Крывічы
Крывічы́ (крэвы, магчыма скрэвы[1]) — буйная старажытнабеларуская этнапалітычная супольнасьць пэрыяду Сярэднявечча, якая займала тэрыторыі верхняга Панямоньня, сярэдняга і верхняга Прыдзьвіньня, верхняга Падняпроўя і Паволжа, а таксама басэйны рэк Вялікай і Ловаці. Паводле зьвестак розных пісьмовых крыніцаў, крывічам належалі тэрыторыі, дзе пазьней утварыліся Полацкае, Смаленскае і Пскоўскае княствы.
Крывічы — асноўная этнаўтваральная адзінка беларусаў.
Назва
рэдагавацьІснуе некалькі меркаваньняў датычна паходжаньня этноніму «крывічы». Паводле папулярнай гіпотэзы, этнічная назва паходзіць ад імя мітычнага пачынальніка пэўнай рэлігійнай традыцыі — найвышэйшага сьвятара Крыва (Крыва-Крывейтэ), культ якога быў уласьцівы большасьці балтыйскіх народаў. Гэтую вэрсію падтрымлівалі Гэрард Мілер, Мікалай Карамзін, Тэадор Нарбут, Адам Кіркор, Міхал Касторскі, Павал Трацьцякоў, Валянтын Сядоў, Барыс Рыбакоў, Дзьмітры Мачынскі, Герасім Лебедзеў, Эдвард Зайкоўскі, Уладзімер Тапароў ды іншыя. Паводле іншых вэрсіяў, назва паходзіць ад слова «крэўныя» — блізкія крывёю, ад характэрнай «крывой», узгорыстай мясцовасьці[2].
Паходжаньне
рэдагавацьПаводле папулярнага меркаваньня, крывічы сфармаваліся ў выніку асыміляцыі прышлымі славянамі мясцовых балтыйскіх і заходнефінскіх плямёнаў, паступова славянізаваных[2]. Таксама існуе думка, што крывічоў — гэта балтыйскі этнас, роднасны літве, латышам, латгалам, прусам, яцьвягам, жамойтам, які ў выніку культурнага ўплыву зь першай паловы ІХ ст. пачаў пераходзіць на славянскую мову[3].
Чэскі гісторык Павал Ёзэф Шафарык у сваёй кнізе «Славянскія старажытнасьці» продкамі крывічоў лічыў люцічаў і нэўраў:
У акругах Віленскай і Троцкай да першай паловы XIII ст. жылі вілі і велеты, нашчадкі нэўраў і іншыя славяне… Вельцы: так называўся некалі дужы і ў гісторыі сярэдніх вякоў больш слаўны сярод іншых славянаў народ, велеты, або люцічы, празваныя ваўкамі, першым разам згадваюцца Александрыйскім географам… Іх жыльлё… у губэрні Віленскай. Я іх прызнаю продкамі наступных крывічоў. | ||
Гісторыя
рэдагавацьПершы ўспамін пра крывічоў (відаць, пскоўскіх) зьмяшчаецца ў Аповесьці мінулых часоў і датуецца 859 годам. Яны бралі ўдзел у паходах Алега (907) і Ігара (944) супраць Бізантыі.
У канцы X стагодзьдзя на тэрыторыі расьсяленьня крывічоў склалася Полацкае княства, насельніцтва якога называлася крывічамі ў летапісах пад 1127, 1129, 1140, 1162 гадамі[4].
Назва «Крывіцкія землі» захоўвалася ў асобных выпадках за тэрыторыяй паўночнай Беларусі да першай чвэрці XIV стагодзьдзя[5]. У сучаснай латыскай мове слова «Крэвія» (Krievija) азначае Расея, адпаведна «Балткрэвія» (Baltkrievija — Белая Крэвія) — Беларусь.
Ад этноніму «крывічы», відаць, паходзяць назвы вёсак на Гарадзеншчыне, Меншчыне, Віцебшчыне і ў іншых мясьцінах Беларусі[6]. Падобныя назвы таксама ў ваколіцах Вільні (вёскі Крывічы і Крывіцішкі ў цяперашнім Маляцкім раёне Віленскага павету Летувы, а таксама зьніклы засьценак Крывічы каля Немянчына) і сьведчыць пра пранікненьне крывічоў на гэтыя тэрыторыі[7].
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды / М. Ермаловіч. — Мн.: Маст. літ., 1990.
- ^ а б Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 42.
- ^ Дзермант А. Крывічы. Гістарычна-этнагенетычны нарыс // Druvis. № 1, 2005. С. 19.
- ^ Штыхаў Г. Крывічы // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 270.
- ^ Штыхаў Г. Крывічы // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 270—271.
- ^ Георгій Штыхаў. Крывічы // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 271.
- ^ Зайкоўскі Э. Літва гістарычная // Наша Слова. № 26 (917) 1 ліпеня 2009 г., № 27 (918) 8 ліпеня 2009 г.
Літаратура
рэдагаваць- Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. Галубовіч, З. Шыбека, Д. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. Галубовіча і Ю. Бохана. — Менск: Экаперспектыва, 2005. — 584 с. ISBN 985-469-120-9.
- Дзермант А. Крывічы. Гістарычна-этнагенетычны нарыс // Druvis. № 1, 2005.
- Станкевіч Я. Гістарычныя творы. — Менск: «Энцыклапедыкс», 2003. — 776 с.
- Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды / М. Ермаловіч. — Мн.: Маст. літ., 1990.— 366 с.: іл. ISBN 5-340-00614-Х.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883. S. 806.