Дзяржаўны музэй гісторыі беларускай літаратуры
Дзяржа́ўны музэ́й гісто́рыі белару́скай літарату́ры — музэй, заснаваны 6 лістапада 1987 году ў Менску паводле загаду Міністэрства культуры БССР. Адкрыты ў 1991 годзе. Разьмешчаны ў гістарычным цэнтры гораду ў трох будынках Траецкага прадмесьця. Быў галаўной арганізацыяй у Аб’яднаньні дзяржаўных літаратурных музэяў, утвораным 25 сакавіка 1986 году на базе Аб’яднанай дырэкцыі літаратурных музэяў Менску. 29 чэрвеня 2001 году на падставе загаду Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь з аб’яднаньня вывелі Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы, Дзяржаўны літаратурна-мэмарыяльны музэй Якуба Коласа, Літаратурны музэй Максіма Багдановіча, Дзяржаўны музэй гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, пазьней Літаратурны музэй Петруся Броўкі разам зь філіямі. Аб’яднаньне далучылі да ДМГБЛ. Першым кіраўніком музэю быў Леанід Хадкевіч (да 2002 году).
Дзяржаўны музэй гісторыі беларускай літаратуры | |
Адзін з будынкаў музэю ў Траецкім прадмесьці | |
Абрэвіятура | ДМГБЛ |
---|---|
Дата ўтварэньня | 6 лістапада 1987 (37 гадоў таму) |
Тып | музэй |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Штаб-кватэра | Менск, вул. Багдановіча, д. 13 |
Кіраўніца | Лідыя Макарэвіч |
Вучоная сакратарка | Кацярына Ўнучак |
Галоўная захавальніца фондаў | Настасься Кальцова |
Матчына кампанія | Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь |
Зьвязаныя кампаніі | Літаратурны музэй Кузьмы Чорнага, Музэй-сядзіба Францішка Багушэвіча, Музэй-сядзіба Міцкевічаў |
Сайт | www.bellitmuseum.by |
Фонды
рэдагавацьАсноўны фонд музэю зь філіямі (2008) налічваў 41 087 адзінак захоўваньня, навукова-дапаможны — 4706 адзінак. Экспазыцыйна-выставачная плошча 8 залаў галаўнога музэю 371,9 м² (разам з 4 філіяламі 832,7 м²).
Музэй ёсьць найбуйнейшым літаратурным музэем краіны. Захоўвае і дэманструе дакумэнты аб жыцьці і творчасьці вядомых беларускіх пісьменьнікаў: ад рэдкіх аўтографаў, кніг, рукапісаў, фотаматэрыялаў, дакумэнтаў да твораў выяўленчага мастацтва і мэмарыяльных рэчаў. Сярод найбольш значных па колькасьці і адметнасьці пэрсанальных матэрыялаў вылучаюцца архівы пісьменьнікаў Васіля Быкава, Васіля Віткі, Анатоля Вярцінскага, Цішкі Гартнага, Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, Алеся Звонака, Васіля Зуёнка, Уладзімера Караткевіча, Уладзімера Карызны, Кандрата Крапівы, Міхася Лынькова, Сяргея Новіка-Пяюна, Язэпа Семяжона, Алаізы Пашкевіч, Івана Чыгрынава і Івана Шамякіна.
Рарытэты музэю складаюць рукапісныя кнігі (царкоўнага і сьвецкага зьместу) і старадрукі 17—18 ст. (Віленскай друкарні Мамонічаў, Нясьвіскай друкарні Радзівілаў, Полацкага езуіцкага калегіюму), прыжыцьцёвыя выданьні: «Гапон» В. Дунін-Марцінкевіча (1855), «Вянок» М. Багдановіча (1913), «Абразкі» З. Бядулі (1913) і «Сялянскія песьні з-над Нёмана і Дзьвіны» Я. Чачота (1845), асабістыя рэчы, рукапісы і творы клясыкаў беларускай літаратуры і пісьменьнікаў 19 — пачатку 20 ст. (Зьмітрака Бядулі, Алаізы Пашкевіч, Канстанцыі Буйло, Янкі Купалы і Якуба Коласа), каштоўныя выданьні і перавыданьні пачатку 20 стагодзьдзя — «Дудка беларуская» (1907), «Смык беларускі» (1908) Ф. Багушэвіча, «Шчароўскія дажынкі. Купала» В. Дунін-Марцінкевіча (1910), «На зачарованых гонях» (1923), «Салавей» (1927) З. Бядулі, «Вязанка» Янкі Лучыны (1903) і інш., кнігі з аўтографамі, эксьлібрысы, рэдкія адзінкі іканаграфіі, фотаматэрыялы 19 — 1-й паловы 20 ст., матэрыялы, зьвязаныя з разьвіцьцём літаратурнага працэсу 1920—1930-х г. (Адама Бабарэкі, Максіма Гарэцкага, Міхася Зарэцкага, Андрэя Мрыя, Язэпа Пушчы і Кузьмы Чорнага).
У музэі захоўваюцца асабістыя рэчы Ц. Гартнага, Уладзімера Дубоўкі, К. Крапівы, М. Лынькова, Янкі Маўра, С. Новіка-Пяюна, І. Шамякіна, партрэты беларускіх пісьменьнікаў, эксьлібрысы, ілюстрацыі да твораў беларускай літаратуры мастакоў Эдуарда Агуновіча, Віктара Барабанцава, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Анатоля Воўкава, Пятра Драчова, Арлена Кашкурэвіча, Міколы Купавы, Паўла Лука, Аскара Марыкса, Анатоля Тычыны, В. Фёдаравай, Міхася Філіповіча, Леаніда Шчамялёва і Валяр’яна Янушкевіча.
Музэйны збор уяўляе комплекс разнастайных крыніцаў (рукапісы, рукапісныя кнігі, друкаваныя выданьні, старадрукі, кнігі з аўтографамі), што складае 69% ад агульнай колькасьці музэйных прадметаў асноўнага фонду. Значнымі ёсьць калекцыі рэчыўных помнікаў, фотаматэрыялаў, графікі, этнаграфіі. Большая частка музэйнага збору ўкамплектаваная ў 1987—1997 гг. (62,5% ад агульнай колькасьці адзінак асноўнага фонду). Павялічылася колькасьць фондавых паступленьняў за 2002—2007 гг. (20,4 % асноўнага фонду).
Літаратура
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 711Е000001 |
- Музеі Беларусі / [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа, М. Г. Нікіцін]. — Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2008. — 559 с.