Ян Марыя Бэрнардоні

Ян Мары́я Бэрнардо́ні (па-італьянску: Giovanni Maria Bernardoni; каля 1541, Каньнё каля Кома, цяпер Італія — 19 кастрычніка 1605, Кракаў) — італьянскі архітэктар, прадстаўнік стылю раньняга барока, езуіт.

Ян Марыя Бэрнардоні
Giovanni Maria Bernardoni
Бюст у Нясьвіжы
Род дзейнасьці італьянскі архітэктар, прадстаўнік стылю раньняга барока, езуіт
Дата нараджэньня каля 1541
Месца нараджэньня Каньнё каля Кома, Мілянскае герцагства
Дата сьмерці 19 кастрычніка 1605
Месца сьмерці Кракаў, Каралеўства Польскае
Месца пахаваньня
Занятак архітэктар

Біяграфія

рэдагаваць

Паходзіў Дж. Бэрнардоні з поўначы Італіі. Ва ўзросьце 23 гадоў зьявіўся ў Рыме з мэтай уступіць у ордэн езуітаў і стаць архітэктарам. Зь яго словаў, да гэтага 10 гадоў працаваў мулярам. Адразу пасьля прыняцьця ў ордэн Дж. Бэрнардоні накіраваўся на будаўніцтва галоўнага храму езуітаў — рымскай царквы Іль-Джэзу й працаваў тут, ня лічачы кароткіх ад’ездаў у іншыя гарады Італіі, на працягу 1564—71, да прыкладу, яго пасылалі на некалькі месяцаў у Мілян для прысьпешваньня працы па рэканструкцыі калегіяльнага будынка, прылеглага да царквы Сан-Фідэле.

У Рыме Дж. Бэрнардоні заставаўся да канца 1571. На кароткі тэрмін яго накіроўвалі ў Флярэнцыю, потым ад пачатку 1572 да канца наступнага году ён знаходзіўся ў Чывіта Сан-Анжэла на тэрыторыі Абруцца, падпарадкаванай нэапалітанскай правінцыі ордэну езуітаў, дзе меркавалася будаўніцтва новага дому для навіцыяту. Аднак з розных прычынаў кіраўніцтва ордэну адмовілася ад далейшай работы ў гэтым мястэчку, а сабраных там манахаў пачалі разьмяркоўваць па іншых месцах.

Ад 1573 на працягу чатырох гадоў Дж. Бэрнардоні знаходзіцца ў правінцыі Нэапаль. Тут разгортваліся працы пры будоўлях царквы Джэзу ў самім Нэапалі, а таксама ў горадзе Леча царквы Джэзу й Марыі і дома езуітаў-прафэсаў. З 1575 нагляд за ўсімі будоўлямі Нэапалітанскай правінцыі даручылі Дж. Бэрнардоні.

У 1577 прызначаны ў Сардынію (праектаў Дж. Бэрнардоні для Сардыніі не захавалася).

Далей ён накіраваўся ў Рэч Паспалітую. Па дарозе ў Нясьвіж Дж. Бэрнардоні затрымаўся ў Польшчы на 3 гады (1583—86): пабыў некаторы час у Познані, даўжэй у Любліне з кароткім выездам у Каліш. Ва ўсіх гэтых месцах ён праектаваў калегіюмы, але ў Любліне застаўся пры будоўлі. Тут Дж. Бэрнардоні выканаў некалькі варыянтаў праекту калегіюму й дома прафэсаў, праект драўлянай капліцы, рэканструкцыю школы, праект касьцёла ў Калішы, пачаў будаўніцтва касьцёла ў Любліне.

Існуюць усе падставы меркаваць, што ў 1584 г. Бернардоні спраектаваў касьцёл для езуітаў у Горадні на замову Стэфана Баторыя, у якім манарх пажадаў быць пахаваны[1]. Аднак пасьля заўчаснай сьмерці Баторыя храм, больш вядомы як Фара Вітаўта, быў перададзены парафіі.

 
Касьцёл Божага Цела, Нясьвіж

Пасьля шматразовых напамінаў князя Мікалая Крыштофа Радзівіла (Сіроткі) ў сярэдзіне 1586 Дж. Бэрнардоні зьявіўся ў Нясьвіжы й адразу прыступіў да галоўнай працы ў сваёй творчасьці — праектаваньня касьцёла езуітаў. Адначасова яму даручылі кіраваць будаўніцтвам ужо запраектаванага ў Рыме калегіюму. Праца вялася хутка: праект касьцёла быў скончаны ў тым жа 1586 годзе, у наступным закладзены фундамэнт, а ў 1590 — ужо можна было ўзводзіць купал. 1 верасьня 1593 ў гатовым касьцёле справілі першае набажэнства, а 7 кастрычніка 1601 адбылося ўрачыстае асьвячэньне касьцёла Божага Цела, але ўжо без архітэктара. Кіраўніцтва будоўляй калегіюма Дж. Бэрнардоні зьдзяйсьняў у два этапы. Першы заняў 1586—88, потым архітэктар цалкам быў заняты на працах пры касьцёле, а з 1593 да 1599 зноў займаўся калегіюмам. Ужо ў 1596 Дж. Бэрнардоні паслаў запыт да генэрала ордэну па новае прызначэньне, палічыўшы асноўную сваю дзейнасьць у Нясьвіжы завершанай. Яму прыпісваецца аўтарства яшчэ некалькіх пабудоваў у самім Нясьвіжы і ў ваколіцах, але дакумэнтальных спасылак на гэта няма.[2]

 
Касьцёл у Кальварыі Зэбжыдоўскай

У траўні 1599 Дж. Бэрнардоні зьявіўся ў Кракаве, каб кіраваць будаўніцтвам вялікага езуіцкага касьцёла Пятра й Паўла. Будаўніцтва касьцёла Пятра й Паўла ў асноўным было завершанае ў 1608 годзе, ужо пасьля ягонае сьмерці. Акрамя працы пры касьцёле ў Кракаве Дж. Бэрнардоні падрыхтаваў праекты кляштару з касьцёлам для францішканаў у Кальварыі Зэбжыдоўскай і парафіяльнага касьцёла ў Зэбжыдовіцах. Кляштар пазьней быў значна перабудаваны, парафіяльны касьцёл існуе дагэтуль.

У 1984 беларускім дасьледчыкам Г. Галенчанкам у Інстытуце манускрыптаў Нацыянальнай бібліятэкі Ўкраіны імя В. Вернадзкага (Кіеў) адкрыты зборнік архітэктурных чарцяжоў XVI—XVII ст., датычных Беларусі. Некаторыя спэцыялісты (Г. Галенчанка, Т. Габрусь) даводзяць, што большая частка арыгінальных чарцяжоў у ім выканана самім Дж. Бэрнардоні.[3] Ёсьць падставы меркаваць пра ўдзел Дж. Бэрнардоні як матэматыка й астранома ў стварэньні радзівілаўскай мапы Вялікага Княства Літоўскага, апублікаванай у 1613.[2]

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Крыніцы й заўвагі

рэдагаваць
  1. ^ Т. Габрусь, Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока, Мінск, 2001, с. 66-69
  2. ^ а б Калнін В. Зорны шлях…
  3. ^ Габрусь Т., Галенчанка Г. Скарбы старажытнага альбома // Навіны Беларускай Акадэміі. 13 і 20 чэрв. 1990. С. 6; Галенчанка Г. Альбом Бернардоні: Новая крыніца да гісторыі архітэктуры і будаўніцтва ў Нясвіжы (канец XVI— пачатак XVII ст.) // Ад Полацка і Нясвіжа да Падуі і Венецыі. Мінск, 1994. С. 79—86.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Ян Марыя Бэрнардонісховішча мультымэдыйных матэрыялаў