўляцца ўсімі без выключэньня дзяржаўнымі ўстановамі ў адпаведнасьці з галіной дзейнасьці як мага поўна і безадкладна. Канцэпцыя зыходзіла з геапалітычных зацікаўленасьцяў Беларусі і грунтавалася на двух- і шматбаковых пагадненьнях аб супрацы ў галіне інфабясьпекі. Таксама ўлічваліся адпаведныя рашэньні Генэральнай асамблеі ААН (ЗША) і парады Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе (Аўстрыя). У якасьці выклікаў і пагрозаў дзяржаўнаму ладу і жыцьцядзейнасьці дзяржавы прызнаваліся маніпуляваньне масавай сьвядомасьцю, дыскрэдытацыя ідэалаў і каштоўнасьцяў, размываньне дзяржаўнага сувэрэнітэту і няўстойлівасьць інфармацыйнай інфраструктуры[7]. Канцэпцыя складалася са 105 артыкулаў у складзе 7 разьдзелаў: 1) «Агульныя палажэньні», 2) «Стан і разьвіцьцё інфармацыйнай сфэры ў Рэспубліцы Беларусь», 3) «Дзяржаўная палітыка забесьпячэньня інфармацыйнай бясьпекі», 4) «Бясьпека інфармацыйнай прасторы як адна з найважнейшых умоваў разьвіцьця сувэрэннай, дэмакратычнай сацыяльнай дзяржавы», 5) «Забесьпячэньне бясьпекі інфармацыйнай інфраструктуры», 6) «Забесьпячэньне бясьпекі інфармацыйных рэсурсаў», 7) «Мэханізмы рэалізацыі канцэпцыі». Сярод іншага, у 48-м артыкуле згадвалася: «Беларуская мова разам з канстытуцыйна замацаваным у дзяржаве дзьвюхмоўем садзейнічае павышэньню нацыянальнай самасвядомасьці беларускага грамадзтва і фармаваньню яго духоўнасьці. Пашырэнне сацыяльных функцыяў і камунікатыўных магчымасьцяў беларускай мовы, яе паўнавартаснае і ўсебаковае разьвіцьцё разам зь іншымі элемэнтамі нацыянальнай культуры выступаюць гарантам гуманітарнай бясьпекі дзяржавы»[8]. Папярэдне ў ходзе распрацоўкі канцэпцыі Дзяржаўны сакратарыят Рады бясьпекі Беларусі правёў каля 20 аналітычных дасьледаваньняў[9]. Агулам над праектам працавалі адмыслоўцы з 20 дзяржаўных установаў, у тым ліку СМІ, навуковых установаў і Нацыянальнага сходу Беларусі. 3 красавіка 2019 году старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Беларусі па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк адзначыў: «распрацоўнікі канцэпцыі, дэталёва прааналізавалі досьвед усяго сьвету, глядзелі і расейскі, і польскі аналягі. Але Канцэпцыя Вялікабрытаніі аб інфармацыйнай бясьпецы, з нашага пункту гледжаньня, — адна з самых разьвітых. Многія прынцыпы, якія характэрныя для англасаксонскага права і брытанскай традыцыі, выкарыстаныя ў Канцэпцыі інфармацыйнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь». Дэпутат Марзалюк згадаў: «Я непасрэдна прычыніўся да 4-га разьдзелу канцэпцыі, пункты якога зьвязаныя з традыцыйнымі каштоўнасьцямі народу, роляй беларускай мовы і гістарычнай палітыкі»[10].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Анатоль Тозік. Нацыянальная бясьпека // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — С. 226. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0188-5
- ^ а б Леанід Мальцаў. Нацыянальная бясьпека // Ваенная энцыкляпэдыя Беларусі / гал.рэд. Ларыса Языковіч, маст. Віктар Ляхар. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2010. — С. 690. — 1136 с. — 2100 ас. — ISBN 978-985-11-0542-3
- ^ § 9-1. Геапалітычнае становішча і нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь // Партал «Профільнае навучаньне», 2021 г. Праверана 23 лютага 2022 г.
- ^ А. Лукашэнка. Канстытуцыя 1994 году са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 2004 г. Праверана 23 лютага 2022 г.
- ^ Станіслаў Князеў. Нацыянальнай бясьпекі інстытут // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — С. 226. — 560 с. — ISBN 985-11-0188-5
- ^ А. Лукашэнка. Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 9 ліпеня 1999 г. № 275-З (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 11 студзеня 2022 г. Праверана 23 лютага 2022 г.
- ^ Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бясьпекі Беларусі // Газэта «Зьвязда», 22 сакавіка 2019 г. Праверана 23 лютага 2022 г.
- ^ Канцэпцыя інфармацыйнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь // Зьвязда : газэта. — 26 сакавіка 2019. — № 56 (28923). — С. 5—9. — ISSN 1990-763x.
- ^ Уладзіслаў Лукашэвіч. Вынікі каля 20 дасьледаваньняў // Зьвязда. — 13 сакавіка 2019. — № 47 (28914). — С. 3.
- ^ Марыя Дадалка. Ад мовы да несупярэчлівай гісторыі // Зьвязда. — 4 красавіка 2019. — № 63 (28930). — С. 1, 13.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Нацыянальная бясьпека // Газэта «Зьвязда», 18 сакавіка 2021 г. Праверана 23 лютага 2022 г.
- Нацыянальная бясьпека // Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў, 29 ліпеня 2021 г. Праверана 23 лютага 2022 г.
- Нацыянальная бясьпека // «Настаўніцкая газэта», 11 чэрвеня 2020 г. Праверана 23 лютага 2022 г.
- Нацыянальная бясьпека // Радыё «Спадарожнік», 1 кастрычніка 2021 г. Праверана 23 лютага 2022 г.
- Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 лістапада 2010 г. № 575 «Аб зацьвярджэньні Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь» (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 30 студзеня 2014 г. Праверана 23 лютага 2022 г.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |