Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь

беларускі „парлямэнт“
(Перанакіравана з «Нацыянальны сход Беларусі»)

Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь — найвышэйшы заканадаўчы орган рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, утвораны 28 лістапада 1996 году[3] па разгоне Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня. Складаецца зь дзьвюх палатаў — Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі.

Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь
Абрэвіятура НС РБ
Папярэднік Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь
Дата ўтварэньня 28 лістапада 1996 (28 гадоў таму)
Тып дзьвюхпалатны
Юрыдычны статус парлямэнт
Месцазнаходжаньне Менск, Беларусь
Старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка
Бюджэт 25 814 мільёнаў рублёў[1] (2010 год; 8623 тысячы $[2])
Будынак Палаты прадстаўнікоў на вуліцы Савецкай у Менску

Склад Палаты прадстаўнікоў — 110 дэпутатаў. Абраньне дэпутатаў ажыцьцяўляецца на аснове ўсеагульнага, вольнага, роўнага, простага выбарчага права пры таемным галасаваньні зь непадкантрольнай для грамадзянаў Беларусі працэдурай падліку галасоў. Савет Рэспублікі пазыцыянуецца як палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва: ад кожнай вобласьці і гораду Менску абіраюцца на паседжаньнях дэпутатаў мясцовых Саветаў па восем сяброў Савету Рэспублікі. У дадатак да іх, восем сяброў Савету Рэспублікі прызначаюцца Аляксандрам Лукашэнкам.

У Нацыянальную групу Рэспублікі Беларусь у Міжпарлямэнцкім саюзе ўваходзяць у поўным складзе ўсе дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і ўсе сябры Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь[4].

Мінуўшчына

рэдагаваць

31 студзеня 1997 году Аляксандар Лукашэнка выдаў распараджэньне аб утварэньні Сакратарыяту Нацыянальнага сходу. Яго ўзначаліў дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Віктар Кучынскі, які займаўся ліквідацыяй Вярхоўнага Савету і яго Сакратарыяту. Штат Сакратарыяту Нацыянальнага сходу вырас да 362 супрацоўнікаў параўнальна з 324 у Сакратарыяце Вярхоўнага Савету. 12 лютага 1997 году Лукашэнка сваім указам скасаваў тое распараджэньне і ўтварыў 2 асобныя сакратарыяты для Савету Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў, то бок для кожнай палаты Нацыянальнага сходу. Ініцыятарам падзелу было кіраўніцтва Савету Рэспублікі. 18 лютага 1997 году абедзьве палаты Нацыянальнага сходу падмацавалі адпаведны ўказ Лукашэнкі сваімі пастановамі. У выніку Сакратарыят Савету Рэспублікі склаў 80 супрацоўнікаў, Палаты прадстаўнікоў — 150[5].

  1. ^ Закон Рэспублікі Беларусь аб рэспубліканскім каштарысе на 2010 год (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (27 сьнежня 2010). Праверана 30 красавіка 2011 г.
  2. ^ Зьвесткі аб сярэднеўзважаным курсе беларускага рубля да замежных валютаў на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2010 год. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. — Паводле сярэднегадавое цаны (2993,74) набыцьця даляра. Праверана 30 красавіка 2011 г.
  3. ^ Сяргей Шупа. На хвалі Свабоды: Год 1996 // Радыё «Свабода», 2 траўня 2014 г. Праверана 2 траўня 2014 г.
  4. ^ Нацыянальная група Рэспублікі Беларусь у Міжпарламенцкім саюзе(недаступная спасылка)
  5. ^ Валер Каліноўскі. Сакратарыят парлямэнта падзяліўся надвое // Зьвязда : газэта. — 20 лютага 1997. — № 35-36 (23136-23137). — С. 5. — ISSN 1990-763x.