Лошыцкае прадмесьце

Ло́шыца, Ло́шыцкае прадме́сьце — былая вёска, цяперака разьмешчаная ў паўднёвай частцы гораду, у сутоках ракі Лошыца і Сьвіслач.

Сядзіба Любанскіх у Лошыцкім парку

Гісторыя

рэдагаваць
 
Капліца Найсьвяцейшай Дзевы Марыі, пачатак XX ст.

Хутчэй за ўсё, на тэрыторыі Лошыцкай сядзібы ў X—XIII стагодзьдзях знаходзілася велізарнае гарадзішча, якое з часам раздрабнілася на шэраг паселішчаў: Лошыца Вялікая, Лошыца Малая, Лошыца Гарнастаеўская[1]

За вялікага князя Аляксандра аднайменны двор Менскага намесьніцтва быў пажалаваны прапраўнуку былога вялікага князя Яўнута Багдану Іванавічу[2], што, паводле тагачаснай адміністрацыйнай палітыкі ВКЛ, вывела двор зь дзяржаўнага падпарадкаваньня і ўключыла яго ў разьлеглую лятыфундыю роду. Некаторая купляніна «на реце... на Лошици» з часоў вялікага князя Казімера належала пісару Аляксандра Пятрашку, пра што згадваецца ў 1493 г.[3] Далей у дакумэнтах пазначаецца як некалькі маёнткаў — Лошыцкі Двор князя Талачынскага (Вялікая Лошыца), Сухая Лошыца князя Адзінцова, Лошыца Гарнастаеўская ды іншыя сядзібы. Далейшымі ўладальнікамібылі Тышкевічы, Валадковічы, Друцкія-Горскія.

Двор Лошыцкі вядомы з 1557 г. Ад князёў Талачынскіх маёнтак перайшоў ва ўласнасьць роду князёў Друцкіх-Горскіх, у вытоках якога стаяў полацкі князь Рагвалод-Васіль Рагвалодавіч. Першае вядомае згадваньне роду ў Лошыцы датуецца 1582 г. У 1597 г. маёнткам у вотчынным уладаньні валодаў князь Фёдар Друцкі-Горскі[4]. У 1640 г. адбылося аддзяленьне Лошыцы ад суседняга Новага Двара.

Паводле візытаў уніяцкіх цэркваў Менскага і Ашмянскага паветаў, складзеных у 1680—1682 гг., паселішча з назваю Лошыца (па-польску: Łoszyca) належала да парафіі сяла Каралішчавічы[5], што сьведчыць пра наяўнасьць пэўнае колькасьці вернікаў уніяцкай царквы ў паселішчы. Як частка парафіі ўваходзіла ў Менскую пратапопію Менскага сабору[5].

У 1703 г. маёнтак перайшоў Ежы-Антонію Прушынскаму, пазьней да яго сына ад Тэрэзы Ратомскай — маршалку галоўнага трыбунала Юзэфу Прушынскаму (1709—1790), кавалеру ордэнаў Белага Арла і Сьв. Станіслава. Зь яго імем зьвязанае фармаваньне барочнай сядзібы другой паловы XVIII ст. У гэты час Лошыца вядомая па інвэнтарах 1772, 1777, 1785 гг. У 1779 г. уладаньні былі падзеленыя паміж сынамі Юзэфа (1709—1790): маёнтак Лошыца разам з фальваркам Весялоўка пад Менскам адышоў малодшаму (шостаму) сыну Казімеру; Новы Двор і Трасьцянец дасталіся Антонію; Каралішчавічы — старосьце менскаму Станіславу (1753—1800). Лошыцкі маёнтак ад Казімера атрымаў у спадчыну сын Антонія — Станіслаў-Ксаверы (пам. 1807), пасьля сьмерці якога ўладальніцай стала яго жонка Ганна з роду Сямашкаў. Затым маёнткам валодалі іх сын Ірэні, які памёр маладым, а пасьля брат апошняга — Яўстах Прушынскі (1797—1877), менскі губэрнскі маршалак (1863—1877)[6]. Часта бываў тут Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, які сябраваў зь Яўстахам[6].

 
Лошыца на акварэлі Ю. Пешкі, пачатак XIX ст.

Пасьля сьмерці Яўстаха Прушынскага (1797—1877), у якога мелася сястра Тэкля Прушынская, што пайшла за Яна Любанскага, маёнтак Лошыца перайшоў у валоданьне яго пляменьніка — Яна Янавіча Любанскага (пам. 1884), сына Яна Любанскага і Тэклі Прушынскай. Зь Яўстахам Любанскім (1859 — пасьля 1913), сынам Яна Янавіча Любанскага (пам. 1884) і Аляксандры Юзэфаўны Сулістроўскай, зьвязаны найбольш пасьпяховы пэрыяд разьвіцьця маёнтку. Маёнтак стаў адной з найлепшых губэрнскіх гаспадарак, а Лошыца стала вядомым месцам сьвецкага жыцьця[7], тут зьбіраліся заможныя дваране (Эдвард Вайніловіч, Ежы Чапскі і інш.) і прагрэсіўная інтэлігенцыя Менскай губэрні. Яўстах Любанскі быў чальцом камітэту па будаўніцтве касьцёла Сьвятога Сымона і Сьвятой Алены ў Менску, выбіраўся ў менскую гарадзкую і Дзяржаўную думу першага скліканьня, быў актыўным чальцом Менскага таварыства сельскай гаспадаркі, старшынём камітэту Менскай лясной біржы, а таму добра ведаў стан сельскай гаспадаркі. У разьвіцьці маёнтку вялікую ролю адыграла і яго жонка Ядвіга Геранімаўна Кеневіч (пам. 1905). Пасьля яе трагічнай сьмерці ў 1905 г. праз пэўны час, 1913 г., Яўстах пакінуў сядзібу, выехаў на Каўказ і зьнік невядома дзе. Апошнім уладальнікам сядзібы быў яго брат Аляксандар Любанскі зь Любані[7].

Найбольшага росквіту Лошыца дасягнула за Прушынскімі ў XVIII—XIX стагодзьдзях, калі была фактычна пабудаваная наноў сядзіба, створаны шэраг гаспадарчых будынкаў. У 1877 годзе маёнтак перайшоў да Яна Любанскага. А апошнім уладальнікам Лошыцы стаў ягоны сын — Яўстахі Любанскі, які ператварыў маёнтак у адну з самых перадавых гаспадарак Менскай губэрні. Менавіта пры ім быў канчаткова сфармаваны сядзібна-паркавы комплекс, які застаецца дагэтуль.

У 1920-я гады чэкісты арганізавалі школу па падрыхтоўцы сваіх дыверсійных брыгад, які закідваліся ў Заходнюю Беларусь. 10 кастрычніка 1925 году Савет народных камісараў БССР зацьвердзіў Пастанову аб адкрыцьці Беларускага аддзяленьня Ўсесаюзнага інстытуту дастасоўнай батанікі і новых культураў (УІДБНК) на аснове саўгасу «Лошыца-1».

Лошыцкі яр (Чорны Яр)- тэрыторыя Лошыцы, дзе расстрэльвалі ў першую ўсясьветную вайну, у 1918-м, у пэрыяд сталінскіх рэпрэсіяў. Гінулі тут салдаты, якія трымалі абарону Менску ў 1941-м годзе. На думку З. Пазьняка, у гэтым месцы знаходзяцца парэшткі 7-10 тыс. чалавек.

У 1985 годзе вёска Лошыца была ўключаная ў межы Менску.

З 2000 году пачалося будаўніцтва новага менскага мікрараёну «Лошыца» на мяжы з МКАД, ад якой ён аддзелены вуліцай Прушынскіх. Мікрараён разьлічаны на 50 тысячаў жыхароў. Акрамя таго захоўваюцца кварталы індывідуальнай забудовы.

Рыма-каталіцкі касьцёл: з 1997 году дзейнічае Парафія Маці Божай Ружанцовай, пабудавана капліца на вуліцы Гашкевіча 1, зьбіраюцца сродкі на будаўніцтва касьцёла «Маці Божай Ружанцовай». У Лошыцкім парку захаваліся руіны каталіцкай капліцы 1788 г., дзе знаходзіўся фамільны склеп Прушынскіх, узарваная капліца ў 1935г. Беларуская праваслаўная царква: дзейнічае Багаяўленскі прыход, будуецца храм у гонар Багаяўленьня Гасподняга.

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Филиппович, А. Белая лошадь в дремучем парке // «7 дней»
  2. ^ Насевіч В. Заслаўскія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
  3. ^ Lietuvos Metrika / L. Anužytė L., A. Baliulis. — Vilnius: Lietuvos istorijos institutas, 1998. — Т. Knyga nr. 3 (1440—1498). Užrašymų knyga 3. — С. 75. — 162 с.
  4. ^ Прыватнае ўладаньне паводле: Насевіч В. Менскі павет // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
  5. ^ а б Візіты ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680–1682 гг.: зб. дакументаў / Д.В. Лісейчыкаў. — Мінск: І.П. Логвінаў, 2009. — С. 43. — 268 с.
  6. ^ а б Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс(недаступная спасылка)
  7. ^ а б Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь / склад. В. Абламскі, І. Чарняўскі, Ю. Барысюк. — Менск: БелТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Лошыцкае прадмесьцесховішча мультымэдыйных матэрыялаў