Нарымонтавічы — група княскіх родаў у Вялікім Княстве Літоўскім, Наўгародзкай фэадальнай рэспубліцы і Маскоўскай дзяржаве, нашчадкі Нарымонта. Галіна Гедзімінавічаў.

Нарымонтавічы
Краіна паходжаньня: Вялікае Княства Літоўскае
Першы з роду: Нарымонт

Прозьвішча рэдагаваць

Асноўны артыкул: Нарымонт (імя)

Імя Нарымонт, ад якога ўтарылася прозьвішча роду, зьмяшчае той жа фармант (-монт-), што і Жыгімонтлітоўская (беларуская) форма старажытнага пашыранага германскага (гоцкага) імя Sigimunt, якое трапіла ў хрысьціянскі іменаслоў[1].

Яшчэ ў Раўданскім рукапісе, апублікаваным Тэадорам Нарбутам, імя Нарымонт тлумачылася з германскіх моваў як «канец сьвятла»[2]. Паводле менскага дасьледніка Алёхны Дайліды, які разьвівае германскую (перадусім усходнегерманскую) этымалёгію імёнаў літоўскіх князёў і баяраў, імя Нарымонт складаецца з фармантаў -нар-, які паходзіць ад гоцкага nasjan 'захоўваць, ратаваць', і -монт- (-мунт-, -мунд-), які паходзіць ад гоцкага munds 'моц розуму, імкненьне', mundrs 'гарлівы, палкі'[3]. Такім парадкам, тлумачэньне імя Нарымонт Раўданскім рукапісам як «канец сьвятла» адпавядае германскаму сэнсу гэтага імя («захаваньне палкасьці»)[2].

Найбольш вядомыя рэдагаваць

  • Міхаіл — старэйшы сын Нарымонта, князь пінскі (сярэдзіна XIV стагодзьдзя). Магчыма, тоесны Міхаілу, затрыманаму ханам Джанібекам у 1348 годзе разам зь іншымі літоўскімі пасламі ў Арду, а таксама Міхаілу, першаму вядомаму друцкаму князю па далучэньні Друцкага княства да ВКЛ, родапачынальніку князёў Друцкіх, вядомага паводле грэцкага Ватыканскага зборніку сярэдзіны XIV стагодзьдзя. Напаўфантастычны радавод Друцкіх, які захаваўся ў маскоўскай лініі гэтага роду і называе Міхаіла Друцкага сынам невядомага паводле іншых крыніцаў князя Рамана, нібы сына Аляксандра Ўладзімеравіча Бэлзскага, магчыма, утрымлівае інфармацыю, якая паказвае на сапраўднае паходжаньне Міхаіла: брат Міхаіла Нарымонтавіча Юры (а не Аляксандар) сапраўды княжыў у Бэлзы на захадзе Валыні і меў сына Рамана. Перакручваньне радаводу маскоўскай галіной князёў Друцкіх магло адбыцца ў сярэдзіне XVI стагодзьдзя, калі паходжаньне ад Рурыкавічаў лічылася ў Маскоўскай дзяржаве больш прэстыжным і бясьпечным, чым ад Гедзімінавічаў.
  • Аляксандар († да 1386) — сын Нарымонта. Некаторы час (да 1338 году) быў яго намесьнікам у Арэшку. Магчыма, яго сынамі былі Даніла і Юры Аляксандравічы (князі капорскія ?), якія ўпамінаюцца ў 1407 годзе.
  • Юры Нос († па 1398) — сын Нарымонта. У 1352 годзе княжыў у Бэлзе, бараніў горад ад аблогі вугорскага караля Людвіка I. У 1354 годзе атрымаў Крамянец як васал і ВКЛ і Польшчы. У 1366 годзе прызнаў сюзэрэнітэт Казімера III над Бэлзам, атрымаў ад яго Холмскую зямлю. У 1376 годзе выступіў супраць польска-вугорскай гегемоніі на Заходняй Украіне, разам з Кейстутам і Любартам наяжджаў на Сандомір, Тарнаў і Кракаў. У адказ Людвік І зладзіў у 1377 годзе карную выправу, у выніку якой Юры страціў свае ўладаньні на Валыні. У 1378—1379 гадох у Вугоршчыне, з 1379 году пэўны час служылы князем у Вялікім Ноўгарадзе. У 1387 годзе дапамагаў Ягайлу ў выцясьненьні вугорцаў з Галіча. У 1390—1392 гадох быў закладнікам Вітаўта ў Ордэне. У 1398 годзе быў пінскім князем, падпісаў Салінскі (Залінвэрдэрскі) дагавор. У хроніцы Быхаўца і Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай паведамляецца пра яго намесьніцтва ад імя Вітаўта ў Пскове ў 1410-1420-х гадох, але гэта не пацьвярджаецца расейскімі крыніцамі.
  • Патрыкей († па 1408) — сын Нарымонта. У 1383—1386 гадох і пэўны час да 1398 году — служылы князь у Вялікім Ноўгарадзе. У 1408 годзе выехаў у Маскоўскую дзяржаву ў сьвіце Сьвідрыгайлы.
  • Раман († 1398) — сын Юрыя Носа. Упершыню ўпамінаецца ў 1379 годзе побач з бацькам як служылы князь у Порхаве (Вялікі Ноўгарад). У 1394 годзе ачольваў наўгародцаў у вайне супраць Пскова, у 1395 годзе — у выправе на маскоўскія краіны Клічан і Ўсьцюжню. Загінуў у бітве на рацэ Шалонь.
  • Іван Нос († 12 жніўня 1399) — сын Юрыя Носа. У 1386 годзе атрымаў ад Ягайлы Любачоў на Валыні. Загінуў у бітве на Воскле 1398 году.
  • Аляксандар († па 1410) — сын Патрыкея. Княжыў у Старадубе, па 1407 годзе — у Корцы (Усходняя Валынь). У 1402 годзе ўдзельнічаў у бітве з разанцамі пад Любуцкам. Заснавальнік княскага роду Карэцкіх — адзінай галіны Нарымонтавічаў, якая засталася ў ВКЛ (згасла ў 1651 годзе).
  • Фёдар († 1426) — сын Патрыкея. Да ад’езду ў Маскву (1408 год) — князь рыльскі. У 1420 годзе — намесьнік вялікага князя маскоўскага Васіля I Дзьмітрыевіча ў Вялікім Ноўгарадзе, у 1424—1425 гадох — у Пскове. Заснавальнік расейскага княскага роду Хаванскіх.
  • Юры († па 1446) — сын Патрыкея. У 1418 годзе ажаніўся з дачкой вялікага князя маскоўскага Васіля I Дзьмітрыевіча (Аннай ці Марыяй). Удзельнік фэадальнай вайны ў Маскоўскай дзяржаве 1425—1453 гадоў на баку Васіля II Цёмнага. Заснавальнік расейскіх княскіх родаў Булгакавых, Галіцыных, Куракіных, Шчаняцевых, Патрыкеевых.
  • Аляксандар Нос († па 1436) — сын Івана Юр’евіча. У 1418 годзе адзін з арганізатараў вызваленьня Сьвідрыгайлы з Крамянецкага замку. У 1431 годзе атрымаў ад апошняга Луцкае княства. Імкнучыся захаваць Луцак, спачатку падтрымліваў Сьвідрыгайлу ў змаганьні з Жыгімонтам Кейстутавічам, з 1434 году перайшоў на бок апошняга, пазьней ізноў перайшоў да Сьвідрыгайлы. Бязьдзетны.

Апроч таго, паводле няпэўных зьвестак польскага гісторыка Юзэфа Пузыны, да Нарымонтавічаў належала дынастыя князёў Давыд-Гарадоцкага княства, заснавальнікам якой быў Дзьмітры, нібы сын Нарымонта. Да яе належалі таксама Давыд, сын Дзьмітрыя († да 1431) і Дзьмітры (Мітка, † каля 1442), сын Давыда.

Крыніцы рэдагаваць

Літаратура рэдагаваць

  • Белы А. Нарымонтавічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9
  • Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. Аўтарскае выданне. — Менск, 2019. — 459 с. — (сьціслая вэрсія кнігі: Вытокі Вялікае Літвы. — Менск, 2021. — 89 с.)
  • Puzyna J. Narymunt Giedyminowicz // Miesięcznik Heraldyczny. R. 9, 1930. № 3.
  • Stadnicki K. Bracia Władysława Jagielly. Lwów, 1867.
  • Tenże. Kniaziowie litewsko-ruscy od konca czternastego wieku. Warszawa, 1895.
  • Tenże. Potomstwo Narymunta Giedyminowicza // Miesięcznik Heraldyczny. R. 11, 1932. № 10.
  • Wolff J. Ród Giedymina. Kraków, 1886.
  • Зимин А. А. Формирование боярской аристократии в России во второй половине XV — первой трети XVI в. М., 1988.
  • Приселков М. Д., Фасмер М. Р. Отрывки В. Н. Бенешевича по истории русской церкви XIV в. // Изв. ОРЯС, 1916, Т. 21, кн. 1.
  • Шабульдо Ф. М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. К., 1987.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць