Сабакінцы
- Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Забалацьце, Забалаць (неадназначнасьць), Заблоцьце (неадназначнасьць), Пакроўскае, Нарбутава (неадназначнасьць), Першамайск, Першамайская.
Сабакінцы (з 2011 году — Першамайск) — вёска ў Беларусі, каля ракі Пуціскі. Цэнтар сельсавету Шчучынскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2001 год — 443 чалавекі. Знаходзяцца за 54 км на поўнач ад Шчучыну, за 39 км ад чыгуначнай станцыі Скрыбаўцы.
Сабакінцы лац. Sabakincy | |
Першыя згадкі: | 1540 |
Магдэбурскае права: | 1676 |
Былая назва: | Забалацьце, Забалаць, Заблоцьце, Пакроўскае, Нарбутава, Першамайская |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гарадзенская |
Раён: | Шчучынскі |
Сельсавет: | Сабакінскі |
Насельніцтва: |
|
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1514 |
Паштовы індэкс: | 231544 |
СААТА: | 4258857121 |
Нумарны знак: | 4 |
Геаграфічныя каардынаты: | 53°54′37″ пн. ш. 24°38′46″ у. д. / 53.91028° пн. ш. 24.64611° у. д.Каардынаты: 53°54′37″ пн. ш. 24°38′46″ у. д. / 53.91028° пн. ш. 24.64611° у. д. |
± Сабакінцы | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Сабакінцы — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Лідчыны (частка Віленшчыны).
Назва
рэдагавацьТапонім Сабакінцы, відаць, утварыўся ад прозьвішча ўладальніка паселішча Міхаіла Сабакіна, уцекача з Маскоўскай дзяржавы[1]. Таксама існуе народнае паданьне, паводле якога гэтая назва зьявілася ад разьмешчанай тут каралеўскай псарні (сабакінцы — псары)[2].
У 1866 годзе расейскія ўлады перайменавалі мястэчка ў Пакроўскае, за польскім часам паселішчу вярнулі гістарычную назву. У 1939 годзе пастановай Рады Міністраў Польшчы мястэчка перайменавалі ў Нарбутава, у гонар правадыра паўстанцаў Лідзкай зямлі Людвіка Нарбута, які загінуў 5 траўня 1863 году ў ваколіцы Дубічаў, побач з Сабакінцамі[3]. 2 ліпеня 1939 году адбылася ўрачыстая замена назвы на будынку гміннага ўраду[4]. 16 ліпеня 1954 году савецкія ўлады перайменавалі Сабакінцы ў Першамайскую.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПершы пісьмовы ўпамін пра Сабакінцы (пад назвай Забалацьце[5] або Забалаць[3] або Заблоцьце[6]) датуецца 1540 годам, калі яны знаходзіліся ў трыманьні Сымона Мацкевіча. У 1550 годзе паселішча перадалі ўцекачу з Маскоўскай дзяржавы Міхалу Сабакіну, ад прозьвішча якога і ўтварылася новая назва.
З даўніх часоў у Сабакінцах існавала царква, якая мела звон з славянскім надпісам (1506 год) і ня менш старажытны цудоўны абраз Маці Божай[6]. У 1676 годзе кароль і вялікі князь Ян Сабескі надаў мястэчку Магдэбурскае права, пацьверджанае ў 1755 годзе Аўгустам Сасам.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Сабакінцы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам воласьці Лідзкага павету Віленскай губэрні. З мэтай маскалізацыі краю 13 верасьня 1899 году выракам Віленскага губэрнскага праўленьня перайменаваў мястэчка ў Пакроўскае[3].
На 1866 год у Сабакінцах было 8 будынкаў; уладаньне нашчадкаў Кіпрыяна Шалевіча. У 1886 годзе — валасная ўправа, царква, школа (у 1886—1887 гадох 41 вучань), крама, карчма. З 1901 году працавала аднаклясная царкоўна-прыходзкая школа. Побач знаходзіўся аднайменны маёнтак, уладаньне Шалевічаў (346 дзесяцінаў зямлі).
За часамі Першай сусьветнай вайны ў верасьні 1915 году Сабакінцы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Сабакінцы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[7]. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году Сабакінцы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Лідзкага павету Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час разам з аднайменным фальваркам мястэчка налічвала 65 будынкаў. У 1931 годзе Сабакінцы атрымалі статус места, тут дзеялі касьцёл і царква, працавалі гмінная ўправа і пошта, кожны тыдзень адбываліся таргі.
У 1939 годзе Сабакінцы ўвайшлі ў склад БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году сталі цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі. У гэты час існавалі аднайменныя вёска (113 двароў) і хутар (10 двароў). 16 ліпеня 1954 году савецкія ўлады перайменавалі Сабакінцы ў Першамайскую[8]. На 2000 год тут было 182 двары, на 1 студзеня 2001 году — 185. 21 чэрвеня 2011 году вёску перайменавалі ў Першамайск і надалі афіцыйны статус «аграгарадку»[9].
Насельніцтва
рэдагавацьДэмаграфія
рэдагаваць- XIX стагодзьдзе: 1866 год — 116 чал., зь іх 81 каталік, 26 праваслаўных, 9 юдэяў[10]; 1882 год — 178 чал.; 1886 год — 106 чал.
- XX стагодзьдзе: 1905 год — 163 чал.; 1921 год — 276 чал.; 1940 год — 490 чал. у вёсцы Сабакінцах, 59 чал. на хутары Сабакінцах; 2000 год — 456 чал.[11]
- XXI стагодзьдзе: 1 студзеня 2001 году — 443 чал.[12]
Інфраструктура
рэдагавацьУ Сабакінцах працуюць сярэдняя школа і лякарня.
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьСлавутасьці
рэдагаваць- Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа (1918)
- Царква Покрыва Багародзіцы (1860-я; мураўёўка)
Страчаная спадчына
рэдагаваць- Сядзіба
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Дакрануліся да паэзіі народа // Гродзенскі універсітэт. № 33 (157), 15 студзеня 1991 г.
- ^ Лаўрэш Л. Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне. — Полацак, 2012. [1]
- ^ а б в Сабакінцы // Наша слова. № 25 (1280), 22 чэвеня 2016 г.
- ^ Słowo, Nr. 182, 5.04.1939.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 9. Кн. 3. — Менск, 2017. С. 722.
- ^ а б Соркіна І. Мястэчкі Лідскага ўезда ў XIX — пачатку ХХ ст. // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада: матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф., (Ліда, 3 кастр. 2008 г.) / рэдкал.: Худык А. (гал. рэд.). — Ліда, 2008. (.pdf)
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Рапановіч, Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Гродзенскай вобласці / Рэд. П. П. Шуба. — Мн.: Навука і тэхніка, 1982. — 319 с. С. 192.
- ^ Перечень изменённых наименований географических объектов за 2011 год (рас.)
- ^ Krzywicki J. Sobakińce // Słownik geograficzny... T. X. — Warszawa, 1889. S. 939.
- ^ БЭ. — Мн.: 2001 Т. 12. С. 308.
- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага р-на. — Мн., 2001.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 12: Палікрат — Праметэй. — 576 с. — ISBN 985-11-0198-2
- Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 9. Гродзенская вобласць. Кн. 3 / рэдкал.: У.У. Андрыевіч (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2017. — 792 с.: іл. ISBN 978-985-11-0958-2.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага р-на. — Мн.: БелЭн, 2001. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0218-0.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom X: Rukszenice — Sochaczew. — Warszawa, 1889.