Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс

(Перанакіравана з «Лошыцкі парк»)
Сядзібна-паркавы комплекс
Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс
Краіна Беларусь
Горад Менск
Каардынаты 53°51′3.6″ пн. ш. 27°34′42.6″ у. д. / 53.851° пн. ш. 27.5785° у. д. / 53.851; 27.5785Каардынаты: 53°51′3.6″ пн. ш. 27°34′42.6″ у. д. / 53.851° пн. ш. 27.5785° у. д. / 53.851; 27.5785
Архітэктурны стыль эклектыка
Будаваньне XVIIІ—XIX
Будынкі:
парк • сядзібны дом • флігель • домік вартаўніка • рэшткі капліцы • рэшткі млына • броварны комплекс • будынак былога млына • абора
Статус ахоўваецца дзяржавай
Сайт Афіцыйны сайт
Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс на мапе Беларусі
Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс
Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс
Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс
Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс на Вікісховішчы

Сядзібна-паркавы комплекс Прушынскіх — помнік сядзібна-паркавага мастацтва XVIII—XIX стагодзьдзяў. Знаходзіцца на паўднёвай ускраіне Менску ў сутоках рэкаў Сьвіслачы і Лошыцы каля былой вёскі Лошыца 1-я. Гісторыка-культурная каштоўнасьць рэспубліканскага значэньня[1].

Гісторыя

рэдагаваць
 
Капліца Найсьвяцейшай Дзевы Марыі, пачатак XX ст.

Хутчэй за ўсё, на тэрыторыі Лошыцкай сядзібы ў X—XIII стагодзьдзях знаходзілася велізарнае гарадзішча, якое з часам раздрабнілася на шэраг паселішчаў: Лошыца Вялікая, Лошыца Малая, Лошыца Гарнастаеўская[2]

За вялікага князя Аляксандра аднайменны двор Менскага намесьніцтва быў пажалаваны прапраўнуку былога вялікага князя Яўнута Багдану Іванавічу[3], што, паводле тагачаснай адміністрацыйнай палітыкі ВКЛ, вывела двор зь дзяржаўнага падпарадкаваньня і ўключыла яго ў разьлеглую лятыфундыю роду. Некаторая купляніна «на реце… на Лошици» з часоў вялікага князя Казімера належала пісару Аляксандра Пятрашку, пра што згадваецца ў 1493 г.[4]

Двор Лошыцкі вядомы з 1557 году. Ад князёў Талачынскіх маёнтак перайшоў ва ўласнасьць роду князёў Друцкіх-Горскіх, у вытоках якога стаяў полацкі князь Рагвалод-Васіль Рагвалодавіч. Першае вядомае згадваньне роду ў Лошыцы датуецца 1582 г. У 1597 г. маёнткам у вотчынным уладаньні валодаў князь Фёдар Друцкі-Горскі[5]. У 1640 г. адбылося аддзяленьне Лошыцы ад суседняга Новага Двара.

У 1703 г. маёнтак перайшоў Ежы-Антонію Прушынскаму, пазьней да яго сына ад Тэрэзы Ратомскай — маршалку галоўнага трыбунала Юзэфу Прушынскаму (1709—1790), кавалеру ордэнаў Белага Арла і Сьв. Станіслава. Зь яго імем зьвязанае фармаваньне барочнай сядзібы другой паловы XVIII ст. У гэты час Лошыца вядомая па інвэнтарах 1772, 1777, 1785 гг. У 1779 г. уладаньні былі падзеленыя паміж сынамі Юзэфа (1709—1790): маёнтак Лошыца разам з фальваркам Весялоўка пад Менскам адышоў малодшаму (шостаму) сыну Казімеру; Новы Двор і Трасьцянец дасталіся Антонію; Каралішчавічы — старосьце менскаму Станіславу (1753—1800). Лошыцкі маёнтак ад Казімера атрымаў у спадчыну сын Антонія — Станіслаў-Ксаверы (пам. 1807), пасьля сьмерці якога ўладальніцай стала яго жонка Ганна з роду Сямашкаў. Затым маёнткам валодалі іх сын Ірэні, які памёр маладым, а пасьля брат апошняга — Яўстах Прушынскі (1797—1877), менскі губэрнскі маршалак (1863—1877)[6]. Часта бываў тут Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, які сябраваў зь Яўстахам[6].

 
Лошыца на акварэлі Ю. Пешкі, пачатак XIX ст.

Пасьля сьмерці Яўстаха Прушынскага (1797—1877), у якога мелася сястра Тэкля Прушынская, што пайшла за Яна Любанскага, маёнтак Лошыца перайшоў у валоданьне яго пляменьніка — Яна Янавіча Любанскага (пам. 1884), сына Яна Любанскага і Тэклі Прушынскай. Зь Яўстахам Любанскім (1859 — пасьля 1913), сынам Яна Янавіча Любанскага (пам. 1884) і Аляксандры Юзэфаўны Сулістроўскай, зьвязаны найбольш пасьпяховы пэрыяд разьвіцьця маёнтку. Маёнтак стаў адной з найлепшых губэрнскіх гаспадарак, а Лошыца стала вядомым месцам сьвецкага жыцьця[1], тут зьбіраліся заможныя дваране (Эдвард Вайніловіч, Ежы Чапскі і інш.) і прагрэсіўная інтэлігенцыя Менскай губэрні. Яўстах Любанскі быў чальцом камітэту па будаўніцтве касьцёла Сьвятога Сымона і Сьвятой Алены ў Менску, выбіраўся ў менскую гарадзкую і Дзяржаўную думу першага скліканьня, быў актыўным чальцом Менскага таварыства сельскай гаспадаркі, старшынём камітэту Менскай лясной біржы, а таму добра ведаў стан сельскай гаспадаркі. У разьвіцьці маёнтку вялікую ролю адыграла і яго жонка Ядвіга Геранімаўна Кеневіч (пам. 1905). Пасьля яе трагічнай сьмерці ў 1905 г. праз пэўны час, 1913 г., Яўстах пакінуў сядзібу, выехаў на Каўказ і зьнік невядома дзе. Апошнім уладальнікам сядзібы быў яго брат Аляксандар Любанскі зь Любані[1].

У 1925 г. у Лошыцы па ініцыятыве акадэміка Мікалая Вавілава быў арганізаваны і пасьпяхова працаваў пад яго кіраўніцтвам Беларускі аддзел Усесаюзнага інстытута расьлінаводзтва. Актыўна праводзілася інтрадукцыя пладова-ягадных расьлінаў, былі створаныя багатыя калекцыі зыходнага матэрыялу для сэлекцыі. Тут зарадзілася і сфарміравалася вядомая беларуская школа памолягаў-сэлекцыянэраў. 15 верасьня 1928 г. М. Вавілаў прыяжджаў у Лошыцу. Пазьней у Лошыцы быў арганізаваны Беларускі НДІ пладаводзтва, агародніцтва і бульбаводзтва.

У 1930-я гады на тэрыторыі парку рэпрэсіўнымі органамі БССР праводзіліся расстрэлы[7]. Таксама тут, прыкрываючыся шыльдай сельгасінстытуту, праходзіла навучаньне дывэрсійная брыгада беларускіх чэкістаў і ў суседнюю Польшчу закідваліся «народныя мсьціўцы»[2]. У Лошыцкім яры ля мэмарыяльнага знаку на месцы гібелі ахвяраў сталінізму штогод праходзяць мітынгі (традыцыйная акцыя КХП-БНФ памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, прысьвечаная Дню памяці продкаў «Дзяды»)[8]

Падчас другой сусьветнай вайны ў сядзібе знаходзіліся вярхі нямецкіх акупацыйных уладаў (глава — менскі абласны камісар У. Фрайтага). Пасьля вайны Лошыцкі парк быў аддадзены пад сельгасугодзьдзі саўгасу «Лошыца» (займаў 93 га)[2].

У 1988 г. Лошыцкі парк быў абвешчаны помнікам гісторыі, культуры і архітэктуры[2].

У 1993 г. распрацаваны праект па аднаўленьні парку, завяршаецца аднаўленьне сядзібнага дому[1]. У 1997 г. згарэў асноўны будынак гаспадарчага двара[6]. У 1998 г. комплекс быў перададзены ўнітарнаму прадпрыемству «Менскзеленбуд»[2][9].

Сядзібны дом з 1986 г. і да апошняга часу зьяўляўся адным зь дзевяці філіялаў Нацыянальнага мастацкага музэю. Затым яго перадалі ў камунальную ўласнасьць Менгарвыканкаму[2].

 
Пень, які застаўся ад Заручальнага дубу

У ліпені 2010 году не вытрымаў моцных парываў ветру Заручальны дуб, якому, мяркуючы па кольцах, было тры сотні гадоў[10].

 
Лошыцкі парк пасьля рэканструкцыі

Увосень 2011 году адбылося адкрыцьцё комплексу пасьля рэканструкцыі. Адміністрацыяй Ленінскага раёну прынятае рашэньне абвясьціць тэрыторыю комплексу зонай, свабоднай ад курэньня[11].

Архітэктура

рэдагаваць
 
Рэшткі капліцы-пахавальні Прушынскіх

Ад сядзібы 2-й паловы XVIII ст. захавалася ўязная ліпавая алея, якая месьціцца на асноўнай падоўжнай кампазыцыйнай восі былога барочнага ансамблю. Вось заканчвалася сядзібным домам, які месьціцца каля грэбеню тэрасы. Пра наяўнасьць рэгулярных кампазыцыяў каля дому можна меркаваць па старых ліпах былых лінейных пасадак. Уяўленьне пра склад сядзібы таго часу дае інвэнтар 1772 году. Акрамя сядзібнага дому яна ўключала флігель, кухню, стайню, карэтную, уязную браму, капліцу. Уздоўж уязной алеі, як і ў многіх сядзібах таго часу, месьціліся сады. З правага боку да саду прымыкалі гаспадарчыя пабудовы (гумно, сенавалы). Акрамя таго, меўся вялікі ў некалькі гектараў прамавугольны вадаём з мостам. За вадаёмам на правым беразе быў пабудаваны гаспадарчы двор[1].

 
Сядзібны дом Любанскіх

З пабудоваў трэба таксама адзначыць капліцу-пахавальню Прушынскіх (захавалася ў руінах), якая месьціцца на высокім месцы з правага боку ўязной алеі, недалёка ад уязной брамы ў акружэньні дрэваў сасны чорнай[1]. Пабудаваная ў 1788 г. і кансэкраваная пад тытулам Найсьвяцейшай Дзевы Марыі[6]. Мураваны будынак быў васьмігранным у пляне, з шатровым дахам, які завяршаўся шлемападобным купалам на глухім барабане. Сьцены атынкаваныя, аздобленыя пілястрамі. Тут былі пахаваныя многія пакаленьні ўладальнікаў маёнтку[1]. Капліца-пахавальня захавалася часткова.

 
Флігель зь вежай

Прыкладна ў 1890 г. сядзіба была перабудаваная і набыла эклектычныя рысы. Пляніроўка страціла рэгулярнасьць, але агульныя рысы яе кампазыцыі не зьмяніліся. На месцы баскетаў утвораныя пэйзажныя кампазыцыі. Перабудаваны сядзібны дом, флігель, зьнесеныя старыя гаспадарчыя пабудовы, створаны новы гаспадарчы двор, а на месцы старога ўзьнік прамысловы комплекс[1]. Асноўны будынак гаспадарчага двара прамавугольны ў пляне, незвычайна вялікіх памераў (88х20 м). Высокі дах абапіраўся на магутныя каменныя атынкаваныя слупы (з бакамі 1,2 м)[6].

Сядзібны дом у 1895 г. прыняў адна-двухпавярховы выгляд з прамавугольнай у пляне асымэтрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазыцыяй. Складаецца з аднапавярховага драўлянага з двухсхільным дахам і прыбудаванага да яго тарца двухпавярховага мураванага аб’ёмаў з вэрандай на высокім цокалі і высокім чатырохсхільным дахам[1][6].Прамавугольныя аконныя праёмы цокальнага паверху аформленыя атынкаванымі абрамленьнямі, першага і другога паверхаў — дэкараваныя разнымі драўлянымі ліштвамі, на першым паверсе з сандрыкамі. Франтоны і карнізы аздобленыя разнымі дэкаратыўнымі элемэнтамі. У інтэр’еры захаваліся 16 печак і адзін камін, ляпніна. Тры печы абліцаваны карычневай рэльефнай кафляй, адна печка — паліхромнай кафляй, астатнія — белай кафляй. Камін абліцаваны зялёнай рэльефнай кафляй[6].

Флігель зь вежай, які складаецца з драўлянага і прыбудаванага мураванага аб’ёмаў, стаіць на старым мураваным фундамэнце. На ніжнім паверсе жыла чэлядзь, наверсе — кіраўнік маёнтку[1].

Дом з флігелем утвараюць параўнаўча вялікі парадны двор, у цэнтры якога ў форме эліпсу месьціцца пад’язны круг. У параднай частцы выяўленыя барочныя элемэнты: тэрасіраваньне склонаў і клюмба з фарміраванымі ў мінулым ліпамі[1].

З боку ўезду двор замыкаўся брамай з жалезнымі варотамі і магутнымі цаглянымі пілонамі, да якіх была прыбудавана ў эклектычных формах невялікая вартаўнічая будку. Уязная ліпавая алея, якая вяла ад былога Ігуменска-Менскага тракту (вул. Маякоўскага) захавалася часткова. Яна прыпаднятая ў сувязі з падсыпкамі і, нягледзячы на страты, прываблівае сваімі памерамі і магутнымі ліпамі з разьвесістымі кронамі, узрост якіх складае прыблізна 250 гадоў[1].

Невялікі паркавы партэр аформлены ў выглядзе нешырокай тэрасы. Ад яго і сядзібнага дому раскрытыя пэрспэктывы, арыентаваныя на пойму[1].

У аснове кампазыцыі пэйзажнай паўночнай часткі парку ляжыць вялікая паляна, ахопленая з боку саду нешырокай паласой насаджэньняў дрэваў. Яе контур маляўніча зрэзаны, а прастора ўпрыгожаная інтрадукаванымі дрэвамі. Асаблівай прыгажосьцю вылучаецца частка парку на крутым грэбні тэрасы, уздоўж якога растуць ліпы XVIII ст. і адзінкавыя яшчэ больш старыя дубы[1].

У паўночнай частцы парку, у пойме Лошыцы, месьціцца другая паляна, добра абазначаная геамарфалягічнымі межамі. Па заходняй мяжы яе праз мост праходзіць уязная дарога, якая зьвязвае сядзібу з былым Ігуменскім трактам (вул. Чыжэўскіх) і гаспадарчым дваром.[1].

У канцы XIX стагодзьдзя на другім беразе Лошыцы пабудаваны вінакурны комплекс, які ўключае дом-інтэрнат для рабочых і вінакурню — мураваны чатырохпавярховы будынак з паўцыркульнымі вокнамі, пабудаваны ў 1896 годзе. На другім баку ўязной дарогі каля берагу Лошыцы ўзьведзены двухпавярховы мураваны вадзяны млын (пасьля дамы былі прыстасаваныя пад жыльлё). З другога боку сядзібы, каля Сьвіслачы, Яўстафіем Любанскім быў узьведзены з цэглы другі 12-колавы млын (сьцены будынку захаваліся)[1].

Сады, былыя гадавальнікі і калекцыі Беларускага аддзелу Усесаюзнага інстытуту расьлінаводзтва, якому доўгі час належала Лошыца, утвараюць вялікі масіў насаджэньняў (35 га), які прымыкае да гістарычнай сядзібы. З боку вул. Маякоўскага ён ахоплены мураванай сьцяной, пабудаванай у 1950-я гады[1].

Крыніцы й заўвагі

рэдагаваць
  1. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь / склад. В. Абламскі, І. Чарняўскі, Ю. Барысюк. — Менск: БелТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8
  2. ^ а б в г д е Филиппович, А. Белая лошадь в дремучем парке // «7 дней»
  3. ^ Насевіч В. Заслаўскія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
  4. ^ Lietuvos Metrika / L. Anužytė, A. Baliulis. — Vilnius: Lietuvos istorijos institutas, 1998. — Т. Knyga nr. 3 (1440—1498). Užrašymų knyga 3. — С. 75. — 162 с.
  5. ^ Прыватнае ўладаньне паводле: Насевіч В. Менскі павет // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
  6. ^ а б в г д е ё Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс(недаступная спасылка)
  7. ^ Панкратьева, Ю. Картофель называли «лошицким»// Минский курьер. — №203 (2042), 4 августа. — 2010
  8. ^ В Лошицком яре прошел митинг памяти жертв сталинских репрессий
  9. ^ Жемчужина «Золотого кольца»(недаступная спасылка)
  10. ^ Погиб талисман Лошицкого парка в Минске
  11. ^ Лошыцкі парк абвесьцяць зонай, свабоднай ад курэньня

Літаратура

рэдагаваць
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — ISBN 985-11-0155-9
  • Республика Беларусь. Т. 4. Энциклопедия. — Мн., 2007.
  • Кур’яновіч, Ю. У. Аповеды старасвецкай Лошыцы : Краязн. нарыс / Юры Кур’яновіч — Мн. : Бізнесафсет, 2005. — 96 с.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  712Г000266

  Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекссховішча мультымэдыйных матэрыялаў